Перайсьці да зьместу

Траецкае прадмесьце

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Траецкая гара (Менск)»)
Гістарычная мясцовасьць
Траецкае прадмесьце
лац. Trajeckaje pradmieście
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′30.72″ пн. ш. 27°33′21.54″ у. д. / 53.9085333° пн. ш. 27.5559833° у. д. / 53.9085333; 27.5559833Каардынаты: 53°54′30.72″ пн. ш. 27°33′21.54″ у. д. / 53.9085333° пн. ш. 27.5559833° у. д. / 53.9085333; 27.5559833
Дата заснаваньня XII ст.
Вядомыя насельнікі Максім Багдановіч, Янка Купала
Статус Ахоўная зона
Траецкае прадмесьце на мапе Беларусі
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце на Вікісховішчы

Трае́цкае прадме́сьце, або Трае́цкая гара́ — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы места, на левым беразе ракі Сьвіслачы. Архітэктурнымі дамінантамі мясцовасьці былі Ўшэсьценскі манастыр зь Белай царквой, Фарны касьцёл (першы касьцёл ў месьце), Траецкі манастыр базылянак, касьцёл і шпіталь сясьцёр міласэрнасьці, Кітаеўская сынагога.

На паўночны захад ад Траецкага прадмесьця пачынаецца Старосьцінская Слабада, на поўнач — Старажоўка, на ўсход — Залатая Горка. За ракой Сьвіслаччу на поўдні знаходзяцца Лавы і цэнтральны Нізкі Рынак, якія раней злучаліся з прадмесьцем праз Лаўскі і Хлусаў масты адпаведна, на захадзе — Замчышча, на паўночным захадзе — Татарская Слабада[1][2].

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Траецкая гара. Паводле першага зь іх (і найбольш імавернага), назва мясцовасьці мае зьвязак з тытулам касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы, заснаванага вялікім князем Ягайлам[3]. Згодна з другой вэрсіяй, тапонім узьнік ад абарончага рэдута Сьвятой Тройцы, які знаходзіўся каля Барысаўскай заставы[4]. Таксама існуе меркаваньне, што назва прадмесьця ўтварылася ад царквы Сьвятой Тройцы[5] або Траецкага жаночага манастыра[6].

Высокі Рынак і Траецкая гара (направа). Малюнак пачатку XIX ст.

Левабярэжжа Сьвіслачы здаўна мела вялікае гандлёвае значэньне, на ім злучаліся дарогі зь Вільні (для ХІІ—ХІІІ стагодзьдзяў з Заслаўя), Лагойску і Полацку, Барысава і Смаленску, Друцку, Магілёва (для ХІІ—ХІІІ стагодзьдзяў, магчыма, зь СьвіслачыРагачова)[7]. Археалягічныя раскопкі, праведзеныя ў 1976 годзе Г. Штыхавым і В. Собалем, засьведчылі існаваньне культурнага жыцьця ў гэтай мясцовасьці ўжо з канца XII ст.[8]

Траецкі базылянскі манастыр, абмеры Т. Крамэра, 1799 г.

Прыкладна ў X—XI стагодзьдзях на гары, сярод лесу, пачаў дзеяць Ушэсьценскі (Узьнясенскі[4]) манастыр з драўлянай царквой Ушэсьця Гасподняга[6]. У XII—XІІI стагодзьдзях на левабярэжжы Сьвіслачы збудавалі царкву сьвятых Барыса і Глеба і заснавалі вуліцу Барысаглебскую[9].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Абмеры манастыра, каля 1800 г.

Паводле паданьня, у 1390 годзе на Траецкай гары збудавалі драўляны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Фарны касьцёл)[3]. У 1505 годзе татарскае нашэсьце дашчэнту спаліла Менск, у тым ліку быў і Фарны касьцёл[3]. У 1508 годзе яго нанава адбудавалі з дрэва. Пры касьцёле дзеяў шпіталь, дзе брацтва, аднайменнае з тытулам сьвятыні, даглядала нямоглых[3].

Абмеры манастыра, 1840-я гг.

Даволі шырокае ўжываньне назвы «Старое место» ў літоўскіх (беларускіх) пісьмовых помніках у дачыненьні да раёну Траецкай гары на мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў сьведчыць пра наяўнасьць тут агульнамескага цэнтру ў XIV—XV стагодзьдзях[9][10]. Аднак па атрыманьні Менскам Магдэбурскага права ў 1499 годзе і пабудовы ратушы ў Высокім Месьце Траецкае прадмесьце пачынае паступова губляць свой цэнтральны статус.

Траецкае прадмесьце (налева), 1863 г.

Прадмесьце злучалася з Замчышчам мостам і грэбляй, з 2-й паловы XVI ст. — двума мастамі[4]. У XV—XVII стагодзьдзях пэрымэтрам Менску (у тым ліку і ў Траецкім прадмесьці) збудавалі ўмацаваньні зь землянымі валамі і равамі[4]. З канца XVI ст. пачынае ўпамінацца Траецкі рынак — найбольшая гандлёвая пляцоўка Менску[4].

Высокае Места з боку Траецкай гары

У 1620 годзе на месцы драўлянай Ушэсьценскай царквы А. Масьлянка збудаваў мураваную[4]. У 1630 годзе Марына Бяжэвіч заснавала ў прадмесьці Траецкі манастыр базылянак пры драўлянай царкве, вядомай з XV ст.[11]

Траецкая гара, каля 1900 г.

У XVII—XVIII стагодзьдзях раён Траецкай гары меў пэрыфэрыйнае значэньне ў будаўнічай і сацыяльнай структуры Менску. Асновай плянавальнай структуры раёну быў працяг галоўнай вуліцы правабярэжжа Сьвіслачы — Нямігі (у XVI ст. «Немезской»), якая пачыналася ад пераправы праз раку і мела назву Вялікай Барысаўскай (паводле Р. Баравога — Траецкая або вуліца Траецкай гары[12]). Яна ўзьнікла на старым Барысаўскім гасьцінцы (адцінак ад Сьвіслачы да 2-й клінічнай лякарні). Працягам Вялікай Барысаўскай была вуліца Траецкая (у XIX ст. улады Расейскай імпэрыі перайменавалі яе ў Аляксандраўскую, цяпер Максіма Багдановіча)[13]. Траса гэтых вуліцаў пачыналася на стрэлцы мыса і праходзіла амаль цэнтральнай восьсю шырокага ўзгорка, аточанага з трох бакоў лукавінай Сьвіслачы. У гэтых умовах натуральным, выняткова стыхійным плянавальным разьвязкам было расьсяленьне жыхароў як уздоўж гэтай дарогі-вуліцы, так і пэрпэндыкулярна да яе, на паўднёвым і паўночным схілах гары, кірункам да берага ракі. Так паўстала некалькі амаль раўналежных вулачак, якія адыходзяць ад галоўнай. На паўночным схіле гары такіх вулачак было ня менш за 8—9, на паўднёвым, дзе паміж цэнтральнай вуліцай і берагам ракі разьмяшчалася шырокая багністая абалона, трохі менш — 5. На плян паўднёвай часткі Траецкай гары, магчыма, паўплывала і тая акалічнасьць, што менавіта ў гэтым раёне вельмі рана зьявілася некалькі манастыроў і цэркваў, якія займалі значныя пляцы, што магло таксама перашкаджаць утварэньню мноству маленькіх вулачак. З усяго відаць, «Віленскай» звалася самая ўсходняя з памянёных вышэй васьмі або дзевяці вулачак на паўночным схіле гары, бо менавіта яна служыла пачаткам дарогі на ЗацаньСёмкаў Гарадок і далей на Вільню. Вуліца Магілёўская, відаць, адпавядала цяперашняй афіцыйнай вуліцы Куйбышава — яе працяг зьвязваў Траецкую гару з Камароўкай (раён сучаснай вуліцы Янкі Купалы). Камароўка яшчэ ў першай палове XIX ст. была вёскай, якая знаходзілася за мяжой места. Ад яе пачыналіся Лагойскі і Барысаўскі гасьцінцы. Магілёўская дарога 1557 году пачыналася, мабыць, ад гэтай жа вуліцы беспасярэдне за мяжой места, стромка згортваючыся ўздоўж берагоў Сьвіслачы ў раёне цяперашняга пляцу Перамогі, далей выходзячы на Доўгі Брод і Сьляпянку, дзе ад гэтай дарогі адлучалася «дарога Друцкая». Зь іншых вуліцаў на Траецкай гары, у дакумэнтах XVI—XVIII стагодзьдзяў упамінаюцца: Плябанская вуліца і «вуліца да Плябанскіх млыноў» (магчыма, гэта адна і тая жа вуліца) — у раёне сквэру вакол Опэрнага тэатру; вуліца Старосьцінская Слабада — пачатковы адцінак зьнішчанай у 1980-я гады Стараслабадзкой вуліцы. Тамака жа, паміж Старосьцінскай Слабадой і Замкавым мостам, паўночным схілам Траецкай гары, уздоўж берага Сьвіслачы праходзіла адна з самых старых вуліцаў гэтага раёну сучасная Старавіленская (паводле дакумэнтаў XVII—XVIII стагодзьдзяў, мела назву «вуліца каля ракі да Слабады»)[12].

