Антон Чэхаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Антон Чэхаў
рас. Антон Павлович Чехов
Chekhov 1903 ArM.jpg
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Антоша Чехонте, Антоша Ч., Брат моего брата, Рувер, Человек без селезёнки[1].
Нарадзіўся 17 (29) студзеня 1860
Таганрог, Кацярынаслаўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 2 (15) ліпеня 1904
Бадэнвайлер, Нямецкая імпэрыя (пахаваны ў Маскве)
Пахаваны Новадзявочыя могілкі[2]
Сужэнец Вольга Кніпэр-Чэхава[2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, драматург
Гады творчасьці 1878—1904 гг.
Кірунак проза
Жанр гумарыстычны, лірычны аповед, драма
Мова расейская мова[3]
Дэбют «Безотцовщина»; у друку — «Письмо к учёному соседу» і «Что чаще всего встречается в романах, повестях и т. п.»
Прэміі Пушкінская прэмія Акадэміі навук, 1888 год
Узнагароды
Подпіс
Wikisource-logo.svg [[::ru:s:Антон Павлович Чехов|Творы]] ў Вікікрыніцах

Анто́н Па́ўлавіч Чэ́хаў (па-расейску: Анто́н Па́влович Че́хов; 17 (29) студзеня 1860, Таганрог, Кацярынаслаўская губэрня, цяпер — Растоўская вобласьць — 2 (15) ліпеня 1904, Бадэнвайлер, Нямеччына) — расейскі пісьменьнік, драматург, лекар. Аўтар апавяданьняў, аповесьцяў і п’есаў, прызнаны аднім з найвялікшых пісьменьнікаў у сусьветнай літаратуры. Чэхаў стварыў чатыры творы, якія сталі клясыкай сусьветнае драматургіі, а яго лепшыя аповеды высока ацэньваюцца пісьменьнікамі й крытыкамі. Амаль усё дарослае жыцьцё Чэхаў быў практыкуючым лекарам. «Мэдыцына — мая законная жонка, а літаратура — любоўніца», — казаў ён.

У Таганроскай гімназіі настаўнікам фізыкі й матэматыкі працаваў Эдмунд-Руфін Дзяржынскі (бацька «жалезнага» Фэлікса), які на адной са школьных прац Антона Чэхава па матэматыцы за 1874—1875 навучальны год пакінуў наступны запіс: «Весь ход совершенно верен, и рассуждение самое правильное… Отлично. Э. Дзержинский»[4]. У 1890 годзе падарожнічаў на Сахалін, у выніку чаго напісаў аповесьць «Востраў Сахалін» (1895)[5]. У 1896 годзе, пасьля правала «Чайкі», Чэхаў, які дагэтуль ужо напісаў колькі п’есаў, адрокся ад тэатра. Аднак, у 1898 годзе, пастанова «Чайкі» Маскоўскага мастацкага тэатру, заснаванага Станіслаўскім й Неміровічам-Данчанкам, мела вялізарны посьпех у публікі й крытыкі, што спрычыніла Антона Чэхава на стварэньне яшчэ трох шэдэўраў — п’есаў «Дзядзька Ваня», «Тры сястры» й «Вішнёвы сад».

Напачатку Чэхаў пісаў аповеды, арыентаваная на заробак грошай, але па меры яго творчых амбіцыяў, ён стварыў новыя хады ў літаратуры, моцна паўплываўшы на разьвіцьцё сучаснага кароткага апавяданьня. Арыгінальнасьць ягонага творчага мэтада абумоўліваецца выкарыстаньнем прыёма пад назвай «плынь сьвядомасьці», які пазьней выкарыстоўваўся Джэймзам Джойсам ды іншымі мадэрністамі й адсутнасьці фінальнае маралі, гэтак неабходнай структуры клясычнага тагачаснага аповеда. Чэхаў не імкнуўся даць адказы чытаючай публіцы, а лічыў, што роля аўтара заключаецца ў тым, каб задаваць пытаньні, а не адказваць на іх.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства й юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месца нараджэньня пісьменьніка

