Бульба

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бульба багатая на сарты з разнастайным колерам, памерам і формай
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
ПарадакПасьлёнакветныя
СямействаПасьлёнавыя
РодПасьлён
ВідБульба
Бінамінальная намэнклятура
Solanum tuberosum L.

Бу́льба (па-лацінску: Solanum tuberosum) — шматгадовыя клубняносныя расьліны роду пасьлён сямейства пасьлёнавых. Слова «бульба» можа ўжывацца як да самой расьліны, гэтак і да клубняў, якія і зьяўляюцца галоўнай мэтай культывацыі.

Валодае высокакалярыйнымі вартасьцямі (100 грамаў прыгатаванай бульбы — каля 80 ккал). Утрымлівае ў сабе ваду (~80%), вугляводы (19%), нязначную колькасьць бялка (1,7%), мінімальную колькасьць тлушчу, невялікую колькасьць жалеза і вапны, а таксама вітаміны Bl E3 і C. Вядома больш як 170 дзікарослых і культурных відаў. З бульбы атрымліваюць крухмал, сьпірт, патаку, гатуюць сотні відаў разнастайных страваў, яна ідзе на корм жывёле.

Уласьцівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Валодае высокакалярыйнымі вартасьцямі (100 грамаў прыгатаванай бульбы — каля 80 ккал). Утрымлівае ў сабе ваду (каля 80%), вугляводы (19%), нязначную колькасьць бялку (1,7%), мінімальную колькасьць тлушчу, невялікую колькасьць жалеза і вапны, а таксама вітаміны Bl E3 і C. Вядома больш як 170 дзікарослых і культурных відаў. З бульбы атрымліваюць крухмал, сьпірт, патаку, гатуюць сотні відаў разнастайных страў, яна ідзе на корм жывёле.

Плод — шматнасенная ягада. Цьвіце ў чэрвені — жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у сэлекцыі — насеньнем). Добра расьце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінэральных глебах, на сярэднякіслых тарфяных балотных. Сарты, раянаваныя ў Беларусі: раньнія і сярэдняраньнія — Беларуская раньняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэднясьпелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпозьнія і позьнія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская 3, Тэмп, Арбіта.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бульба ёсьць травяністай расьлінай, што яднае да 150 дзікіх і культурных разнавіднасьцяў. У дзікім стане зьяўляецца шматгадовай, у культуры — аднагадовай расьлінай[1]. Разнавіднасьці быльбы ўтвараюць поліплёідны шэраг з асноўнай колькасьцю храмасомаў — 2n-12, 2n-24, 3n-36, 4n-48, 5n-60, 6n-72. Усе гатункі бульбы тэтраплёідныя (4n-48).

Корань[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжняя частка

Сажанец з адным сьцяблом

Лісьце

Карэньне ў бульбы, якую вырошчваюць з насеньня, мае спачатку стрыжнёвую будову — у выглядзе зародкавага стрыжнёвага кораня з бакавымі карэньчыкамі. Затым у аснове сьцябла ў вузлах карэньня, якія знаходзяцца ў грунце, утвараецца другаснае карэньне, якое разам з зародкавым утвараюць валасьніковістыя карані. Пры вырошчваньні бульбы з клубняў утвараецца толькі другаснае махрыстае карэньне. Каля 70 % каранёў бульбы разьмяшчаецца на глыбіні да 30 см, а асобныя карані дасягаюць глыбіні 1,5 м.

З пазухаў зачаткавага лісьця ў падземнай частцы сьцябла адрастаюць падземныя парасткі — сталёны, якія патаўшчаюцца на вяршынях, чым даюць пачатак новым клубням (відазьмененым парасткам). На канцах сталёнаў разьвіваюцца клубні ў выглядзе вялікіх пупышак, уся маса якіх складаецца з танкасьценных кантаваных вузаў, напоўненых крухмалам, а вонкавая частка складаецца з тонкапластовай коркавай тканкі. Клубні сьпеюць у жніўні—верасьні.