Колішнія касьцёл і шпіталь сясьцёр міласэрнасьці, 1904 г.

У 1709 годзе пры касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы біскуп Бжастоўскі заснаваў брацтва Шчасьлівай сьмерці[14]. У 1716 (1720) годзе намаганьнямі менскага ксяндза Карла Пятра Панцяржынскага замест старога збудавалі новы драўляны Фарны касьцёл. Сьвятыня стаяла на мураваным падмурку[15]. У літаратуры сустракаюцца памылковыя зьвесткі, што непадалёк ад Траецкага манастыра базылянак у 1771 годзе Кунегунда Рушчыц[16] заснавала кляштар каталіцкага манаскага ордэна марыявітак[4], які аднак знаходзіўся ў іншай частцы места — на Францішканскай вуліцы. У 1799—1800 гадох, паводле праекту архітэктара Ф. Крамера, замест драўляных узьвялі мураваныя будынкі Траецкага базылянскага манастыра.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Траецкі Рынак і колішні шпіталь, 1904 г.

Старажытны плян прадмесьця захоўвалася бязь зьменаў да пачатку XIX ст., пакуль у час вялікага пажару 14 жніўня 1809 году не згарэла практычна ўся тагачасная забудова Траецкай гары[3], асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частцы[12]. У наступныя гады зьявіўся плян аднаўленьня забудовы прадмесьця[17][18]. Да гэтага часу належыць прынцыпова новы праектавы разьвязак пляну ўсёй левабярэжнай часткі Менску, які захаваўся, у агульных рысах, да нашых дзён. У яго аснову ляглі 5 падоўжных вуліцаў, якія разыходзіліся веерам ад стрэлкі мыса (ад моста), і 5 папярочных вуліцаў, якія іх перасякалі. Гэтая сетка зь дзесяці вуліцаў утварала каля 20 прастакутных і трапэцыяпадобных кварталаў, зь вялікім прастакутным пляцам у цэнтры. З пажарам 1809 году і наступнымі будаўнічымі працамі мае зьвязак першае, найбольшае нівэляваньне мысавай часткі Траецкай гары. Да пачатку XIX ст. сам мыс быў значна вышэйшым, а ягоныя схілы, зьвернутыя да ракі Сьвіслачы — значна страмчэйшымі, чым у наш час[12].

Высокае Места з боку Траецкай гары, 1905 г.

Па пажары 14 жніўня 1809 году, у якім згарэў Фарны касьцёл, біскуп менскі Якуб Дадэрка зрабіў спробу заснаваць на Траецкай Гары новую сьвятыню. На заказ Менскага дабрачыннага таварыства архітэктар М. Чахоўскі распрацаваў праект пабудовы на рынкавым Траецкім пляцы комплексу касьцёла і шпіталя сясьцёр міласэрнасьці. 30 жніўня 1810 году Я. Дадэрка ўрачыста асьвяціў пачатак будаваньня і падмуркі новага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі[19] ў стылі ампір, з бакоў якога далучаліся карпусы шпіталя[14]. Пры комплексе дзеяў шпіталь, у якім манашкі ордэна Сьвятога Вінцэнта даглядалі сіротаў, старых і жабракоў[14].

У 1814 архітэктар М. Чахоўскі распрацаваў праект новага мураванага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы, арыентаванага галоўным фасадам на вуліцу Траецкую, але на пабудову сьвятыні не хапіла сродкаў. Вядома, што на рагу Вялікай Барысаўскай і Траецкай збудавалі 1-павярховы мураваны будынак плябаніі зь вялікім склепам і дзьве невялікія крамкі, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы: стайню, лядоўню, два сьвіраны, павець і хлеў[15].

Колішні шпіталь (духоўная вучэльня), да 1918 г.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1834 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі Траецкі манастыр базылянак, будынкі якога паводле праекту архітэктара К. Хрышчановіча рэканструявалі пад шпіталь мескай лякарні[11]. У 1840-я гады расейскія змусілі Менскае таварыства дабрачыннасьці прадаць касьцёл і шпіталь Маскоўскаму патрыярхату пад духоўную сэмінарыю[20], якая разьмясьцілася тамака ў 1854 годзе[14].

Высокі Рынак з боку Траецкай гары. Я. Драздовіч, 1919 г.

Паводле падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Траецкае прадмесьце разам зь Нізкім Рынкам, Ракаўскім і Пятніцкім (Татарскім) прадмесьцямі да менскага «Старога Места»[16]. У 1858 годзе ў будынку на Плябанскай вуліцы адкрылася першая ў месьце фотамайстэрня (сьвятлапісны кабінэт), якая належала Жазэфіне Адамовіч[21]. 1 кастрычніка 1867 году ў будынках старажытнага Ўшэсьценскага манастыра адкрылася жаночая духоўная вучэльня, а ў 1870 годзе з выкарыстаньне муроў старажытнай царквы збудавалі новую Ўшэсьценскую царкву, якую месьцічы назвалі «Белай царквою»[22].

У 1870 годзе ў раёне Траецкай гары зьявілася першая ў Менску паштовая скрыня[23]. 19 сьнежня 1891 году ў адным з будынкаў прадмесьця нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч. У 1893 годзе гістарычнай Вялікай Барысаўскай вуліцай прайшла конка — ад Сьвіслачы да бровара[24].

Мост празь Сьвіслач і Траецкая гара (налева), 1929 г.