Антон Чэхаў нарадзіўся 29 студзеня 1860 году ў невялікім доміку[6] ў сям’і Паўла Ягоравіча Чэхава на Паліцэйскай вуліцы, якая зараз носіць ягонае імя. Раньняе дзяцінства Антона працякала ў бясконцых царкоўных сьвятах. У будныя дні пасьля школы браты вартавалі краму бацькі, а а 5 раніцы кожны дзень уставалі сьпяваць у царкоўным хоры. Як казаў сам Чэхаў: «У дзяцінстве ў мяне не было дзяцінства».

Спачатку Чэхаў вучыўся ў грэцкай школе ў Таганрозе. Грэк, які трымаў школку, прымушаў зазубрываць урокі, біў вучняў лінейкай, ставіў у кут на калені на буйную соль. У 8 гадоў, пасьля двух гадоў вучобы, Чэхаў паступіў у Таганроскую гімназію, якая зараз ёсьць Гімназія №2 імя А. П. Чэхава. Мужчынская клясычная гімназія была найстарэйшай навучальнай установай на поўдні Расеі, якая была заснавана ў 1806 годзе, і давала самавітую па тых часах адукацыю й выхаваньне. Скончыўшы восем клясаў гімназіі маладыя людзі маглі без экзамэнаў паступіць у любы расейскі ўнівэрсытэт альбо паехаць вучыцца за мяжу. Гімназія сфармавала ў Чэхава агіду да крывадушнасьці й фальшы. Тут фармавалася ягонае бачаньне сьвету, любоў да кніг, ведаў і тэатру. Тут ён атрымаў свой першы літаратурны псэўданім «Чэхантэ», якім яго ўзнагародзіў настаўнік Закона Божага Фёдар Пакроўскі. Тут пачыналіся ягоныя першыя літаратурныя й сцэнічныя вопыты.

Музыка й кнігі абуджалі ў юным Антоне Чэхаве імкненьне да творчасьці. Вялікую ролю ў гэтым згуляў Таганроскі тэатар, заснаваны ў 1827 годзе. Упершыню ў тэатры Антон пабываў у 13 гадоў, паглядзеў апэрэту Жака Афэнбаха «Выдатная Алена» й неўзабаве стаў гарачым прыхільнікам тэатра. Пазьней у адным са сваіх лістоў Чэхаў пісаў: «Тэатар мне даваў калі-то шмат добрага… Перш для мяне не было большай асалоды як сядзець у тэатры…». Не выпадкова героі ягоных першых твораў, як то «Трагік», «Комік», «Бэнэфіс», «Нездарма курыца сьпявала», былі акторамі й акторкамі.

Чэхаў-гімназіст выдаваў гумарыстычныя часопісы, прыдумляў подпісы да малюнкаў, пісаў гумарыстычныя апавяданьні, сцэнкі. Першая драма «Безбацькоўшчына» была напісана 18-гадовым Чэхавым у пэрыяд вучобы ў гімназіі. Гімназічны пэрыяд Чэхава быў важным пэрыядам пасьпяваньня й фармаваньня ягоной асобы, разьвіцьця ягоных духоўных асноваў. Гімназічныя гады далі Чэхаву велізарны матэрыял для пісьменьніцкай працы. Самыя тыповыя й калярытныя постаці зьявіліся пазьней на старонках ягоных твораў. Магчыма, адной з такіх постацяў быў і ягоны настаўнік матэматыкі Эдмунд Дзяржынскі — бацька будучага першага старшыні ВЧК.