Сьцябло[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцёблаў некалькі. Яны травяністыя, прамастаячыя або ўзыходзячыя, вышынёй 30-150 см, у папярочным разрэзе рабрыстыя, 3—4-гранныя, радзей круглявыя, апушаныя. У некаторых гатункаў уздоўж сьцябловых рэбраў ёсьць прамыя або хвалістыя, вузкія або шырокія крыльцы. У познасьпелых гатункаў сьцёблы разгаліноўваюцца ў асноўным у ніжняй частцы, хуткасьпелых — у сярэдняй. Па афарбоўцы могуць быць зялёнымі, чырвона-фіялетавымі або чырвона-карычневымі. Пагатоў пігмэнтацыя ў залежнасьці ад гатунку можа выяўляцца толькі каля асновы сьцябла, уздоўж большай яго часткі або па ўсёй даўжыні. Часам назіраецца інтэнсіўная пігмэнтацыя, пры якой сьцёблы становяцца амаль чорнымі.

Частка сьцябла, пагружаная ў глебу, выпускае доўгія парасткі (даўжынёй 15-20, у некаторых гатункаў 40-50 см). З аднаго клубня вырастае ў сярэднім 4-8 сьцёблаў, зь якіх утвараецца куст. Па выглядзе і будове кусты бываюць прамастаячыя ці раскідзістыя, мала- і многасьцябловыя, з роўнымі або яруснымі сьцёбламі. Дасягае ў вышыню больш за 1 мэтар.

Лісьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лісьце

Кветкі

Атрутныя плады (ягады)

Плод з вочкамі

У ліставых пазухах падземнай часткі сьцёблаў утвараюцца бакавыя пабегі — сталёны даўжынёй 5-20 см, часам да 35-40 см. Растуць яны ў глебе больш-менш гарызантальна, утвараюць у вузлах карэньчыкі і могуць самастойна ўкараняцца. На канцах сталёнаў зь невялікіх спачатку патаўшчэньняў разьвіваюцца клубні. Лісьце бульбы цёмна-зялёнае, перарывіста-няпарнаперыстарасьсечанае. Складаецца з канчатковай долі, некалькіх пар (3-7) бакавых доляў, разьмешчаных адна супраць другой, і прамежкавых дзелек між імі. Няпарная доля называецца канчатковай, парныя долі маюць парадкавыя назвы — першая пара, другая пара і г. д. (лік вядзецца ад канчатковай долі). Долі і дзелькі сядзяць на стрыжаньках, прымацаваных да стрыжня (чаранка), ніжняя частка якога можа пераходзіць у хвосьцік. Каля парных доляў месьцяцца яшчэ драбнейшыя дзелькі. Па форме яны круглявыя, авальныя, падоўжаныя, яйкападобныя, рамбічныя, востраканцовыя або авальна-востраканцовыя, апушаныя. Долі, часьціцы і частачкі могуць быць сімэтрычнымі (роўнавялікімі) і несімэтрычнымі.

У некаторых гатункаў верхняя пара доляў і верхавая няцотная доля зрастаюцца асновамі,чым утвараюць 3-лопасьцевыя верхавіны. Завуць такую зьяву плюшчалістасьцю. Па колькасьці часьціц у лісьце адрозьніваюць 3 ступені яго расьсечанасьці: нязначная — 1 пара доляў, дзелькі адсутнічаюць; сярэднюю — да 2 пар доляў і 1-2 пары дзелек; моцную — 2-3 пары доляў і шматлікія дзелькі. У залежнасьці ад шчыльнасьці разьмяшчэньня доляў лісты могуць быць густа-, сярэдне- і рэдкадолькавымі. У густадолькавых лісьцікі доляў месьцяцца шчыльна, часта налягаюць сваімі паверхнямі адзін на аднаго. У сярэднедолькавых яны толькі дакранаюцца бакамі. У рэдкадольных між часьціцамі ёсьць прамежкі. Зь ніжняга боку доляў прыкметная сетка жылак, якія бываюць пігмэнтаванымі. Лісьце разьмяшчаецца на сьцёблах сьпіральна. Ля сваёй асновы мае 2 серпападобныя або лістападобныя прылісткі.

Кветкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дыяграма кветкі

Кветкі двухполыя, правільныя, у верхавінных шчытках 5-разьдзельныя: чашачка складаецца з 5 востразубчастых, узрослых у аснове чашалісьцікаў, венчык — з 5 зрослых пялёсткаў. У кветцы разьмяшчаюцца 5 тычынак, пылавікі якіх на кароткіх ножках шчыльна складзеныя ў цыліндрычную або конусападобную калёнку, і песьцік зь верхняй завязьзю з лычыкам, які праймае цэнтральную ўнутраную частку калёнкі і выдаецца над пылавікамі або роўны зь імі, а часам ніжэйшы за іх.