У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў Траецкая гара ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку Менску. Раён вылучаўся стракатым станавым складам насельніцтва (сяляне, працоўныя, гандляры, ураднікі ніжэйшых рангаў, дробныя зямяне) і даволі кантраставым вонкавым выглядам. Асноўная вуліцай прадмесьця была гістарычная Вялікая Барысаўская (цяпер Максіма Багдановіча), афіцыйна пераназваная расейскімі ўладамі ў Аляксандраўскую ў гонар Аляксандра I. Паралельна ёй ішла вуліца Старавіленская (захавалася). Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы зь іх — Траецкая набярэжная. Тут знаходзіліся славутыя менскія лазьні, якія стаялі на самым беразе Сьвіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай ля Траецкага прадмесьця). Трэці — 1-ы Сэмінарскі завулак, а чацьверты — 2-гі Сэмінарскі, або Мітрапалітанскі, завулак, які месьціўся за мужчынскай духоўнай сэмінарыяй (Менская сувораўская вайсковая вучэльня). Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (Багдановіча) да Паліцэйскага моста (Купалы). Вуліца Георгіеўская (захавалася частка яе трасы — вуліца Чычэрына) ішла ад Сьвіслачы праз Траецкі Рынак (плошча Парыскай камуны) на Камароўку. Вуліца Плябанская (Куйбышава) пралягала паралельна Георгіеўскай. Назва тлумачыцца знаходжаньнем каля яе трасы млына Траецкай залатагорскай плябаніі. У 1866 годзе ўлады Расейскай імпэрыі перайменавалі яе ў Шырокую. Траса вуліцы Белацаркоўнай (не існуе; пралягала ад тэатру Опэры і Балету да пляцу Перамогі) супадала з старажытнымі шляхамі на Магілёў і Барысаў. Назва паходзіць ад «Белай царквы», як называлі месьцічы царкву каля жаночай духоўнай вучэльні (штаб Міністэрства абароны Беларусі)[25].

Меркаваная Фарная плябанія, 1930-я гг.

У 1909 годзе мескі мэр Стэфановіч, нягледзячы на пратэсты Маскоўскага патрыярхату, выдаў загад зьняць усе засаўкі на плаціне Плябанскіх млыноў, якая належала Архірэйскаму дому, — і такім чынам уратаваў Менск ад паводкі. Аднак архіяпіскап Міхаіл за парушэньне правоў уласнасьці прыцягнуў увесь склад мескай управы да судовай адказнасьці, Стэфановіч страціў сваю пасаду[26].

Трэці дом саветаў, 1936 г.

У 1919 годзе бальшавікі перайменавалі Траецкі Рынак у плошчу Парыскай Камуны. У 1921 годзе ў будынках колішняй Духоўнай сэмінарыі разьмясьціліся Менскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфармаваліся ў Аб’яднаную Беларускую школу — сярэднюю вайсковую навучальную ўстанову зь беларускай мовай навучаньня[21]. У 1925 годзе з мэтай разьвязаньня жыльлёвай праблемы ў раёне Траецкага Рынку пачалося будаваньне тыповых 2—4-х кватэрных драўляных дамоў[27].

Опэрны тэатар, 1938 г.

На 1930—1960-я гады прыходзіцца зьнішчэньне пэўных элемэнтаў тапаграфіі раёну. Гэта — старажытныя каталіцкія могілкі XVI—XVIII стагодзьдзяў на месцы сквэру перад Опэрным тэатрам; тэрыторыя Ўшэсьценскага манастыра (XIII?—XVI стагодзьдзі) на месцы «Штаба Акругі» і інш.

Гістарычная Вялікая Барысаўская вуліца, 1939 г.

У 1935 годзе ў зьвязку з будаваньнем тэатру менскія ўлады зачынілі Траецкі рынак. У 1936 годзе ў прадмесьці паводле праекту Л. Дзянісава і В. Вараксіна збудавалі ІІІ Дом Саветаў[28]. У 1938 годзе скончылася будаваньне Тэатру опэры і балету.

Гістарычная Вялікая Барысаўская вуліца, 1941 г.

У Другую сусьветную вайну 24 чэрвеня 1941 году празь нямецкае бамбардаваньне места ў ІІІ Доме Саветаў пачаўся пажар, ад якога загінулі больш за 100 жанчынаў і дзяцей, што хаваліся ў скляпеньнях будынка[29].

Траецкае прадмесьце (у цэнтры). Аэрафотаздымак, 1941 г.

У 1946 годзе на месцы «Белай царквы» і жаночай духоўнай вучэльні збудавалі будынак Міністэрства абароны[30] (паводле іншых зьвестак — узьведзены на базе будынка колішняй духоўнай вучэльні[21]). У 1948—1950 гадох на рагу вуліцаў Янкі Купалы і Куйбышава, на месцы разбуранай у вайну забудовы, менскія ўлады заклалі Піянэрскі парк[21]. У 1949 годзе ў будынку Тэатру опэры і балету адкрыўся Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут[21]. У 1950 годзе вакол Опэрнага тэатру разьбілі парк. У 1953 годозе на базе будынка Духоўнай сэмінарыі збудавалі Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню (да старога будынка дабудавалі два паверхі)[31]. У 1959 годзе ў парку на скрыжаваньні вуліцаў Янкі Купалы і Куйбышава паставілі помнік юнаку-партызану Марату Казею (скульптар С. Селіханаў). У 1964 годзе на вуліцы Янкі Купалы, каля колішняга Лаўскага моста, высадзілі каштанавую «Алею сяброўства народаў». У 1969 годзе на паўднёвым усходзе ад колішняга Траецкага манастыра збудавалі павільён ВДНГ БССР (архітэктар С. Баткоўскі), цяпер гэта — Нацыянальны выстаўны цэнтар «БелЭкспа». У 1976 годзе на доме, разьмешчаным пад адрасам вуліца Алаізы Пашкевіч, 1, усталявалі мэмарыяльную дошку ў гонар пісьменьніцы[32]. 9 сьнежня 1981 году перад Опэрным тэатрам урачыста адкрылі помнік клясыку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу (скульптар Сяргей Вакар).

Траецкі манастыр. Аэрафотаздымак, 1941 г.

У 1980-я гады савецкія ўлады зьнішчылі частку вуліцаў, што захаваліся па пераплянаваньні пачатку XIX ст. Напрыклад, старадаўнюю вуліцу, якая праходзіла ўздоўж Сьвіслачы і ішла ад сучаснага будынку Сувораўскай вучэльні да гасьцініцы «Беларусь», і некаторыя іншыя[12].

Траецкае прадмесьце, 1942 г.

У 1982—1985 гады менскія ўлады правялі рэстаўрацыю заходняй часткі Траецкага прадмесьця (архітэктары Л. Левін, Ю. Градаў, С. Багласаў). Гэта быў першы ў Беларусі праект комплекснай рэгенэрацыі гістарычнай забудовы[33]. Аднак рэстаўратарам не атрымалася пазьбегнуць пэўных адмоўных момантаў. Да прыкладу, гэта зьнішчэньне забудовы XVII ст. уздоўж Траецкай набярэжнай[34]. 6 лістапада 1987 годзе ў прадмесьці адкрыўся Дзяржаўны музэй беларускай літаратуры. У 1988 годзе на высьпе ў заходняй частцы прадмесьця паставілі валун з выявай абраза Маці Божай — як краевугольны камень будучага мэмарыялу «Выспа сьлёзаў».

