Перайсьці да зьместу

Нюрнбэрг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нюрнбэрг
ням. Nürnberg
Герб Нюрнбэргу Сьцяг Нюрнбэргу
Першыя згадкі: 1050
Краіна: Нямеччына
Зямля: Баварыя
Кіраўнік: Маркус Кёніг[d]
Плошча:
Вышыня: 209 м н. у. м.
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 0911
Паштовы індэкс: 90402–90491
Нумарны знак: N
Геаграфічныя каардынаты: 49°27′14″ пн. ш. 11°4′39″ у. д. / 49.45389° пн. ш. 11.0775° у. д. / 49.45389; 11.0775Каардынаты: 49°27′14″ пн. ш. 11°4′39″ у. д. / 49.45389° пн. ш. 11.0775° у. д. / 49.45389; 11.0775
Нюрнбэрг на мапе Нямеччыны
Нюрнбэрг
Нюрнбэрг
Нюрнбэрг
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.nuernberg.de/

Ню́рнбэрг (па-нямецку: Nürnberg) — горад у Нямеччыне, у Баварыі. Другі паводле колькасьці насельніцтва горад гэтае зямлі й чатырнаццаты ў краіне (505 664 чалавек па стане на 31 сьнежня 2010), а таксама найбуйнейшы горад Франконіі.

Нюрнбэрг вядомы сваім сярэдневечным калядным кірмашом. Па сканчэньні Другой сусьветнай вайны ў горадзе адбыўся судовы працэс над былымі кіраўнікамі гітлераўскай Нямеччыны.

Нюрнбэрскі замак.

Першая дакумэнтальная згадка пра горад датаваная 1050 годам, калі Нюрнбэрг згадваецца як месцазнаходжаньне імпэрскага замку паміж Усходняфранскім каралеўствам і маркграфствам Нордгаў[4]. З 1050 па 1571 гады горад пашырыўся і рэзка ўзрос паводле значнасьці дзякуючы свайму разьмяшчэньню на ключавых гандлёвых шляхах. Кароль Нямеччыны Конрад III заснаваў бургграфства Нюрнбэргу, а першыя бургграфы паходзілі з на сёньня аўстрыйскага роду Раабс-ан-дэр-Тая. З выміраньнем мужчынскай лініі роду каля 1190 году, зяць апошняга раабаўскага графу, Фрыдрых I Гогэнцолерн, атрымаў у спадчыну пасаду ў 1192 годзе.

Аднак з канца XII стагодзьдзя ўлада бургграфаў паменшылася, бо імпэратары Гогэнштаўфэны перадалі большасьць невайсковых паўнамоцтваў кашталянам, зь якімі ў графаў былі напружаныя стасункі[5]. Горад і асабліва Нюрнбэрскі замак сталіся месцам, дзе часта ладзіліся паседжаньні імпэрскага сойму. На першым зь іх у 1211 годзе Фрыдрых II быў абраны імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі. Горад паступова набыў важны палітычны статус і нават лічыўся неафіцыйнай сталіцай імпэрыі. У 1219 годзе гораду быў дараваны статус імпэрскага вольнага гораду з правам на біцьцё ўласных манэтаў і правядзеньня незалежнай мытнай палітыкі, што амаль поўнасьцю вызваліла горад ад уплыву бургграфаў[4][5]. Неўзабаве Нюрнбэрг поруч з Аўгсбургам стаў адным з двух галоўных гандлёвых цэнтраў на шляху з Італіі ў Паўночную Эўропу. У 1298 годзе гарадзкія жыды былі ілжыва абвінавачаныя ў апаганьваньні гаспадара, і 698 зь іх былі забітыя ў адной з шматлікіх гвалтоўных Рынтфляйшавых рэзанінаў. За забойствамі юдэяў хавалася таксама жаданне аб’яднаць паўночную і паўднёвую часткі гораду[6], гэтак на месцы было жыдоўскага кварталу зьявіўся рынак. Жыды нямецкіх земляў пацярпелі шмат пагромаў падчас пошасьці чумы сярэдзіны XIV стагодзьдзяў. Чорная сьмерць прыходзіла ў горад у 1405, 1435, 1437, 1482, 1494, 1520 і 1534 гадах[7].

Стары горад у XIX стагодзьдзі.

