Валокі Полацкія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Валокі Полацкія. Ю. Пешка, каля 1800 р.

Валокі Полацкія — гістарычная мясцовасьць ў цэнтры Менску, разьмешчаная на правым беразе ракі Сьвіслачы пры ўзгорку Высокага Места.

Двор на Валоцкай. Ч. Манюшка, 1830 р.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Урбанонім «Валокі Полацкія» мае зьвязак з гандлем. У старажытнасьці полацкія купцы маглі сюды цягнуць волакам ладзьдзі з таварам, бо Сьвіслач не заўсёды была паўнаводнай[1]. Таксама існуе меркваньне, што арыгінальная назва вуліцы — «Валоская», што значыць італьянская.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Валокі Полацкія. Ч. Манюшка, 1849 р.

Валокі пачалі забудоўвацца прыкладна ў пачатку XVII ст. Тут утварылася вуліца Валоцкая, якая злучала мясцовасьць з Высокім Рынкам, да Нізкага Рынку ішла траса вуліцы Зыбіцкай. Да пачатку XVIII ст. уся тэрыторыя паміж вуліцай Зыбіцкай і берагам ракі была заселенай. Тут утварыліся вуліцы, якія праз масты і грэблі злучалі вуліцу Зыбіцкую з Траецкім прадмесьцем на левым беразе Сьвіслачы[2]

Паводле матэрыялаў рукапісных судовых актавых кніг менскага гродзкага суду за 1600—1640 рокі на Валоках Полацкіх жылі месьцічы Кузьма Пішчалка, жонка пінскага падстолія Рыгора Тарлецкага Алена Бачанка і Фёдар Заляцелы — відаць, той самы, пра якога ўпамінае Ўладзіслаў Сыракомля («Менск», 1857). Тут жа набыла дом у Якуба Раманскага і Багданы Кішчанкі ваяводзіная вэндэнская Соф’я Служчына. Гасподу для віленскага купца здаваў у сваім доме Ісак Багушэвіч Шышка[3].

У XIX стагодзьдзі на Валоцкай вуліцы жылі кампазытар Станіслаў Манюшка і мастак Валенці Ваньковіч (абодва будынкі захаваліся).

У 1866 року ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі Вялікага Княства Літоўскага перайменавалі Валоцкую вуліцу ў Хрышчэнскую, а Зыбіцкую — у Балотную (з 1882 року — Гандлёвая). За савецкім часам гістарычнай Валоцкай вуліцы надалі афіцыйную назву Інтэрнацыянальнай. 17 сакавіка 2010 року менскія ўлады вярнулі вуліцы Зыбіцкай гістарычную назву.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  2. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 30.
  3. ^ Бабкова В. Стары Менск // «Наша Ніва» №16, 2001.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]