На Траецкай гары, 1943 г.

8 сьнежня 1991 году адбылося адкрыцьцё літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. 6 жніўня 1993 году ў адрэстаўраванай частцы прадмесьця адкрылі помнік беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу (скульптар І. Голубеў). У 1993 годзе Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне купюру наміналам 5000 беларускіх рублёў з выявай Траецкага прадмесьця (дэнамінаваная ў 2001 годзе да наміналу ў 5 беларускіх рублёў, выведзеная з абарачэньня 1 ліпеня 2005 году).

Погляд з даху Траецкага манастыра на Лаўскі мост, да 1944 г.

3 жніўня 1996 году на «Высьпе сьлёзаў» зьявіўся помнік «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі» (скульптар Ю. Паўлаў). 16 лютага 2001 году ў прадмесьці адкрылася галерэя «Славутыя майстры».

14 ліпеня 2004 году ўказ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 330 «Аб разьвіцьці гістарычнага цэнтру г. Менска» зацьвердзіў межы тэрыторыі гістарычнага цэнтру, а таксама Канцэпцыю рэканструкцыі, разьвіцьця і функцыянальнага выкарыстаньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці і тэрыторыі. У склад ахоўнай зоны ўвайшла заходняя частка Траецкага прадмесьця разам з тэрыторыяй 2-ой мескай лякарні. Галоўным элемэнтам ахоўнай зоны на тэрыторыі прадмесьця стаў квартал прастакутнай формы, разьмешчаны паміж вуліцамі М. Багдановіча, Архітэктара Заборскага, Старавіленскай і Траецкай набярэжнай. Яго ўзьвялі паводле рэгулярнага пляну Менску 1817 году. Кожны будынак гэтага кварталу мае ўласную гістарычна-архітэктурную каштоўнасьць, а разам яны ўтвараюць суцэльны комплекс Старога Места[33].

Траецкае прадмесьце на старым здымку

9 лістапада 2005 году арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі кардынал Казімер Сьвёнтак блаславіў кнігарню «Духоўная кніга», якая ў гэты дзень пачала працаваць пад адрасам: Максіма Багдановіча, 25[35]. У першым квартале 2006 году пачалася рэканструкцыя Тэатра опэры і балету, у выніку якой будынку вярнулі выгляд, закладзены ягоным архітэктарам І. Лянгбардам. 8 траўня 2006 году ў Сувораўскай вайсковай вучэльні мітрапаліт менскі і слуцкі Філарэт (Вахрамееў) асьвяціў дамавы храм у гонар сьвятога апостала і эвангеліста Яна Багаслова[36]. 11 красавіка 2008 году з пляцоўкі перад Опэрным тэатрам дэмантавалі помнік Максіму Багдановічу[37]. Замест помніка плянавалася ўсталяваць фантан. Прыблізна праз тры месяцы, у пачатку ліпеня 2008 году помнік паставілі наноў на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыскай камуны[38]. Адносна былога месцазнаходжаньня помнік перасунулі на 150 мэтраў на паўночны захад, бліжэй да месца нараджэньня паэта, і павярнулі тварам да Сьвіслачы ў кірунку паміж домам на вуліцы М. Багдановіча, 27 і Сувораўскай вайсковай вучэльняй. 6 траўня 2009 году Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску на сваім паседжаньні прыняла пастанову аб наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. Куйбышава — А. Пашкевіч — М. Багдановіча — Янкі Купалы назвы «Траецкая гара»[39].

У 2010 годзе прыкладна за сто мэтраў ад прадмесьця паводле праекту Ладкіна і на грошы Чыжа пачалося будаваньне 25-павярховага жылога комплексу «Ля Траецкага»[40], якое найгрубешым чынам парушыла некалькі артыкулаў Закону Рэспублікі Беларусь аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны (зьнішчэньне гістарычна-плянавальнай структура кварталу, ляндшафту, культурнага пласта)[41]. 21 студзеня 2013 году міністар культуры Барыс Сьвятлоў зацьвердзіў Праект зоны аховы гістарычна-культурнай каштоўнасьці — гістарычнага цэнтру Менску, які прызнаў, што жылы комплекс «Ля Траецкага» і яшчэ шэсьць аб’ектаў, зьяўляюцца дысгарманічнымі, парушаюць цэласнасьць гістарычных ансамбляў і замінаюць успрыманьню каштоўнасьцяў. Адзначаецца, што гэтыя збудаваньні зьмянілі маштаб забудовы і зьнішчылі выразнасьць сылюэту гістарычнага цэнтру Менску, які зьяўляецца геаграфічным і кампазыцыйным ядром места[42].

Некаторыя з гэтых камяніцаў маюць падмуркі XVII ст.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле матэрыялаў рукапісных судовых актавых кніг менскага гродзкага суду за 1600—1640 гады, у Траецкім прадмесьці жылі: лентвойт (а пазьней бурмістар) Андрэй Масьленка; райца і таксама потым бурмістар Даніэль Масьленка; пісар, слуга менскага мытнага дазорцы Аляксандра Каленскага Васіль Масьленка. На Траецкай гары тылам да Сьвіслачы стаялі два дамы князя Аляксандра Крашынскага, побач — хаты ягоных рамесьнікаў-месьцічаў. Непадалёк дзьве мяшчанкі, Соф’я і Ганна, трымалі арэндаю дом у Станіслава Ляшчынскага.