Венчык зрослапялёсткавы, белы, сіні, сіне-фіялетавы, ружовы, чырвона-фіялетавы. Пылавікі аранжавыя, жоўтыя, жоўта-зялёныя. Калі ў кветках утвараюцца аранжавыя або жоўтыя пылавікі, пылок якіх здольны да нармальнага апладненьня, то пры багатым цьвіценьні на расьлінах разьвіваецца шмат пладоў. У гатункаў, якія маюць кветкі са стэрыльнымі жоўта-зялёнымі пылавікамі, плод не ўтвараецца. Кветкі на расьлінах сабраныя ў суквецьці-шчыткі, якіх на адным кветканосе бывае ад 2 да 4. Квітнее ў чэрвені—жніўні.

Плод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плод — шматнасенная, жоўта- або цёмна-зялёная, круглявая або круглява-авальная, атрутная ягада дыямэтрам 2 см. Насеньне дробнае, яйкападобнасплюснутае, бледна-жоўтае або крэмавае. Маса 1000 семак — 0,5-0,6 грама. У зялёных вэгетатыўных частках расьліны зьмяшчаецца алькалёід салянін, які служыць для абароны расьліны ад паражэньня бактэрыямі і некаторымі відамі вусякоў. У сувязі з гэтым пазелянелыя клубні бульбы неядомыя.

Злева направа: суквецце, ліст, плады, клубень

Клубні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насеньне з парасткамі

Клубні адначасова зьяўляюцца і ёмішчам запасных пажыўных рэчываў і вэгетатыўным органам. Досьледна пацьверджана, што клубень — вэгетатыўны орган, які ўтвараецца на канцы падземнага сьцябла — сталёна. Як толькі сьцябло бульбы вырасьце над зямлёй на 15-20 см, яго ніжнюю палову закрываюць кавалкам цёмнага тэкстылю або шчыльнай сьвятлонепранікальнай паперы, асьцярожна прывязаўшы паперу або тэкстыль пад лісьцем, закрыўшы ніжнюю палову сьцябла. Частка ізалятара ўвесь час мае ляжаць на зямлі і па меры росту сьцябла ўвесь час закрываць яго ад сьвятла. Да восені на зацененай частцы сьцябла ўтворацца надземныя клубні. Калі верхавіну маладога сьцябла бульбы зьмясьціць у чорную скрыню — у цемры на ёй пачнецца ўтварэньне клубняў. У ніжніх частках расьліны, схаваных у глебу, бульбаўтварэньне затрымаецца.

Пра вэгетатыўнае паходжаньне клубня сьведчыць наяўнасьць на маладых клубнях недаразьвітага лісьця ў выглядзе лускавінак. Пасьля іх адміраньня на паверхні клубня застаюцца дугападобныя рубцы — броўкі, у пазухах якіх разьмяшчаюцца 3 пупышкі. Броўкі разам з пупышкамі называюць вочкамі. Яны бываюць: глыбокімі — пры заляганьні пупышак у паглыбленьнях клубня; неглыбокімі — з разьмяшчэньнем пупышак амаль на ўзроўні з паверхняй клубня; паверхневымі, калі пупышкі выступаюць над паверхняй клубня, чым утвараюць грудок. Вочкі месьцяцца на клубнях сьпіральна. Колькасьць іх на клубнях сярэдняга памеру — 6-12, на вялікіх — да 15-20. Менш вочак у ніжняй частцы клубня, больш за ўсё — у верхняй. Жыцьцяздольнасьць пупышак у вочку неаднолькавая, найбольш высокая — у сярэдняй пупышкі. Пры пасадцы клубняў або, калі іх прарошчваць перад пасадкай, прарастае 1/3 або 1/4 пупышак. У асноўным тыя, якія разьмяшчаюцца на верхавіне клубня.

Парасткі, якія ўтвараюцца з пупышак клубняў, у залежнасьці ад колькасьці сьвятла пры прарастаньні могуць мець колер ад белага з жоўтым, ці зялёным адценьнем, да чырвона-, сіне- ці цёмнафіялетавага. На паверхні клубня ёсьць шмат невялікіх сьветлых адтулін, празь якія ажыцьцяўляюцца дыханьне і трансьпірацыя вады. Сваёй ніжняй часткай, якая яшчэ называецца пупавінай, асновай, сталонным паглыбленьнем, або ўпадзінай, клубень злучаецца са сталёнам. Процілеглая ад яе — верхняя частка, або вярхушка клубня зь верхняй пупышкаю.