Найбольшы роквіт Нюрнбэргу адбыўся ў XIV стагодзьдзі. Паводле залатой булы Карла IV 1356 году ў Нюрнбэрг новаабраныя каралі Нямеччыны павінны ладзіць свой першы імпэрскі сойм, што ўключыла горад да ліку трох найважнейшых гарадоў імпэрыі[4]. Карл стаў заступнікам царквы Фраўэнкірхэ, пабудаваная паміж 1352 і 1362 гадамі, верагодна паводле праекту Пэтэра Парлера. Службу гэтае царквы наведваў сам імпэратар падчас свайго візыту ў горад. Веліч Нюрнбэргу узмацьнілася ў 1423 годзе, калі імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонт Люксэмбурскі пакінуў імпэратарскія рэгаліі на сталае захоўваньне ў горадзе, дзе яны заставаліся ажно да 1796 году, калі наступ францускіх войскаў запатрабаваў іхнага перамяшчэньня спачатку ў Рэгенсбург і адтуль у Вену[4]. У 1349 годзе сябры гільдыяў беспасьпяхова паўсталі супраць шляхты, падзея вядомая як паўстаньне рамесьнікаў. Паўсталых падтрымалі купцы і некаторыя радцы, што прывяло да забароны на любую самаарганізацыю рамесьнікаў у горадзе, праз скачаваньне гільдыяў, наяўнасьць якіх была звычайнай справай ў іншых местах Эўропы. Забарона на працоўныя зьвязы існавала ажно да пачатку XIX стагодзьдзя, пакуль Нюрнбэрг быў вольным горадам[4][5]. Карл IV надаў гораду права самастойна складаць зьвязы, тым самым паставіўшы яго ў палітычна роўныя ўмовы з князямі[5]. Нюрнбэрг часта сварыўся з бургграфамі, але шкоды гэта гораду не рабіла. Пасьля таго, як пажар зьнішчыў замак у 1420 годзе падчас міжусобіца паміж Фрыдрыхам IV і герцагам Баварска-Інгальштацкім, горад выкупіў руіны і лес, якія належалі замку, у выніку чаго Нюрнбэрг атрымаў поўны сувэрэнітэт над сваімі межамі. Дзякуючы гэтым ды іншым набыткам горад назапасіў значную тэрыторыю[5]. Гусіцкія войны з 1419 па 1434 гады, пошасьць чорнай сьмерці ў 1437 годзе і Першая маркграфская вайна з 1449 па 1450 гады прывялі да моцнага скарачэньня гарадзкога насельніцтва ў сярэдзіне XV стагодзьдзя[5].

Культурны росквіт Нюрнбэргу ў XV-XVI стагодзьдзях зрабіў яго цэнтрам нямецкага Адраджэньня. Горад спрычыніўся да Рэфармацыі. За часам рэвалюцыі князёў 1552 году, якая была скіраваная супраць Карла V, Нюрнбэрг спрабаваў вытрымліваць нэўтралітэт, але маркграф Альбрэхт II Альківіяд, адзін з кіраўнікоў паўстаньня, падступіўся да гораду без аб’яўленьня вайны і прадыктаваў невыгодны мір[5]. Паводле Аўгсбурскага міру 1555 году ўладаньні пратэстантаў былі пацьверджаныя імпэратарам, пашырыліся іхныя рэлігійныя прывілеі і зацьверджана іхная незалежнасьць ад Бамбэрскага біскупа, а таксама была ўхвалена сэкулярызацыя манастыроў у 1520-х гадах[5]. Стан рэчаў у пачатку XVI стагодзьдзя, пашырэньне гандлёвых шляхоў у іншых месцах і акасьцяненьне сацыяльнай герархіі і прававых структураў прывялі да заняпаду гандлю[5]. Падчас Трыццацігадовай вайны частае расквартаваньне імпэрскіх, швэдзкіх і лігавых жаўнераў, фінансавыя выдаткі на вайну і спыненьне гандлю нанесьлі месту непапраўную шкоду і амаль удвая скарацілі ягонае насельніцтва[5]. У 1632 годзе горад, заняты войскамі швэдзкага караля Густава II Адольфа, быў абложаны арміяй імпэрскага генэрала Альбрэхта фон Валенштайна. Па вайне Нюрнбэрг прыйшоў у заняпад і аднавіў сваё значэньне толькі ў XIX стагодьдзі, калі стаў прамысловым цэнтрам.

Брытанскі Adler стаўся першым лякаматывам Нямеччыны, пачаўшы сваю працу на лініі Нюрнбэрг—Фюрт.
Нацысцкі зьезд 1935 году ў Нюрнбэргу.