Наводдаль ад будынкаў Траецкай гары, знаходзіліся Ўшэсьценскі манастыр і Фарны касьцёл з плябаніяй і ставам. Пры канцы ХVI ст. арандатарам манастыра быў продак Фёдара Дастаеўскага — Стэфан. Непадалёк ад царквы Ўшэсьця праходзіла Манастырская вуліца. Апроч таго, на Траецкай гары былі цэхі краўцоў і шабельнікаў[43].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Колішні Траецкі манастыр
  • 1-ы Сэмінарскі (Прадсэмінарскі) завулак, дом Бэйліна. У 1875—1876 гадох у сьлясарнай майстэрні гаспадара будынка навучаўся рамяству і вёў прапаганду сярод працоўных студэнт Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту Міхаіл Рабіновіч, пачынальнік народніцкага руху ў месьце. Будынак захаваўся (Камунальны завулак, 3)
  • Аляксандраўска-Набярэжная, 1. Мескі начлежны прытулак, заснаваны ў 1892 годзе. Месьціўся на беразе Сьвіслачы пры Хлусавым мосьце. Цяпер там пралягае набярэжная адрэстаўраванай часткі Траецкага прадмесьця.
  • Аляксандраўска-Набярэжная, 3. лазьні Г. З. Райнеса. Знаходзіліся на беразе Сьвіслачы, за начлежным прытулкам. Цяпер на іх месцы праходзіць набярэжная адрэстаўраванай часткі Траецкага прадмесьця.
  • Аляксандраўска-Набярэжная, 5. лазьні Каждана. Стаялі побач з лазьнямі Райнеса.
Дом Вігдорчыка
  • Аляксандраўска-Набярэжная, 6, дом Вігдорчыка. Тут наймаў кватэру Дамінік Луцэвіч (бацька Янкі Купалы), які паводле пашпарту быў менскім месьцічам. Ён прыехаў у места ў 1890 годзе, працаваў рамізьнікам, тым часам Янка Купала навучаўся ў прыватнай падрыхтоўчай школе. Праз год сям’я Луцэвічаў пакінула Менск.
  • Вялікая Барысаўская (Аляксандраўская), 4. Губэрнская земская лякарня, заснаваная ў 1796 годзе. Да 1903 году падначальвалася Прыказу грамадзкай апекі. Тэрапэўтычны аддзел разьмяшчаўся ў былым Траецкім жаночым уніяцкім манастыры, узьведзеным у XVII ст. Тут было 70 ложкаў. Псыхіятрычны аддзел займаў асобны 2-павярховы корпус, меў 60 месцаў. У 1905 годзе ўтварыўся хірургічны аддзел на 50 хворых, для якога збудавалі новую 2-павярхоўку. Праз тры гады да лякарні далучылі аддзел для хранічна хворых (40 ложкаў), што знаходзіўся ў дзяржаўным доме на 1-ай Даўгабродзкай вуліцы. Багадзельню ў 1910 годзе перавялі зь Менску ў Барысаў. Гэта дазволіла на 140 месцаў пашырыць псыхіятрычны аддзел. У 1904 годзе пры лякарні адкрылася бясплатная амбуляторыя. З 1906 году тройчы на тыдзень вёўся прыём асобаў з хваробамі зроку. У 1912 годзе амбуляторыя ператварылася ў афтальмалягічную лячэбніцу. У лякарні існавала дэзінфэкцыйная камэра, рэнтгэнаўскі кабінэт, ішло чаргаваньне лекараў. У 1910 годзе ў ёй працавалі 8 лекараў, 1 акушэр і 10 сёстраў міласэрнасьці. Да 1903 году лекаваньне было платным (у 1897 годзе месяц знаходжаньня ў лякарні абыходзіўся хвораму ў 10 рублёў 50 капеек). Колішнія будынкі земскай лякарні зьберагліся, цяпер у іх знаходзяцца карпусы 2-ой мескай клінічнай лякарні (М. Багдановіча, 2).
Дом Пінсуховіча
  • Вялікая Барысаўская (Аляксандраўская), 11. Фабрыка абутку М. Цытвера. Працавала з 1871 году як шавецкая майстэрня. Абутак шыўся з загатовак, што паступалі ад рамесьнікаў. У 1913 годзе ў вытворчасьці было 40 працоўных, дзеяў рухавік, прадукцыі вырабілі на 55 тысячаў рублёў. Колішняя фабрычная пабудова стаіць насупраць 2-ой мескай клінічнай лякарні (М. Багдановіча, 15).
  • Вялікая Барысаўская (Аляксандраўская), 21, дом Яхімовіча. У 1907 годзе ў ім жыў кіраўнік менскіх анархістаў-камуністаў Бянькоўскі. Тут жа разьмяшчалася і створаная ім лябараторыя выбуховых рэчываў. У канцы сакавіка анархісты зьдзейсьнілі безвыніковы тэрарыстычны акт супраць начальніка менскай вязьніцы Шкляровіча. Бянькоўскі быў арыштаваны і выдаў іншых чальцоў арганізацыі, за што яго забілі ў вязьніцы. Будынак стаяў прыкладна на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца будынак з гастраномам на рагу вуліцаў М. Багдановіча і Старажоўскай.
  • Вялікая Барысаўская (Аляксандраўская), 25, дом Гурэвіча. Кватэра Адама Багдановіча, бацькі Максіма Багдановіча, які нарадзіўся тут 27 лістапада 1891 году. Дом знаходзіўся насупраць сквэру каля опэрнага тэатру. На адным з будынкаў вісіць адпаведная мэмарыяльная дошка, непадалёк разьмяшчаецца літаратурны музэй і помнік Максіму Багдановічу.
    • Кніжнае выдавецтва «Саха» і рэдакцыя аднайменнага сельскагаспадарчага штомесяцовіка. Часопіс выдаваўся на беларускай мове спачатку ў Вільні, а зь лістапада 1913 да студзеня 1915 году — у Менску. Каб рэдагаваць выданьне, зь Вільні ў Менск перабраўся А. Уласаў. У часопісе публікаваліся артыкулы з садоўніцтва, агародніцтва, пчалярства, аграноміі і жывёлагадоўлі. На выставах у Вільні (1913) і Менску (1914) «Саха» атрымала срэбныя мэдалі за посьпехі ў пашырэньні сельскагаспадарчых ведаў. За кароткі час выдавецтва выпусьціла 5 навукова-папулярных кніг зь сельскагаспадарчай тэматыкі.
    • Выданьне навуковага і літаратурнага штомесяцовіка для беларускай моладзі «Лучынка». Рэдактаркай часопіса была Алаіза Пашкевіч, абавязкі сакратара рэдакцыі выконваў Ядвігін Ш. Часопіс выдаваўся з студзеня да кастрычніка 1914 году, убачылі сьвет шэсьць нумароў. У ім друкаваліся вядомыя беларускія пісьменьнікі, зьмяшчаліся навукова-папулярныя і краязнаўчыя матэрыялы.
Міністэрства абароны Беларусі
  • Вялікая Барысаўская (Аляксандраўская), 27, дом Ліфшыца. Паштова-тэлеграфны аддзел. Будынак месьціўся на рагу з 1-ым Сэмінарскім завулкам, які адгароджваў яго ад духоўнай сэмінарыі. Цяпер гэта раён перакрыжаваньня вуліцаў М. Багдановіча і Архітэктара Заборскага.
  • Вялікая Барысаўская (Аляксандраўская), 29. Духоўная сэмінарыя, заснаваная ў 1793 годзе ў Слуцку і пераведзеная ў Менск у 1840-я гады. У 1912 годзе тут навучалася 235 сэмінарыстаў. У пачатку 1880-х гадоў у сэмінарыі існаваў нарадавольскі гурток. 14 лютага—28 красавіка 1905 году Расейскі Сынод часова закрыў сэмінарыю ў зьвязку з пратэстам-бунтам навучэнцаў супраць рэакцыйнай сыстэмы навучаньня, які прывёў да пажару ў будынку і быў здушаны войскамі. У выніку разьбіральніцтва 83 сэмінарысты былі выключаныя. У 1920—1930-я гады тут разьмяшчаліся пяхотныя курсы, потым — сярэдняя вайсковая навучальная ўстанова. Школу ўзначальвалі Я. Фабрыцыўс, Я. Алёхін і інш. У 1950—1953 гадох помнік значна перабудавалі. Цяпер тут Менская сувораўская вайсковая вучэльня (М. Багдановіча, 29).
  • Вялікая Барысаўская (Аляксандраўская), 29, будынак духоўнай сэмінарыі. Рэдакцыя «Минских губернских новостей» («Менскіх губэрнскіх навінаў»), газэты духавенства Маскоўскага патрыярхату. Выдавалася ў 1869—1920 гадох Менскай эпархіяльнай радай. Выходзіла два разы на месяц, толькі ў 1871—1872 гадох — штотыднёва. Мела афіцыйную і неафіцыйную часткі.
    • Рэдакцыя штомесяцовага часопіса «Православный братчик» («Праваслаўны братчык»), органа рэлігійнага таварыства. За 1910—1911 гады выйшлі сем нумароў.
Абутковая фабрыка Цытвера
  • Рог Вялікай Барысаўскай (Аляксандраўскай) і Аляксандраўска-Набярэжнай, дом Ушакова. На кватэры правізара Паўлоўскага ў 1886 годзе адбыўся народніцкі сход. Абмяркоўвалася пытаньне актывізацыі рэвалюцыйнай дзейнасьці. Пастанавілі выдаваць часопіс «Социалистическое здание» («Сацыялістычны будынак»). Будынак зьбярогся, адрэстаўраваны, цяпер там фірмовая крама «Шкло, парцалян» (Траецкае прадмесьце).
  • Красная. Жаночая духоўная вучэльня. У 1920-я гады — мэдычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Будынак стаяў на рагу цяперашніх вуліцаў Камуністычнай і Краснай.
  • Траецкі Рынак. Траецкі рынак. Адзін з найбольш значных і ажыўленых у месьце. Галоўнае месца займаў збыт сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут прадавалі збожжа, бульбу, яблыкі, сена, бочкі, вупраж, драбіны, посуд і іншае. Рынак займаў пляц каля сёньняшняга Тэатру опэры і балету[44].

