Перайсьці да зьместу

Васіль Каваль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Васіль Каваль
лац. Vasil Kaval
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 17 жніўня 1907(1907-08-17)
Памёр 29 кастрычніка 1937(1937-10-29)[1] (30 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладнік
Мова расейская мова і беларуская мова

Васі́ль Кава́ль (сапр. Васіль Пятро́віч Кавалёў; 17 жніўня 1907, в. Сава, Горацкі павет, Магілёўская губэрня — 29 кастрычніка 1937) — беларускі пісьменьнік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1925 навучаўся на агульнаадукацыйных курсах пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і восеньню паступіў у Магілеўскі пэдагагічны тэхнікум, тады ж быў прыняты ў літаб’яднаньне «Маладняк». Неўзабаве вярнуўся ў родную вёску. Пасьля навучаўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1926—1927, 1928-29), але кінуў вучобу і пайшоў на творчую працу. Пасьля другога расколу «Маладняка» ў 1928 абраны сябрам Цэнтральнага Бюро аб’яднаньня і ўведзены ў рэдакцыйную групу часопіса «Маладняк», дзе застаўся пасьля ўтварэньня БелАПП. У 1931 актыўны ўдзельнік Беларускага літаратурнага аб’яднаньня Чырвонай Арміі і Флёту. У 1932—34 служыў у войску, быў вайсковым журналістам газэты «Красноармейская правда» ў Смаленску. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1934. У 1936 рэпрэсаваны, асуджаны да найвышэйшай меры пакараньня.

3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Васіля Каваля прадугледжвалася «спальваць»[2]. 29 кастрычніка 1937 году расстраляны ў Менску ў ходзе масавага расстрэлу ў ізалятары КДБ БССР.

Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

У друку пачаў выступаць з 1925 году. Дэбютаваў вершамі і лірычнымі замалёўкамі. У раньніх апавяданьнях (зборнік «Як вясну гукалі», 1927) рамантычна-ўзьнёслая вобразнасьць, паэтычна-эмацыянальны арнамэнтальны стыль. Галоўныя тэмы твораў — адвечны побыт і праца беларускай вёскі (зборнікі «На загонах», 1928, «Крыніца», 1929). Пазбаўляючыся мэтафарычнасьці, фальклёрна-паэтычнай стылізацыі, ішоў да паглыбленага псыхалягізму, рэалістычнага адлюстраваньня рэчаіснасьці, канкрэтна-рэалістычнай лепкі характараў (апавяданьні «Шчасьце Сілівея Зязюлі», «Ноч на моры», аповесьць пра вайскоўцаў «Дзень палымнее», 1931—32). Для дзяцей напісаў аповесьці «Санька-сігналіст» (1934), «Сьледапыты» (1936).

На беларускую мову пераклаў паасобныя творы А. Чэхава, М. Горкага, Б. Лаўранёва, К. Станюковіча, І. Мікітэнкі, І. Лэ, М. Канапніцкай і інш.

  • Імем Васіля Каваля названы вуліцы ў Магілёве й вёсцы Сава
  • У бібліятэцы ў вёсцы Сава зроблены мэмарыяльны пакой, прысьвечаны жыцьцю й творчасьці Васіля Каваля.
  • Памятны знак рэпрэсаванаму ў часы сталінскага тэрору пісьменьніку Васілю Кавалю адкрылі 30 кастрычніка 2019 году ў ягонай роднай вёсцы Сава. Ініцыявала мэмарыял вясковая грамадзкасьць, яе падтрымаў сельскі савет[3].

Крытыка, рэцэнзіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ліўшыц Уладзімір. Сын вёскі. Кароткі нарыс аб жыцці і дзейнасці пісьменніка Васіля Каваля / Уладзімір Ліўшыц. — Горкі: адзел культуры Горацкага райвыканкама, 1997. — 46 с ISBN 985-6120-34-9
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Пальчэўскі А. Былі ў маці сыны: Апавяданьні. Замалеўкі. Успаміны / мастак: Л.Асецкі. — Мінск: Беларусь, 1968. — С. 221—227. — 255 с. — 8000 ас.
  • Пальчэўскі А. Выбраныя творы : у 2 т.. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1975. — Т. 2: Аповесці, літаратурныя партрэты, сцежкі, эцюды. — 493 с. — 9000 ас.
  • Саламевіч І. У. Каваль, Васіль. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3 — С. 396, 397.