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клубень з вочкамі

На падоўжным разрэзе сасьпелага клубня пад мікраскопам выразна відаць наступныя элемэнты: скурку (у маладога клубня эпідэрміс), кару, камбій, сасудзістыя пучкі і сэрцавіну. Лупіна — вонкавы ахоўны пласт клубня, складаецца зь некалькіх шэрагаў коркавых вузаў другаснай покрыўнай тканкі — пэрыдэрмы. Пад лупінай знаходзіцца кара, якая складаецца з парэнхімных вузаў, запоўненых крухмальнымі зёрнамі, і праводных элемэнтаў лубу — рэшатападобных трубак фляэмы. Пад карою знаходзіцца пласт вузаў камбію, зь якога ў цэнтры клубня ўтвараюцца элемэнты ксілемы. Цэнтральная частка клубня запоўненая парэнхімнымі вузамі сэрцавіны, якія разыходзіцца радыяльнымі прамянямі да вочак у месцах іх разьмяшчэньня. У парэнхімных вузах клубняў утрымліваюцца крухмальныя зёрны. Найбольшая колькасьць іх знаходзіцца ва ўнутраных вузах кары і зьнешніх — сэрцавіны, найменшая — у складзе вадзяністых вузаў цэнтральнай сэрцавіны.

Выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фіялетавыя клубні

Па форме клубні бываюць круглявымі, авальнымі або падоўжанымі. У круглявых клубняў ва ўсіх напрамках памеры амаль аднолькавыя, у авальных — адзін з кірункаў перавышае іншыя ў 1,5 разу, у падоўжаных — 2-кратна і больш. Ёсьць гатункі з прамежкавай формай клубняў — яйкападобнай, плоскаавальнай, бочкападобнай і інш. Клубні пакрытыя гладкай, лускаватай або сеткаватай лупінай. Афарбоўка мякаці клубняў розная — белая, жоўтая, сьветла-ружовая, часам чырвоная, сіняя. Паверхня клубняў мае таксама розную афарбоўку — белая, ружовая, чырвоная, сіне-фіялетавая і г. д. Велічыню клубняў можна павялічыць працягам фазы іх росту[2], але і ў гэтым выпадку спадчыннасьць гатунку адыгрывае важную ролю. Да таварных клубняў адносяць тыя, сярэдняя маса якіх перавышае 40 грамаў.

Хімічны склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клубні бульбы ўтрымліваюць каля 25 % сухога рэчыва, асноўным складнікам якога ёсьць крухмал — 80-85 % (у залежнасьці ад месца вырошчваньня і гатунку), яшчэ каля 2 % складае бялок (ад 1,5 % да 3 %), звыш 0,3 % — тлушч (да 0,6 %). Бялок бульбы (тубэрын) зьмяшчае 14 з 20 незаменных амінакісьляў і мае каэфіцыент 0,85 пажыўнай каштоўнасьці ў параўнаньні зь бялком курынага мяса, які лічыцца паўнавартасным для харчаваньня чалавека[1]. У клубнях бульбы зьмяшчаецца большасьць відаў вітамінаў: аскарбінавая кісьля (10-54 мг%), тыямін, рыбафлявін, пірыдаксін, фалійная і нікатынавая кісьлі. Таксама ў бульбе ёсьць рэтынол, эргакальцыфэрол, біяфляваноіды, каратыноіды, такафэрол, нікатынамід, біятын і супрацьязвавы фактар — вітамін U. Асабліва багатыя на вітамін C сьвежасабраныя клубні, бо пасьля 2-месячнага захоўваньня колькасьць вітаміна C памяншаецца амаль удвая[3].

