Маладняк (літаратурнае аб’яднаньне)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Усебелару́скае аб’ядна́ньне паэ́таў і пісьме́ньнікаў «Маладня́к» — аб’яднаньне беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, якое існавала ў 1923—1928 гадах. Першае літаратурнае аб’яднаньне ў Беларусі.

Заснаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўстала 28 лістапада 1923 году з ініцыятывы маладых пісьменьнікаў А. Александровіча, А. Бабарэкі, А. Вольнага, А. Дудара, Я. Пушчы, М. Чарота. Да іх далучыліся У. Дубоўка, М. Зарэцкі, К. Крапіва, П. Трус, К. Чорны, пісьменьнікі старэйшага пакаленьня З. Бядуля, А. Гурло.

Назву «Ўсебеларускае аб’яднаньне…» гурток узяў па стварэньні філіі ў Маскве (травень 1924) і ініцыятыўных групаў у Віцебску і Магілёве.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Філіі «Маладняку» існавалі па ўсёй Беларусі, а таксама ў Латвіі, Расеі й Чэхіі. У склад аб’яднаньня ўваходзілі нацыянальныя сэкцыі расейскіх, польскіх, жыдоўскіх, летувіскіх пісьменьнікаў. У верасьні 1925 году на Беларусі налічвалася 507 сяброў аб’яднаньня[1].

25-29 лістапада 1925 году адбыўся Першы Ўсебеларускі зьезд «Маладняка». Як было агалошана на зьезьдзе, «Маладняк» на той час складаўся са 101 сябра, 89 кандыдатаў і 128 студыйцаў, якія ўваходзілі ў 12 філіяў. У 1927 годзе ў арганізацыі ўжо было каля 1000 чалавек [2].

Цэнтральнымі друкаванымі органамі былі часопіс «Маладняк», газэта «Савецкая Беларусь», мясцовыя выданьні філіяў. З траўня 1925 году аб’яднаньне выдавала на свае сродкі бібліятэчку («кніжніцу») — невялікія зборнікі твораў сваіх сяброў. Цягам 19241925 гг. было выдадзена каля 60 зборнікаў вершаў і прозы, больш за 20 нумароў часопісу «Маладняк».

Кіравальны орган: Прэзыдыюм, потым — Цэнтральнае бюро (зь лютага 1925). ЦБ у розныя гады ўзначальвалі Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Уладзімер Дубоўка, Платон Галавач. У праграмных дакумэнтах Цэнтральнае бюро «Маладняку» прымала ідэалёгію клясавае барацьбы і пабудовы камуністычнага грамадзтва.

Аб’яднаньне праводзіла вялікую грамадзка-выхаваўчую і асьветную працу сярод моладзі, садзейнічала выяўленьню талентаў, наладжвала сувязі з літаратурнымі арганізацыямі іншых савецкіх рэспублік (Украінскай, Расейскай, Грузінскай), кнігаабмен з іншымі краінамі.

Сканчэньне дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З цягам часу ў аб’яднаньні высьпеў крызіс, вынікам якога стаў падзел арганізацыі і выхад зь яе складу ў траўні 1926 году многіх сяброў (Чорнага, Крапівы, Дубоўкі, Бабарэкі, Глебкі, Пушчы, Лужаніна і інш.), якія ўтварылі групоўку «Ўзвышша». На мяжы 1927—1928 ад «Маладняку» адкалолася яшчэ й ягоныя стваральнікі і кіраўнікі (Чарот, Зарэцкі, Вольны, Дудар, Сташэўскі і іншыя), стварыўшы свае групоўкі «Пробліск», «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна» і «Полымя»[1]. Між «Маладняком» і новымі аб’яднаньнямі вялася ідэялягічная барацьба па пытаньні нацыянальна-культурнага будаўніцтва і партыйнага кіраўніцтва творчым жыцьцём.

У лістападзе 1928 году рэарганізаванае ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменьнікаў. У 1930-я гады большасьць «маладнякоўцаў» былі рэпрэсаваныя.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Искусство БССР в 20—30-е гг. Литература(рас.). Искусство и культура. Мировая художественная культура. МХК. Праверана 1 сьнежня 2010 г.
  2. ^ Маракоў Л. Валеры Маракоў. Хроніка, лёс, кантэкст. С. 10

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дзве даты. // «Звязда» №229 (26837) 23 лістапада 2010
  • Ліўшыц, Уладзімір.Горацкая студыя "Аршанскага "Маладняка"-Горкі: 2013.
  • К. Р. Хромчанка. Маладняк // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Менск: БелСЭ, 1986. — Т. 3: Карчма — Найгрыш. — 751 с. — 9500 ас.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Маладняк (літаратурнае аб’яднаньне)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў