Алесь Дудар
Алесь Дудар | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Аляксандар Аляксандравіч Дайлідовіч |
Псэўданімы | Тодар Глыбоцкі (Т. Глыбоцкі, Т.Г-кі, Т. Г.), Ал. Д., Арцём Яроцкі |
Нарадзіўся | 24 сьнежня 1904 вёска Навасёлкі, Мазырскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Памёр | 29 кастрычніка 1937 Менск, Беларуская ССР, СССР |
Пахаваны |
|
Сужэнец | Натальля Вішнеўская |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Перакладнік |
Гады творчасьці | 1921—1935 |
Жанр | Паэзія |
Мова | Беларуская |
Дэбют | 1921 (газэта «Савецкая Беларусь») |
Значныя творы | паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935) |
![]() | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Але́сь Дуда́р (1904; в. Навасёлкі, цяпер Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласьць, Беларусь — 1937; Менск, цяпер Беларусь) — беларускі паэт, крытык, перакладнік.
Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нарадзіўся ў сям’і безьзямельнага селяніна. У першую сусьветную вайну сям’я знаходзіліся ў бежанстве ў расейскім горадзе Казлове (Тамбоўская губэрня) і вярнулася ў Беларусь вясной 1917 году. Пасьля сканчэньня (1921) сярэдняй школы ўступіў у тэатральную трупу Уладзіслава Галубка. У 1923 адзін з заснавальнікаў менскай, віцебскай і полацкай філіяў «Маладняка». У 1927—1928 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэта БДУ, які вымушана пакінуў у выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменьнікаў-студэнтаў. У сьнежні 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб’яднаньня «Полымя». 20 сакавіка 1929 г. арыштаваны Дзяржаўнай палітычнай управай НКУС БССР За верш «Пасеклі наш край папалам…». Высланы на тры гады ў Смаленск (Расейская СФСР). 22 ліпеня 1930 г. яго арыштавалі ў Смаленску і прывезьлі ў Менск на допыты па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасьля сканчэньня тэрміну высылкі вярнуўся ў Менск. Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР (з 1934). У 1935—36 у асноўным займаўся перакладамі.
Трэці раз арыштаваны 31 кастрычніка 1936 у Менску па адрасе: вул. Правадная, д. 15а, кв. 2. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Алеся Дудара прадугледжвалася «спальваць»[1]. 28 кастрычніка 1937 г. пазасудовая калегія НКУС выракла яго да вышэйшай меры (сьмяротнага) пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці быццам у якасьці «чальца антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». 29 кастрычніка стаўся ахвярай масавага расстрэлу ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКУС («амэрыканкі») звыш 100 пісьменьнікаў, навукоўцаў і дзяячоў культуры. 21 верасьня 1957 г. ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР апраўдала яго пасьмяротна. Асабістая справа № 10861-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэбютаваў вершам у 1921 (газэта «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сьцежкамі» (1925), «І залацісьцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), паэмы «Шанхайскі шоўк» (1926), «Слуцак» (1935), зборнік апавяданьняў «Марсэльеза» (1927). У 1959 выйшлі Выбраныя творы, у 1984 — зборнік вершаў і паэмаў «Вежа». Разам з Андрэем Александровічам і Анатолем Вольным напісаў раман «Ваўчаняты» (1925).
Выступаў як крытык пад псэўданімам Т. Глыбоцкі выдаў зборнік артыкулаў «Пра літаратурныя справы» (1928).
Перакладаў зь нямецкай, расейскай і францускай моваў. Пераклаў некаторыя творы А. Пушкіна, у тым ліку "Яўгенія Анегіна". «Дванаццаць» А. Блока, урыўкі з «Фаўста» Ёгана Гётэ, творы Сяргея Ясеніна, Барыса Пастарнака, М. Ціханава, Гайнрыха Гайнэ і Э. Вайнэрта. Асобнымі выданьнямі выйшлі «Выбраныя вершы» С. Стандэ (1932), аповесьць Ф. Гладкова «Новая зямля» (1932), раман У. Кузьміча «Крыльлі авіясьпіралі» (1932), «Апавяданьне пра кайданы» М. Ляшко (1933), «Вільгельм Тэль» Фрыдрыха Шылера (1934), «Жаніцьба Фігаро» П’ера Бамаршэ (1936).
У сакавіку 2017 году стала вядома, што знойдзены пераклад Алеся Дудара паэмы «Яўген Анегін» Пушкіна, які лічыўся страчаным[2].
Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Алесь Дудар. «Імчыцца час...» / рэдакцыйная калегія // Полымя : часопіс літаратуры, палітыкі, эканомікі, гісторыі. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, верасень 1928. — № 7. — С. 100.
- Выбраныя творы. Мн., 1959;
- Вежа: Вершы і паэмы. Мн., 1984.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- А. Падбярэзкі. А. Дудар. «Вежа». Вершы. / рэдакцыйная калегія // Полымя : часопіс літаратуры, палітыкі, эканомікі, гісторыі. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, жнівень 1928. — № 6. — С. 194—196.
- Масей Сяднёў. «Масеева кніга»: Успаміны, старонкі дзёніка, эсэ. Алесь Дудар. / Мастак П. І. Іонаў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 260—262. — 318 с. — 5200 ас. — ISBN 5-340-01314-6
- Багдановіч І. Будучыня з сінімі крыламі: Літаратурны партрэт А.Дудара // Роднае слова. 1994, № 12
- Ірына Багдановіч. «Дудар Алесь». Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2 — С. 311.
- Міхнюк У. Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996
- І. У. Саламевіч. «Дудар Алесь». Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — ISBN 985-11-0188-5 — С. 252.
- Маракоў Л. Алесь Дудар: штрыхі да партрэта пісьменніка // Роднае слова. 2001. № 12.
- Леанід Маракоў. «Алесь Дудар». // «Біяграфіі». — Менск: 2012.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ Знойдзены пераклад на беларускую мову «Яўгенія Анегіна» // Хартыя’97