У 1879 годзе ён скончыў гімназію ў Таганрозе. У гэтым жа годзе ён пераехаў у Маскву й паступіў на мэдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэта, дзе вучыўся ў вядомых прафэсараў: Мікалая Скліфасоўскага, Рыгора Захар’іна й іншых. У гэтым жа годзе брат Антона Іван атрымаў месца настаўніка ў падмаскоўным горадзе Васкрасенск. Яму была выдзелена вялікая кватэра, у якой магла б разьмясьціцца цэлая сям’я. Чэхавы, якія жылі ў Маскве цесна, прыязджалі на лета да Івана ў Васкрасенск. Там ў 1881 годзе Антон Чэхаў пазнаёміўся з доктарам Архангельскім, загадчыкам Васкрасенскай лячэбніцы. З 1882 году, зьяўляючыся студэнтам, ён ужо дапамагаў лекарам шпіталя пры прыёме пацыентаў. У 1884 годзе Чэхаў скончыў курс унівэрсытэту й пачаў працаваць павятовым лекарам у Чыкінскім шпіталі. Затым ён працаваў у Зьвянігарадзе, дзе некаторы час загадваў шпіталем.

Станаўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэхаў у Меліхава з таксай Хінай. 1897 год.

У 1880 годзе, зьяўляючыся студэнтам першага курсу, Чэхаў зьмясьціў у часопісе «Стрекоза» аповяд «Ліст да вучонага суседа» й гумарэску «Што часьцей за ўсё сустракаецца ў раманах, аповесьцях і да т. п.». Гэта быў ягоны дэбют у друку. У наступныя гады Чэхаў пісаў апавяданьні, фэльетоны, гумарэскі пад псэўданімамі «Антоша Чэхантэ» й «Чалавек без касы» альбо іхнымі варыянтамі, альбо зусім бяз подпісу, у выданьнях «малой прэсы», пераважна гумарыстычных: маскоўскіх часопісах «Будильник», «Зритель» і іншых, а таксама ў пецярбурскіх гумарыстычных штотыднёвіках «Осколки», «Стрекоза». Чэхаў супрацоўнічаў зь «Пецярбурскай газэтай» з 1884 году, але зь перапынкамі, а таксама з газэтай «Новое время» з 1886 па 1893 гады й з «Русские ведомости» з 1893 па 1899 гады.

У 1882 годзе Чэхаў падрыхтаваў першы зборнік апавяданьняў «Свавольства», але ён ня выйшаў, магчыма, з-за цэнзурных цяжкасьцяў. У 1884 годзе выйшаў зборнік ягоных апавяданьняў — «Казкі Мельпамены» за подпісам «А. Чэхантэ». 18851886 гады ёсьць пэрыяд росквіту Чэхава як «белетрыста-мініяцюрыста». Ён быў у гэты час аўтарам кароткіх, у асноўным гумарыстычных апавяданьняў. У той час, па ягоным ўласным прызнаньні, ён пісаў па аповядзе ў дзень. Сучасьнікі лічылі, што ён і застанецца ў гэтым жанры, але вясной 1886 году ён атрымаў ліст ад вядомага расейскага літаратара Дзьмітрыя Грыгаровіча, дзе той крытыкаваў Чэхава за тое, што ён марнуе свой талент на «творы-дробязі». Пасьля да парадаў Грыгаровіча далучыліся Аляксей Суворын, Віктар Білібін і Аляксей Плешчэеў.

Чэхаў прыслухаўся да гэтых парадаў. З 1887 году ён усё менш супрацоўнічаў з гумарыстычнымі часопісамі; было перапынена супрацоўніцтва з часопісам «Будильник». Ягоныя апавяданьні станавіліся ўсё даўжэй і сур’ёзьней. Аб важных зьменах, якія адбываліся тады з Чэхавым, кажа яшчэ й жаданьне падарожнічаць. У тым жа 1887 годзе ён адправіўся ў падарожжа на поўдзень, у родныя мясьціны; пазьней ён езьдзіў па «гогалеўскіх месцах», у Крым, на Каўказ. Падарожжа на поўдзень ажывіла ўспаміны Чэхава аб праведзенай там маладосьці й дала яму матэрыял для «Стэпу», першага ягонага твору ў тоўстым часопісе — «Северный вестник». Дэбют у такім часопісе прыцягнуў вялікую ўвагу крытыкі, значна большую, чым да якога-небудзь папярэдняга твору Чэхава.

