Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь
кодэкс | |
«Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» | |
Прыняцьце: | Палатай прадстаўнікоў 2 чэрвеня 1999 |
Ухваленьне: | Саветам Рэспублікі 24 чэрвеня 1999 |
Падпісаньне: | 9 ліпеня 1999 |
Уступ у сілу: | 1 студзеня 2001 |
Крыміна́льны ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сі (КК Беларусі) — асноўная крыніца крымінальнага права Беларусі, адзіны нарматыўны акт, які ўстанаўлівае злачыннасьць і каральнасьць дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі.
Дзейная рэдакцыя Крымінальнага кодэксу Беларусі была падпісаная Аляксандрам Лукашэнкам 9 ліпеня 1999 року і набыла моц 1 студзеня 2001 року, замяніўшы папярэдні дзейны Крымінальны кодэкс Беларускай ССР 1960 року.
Структура кодэксу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Кодэкс складаецца з Агульнай (разьдзелы I—V, главы 1—16) і Асаблівай частак (разьдзелы VI—XV, главы 17—37). У Агульнай частцы разглядаюцца асноўныя паняцьці крымінальнага заканадаўства, устанаўліваюцца асновы і ўмовы крымінальнай адказнасьці, агульныя палажэньні аб крымінальным пакараньні, іншых мерах крымінальнай адказнасьці, бясьпекі і лячэньня, а таксама асаблівасьці прымяненьня крымінальнага пакараньня да непаўналетніх.
Асаблівая частка ўключае ў сябе артыкулы, якія апісваюць склады канкрэтных злачынстваў. Структура Асаблівай часткі адлюстроўвае герархію каштоўнасьцяў, якія ахоўваюцца крымінальным законам: на першым месцы стаяць злачынствы супраць міру, бясьпекі чалавецтва і ваенныя злачынствы, далей злачынствы супраць чалавека, і толькі пасьля злачынствы супраць уласнасьці, грамадзкіх і дзяржаўных інтарэсаў.
Задачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусі забясьпечвае ахову міра і бясьпекі чалавецтва, чалавека, ягоных правоў і свабодаў, уласнасьці, правоў юрыдычных асобаў, навакольнага асяродзьдзя, грамадзкіх і дзяржаўных інтарэсаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусі.
Крымінальны кодэкс вызначае, якія дзеяньні зьяўляюцца злачынствамі, замацоўвае падставы і ўмовы крымінальнай адказнасьці, пакараньні альбо прымусовыя меры бясьпекі й лячэньня ў дачыненьні асобаў, што ўчынілі злачынства.
Асаблівасьці кодэксу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
КК Беларусі шмат у чым заснаваны на палажэньнях Мадэльнага Крымінальнага кодэксу для дзяржаваў — удзельніц СНД[1]; таксама многія нормы запазычаныя з Крымінальнага кодэксу Расеі 1996 року, хоць у цэлым кодэкс характарызуецца спэцыялістамі як досыць самастойны і тэарэтычна прадуманы.
Першым адметным адрозьненьнем ад кодэксаў іншых дзяржаваў СНД ёсьць наяўнасьць «тэрміналягічнай» часткі (артыкул 4), у якой тлумачацца тэрміны, якія далей выкарыстоўваюцца ў тэксьце кодэксу.
Кодэкс улічвае досьвед міжнароднага права, усталёўваючы адказнасьць за злачынствы, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі і канвэнцыямі: гандаль людзьмі; выкраданьне чалавека; вярбоўку людзей для эксплюатацыі; легалізацыю («адмываньне») матэрыяльных каштоўнасьцяў, набытых злачынным шляхам; тэрарызм, захоп закладнікаў.
У адрозьненьне ад іншых краінаў Эўропы й СНД, у Крымінальным кодэксе Беларусі прадугледжанае сьмяротнае пакараньне за асабліва цяжкія злачынствы, зьвязаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця. У Асаблівай частцы Кодэксу ўведзеныя такія спэцыфічныя злачынства, як паклёп на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі (арт. 367), абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі (арт. 368) ды інш.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Модельный Уголовный кодекс(рас.). Антытэрарыстычны цэнтар СНД (17 лютага 1996). Праверана 2 жніўня 2019 г.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1999. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0144-3 — С. 513.
- А. В. Барков. Десять лет Уголовному кодексу Республики Беларусь: история разработки и принятия / редкол.: А.В. Барков и др. // Правосудие и прокурорский надзор в Республике Беларусь: законодательство и практика применения: сб. науч. трудов.. — Минск: БГУФК, 2010. — С. 26—42.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Тэкст Крымінальнага кодэксу (рас.) ў базе зьвестак «Эталён он-лайн»
- Тэкст Крымінальнага кодэксу (рас.) на Нацыянальным прававым партале Рэспублікі Беларусі
- Новикова Е. В., кандидат юридических наук, доцент (Белорусский государственный университет, г. Минск). Кодификация уголовного закона Беларуси: экскурс в историю (рас.)