Кашары

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Гістарычная забудова на рагу Кашарскай і Вясёлай. Адсюль пачынаецца прадмесьце Кашары

Кашары, Кашарскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы места, з трох бакоў аточаная ракой Сьвіслаччу.

На паўднёвы захад ад Кашараў пачынаецца Ляхаўка, на поўнач — цэнтральнае Новае Места, на паўночны ўсход — Стромкі Бераг, на паўднёвы ўсход — Архірэйская Слабодка, на поўдзень — Тры Карчмы[1][2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заводы Якабсона і Ліфшыца ў Кашарах і Добрых Мысьлях

Актыўнае засяленьне гэтай мясцовасьці пачалося ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў, адразу па заснаваньні Новага Места. Першымі пабудовамі былі старыя кашары (казармы) менскага гарнізону — адсюль пайшла і назва прадмесьця[3].

У пачатку XX ст. прадмесьце ўваходзіла ў першую паліцэйскую частку места і ўлучала Кашарскі пляц, Вакольную вуліцу, а таксама часткова Кашарскую (цяпер Чырвонаармейская), Ягораўскую (Янкі Купалы) і Ніжняляхаўскую (Ульянаўская) вуліцы[4][5].

На Кашарскім пляцы праводзілася муштраваньне войскаў, спартовыя гульні, скачкі на конях, цыркавыя імпрэзы. Пляц вылучащся антысанітарыяй і адсутнасьцю ўпарадкаваньня[6]. Улетку 1913 року на ёй прайшоў першы ў Менску футбольны матч, у якім гімназісты места выйгралі ў службоўцаў зь лікам 3:0[7].

Кашарская вуліца, каля 1930 р.

30 траўня 1925 року на Кашарскім пляцы адкрыўся іпадром імя Будзёнага. 15 траўня 1934 року на Менскам іпадроме прайшлі вялікія спаборніцтвы, на якіх прысутнічаў сам Будзёны. Адзначыўся іпадром і падзеямі, якія не мелі дачыненьня да спорту. 16 ліпеня 1944 року ў вызваленым месьце на тэрыторыі іпадрома адбыўся мітынг. У ім удзельнічалі месьцічы, партызаны, дэлегацыі ваяроў Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3–м Беларускім фронтам Чарняхоўскім. На мітынгу выступіў 1-й сакратар ЦК КП(б)Б Панамарэнка. Потым адбыўся гістарычны партызанскі парад з колькасьцю ўдзельнікаў больш за 30 тысячаў. Імпрэза трансьлявалася па радыё, здымалася на кінастужку. У 1945—1946 роках на тэрыторыі іпадрома прайшлі адкрытыя судовыя працэсы над нацыскімі ваеннымі злачынцамі[8].

На беразе Сьвіслачы, на мяжы з прадмесьцем Ляхаўкай (у раёне цяперашняга рэстарана «Старое рэчышча») некалі месьцілася старажытнае паганскае капішча, якое, паводле зьвестак этнографаў, дзейнічала ажно да пачатку ХХ ст. Культавы камень «Дзед», альбо «Старац», цяпер захоўваецца ў менскім Музэі валуноў, а тэрыторыю самога капішча ў 1994 року ўнесьлі ў Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі[9].

У наш час тапонім Кашары ніяк не пазначаецца на мапе Менску. Пра існаваньне колішняга прадмесьця ўскосна намапінае цяперашні Казаменны завулак (гістарычны Кашарскі).

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Завод на Кашарах, да 1941 р.
  • Вакольная, 8. Машынабудаўнічы кацельны завод Г. Янішэўскага. Вырас з кавальска-сьлясарнай і чыгуналіцейнай майстэрні, заснаванай у 1901 року прадпрымальнікам Шышлам. У 1908 року тут усталявалі рухавік магутнасьцю 12 конскіх сілаў. Выпускалася абсталяваньне для вінакурных, рэктыфікацыйных, крухмальных заводаў, для млыноў і лесапілак. У 1913 року на заводзе ўжо стаялі 2 рухавікі агульнай магутнасьцю 36 конскіх сілаў, працавала 120 чалавек. Ажыцьцяўлялася вытворчасьць паравых машынаў, турбінаў, нафтавых і газагенэратарных рухавікоў, помпаў, трансмісіяў. У 1921 року завод рэарганізавалі ў сельскагаспадарчыя майстэрні. Знаходзіўся ў раёне сучаснага станкабудаўнічага заводу імя Кірава.
  • Вакольная, 9. Машынабудаўнічы і чыгуна-меднамэталургічны завод (Кашарскі). Найбольшы ў дарэвалюцыйнай Беларусі. Заснаваны на базе невялікай кузьні прадпрымальнікам Н. Якабсонам у 1881 року на Кашарскім пляцы (адсюль і назва). Выраблялася абсталяваньне для млыноў, вінакурных прадпрыемстваў, чыгуначныя буксы, тармазныя калодкі і кастылі. Да 1891 року тут засвоілі выпуск земляробчых прыладаў, абсталяваньня для гутаў, лесапілак, гарбарных заводаў, пажарных помпаў, да 1900 року — паравых машынаў, чыгуначных і медных адліваў. У канцы 1900 року суполка «Якабсон і К» аб’ядналася з гандлёвым домам Г. Ліфшыца, які валодаў машынабудаўнічым (Вакзальным) заводам. Завод меў цэхі: ліцейны (1890) сьлясарна-такарны, кавальскі, зборны (1893), сталярны (1901) і майстэрню вырабу пячнога абсталяваньня (1908 рок). Да 1910 року пачалася вытворчасьць айчаннага абсталяваньня для цагельняў, фанэравых і дрожджавых заводаў, што раней куплялася за мяжой. Геаграфія збыту прадукцыі ахоплівала ня толькі абшары Беларусі, але таксама і Сыбір. Да 1913 року два заводы суполкі стварылі адзіны вытворчы комплекс з колькасьцю працоўных 350 чалавек і магутнасьцю рухавікоў 100 конскіх сілаў. У 1934 року на базе прадпрыемства ўзьнік станкабудаўнічы завод імя Кірава (Чырвонаармейская, 21).

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 227.
  4. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008 р.
  5. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.
  6. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 110.
  7. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 200.
  8. ^ Ружечка А., Ванкович А. Ход конем [1] // «Советская Белоруссия», 02.08.2008.
  9. ^ Костич Т. Менское капище — памятник языческой культуры [2] // Каштоўнасці мінуўшчыны. Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]