Міжваенны пэрыяд (1920—1940)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Банкнота з выявай прадмесьця
  • Плябанская (Шырокая), 28. Беларускі дзяржаўны навукова-дасьледчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна. Адкрыўся ў 1927 годзе на загад Савету народных камісараў. Інстытут сыстэматычна і ўсебакова вывучаў сельскую і лясную гаспадарку шляхам стацыянарных і экспэдыцыйных дасьледаваньняў і распрацоўкі навуковых літаратурных матэрыялаў. Складаўся зь пяці асноўных аддзелаў: жывёлагадоўлі і прыкладной заалёгіі, расьлінаводзтва і прыкладной батанікі, лясной гаспадаркі, мэліярацыі і культуры балотаў, сельскагаспадарчай эканомікі і аграрнай палітыкі. Меў вялізную бібліятэку.
    • Цэнтральная расьлінаводная дасьледчая станцыя. Дасьледвала шляхі і спосабы павелічэньня ўраджайнасьці, займалася генэтычным, батанічным і біялягічным вывучэньнем асобных расьлінаў у глебава-кліматычных умовах БССР, каардынавала працу інстытуту сялянаў-дасьледнікаў, дапамагала цэнтральным і акруговым установам у распрацоўцы агракультурных мерапрыемстваў, праводзіла кансультацыі па розных пытаньнях расьлінагадоўлі. Складалася з трох аддзелаў: паляводзтва з паданьнем кармавых культур, генэтыкі з сэлекцыяй і насеньневодзтвам і ўжыткоўнага. Праца аддзелаў праходзіла на дасьледчых палях станцыі: Пярэспа, Антоліна, Малая Сьляпянка.
    • Цэнтральная дасьледчая станцыя аховы расьлінаў. Вывучала шкодныя казуркі, грызуноў і хваробы расьлінаў. Распрацоўвала мерапрыемствы змаганьня зь імі.
    • Цэнтральная балотная станцыя. Гэтая станцыя належыла навукова-дасьледчаму інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі. Яна мела на мэце ўсебаковае вывучэньне балот Беларусі і спосабаў іх скарыстаньня. Сваю працу станцыя праводзіла на Камароўскім балоце, 4 км на поўнач ад Менску.
    • Цэнтральная аграхімічная лябараторыя. Вывучала сельскую і лясную гаспадарку шляхам палявых і вэгетацыйных досьледаў, хімічнага і фізычнага дасьледваньня глеб, вады і паветра. Мела аграфізычнае абсталяваньне.
  • Плябанская (Шырокая), 28. Заалягічны музэй Беларускай акадэміі навук. Адкрыўся 7 лістапада 1927 году Быў значным асяродкам вывучэньня фаўны Беларусі і захоўваньня матэрыялаў, сабраных у часе навуковых экспэдыцыяў. Складаўся з двух аддзелаў: навуковага і выстаўнога.
Тэатар опэры і балету
  • Траецкая Набярэжная (Камунальная), 1. Аптэка № 5 дзяржаўнага прадпрыемства «Белмэдгандаль». Апроч лекаў, у аптэцы прадаваліся прадметы санітарнай гігіены, прадметы догляду за хворымі, гаспадарчыя прадметы, мінэральныя воды (нарзан, баржом, эсэнтукі), маскатэльныя тавары, касмэтычна-парфумэрныя прадметы (мыла, парфума, адэкалён, пудра, крэмы для твару і г. д.) і гумавыя прадметы (грэбні, расчоскі, цацкі, мячы).
  • Траецкая Набярэжная (Камунальная), 25. Крама «Санітарыі і гігены» № 5 дзяржаўнага прадпрыемства «Белмэдгандаль». У краме прадаваліся фатаграфічныя прадметы і матэрыялы.
  • Траецкая Набярэжная (Камунальная), 31. Жыдоўская школа № 28.
  • Траецкая Набярэжная (Камунальная), 32. Беларуская школа № 13.
  • Рог Траецкай (Пралетарскай) і Вялікай Барысаўскай (Горкага). Трэці дом саветаў.
  • Траецкі Рынак (Парыскай Камуны), 1. Тэатар опэры і балету. Новазбудаваны тэатар адкрыўся прэм’ерай опэры Я. Цікоцкага «Міхась Падгорны» 10 траўня 1939 году.
  • Рог Траецкага Рынку (пляцу Парыскай Камуны) і Георгіеўскай (Чачэрынскай), 1. Аддзел № 2 менскай паштова-тэлеграфнай канторы.