Каля 1 % сухога рэчыва прыпадае на долю мінэральных рэчываў: каль (568 мг на 100 г сырой масы) і фосфар (50 мг). У ёй утрымліваюцца солі кальцу (12-15 мг%), магну, жалеза (1 мг%) серы, марганцу, ёду, нікелю, кобальту, медзі і інш. Таксама ў клубнях бульбы ёсьць стэрыны ([стыгмастэрын, кампэстэрын і сітастэрын), ліпіды і арганічныя кісьлі (кававая, хлёрагенавая, лімонная, шчаўевая і яблычная). Уся надземная частка расьліны і скурка клубняў утрымліваюць глюкаалькалёіды, галоўнымі зь якіх ёсьць салянін і чаканін. У клубнях (мякаці) зьмяшчаецца ад 3 да 7-10 мг % саляніну, таму іх не выкарыстоўваюць у сырым выглядзе — гэта можа выклікаць атручаньне. На сонцы ўтрыманьне саляніну можа дасягнуць 20-40 мг% і клубні набываюць горкі прысмак. Пры ўтрыманьні саляніну вышэй за 20 мг%, а таксама выкарыстаньні пазелянелых клубняў без чысткі — у ежу ўжываць нельга. У лупінах утрыманьне саланіну складае 30-60 мг%, у праростках бульбы зьмяшчаецца 400—800 мг% саланіну. У вялікай колькасьці саланін зьніжае актыўнасьць фэрмэнту халінестэразы, важнага для нэрвовай сыстэмы. Прыкмета гэтага — галаўны боль, млоснасьць, а таксама запавольваньне рэакцыяў на зьнешнія раздражняльнікі[4].

Сярэдняе ўтрыманьне важных пажыўных рэчываў у 100 г ядомай масы клубняў сталовай бульбы пры зборы[5]
Асноўны склад, г Мінэральныя рэчывы, мг Вітаміны, мг Арганічныя кісьля, мг
Вада 77,8 Каль 445,0 Водарастваральныя вітаміны: Лімонная 510
Вугляводы, у тым ліку 14,8 Кальц 10,0 С (аскарбінавая к-ля) 17,0
крухмал 14,1 Фосфар 50,0 В1 (тыямін) 0,11 Шчаўевая
глюкоза 0,24 Магн 25,0 В2 (рыбафлавін) 0,045
фруктоза 0,17 Натр 10,0 В3/5 (пантатэнавая) 0,4 Яблычная 90
цукроза 0,30 Жалеза 0,8 В6 (пірыдаксін) 0,4
Сіры пратэін 2,1 Марганец 0,15 В9 (фоліевая к-та) 0,007 Саліцылавая 0,12
Сіры тлушч 0,1 Медзь 0,15 РР (ніяцын) 1,22
Балястныя рэчывы 2,5 Цынк 0,27 Тлушчарастваральныя вітаміны:
Фтор 0,01 Е (токафэрол) 0,06
Ёд 0,004 К 0,05
Сэлен 0,004…0,02 Правітамін (каратын) 0,01

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Радзіма — Паўднёвая Амэрыка, дзе яе вырошчвалі ацтэкі і інкі, а таксама паўночнаамэрыканскія плямёны іракезаў.[6] У XVI стагодзьдзі завезена ў Эўропу (Гішпанія, Ангельшчына), у прыватнасьці, лічыцца, што ў Ангельшчыну бульбу завёз Томас Гэрыят.[7][8] У Рэчы Паспалітай стала вядомая ў XVII стагодзьдзі.[9] Лічыцца, што ўпершыню бульбу ў краіну завез кароль Ян Сабескі пасьля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай (12 верасьня 1683 году).

Першапачаткова бульбу выкарыстоўвалі як лекавую і дэкаратыўную расьліну,[10] у якасьці ядомай палявой культуры пачала масава спажывацца па ўсёй Эўропе з другой паловы XVIII стагодзьдзя.

У якасьці экзатычнай стравы бульба стала вядомая на магнацкім стале ў Рэчы Паспалітай напрыканцы XVII стагодзьдзя. У кнізе, напісанай кухмістрам кракаўскага ваяводы Станіславам Чарнецкім, слынным «Compendium ferculorum albo zebranie potraw» («Усё пра стравы, альбо збор страваў»), згадваецца першая бульбяная прысмака для эліты краіны. Пад назваю «tertofelle» хаваецца бульба, якую пяклі ў попеле і пакроеную на скрылікі смажылі. Кніга пабачыла сьвет у 1682 годзе і на працягу XVIII стагодзьдзя неаднаразова перавыдавалася.

Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панаваньня караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста III (1736—1763), на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны ў другой трэці XVIII стагодзьдзя. Але ў гэты час яна вырошчвалася толькі ў каралеўскіх эканоміях нямецкімі каляністамі. Найбольш значным бульбаводчым цэнтрам напрыканцы 1780-х гадоў стала тэрыторыя Полацкага намесьніцтва. У 1788 годзе тут у «пасеве» бульба займала ўсяго 7 чвэрцяў, а ў «ураджаі» — 21 чвэрць, але праз два гады ў «пасеве» было 4617 чвэрцяў, а ў «ураджаі» — 18 759 чвэрцяў. На Суражчыне ў гэты час вырошчвалі бульбу ня толькі на агародах, але і на панскіх палетках.

Першапачаткова беларускае сялянства паставілася надзвычай недаверліва да гэтай агрыкультурнай навацыі, зьдзяйсьняла акты сабатажу, адмаўляючыся яе садзіць.

XIX стагодзьдзе стала часам шырокага распаўсюджаньня новай агрыкультуры на беларускіх палетках. Калі ў Гарадзенскай губэрні ў 1822 годзе было сабрана 7,1 тысячы чвэрцяў бульбы, то ў 1827 годзе ўжо ў 100 разоў болей. У справаздачах Менскай ды Віцебскай губэрняў за 1828 год адзначалася, што бульба зьяўляецца «пособием к продовольствию… родится в изобилии… с успехом повсеместно здесь разводится». У справаздачы Гарадзенскай губэрні за 1840 год адзначалася: «картофель занимает первое место в числе возделываемых …овощей, способствует продовольствию народа, прокормлению скота и удобрению полей». Стравы з бульбы ў гэты ж час становяцца надзвычай важным элемэнтам харчаваньня беларускага народу. Бульба насамрэч у гэты час становіцца пануючай палявой культурай, «другім хлебам», хаця ня будзе перабольшаньнем сказаць, што для бяднейшых сялянаў яна была ўвогуле ці не адзіным і першым хлебам. Услухаемся ў радкі аднаго з сучасьнікаў: «…горох, часть ячменя, овес крестьяне сбывают, а картофелем питаются почти круглый год».

Бульба

Посьпехі бульбаводзтва, «бульбяны бум», далі свае станоўчыя вынікі ў галіне сэлекцыі. Ужо ў 1860-х гадах узьнікаюць мясцовыя, беларускія гатункі бульбы. У жніўні 1853 году ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце была адкрытая выстава, на якой экспанавалася 28 гатункаў бульбы з батанічнага саду інстытуту, а таксама прадукты з бульбы ў выглядзе мукі і крупкі. У 1868 годзе «Земледельческая газета» пісала пра тое, што ў Горацкім павеце меліся гатункі, «на кои почти не имеют влияния неблагоприятствующие обстоятельства, вредящие всем прочим. Так, например, в нашем уезде, в с. Слижах, у одного хозяина картофель ежегодно дает более десяти зерен и величиной превосходит гусиные яйца… Обилием крахмала и вкусом слижевский картофель превосходит все возможные сорта». Вельмі высокімі якасьцямі валодала мсьціслаўская ды быхаўская бульба. Вядомы знаўца гэтае справы, А. Палтарацкі пісаў: «Мне прыходзілася бачыць розныя гатункі бульбы, але нідзе ня бачыў я такой буйнай і сапкай, як у Амсьціслаўскім павецеБыхаўская бульба таксама добрая».

Паводле зьвестак, зьмешчаных у «Живописной России» (1882), на тэрыторыі Беларускай вобласьці (пад гэтым тэрмінам у выданьні разумеліся Менская, Магілёўская, Віцебская і этнаграфічна беларускія часткі Смаленскай губэрняў) зьбіралася да 5 мільёнаў чвэрцяў бульбы. На той жа тэрыторыі ў 1905 годзе пасяўная плошча пад бульбу займала 202 580 дзесяцін ворнай зямлі (5,8 працэнтаў усёй пасяўной плошчы).