Увосень 1887 году ў лістах Чэхава зьявіліся згадкі пра працу над раманам «у 1500 радкоў». Яна працягвалася да 1889 году, калі Чэхаў, прыгнечаны працай такога вялікага памеру, нарэшце адмовіўся ад сваёй задумы. «Я рады, — пісаў ён у студзені Суворыну, — што 2-3 гады таму я не слухаўся Грыгаровіча й не пісаў рамана! Уяўляю, колькі бы дабра я пашкозіў, калі бы паслухаўся (…). Акрамя багацьця матэрыялу й таленту, трэба яшчэ сёе-тое ня менш важнае. Патрэбна памужнець — гэта першае; па-другое, неабходна пачуцьцё асабістай свабоды, а гэтае пачуцьцё стала разгарацца ўва мне толькі нядаўна».

Відавочна, менавіта недахопам гэтых уласьцівасьцяў быў незадаволены Чэхаў у канцы 1880-х гадох, што й заахвоціла яго падарожнічаць. Але ён застаўся незадаволены й пасьля гэтых паездак, і яму было трэба новае, вялікае падарожжа. Варыянтамі былі кругасьветнае падарожжа, паездка ў Сярэднюю Азію, у Пэрсію, на Сахалін. У рэшце рэшт ён спыніўся на апошнім варыянце.

Але нягледзячы на ​​ўласную незадаволенасьць сабой, ягоная слава расла. Пасьля выхаду «Стэпу» й «Сумнай гісторыі» ўвага крытыкі й чытачоў было прыкавана да кожнага ягонага новага твора. 7 (19) кастрычніка 1888 году ён атрымаў палову Пушкінскай прэміі Акадэміі навук за трэці зборнік 1887 году — «У зьмярканьні». У адпаведнай пастанове акадэмічнай камісіі было напісана, што «апавяданьні Чэхава, хоць і ня цалкам задавальняюць патрабаваньням вышэйшай мастацкай крытыкі, уяўляюць аднак жа выбітную зьяву ў нашай сучаснай белетрыстычнай літаратуры». У канцы 1880-х гадоў у манеры Чэхава зьявілася асаблівасьць, якую адны сучасьнікі лічылі перавагай, іншыя недахопам, — знарочыстая абыякавасьць апісаньня, падкрэсьленая адсутнасьць аўтарскай ацэнкі. Асабліва гэтай рысай выдзяляюцца «Спаць хочацца», «Бабы» й «Княгіня».

Сахалін[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рашэньне паехаць менавіта ў Сахалін было канчаткова прынята, відавочна, улетку 1889 году, пасьля абмеркаваньня гэтага намеру з артысткай Каратыгінай, якая падарожнічала па Сыбіры ў Сахалін у канцы 1870-х гадоў. Але Чэхаў доўга хаваў гэты намер нават ад самых блізкіх; паведаміўшы пра яго толькі Каратыгінай, ён папрасіў трымаць гэта ў таемнасьці. Раскрыў ён гэтую таямніцу толькі ў студзені 1890 году, і натуральна, гэта зрабіла вялікае ўражаньне на грамадзтва. Узмацьнялася гэтае ўражаньне яшчэ й «раптоўнасьць» прынятага рашэньня, бо ўжо вясной 1890 году Чэхаў адправіўся ў падарожжа.