Паваенны пэрыяд (1944—1967)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Трэці дом саветаў
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 1. Менская абласная ўправа Міністэрства аховы здароўя[45].
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 2.
    • Другая клінічная лякарня. Праца лякарні аднавілася 1 жніўня 1944 году. У 1960—1963 гадох савецкія ўлады зруйнавалі будынкі колішніх плябаніі і крамаў Фарнага касьцёла, на іх месцы на рагу вуліцаў М. Горкага і Янкі Купалы збудавалі 5-павярховы гмах, у якім разьмясьціліся хірургічная, нэўралягічная клінікі, прыёмны аддзел, аптэка, лябараторыя, фізыё- і водалячэбніца, рэнтгенаўская служба[46].
    • Аптэка 2-ой клінічнай лякарні.
    • Скурна-вэнэралягічны навукова-досьледны інстытут.
    • Паштовы аддзел № 58.
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 3. Мэдычная вучэльня № 1. Да 1954 году называлася Мэдычнай школай[47].
Менская сувораўская вайсковая вучэльня (2010 год)
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 6.
    • Кавярня «Тэатральная». Вечарамі ў ёй зьбіралася творчая інтэлігенцыя, тэлерадыёбамонд. У народзе кавярню называлі «Чорнымі скаламі»[48].
    • Дзіцячы садок № 21.
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 8. Крама Мінпрамгандлю № 74 «Культтавары».
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 23. Прадуктовая крама № 21 Райхарчгандлю Фрунзенскага раёну.
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 27. Стаматалягічная паліклініка № 1, дзіцячая.
  • Вялікая Барысаўская (М. Горкага), 29. Менская сувораўская вайсковая вучэльня. Будынак былога касьцёла і шпіталя сясьцёр міласэрнасьці быў рэканструяваны ў 1952—1953 гадох, адначасна збудавалі новыя карпусы (архітэктар Г. Заборскі). Першы званок празьвінеў 1 верасьня 1953 году. 6 лістапада 1955 году вучэльні ўручылі Баявы сьцяг (гэты дзень лічыцца Днём вучэльні). Першы выпуск навучэнцаў адбыўся ў 1956 годзе.
  • Георгіеўская (Чычэрына), 1. Рамонт музычных інструмэнтаў.
  • Георгіеўская (Чычэрына), 2.
    • Прыёмны пункт пральні.
    • Рамонт вопраткі.
  • Міхайлаўская (Камуністычная), 3.
    • Абутковая майстэрня.
    • Паштовае аддзяленьне № 29
    • Прадуктовая крама Райхарчгандлю № 23 Ленінскага раёну.
    • Крама Тэкстыльшвейабутакгандлю № 22 «Мужчынскія гарнітуры».
  • Міхайлаўская (Камуністычная), 9. Інстытут праектаваньня сельскай гаспадаркі «Белгіпрасельбуд».
  • Міхайлаўская (Камуністычная), 11. Міністэрства мэліярацыі і воднай гаспадаркі.
    • Прадпрыемства «Белсельгастэхніка», утворанае ў 1961 годзе. Мела рамонтна-абслуговую базу, якая складалася з трох зьвёнаў: рамонтна-абслуговай базы калгасаў і саўгасаў; рамонтна-абслуговых прадпрыемстваў раённага ўзроўню; спэцыялізаваных рамонтных прадпрыемстваў (заводаў, майстэрняў, цэхаў і дзялянак).
    • Інстытут па праектаваньні воднай гаспадаркі «Белгіправодгас», заснаваны ў 1951 годзе. Асноўнай задачай інстытуту была распрацоўка мерапрыемстваў з асушваньня балотных масіваў Беларусі[49].
  • Плябанская (Куйбышава), 17.
    • Дзіцячы садок № 79.
    • Школа № 21, адкрытая ў 1944 годзе як сярэдняя школа № 13, у 1945 годзе атрымала дзейсны нумар[50].
    • Завочная міжабаласная школа працоўнай моладзі.
  • Траецкі Рынак (пл. Парыскай камуны), 3. Беларускі дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету. Адразу па вайне пачалася грунтоўная рэканструкцыя тэатру, якая працягвалася 3 гады і скончылася ў 1948 годзе. У 1947 годзе ў будынку тэатру паставілі опэру Д. Лукаса «Кастусь Каліноўскі». Пад кіраўніцтвам Ларысы Александроўскай, якая выступала ў ролі рэжысэра, фармаваўся нацыянальны рэпэртуар. Ставіліся опэры «Дзяўчына з Палесься» (2-я рэдакцыя опэры «Алеся» Я. Цікоцкага, 1953), «Надзея Дурава» А. Багатырова, адноўлены «Міхась Падгорны» А. Туранкова. Для маленькіх менчукоў у 1955 годзе тут паставілі першы опэрны дзіцячы спэктакль «Марынка» Г. Пукста. У 1964 годзе тэатар атрымаў званьне акадэмічнага[51].
    • Мастацкая прафэсійна-тэхнічная вучэльня Міністэрства вышэйшай, сярэдняй і спэцыяльнай адукацыі БССР. Навучальная ўстанова рыхтавала маляроў, скульптараў-выканаўцаў, выкладаньнікаў маляваньня і рысаваньня для сярэдніх школаў.
    • Харэаграфічная прафэсійна-тэхнічная вучэльня.
  • Траецкі Рынак (пл. Парыскай камуны), 9/2.
    • Дзіцячая меская бібліятэка імя М. Астроўскага, заснаваная ў 1947 годзе. Першапачаткова разьмяшчалася ў Ракаўскім прадмесьці, цяпер знаходзіцца на праспэкце Газэты «Праўда».
    • Дзіцячы садок № 76.
  • Траецкі Рынак (пл. Парыскай камуны), 23. Дом народнай творчасьці, рэспубліканскі.
  • Старавіленская, 3.
    • Пральня.
    • Прыёмны пункт пральні.
    • Цырульня арцелі «Чырвоная зорка».
    • Лазьня № 2.
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Максіма Багдановіча вуліца Вялікая Барысаўская вуліца[52] Аляксандраўская вуліца (пачатак ХІХ ст. — 1919)
Камунальная вуліца (1919—1936)
Максіма Горкага вуліца (1936—1991)
Архітэктара Заборскага вуліца 1-ы Сэмінарскі завулак Камунальны завулак (1957—2004)
Камуністычная вуліца Міхайлаўская вуліца 2-я Міхайлаўская вуліца
Чапскага вуліца (1919—1920)[52]
Мопраўская вуліца (1922—1946)
Калініна вуліца (1946—1961)
Куйбышава вуліца Плябанскія Млыны вуліца
Плябанская вуліца
Шырокая вуліца (1866—1935)
Парыскай Камуны плошча Траецкая Гара пляц
Траецкі Рынак пляц (да 1919)
Алаізы Пашкевіч вуліца (з 1974)
Старавіленская вуліца Віленская набярэжная[53]
Старавіленская вуліца
Старажоўская вуліца Старосьцінская Слабада вуліца (частка)
Радашкаўская вуліца (частка)
Траецкая вуліца (частка)
Стараслабадзкая вуліца (1866—1987)
Траецкая набярэжная Траецкая набярэжная Аляксандраўская набярэжная (пачатак XIX ст. — 1919)
Камунальная набярэжная (1919—2010)
Чычэрына вуліца Георгіеўская вуліца (да 1922)
Янкі Купалы вуліца Траецкая вуліца (частка)
Ягораўская вуліца (частка)
Набярэжная вуліца (частка)
Паліцэйская вуліца (частка, 1866—1919)
Пралетарская вуліца (частка)
Кастрычніцкая вуліца (1919—1948)
Івана Луцкевіча вуліца (частка, 1941—1944)
Не існуе (з 1950-х) Белацаркоўная вуліца Чырвонаштандартная вуліца (у савецкі час)