Першая нямецкая чыгунка, вядомая як Людвігсбан, была адкрыта ў 1835 годзе. Яна злучала Нюрнбэрг з суседнім Фюртам. Будаваньне чыгункі і ўключэньне Баварыі ў Нямецкі мытны зьвяз у XIX стагодзьдзі, пашырэньне гандлю і прамысловасьць адкрылі шлях да большага росквіту гораду[5]. Нюрнбэрг меў вялізнае значэньне ў эпоху Трэцяга Райху праз важнасьць гораду за часам Сьвятой Рымскай імпэрыі і ягонага становішча ў цэнтры краіны. Нацысцкая партыя абрала яго месцам правядзеньня зьездаў нацысцкай партыі, якія тут ладзіліся ў 1927 і 1929 гадах, а таксама штогод з 1933 па 1938 гады. Пасьля прыходу да ўлады Адольфа Гітлера ў 1933 годзе Нюрнбэрскія зьезды сталіся вялізнымі нацысцкімі прапагандысцкімі дзеямі. Зьезд 1934 году быў зьняты Лені Рыфэншталь на кінастужку і скампанаваны ў прапагандысцкі фільм пад назвай «Трыюмф волі». На зьезде 1935 году Гітлер адмыслова загадаў рэйхстагу сабрацца ў Нюрнбэргу, каб прыняць Нюрнбэрскія законы, паводле якіх нямецкае грамадзянства страчвалі ўсе жыды ды іншых неарыйцы. Выключна дзеля гэтых зьездаў быў пабудаваны шэраг памяшканьняў, некаторыя зь якіх гэтак і ня былі скончаныя. Сёньня ў горадзе можна пабачыць шмат узораў нацысцкай архітэктуры. Горад таксама быў домам нацысцкага прапагандыста Юліюса Штрайхэра, выдаўца газэты Der Stürmer.

Нюрнбэрг быў добра ўмацаваным горадам, таму ягоны захоп падчас Другой сусьветнай вайны сіламі 3-й, 42-й і 45-й пяхотнымі дывізіямі арміі ЗША доўжыўся з 17 па 21 красавіка 1945 году. Захоп ускладняўся рашучым нямецкім супрацівам, які літаральна змагаўся за кожны дом і вуліцу. У выніку ўжо пацярпелы ад бамбардаваньняў Нюрнбэрг быў яшчэ больш зьнішчаны[8]. Тым ня менш, не зважаючы на такую інтэнсіўную ступеню разбурэньняў, па вайне горад быў адноўлены ў пэўнай ступені да даваеннага выгляду, уключаючы рэканструкцыю некаторых сярэднявечных будынкаў. У пэрыяд з 1945 па 1946 гады ў горадзе адбываліся паседжаньні міжнароднага трыбуналу над нямецкімі чыноўнікамі, датычнымі да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці. Падзея вядомая як Нюрнбэрскі працэс. Савецкі Саюз жадаў правесьці суды ў Бэрліне, аднак, было вырашына абраць Нюрнбэрг у якасьці месца да паседжаньняў з шэрагу чыньнікаў. Па-першае, места набыло сымбалічнае значэньне, бо менавіта тут ладзіліся зьезды НСДАП і жыды былі пазбаўленыя сваіх правоў. Па-другое, горад меў амаль непашкоджаную прасторную судовую залю, дзе маглі памясьціцца ўсе ўдзельнікі працэсу. Горад па вайне часова ўвашоў у склад зоны акупацыі ЗША, а па стварэньні Фэдэратыўнае Рэспублікі Нямеччыны, увайшоў у ейны склад.

  1. ^ https://www.destatis.de/DE/ZahlenFakten/LaenderRegionen/Regionales/Gemeindeverzeichnis/Administrativ/Aktuell/05Staedte.html
  2. ^ Alle politisch selbständigen Gemeinden mit ausgewählten Merkmalen am 31.12.2018 (4. Quartal)Статыстычны фэдэральны офіс.
  3. ^ Alle politisch selbständigen Gemeinden mit ausgewählten Merkmalen am 31.12.2023 (ням.)DESTATIS, 2024.
  4. ^ а б в г д «Nürnberg, Reichsstadt: Politische und soziale Entwicklung». Historisches Lexikon Bayerns.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к Herbermann, Charles, ed. (1913). «Nuremberg». Catholic Encyclopedia. New York: Robert Appleton Company.
  6. ^ «Image Gallery of the Coins of Nürnberg». Medieval Coinage.
  7. ^ Jerry Stannard, Katherine E. Stannard, Richard Kay (1999). «Herbs and herbalism in the Middle Ages and Renaissance». University of Michigan Press. — ISBN 0-86078-774-5.
  8. ^ Stanton, Shelby (2006). «World War II Order of Battle: An Encyclopedic Reference to U.S. Army Ground Forces from Battalion through Division, 1939—1946». Stackpole Books. — С. 90, 129, 135.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]