Шлях праз Сыбір заняў некалькі месяцаў, за якія Чэхаў напісаў 9 нарысаў, аб’яднаных пад агульнай назвай «З Сыбіры». На Сахалін Чэхаў прыбыў 23 ліпеня. За некалькі месяцаў знаходжаньня на ім Чэхаў меў зносіны зь людзьмі, пазнаваў гісторыі іхняга жыцьцяў, прычыны спасылкі й набіраў багаты матэрыял для сваіх нататак. Ён правёў сапраўдны перапіс насельніцтва Сахаліна, сабраўшы некалькі тысячаў картак пра жыхароў вострава. Адміністрацыя вострава строга забараніла мець зносіны з палітычнымі зьняволенымі, але ён парушаў гэтую забарону. Вяртаўся Чэхаў восеньню й зімой 1890 году, па Індыйскаму акіяну праз Суэцкі канал, наведаўшы па дарозе востраў Цэйлон. 19 сьнежня родныя сустракалі яго ў Туле.

У наступныя 5 гадоў Чэхаў пісаў кнігу «Востраў Сахалін». Што тычыцца мастацкай творчасьці, падарожжа на Сахалін, паводле ўласнага прызнаньня Чэхава, аказала велізарны ўплыў на ўсе ягоныя наступныя творы. У 2005 годзе на Сахаліне ўпершыню ў Расеі апублікаваны ў адным выданьні «Быць можа, спатрэбяцца й мае лічбы …» матэрыялы Сахалінскага перапісу Чэхава. У выданьні апублікаваныя ўсе 10 тысячаў апытальных карт, запоўненых рэспандэнтамі Чэхава ў час ягонага падарожжа на востраў Сахалін у 1890 годзе.

Позьнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хатка Чэхава ў Маскве

З 1890 па 1892 гады, па вяртаньні ў Маскву з паездкі па Сахаліну, Чэхаў пасяліўся ў невялікім двухпавярховым флігелі на вуліцы Малая Дмітрўка. Тут ён працаваў над кнігай «Востраў Сахалін», апавяданьнямі «Паскакунчык», «Дуэль» і «Палата № 6», а таксама сустракаўся зь пісьменьнікамі Ўладзімерам Караленкам, Дзьмітрыем Грыгаровічам, Уладзімерам Гіляроўскім, Пятром Бабарыкіным, Дзьмітрыем Меражкоўскім, Уладзімерам Неміровічам-Данчанкам, а таксама зь вядомымі акторамі тэарту Аляксандрам Ленскім і Аляксандрам Южыным і мастаком Ісаакам Левітанам. Флігель захаваўся да нашага часу й адзначаны памятнай дошкай з барэльефам Антона Чэхава.

З 1892 па 1899 гады Чэхаў пражываў у падмаскоўным маёнтку Меліхава, дзе зараз працуе адзін з галоўных чэхаўскіх музэяў. За гады «меліхаўскага сядзеньня» было напісана 42 творы. Пазьней Чэхаў шмат падарожнічаў па Эўропе. Апошнія гады Чэхаў, у якога абвастрыліся сухоты, для папраўленьне здароўя, стала пражываў ў сваім доме пад Ялтай, толькі зрэдку прыязджаючы ў Маскву, дзе ягоная жонка (з 1901 году), артыстка Вольга Кніпер, займала адно з выбітных месцаў у трупе створанага ў 1898 годзе МХТ Канстанціна Станіслаўскага. У 1900 годзе пры першых жа выбарах у Пушкінскае аддзяленьне акадэміі навук, Чэхаў быў абраны ў лік ягоных ганаровых акадэмікаў. У 1902 годзе Чэхаў разам з Караленка адмовіўся ад званьня акадэміка пасьля распараджэньня Мікалая II на ануляваньне абраньня Максіма Горкага у ганаровыя акадэмікі.

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гісторыі хваробы Чэхава, якую вёў у клініцы лекар пісьменьніка Максім Маслаў, запісана, што ў гімназічныя й студэнцкія гады Чэхаў хварэў на сухотнае запаленьне брушыны, але «цясьненьне ў грудзіне» адчуваў яшчэ ў 10-гадовым узросьце. З 1884 году Чэхаў пакутаваў крывацёкам з правага лёгкага[7].

Адны дасьледчыкі лічаць, што фатальную ролю ў жыцьці пісьменьніка адыграла падарожжа на Сахалін, калі ехаць прыйшлося тысячы кілямэтраў на конях, у сырой вопратцы й наскрозь змоклых валенках, то бок сам Чэхаў і ягоныя блізкія зьвязвалі захворваньне менавіта з паездкай. Іншыя прычынай абвастрэньня сухотнага працэсу называлі частыя пераезды зь Ялты ў Маскву ў самы неспрыяльны для здароўя час. Трэція біёграфы адзначалі тое, што Чэхаў запусьціў хваробу й зьвярнуўся да лекара толькі ў 37-гадовым узросьце.

Улетку 1904 году Чэхаў выехаў на курорт у Нямеччыну. З-за рэзкага абвастрэньня хваробы, зь якой яму не ўдалося справіцца, пісьменьнік памёр 2 (15) ліпеня 1904 году ў нямецкім горадзе Бадэнвайлер. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асаблівасьці драматургіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэхаў працы Ісаака Левітана

Своеасаблівасьць п’есаў Чэхава заўважалася ягонымі сучасьнікамі пры першых пастаноўках. Спачатку яно ўспрымалася як няўменьне Чэхава справіцца з задачай пасьлядоўнага драматычнага руху. Рэцэнзэнты казалі аб адсутнасьці «сцэнічнасьці», пра «расьцягнутасьці», пра «недахоп дзеяньня», пра «бязладзьдзе дыялёгу», пра «раскіданасьць кампазіцыі» і слабасьці фабулы[8]. Тэатральная крытыка ўсё больш папракала Чэхава ў тым, што ён уводзіць у свае п’есы залішнія падрабязнасьці побыту й тым самым парушае ўсе законы сцэнічнага дзеяньня. Аднак для самога Антона Чэхава прайграваньне сфэры побыту было абавязковай умовай, бо інакш для яго губляўся сэнс усёй задумы.

У драматургіі Чэхава, насуперак усім традыцыям, падзеі адводзяцца на другі плян як кароткачасовую прыватнасьць, а звычайнае, роўнае, штодня паўтаральнае, для ўсіх звыклае складае галоўны масіў ўсяго зьместу п’есы. Практычна ўсе п’есы Чэхава пабудаваныя на падрабязным апісаньні побыту, з дапамогай якога да чытачоў даносяцца асаблівасьці пачуцьцяў, настрояў, характараў і ўзаемаадносінаў герояў. Падбор бытавых ліній ажыцьцяўляецца па прынцыпе іхняй значнасьці ў агульным эмацыйным зьмесьце жыцьця.

Нярэдка Чэхаў выкарыстоўвае так званыя «выпадковыя» рэплікі пэрсанажаў. Пры гэтым дыялёг бесьперапынна рвецца, ламаецца і блытаецца ў нейкіх зусім староньніх і непатрэбных дробязях. Аднак падобныя дыялёгі й рэплікі ў агульным сцэнічным кантэксьце ў Чэхава ажыцьцяўляюць сваё прызначэньне не прамым прадметным сэнсам свайго ўтрыманьня, а тым жыцьцёвым самаадчуваньнем, якое ў іх праяўляецца[8].

Канстанцін Станіслаўскі й Уладзімер Неміровіч-Данчанка заўважылі найбольш істотны прынцып у драматычным руху чэхаўскіх п’ес, гэтак званая «падводная плынь». Менавіта яны ўпершыню раскрылі за вонкава бытавымі эпізодамі й дэталямі прысутнасьць бесьперапыннага ўнутранага інтымна-лірычнага струменя й прыклалі ўсе намаганьні, каб данесьці новую інтэрпрэтацыю чэхаўскай драмы да гледача. Дзякуючы Станіслаўскаму й Неміровічу-Данчанкі заражаючая сіла п’есаў Чэхава стала відавочнай[9].