Апроч таго, на тэрыторыі прадмесьця існавалі вуліцы Барысаглебская, Магілёўская і Манастырская.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі архітэктуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Панарама Траецкага прадмесьця і Высокага Места
Панарама Траецкага прадмесьця і Высокага Места
  • Комплекс будынкаў пачатку ХІХ—ХХ стагодзьдзяў (некаторыя зь іх будаваліся на базе больш раньніх камяніцаў[34]), вул. М. Багдановіча, 3, 7, 7а, 9, 9а, 11, 13, 15, 17, 17а, 19, 21; Траецкая набярэжная, 4, 6, 8; вул. Старавіленская, 2, 4, 6, 8, 12, 14, 16; вул. Старажоўская, 3, 5[54].
    • Дом Вігдорчыка, Траецкая набярэжная, 6, збудаваны ў 1890—1891 гадох[55].
    • Дом Пінсуховіча, вул. Старажоўская, 5[55].
    • «Кітаеўская» сынагога (цяпер «Дом прыроды»), вул. М.Багдановіча, 9а, збудаваная ў 1874 годзе.
    • Фабрыка абутковая Цытвера, вул. М.Багдановіча, 15[56].
Плян заходняй часткі прадмесьця
  • Комплекс будынкаў былога Траецкага манастыра базылянак, мескай лякарні (цяпер 2-я меская клінічная лякарня), вул. М.Багдановіча, 2. Помнік архітэктуры клясыцызму.
    • манастырскі корпус, збудаваны ў 1799—1800 гадох.
    • дом інвалідаў, збудаваны ў 1840—1847 гадох.
    • багадзельня, збудаваная ў 1840—1847 гадох.
    • гаспадарчая пабудова, збудаваная ў 1840—1847 гадох.
Сынагога «Кітаеўская»
  • Менская сувораўская вайсковая вучэльня, вул. М. Багдановіча, 29.
    • вучэбны корпус (будынак касьцёла і шпіталя сясьцёр міласэрнасьці, корпус 2/3, збудаваны ў 1811 годзе, рэканструяваны ў 1953—1955 гадох.
    • корпус 2/1, збудаваны ў 1953 годзе.
    • спартовая заля (корпус 2/17), збудаваная ў 1953—1955 гадох.
  • Будынак «Трэцяга дому саветаў», Максіма Багдановіча, 23, збудаваны ў 1936 годзе. Помнік архітэктуры канструктывізму.
  • Будынак Міністэрства абароны Беларусі, вул. Камуністычная, 1, збудаваны ў 1945—1946 гадох (паводле іншых зьвестак у 1867—1870 гадох, пазьней перабудаваны[21]).
  • Тэатар опэры і балету, пл. Парыжскай Камуны, 1, збудаваны ў 1935—1937 гадох, рэканструяваны ў 2008 годзе. Помнік архітэктуры канструктывізму.
  • Дом Бейліна[55], вул. Архітэктара Заборскага, 3, збудаваны ў канцы ХІХ ст.
Музэй Максіма Багдановіча
  • Гасьцёўня Ўладзіслава Галубка, філія Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі (Старавіленская, 14). Эспазыцыя музэю апавядае пра жыцьцё і творчасьць беларускага тэатральнага дзеяча Ўладыслава Галубка, зьмяшчае калецыю твораў выяўленчага мастацтва[57].
  • Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры (М. Багдановіча, 15). Экспазыцыя музэю складаецца з унікальных калекцыяў рукапісаў, рэдкіх кніг, фатаздымкаў, твораў мастацтва, асабістых (мэмарыяльных) рэчаў і дакумэнтаў беларускіх пісьменьнікаў[58].
  • Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (М. Багдановіча, 7а). Экспазыцыя музэю разьмяшчаецца ў пяці залях, кожная зь якіх прысьвячаецца пэўнаму пэрыяду з жыцьця клясыка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча[59].

Адрэстаўраваная заходняя частка прадмесьця — музэй на вольным паветры, у якім узнаўляецца стыль і ўзоры мескай мураванай забудовы ХІХ ст. У старых будынках разьмяшчаюцца музэі, крамы і кавярні. У будынку Траецкай аптэкі (Старажоўская, 3) экспануюцца некаторыя віды правізарскага аптэчнага посуду, старыя фармацэўтычныя кнігі.

  • Галерэя «Славутыя майстры» (Траецкая набярэжная, 6). У галерэі выстаўленыя творы сучаснага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
  • Дом прыроды (М. Багдановіча, 9а). Тут бесьперапынна праводзяцца выставы, прысьвечаныя сьвету прыроды.
  • Нацыянальны выстаўны цэнтар «БелЭкспа» (Янкі Купалы, 27). У цэнтры праходзяць міжнародныя і нацыянальныя выставы самай разнастайнай тэматыкі.
  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ а б в г д Ярмоленка А. Мінская Фара // Наша вера. № 2 (44), 2008 г.
  4. ^ а б в г д е ё Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 553.
  5. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 223.
  6. ^ а б Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 269.
  7. ^ Баравы Р. Гістарычная тапаграфія горада // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 541.
  8. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 31.
  9. ^ а б Боровой Р. Минские древности. «Старый город» средневекового Минска по письменным источникам // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 15. 2000 г.
  10. ^ Баравы Р. Дзе быў стары горад // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 543.
  11. ^ а б Дзянісаў У. На Траецкай гары // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 337.
  12. ^ а б в г д Боровой Р. Историческая топография древнего Минска. Обзор источников и современное состояние проблемы // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 12. — Менск, 1997.
  13. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 32.
  14. ^ а б в г Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 54.
  15. ^ а б Дзянісаў У. Першы касцёл // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 310.
  16. ^ а б Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  17. ^ Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Менск: Полымя, 1991. С. 31.
  18. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 72.
  19. ^ Chodźko I. Diecezja Mińska około 1830 roku. T. 1. — Lublin, 1998. S. 191—192.
  20. ^ Дзянісаў У. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў БеларусіПраверана 4 ліпеня 2012 г.
  21. ^ а б в г д е Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 59.
  22. ^ Яцкевіч З. Невядомая уніяцкая царква // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 339.
  23. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 53.
  24. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 118.
  25. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008 г.
  26. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 114.
  27. ^ Куркоў І. Мінск незнаёмы. 1920—1940. — Менск: Ураджай, 2002. С. 11.
  28. ^ III Дом Саветаў. Вуліца Максіма Багдановіча, 23, Mensk.by
  29. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 57.
  30. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 14 мая 2007 г. №578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». С. 50.
  31. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 14 мая 2007 г. №578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». С. 49.
  32. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 60.
  33. ^ а б Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. ШыбекіМенск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8. С. 60.
  34. ^ а б Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 63.
  35. ^ Кнігарня «Духоўная кніга», Catholic.by
  36. ^ У минских суворовцев появился свой храм // «Ступени» №2(22)
  37. ^ Начался демонтаж памятника Максиму Богдановичу, Minsk1067
  38. ^ Памятник Богдановичу на новом месте, Vadim_i_z
  39. ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі, Наша Ніва, 14 траўня 2009 г.
  40. ^ У доме, які будуе Юрый Чыж, раскупілі кватэры за мільён даляраў, Наша Ніва, 16 сакавіка 2011 г.
  41. ^ Жилой дом «У Троицкого»: слава Эйфелевой башни или архитектурный провал (мнения экспэртов), Onliner.by
  42. ^ Дворец Республики, дом «У Троицкого» и здание МВД признаны дисгармоничными, TUT.BY
  43. ^ Бабкова В. Стары Менск // «Наша Ніва» №16, 2001.
  44. ^ Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 85.
  45. ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 58.
  46. ^ Вторая городская клиническая больница, Менск стары і новы
  47. ^ Минский государственный медицинский колледж
  48. ^ Черкасова В. Любовь в концлагере: Лицо нынешней власти определили брежневские времена(недаступная спасылка) // Белорусская деловая газета № 38 01.10.2001.
  49. ^ История РУП «Белгипроводхоз», РУП «Белгипроводхоз»
  50. ^ История СШ 21, Средняя общеобразовательная школа № 21 г. Минска
  51. ^ Белорусская опера, БелТА
  52. ^ а б Сацукевіч І. Гісторыя і сучаснасць урбананімікі Гродна і Мінска (параўнаўчы аналіз) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007.
  53. ^ Карповіч Т. Культурнае жыццё Мінска I паловы XIX стагоддзя. — Менск: «Рыфтур», 2007. С. 4—5
  54. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 14 мая 2007 г. №578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». С. 49—52
  55. ^ а б в Минск, Глёбус Беларусі
  56. ^ Минск, Глёбус Беларусі
  57. ^ Музеи столицы и их филиалы
  58. ^ Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурныя музеі Беларусі
  59. ^ Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Літаратурныя музеі Беларусі

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  711Е000001