У 1890-я гады на тэрыторыі Беларусі ўжо вылучаліся 4 зоны бульбаводзтва. Да першай адносіўся Рэчыцкі павет. Тут пад бульбу былі заняты 18,1% пасяўных плошчаў. Да другой зоны належалі тэрыторыі Барысаўскага, Гомельскага, Рагачоўскага, Чэрыкаўскага паветаў (12,1 — 15% плошчаў). Да трэцяй зоны адносіліся Менскі, Бабруйскі, Клімавіцкі, Чавускі, Быхаўскі, Магілёўскі, Аршанскі, Сеньненскі паветы (9,1 — 12% плошчаў), а да чацьвертай зоны адносілася тэрыторыя Горацкага павету ды ўсёй Віцебскай губэрні (6,1 — 9% плошчаў). На пачатку XX стагодзьдзя беларускае бульбаводзтва было найлепшым і адным з наймацнейшых у Расейскай імпэрыі. На 1913 год прыпадае пік дарэвалюцыйнай беларускай бульбяной вытворчасьці — пасяўная плошча склала 583,3 тыс. га, ураджайнасьць 6,4 т/га, валавы збор 4 мільёны тон, ці 12,6% валавога збору ў Расеі.

Бульба

Паводле назіраньняў Часлава Пяткевіча, ва Ўсходнебеларускім Палесьсі ў другой палове XIX стагодзьдзя бульбу садзілі «пад соху, у кожную баразну або чэраз баразну ў другой палавіне красавіка (калі зямля пацяплее, бо ў халоднай папухне, пакуль зыйдзе). За сахой ідзе жанчына з каробкай напоўненай клубнямі і кідае іх у баразну на адлегласьці 30 см адзін ад аднаго па адным ці больш у залежнасьці ад велічыні; напаступны заход сахі гэту баразну закрывае. У кожную баразну кідаюць тады, калі садзяць невялікую колькасць і на лепшай глебе (пагной), а праз баразну садзяць тады, калі займаюць большую плошчу на няўгноенай ніве (простапольле)». Палешукі бульбу садзілі і на агародах, з дапамогай лапаты «дзьвюма асобамі: першы ўбівае ў зямлю лапату амаль па дрэўца і выкідвае зямлю на паверхню, другі бярэ з каробкі клубні і кідае ў тую ямку па адным ці па некалькі ў залежнасьці ад іх велічыні. Зямлёй, выкапанай з наступнай ямкі, прыкрываецца папярэдняя, у якую ўжо ўкінулі бульбу, і г. д.»

Такім чынам, поўная і незваротная «беларусізацыя» бульбы адбылася ў XIX стагодзьдзі. У сярэдзіне таго ж стагодзьдзя бяз бульбы немагчыма было ўжо ўявіць жыцьцё беларускага паспалітага люду. Бульба ўваходзіць у фальклёр, пра яе складаюць песьні, танчаць пад іх. Адна з папулярнейшых беларускіх полек увогуле можа лічыцца за своеасаблівы бульбяны гімн:

Гарні, гарні бульбу з печы
У торбачку — ды на плечы
Бульбу пякуць, бульбу вараць
Бульбу ядуць, бульбу хваляць

З бульбы мука, з бульбы каша
Прападзі ты, доля наша
Адзін лапаць, другі бот,
А я шляхціц, далібог!

Сёньня бульба ў Беларусі лічыцца нацыянальнай культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс. га (1993).

У харчаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля варкі бульбы ў лупіне ў яе клубнях заставалася каля 60 % спачатнага вітаміну Ц. Для дзённай патрэбы ў гэтым вітаміне дастаткова спажыць 300 грамаў бульбы. Для вытворчасьці чыпсаў выкарыстоўвалі гатункі, што зьмяшчалі да 0,2 % рэдукавальных цукроў у кругла-авальных клубнях да 6 см у прамеры, для фрыцюрнай бульбы — да 0,4 % такіх цукроў у падоўжаных клубнях па 9—11 см даўжынёй[11].

У прамысловасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З адмысловых гатункаў бульбы вырабляюць крухмал, які выкарыстоўваюць у папяровай, тэкстыльнай і харчовай прамысловасьці, а таксама ў мэдыцыне і фармацэўтыцы. Цалкам было магчыма атрымаць крухмал з клубняў пры крухмалістасьці да 22 %[11].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2002 г. сабралі 7,4 млн тонаў бульбы, зь іх 587 тыс. тонаў (8%) сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Асноўную частку сабралі ва ўласных падсобных гаспадарках. На душу насельніцтва прыпала звыш 700 кг бульбы, зь іх людзі спажылі ў сярэднім па 170 кг (24%). Асноўная частка пайшла на перапрацоўку і корм жывёлам[12]. У 2011 г. валавы збор бульбы ў Беларусі склаў 1,2 млн тонаў пры ўраджайнасьці 218 цэнтнэраў з гектара[13]. У 2019 годзе Беларусь знаходзілася на 11-м месцы ў сьвеце паводле збору бульбы[14].

У 2022 годзе земляробчыя прадпрыемствы Беларусі сабралі 789 900 тонаў бульбы з 260 кв.км угодзьдзяў. За 2022 год з бульбы вырабілі звыш 16 000 тонаў крухмалу. Самаакупнымі былі гатункі з крухмалістасьцю звыш 15 %. У 2023 годзе сярэдняя ўраджайнасьць дасягала 358 цэнтнэраў з гектару, што было параўнальна з паказчыкамі ў іншых краінах Эўропы. На гатункі беларускай сэлекцыі прыпадала каля 70 % плошчы пасеваў. Найбольш пашыранымі гатункамі былі: «брыз» — сярод сярэдняраньніх, «скарб» — сярод гатункаў сярэдняга тэрміну пасьпяваньня і «вэктар» — сярод сярэдняпозьніх. Беларускія гатункі бульбы маглі даваць ураджайнасьць звыш 50 тонаў з гектару, а ў большасьці — 60 т/га[11]. У 2023 годзе на прысядзібных дзялянках у Беларусі, на якіх вялі на натуральную гаспадарку, вырасьцілі 75 % бульбы[15].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Картопля // Лекарскія расьліны: энцыкляпэдычны даведнік = Лікарські рослини: Енциклопедичний довідник / адказн.рэд. Андрэй Градзінскі. — Кіеў: Украінская энцыкляпэдыя імя Міколы Бажана, 1992. — С. 195-196. — 544 с. — 100 000 ас. — ISBN 5-88500-055-7
  2. ^ Van der Zaag D. E., Burton W. G. Potential yield of the potato crop and its limitations // 7th Triennial conf. eur. Ass. pot. res.— Warsaw, 1978.— Р. 7-22.
  3. ^ Вячаслаў Кравец. Прадмова // Стравы з бульбы = Страви з картоплі / заг.рэд. В.С. Радзько. — Кіеў: Час, 1991. — С. 5-6. — 304 с. — 160 000 ас. — ISBN 5-88520-069-6
  4. ^ Віктар Цыганенка, Зінаіда Салавых. Стравы з бульбы // Стравы з фруктаў і гародніны = Страви із фруктів та овочів / заг.рэд. Я.В. Сьцяпанава. — Кіеў: Тэхніка, 1990. — С. 35. — 224 с. — 205 000 ас. — ISBN 5-335-00561-0
  5. ^ Бэрнд Пуц. Бульба: разьвядзеньне, вырошчваньне выкарыстаньне = Kartoffeln : Züchtung, Anbau, Verwertung. — Гамбург: Бэхр, 1989. — 263 с. — ISBN 3925673458
  6. ^ History and Origin of the Potato  (анг.)
  7. ^ Irish Potato Famine and Trade  (анг.)
  8. ^ Sir Walter Raleigh's American colonies  (анг.)
  9. ^ Харчаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім(недаступная спасылка), Алесь Белы
  10. ^ The Cambridge World History of Food - Potatoes  (анг.)
  11. ^ а б в Аляксандра Анцалевіч. Навуковец расказаў, якія якасьці ў трэцім тысячагодзьдзі павінна мець бульба // Газэта «Зьвязда», 24 верасьня 2023 г. Праверана 8 кастрычніка 2023 г.
  12. ^ Алена Аўчыньнікава. «Другі хлеб» пакуль таньнейшы за першы // Зьвязда : газэта. — 8 лютага 2003. — № 33 (24717). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Сяргей Куркач. Сёлета бульбы — 1,2 млн тон // Зьвязда. — 17 лістапада 2011. — № 219 (27083). — С. 1.
  14. ^ Беларусь знаходзіцца сярод сусьветных лідэраў па вырошчваньні льновалакна, жыта і журавінаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 лістапада 2019 г. Праверана 23 сьнежня 2019 г.
  15. ^ Барташ: да 75 працэнтаў агародніны, бульбы, садавіны і ягад у Беларусі вырошчваюцца на прысядзібных участках насельніцтва // БелТА, 20 верасьня 2023 г. Праверана 1 кастрычніка 2023 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Ігар Марзалюк, праект «Наша ежа»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бульбасховішча мультымэдыйных матэрыялаў