Значэньне творчасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэхаў стварыў новыя хады ў літаратуры, моцна паўплываўшы на разьвіцьцё сучаснага аповяду. Арыгінальнасьць ягонага творчага мэтаду складаецца ў выкарыстаньні прыёму пад назвай «паток сьвядомасьці», пазьней пераняты Джэймзам Джойсам і іншымі мадэрністамі й адсутнасьці фінальнай маралі, так неабходнай структуры клясычнага апавяданьня таго часу. Чэхаў не імкнуўся даць адказы чытачам, а лічыў, што роля аўтара заключаецца ў тым, каб задаваць пытаньні, а не адказваць на іх.

У 1896 годзе пасьля правалу п’есы «Чайкі», Чэхаў, які напісаў ўжо да таго моманту некалькі п’есаў, адрокся ад тэатра. Аднак, у 1898 годзе, пастаноўка «Чайкі» Маскоўскага Мастацкага Тэатра, заснаванага Станіслаўскім і Неміровічам-Данчанка, мела велізарны посьпех у публікі й крытыцы, што падштурхнула Антона Чэхава на стварэньне яшчэ трох шэдэўраў — п’ес «Дзядзька Ваня», «Тры сястры» й «Вішнёвы сад».

Менавіта Чэхаў у сваіх апавяданьнях ўпершыню ў расейскай літаратуры ярка прадэманстраваў вобраз правінцыйнага абывацеля, пазбаўленага ўсякага далягляду, смагі дзейнасьці, добрых памкненьняў, патрэбнасьці дзеяньня. Чэхаў, як ніхто іншы, паказаў, наколькі небясьпечным для асобы й для грамадзтва зьяўляецца такая сацыяльная зьява, як абывацельшчына («Іёныч», «Настаўнік славеснасьці»).

Беларускія пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пераклад Чэхава на беларускую мову — вадэвіль «Сватаньне» ў перакладзе Напалеона Чарноцкага — выпусьціла ў 1910 годзе таму выдавецтва «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ». Пазьней Чэхава перакладалі Кандрат Крапіва, Янка Маўр, Янка Брыль, Іван Шамякін і іншыя. П’есы Чэхава доўгія гады былі ў рэпэртуары трупы заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага[10].

  • Выбраныя творы: Аповесці, апавяданні, камедыя / Антон Чэхаў. — Мн.: Маст.літ., 1994. — 645 с — (Скарбы сусветнай літаратуры).
  • Каштанка: Для малод.шк.узросту / Пер. А.Якімовіча. — Мн.: Мастац.літ., 1973.
  • Выбраныя творы / Рэд.пер. Я.Брыль. — Мн.: Дзяржвыд БССР. Рэд.мастац.літ., 1954.
  • Выбраныя творы / А. П. Чэхаў. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1946. — 254 с.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гебель В., Гольберг М., Каган Л., Цукерман Л. Чехов Антон Павлович // Большая советская энциклопедия / Гл. ред. Шмидт О. Ю. — М.: Сов. энцикл., 1934. — Т. 61. — С. 460.
  2. ^ а б в г Paperny Z. Чехов Антон // Краткая литературная энциклопедияМасква: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 8.
  3. ^ data.bnf.fr: плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  4. ^ Хацкевич А. Ф. Солдат великих боев. Минск. 1982. С. 11—12.
  5. ^ Czechow Anton P. // Internetowa encyklopedia PWN (пол.)
  6. ^ Дом-музэй Чэхава, месца нараджэньня пісьменьніка
  7. ^ Падрабязнае апісаньне хваробы й сьмерці Чэхава.
  8. ^ а б Скафтымов А. П. К вопросу о принципах построения пьес А. П. Чехова // Три сестры. — СПб: Азбука-классика, 2008. — С. 229—268. — 288 с — ISBN 978-5-91181-876-0
  9. ^ Немирович-Данченко В. И. Предисловие «От редактора» // Н. Е. Эфрос «Три сестры» в постановке Московского художественного театра. — 1919. — С. 10.
  10. ^ Чэхаў і Беларусь // Радыё Свабода, 29 студзеня 2010

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Антон Чэхаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў