Стэфанія Станюта
Стэфанія Міхайлаўна Станюта | |
Дата нараджэньня | 13 траўня 1905 |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 6 лістапада 2000 (95 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | СССР, Беларусь |
Месца вучобы | |
Занятак | акторка |
Месца працы | |
Гады дзейнасьці | 1919—2000 |
Бацька | Міхась Станюта |
Дзеці | Аляксандар Станюта[d] |
Узнагароды | |
IMDb | ID nm0822852 |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Станюта.
Стэфа́нія Міха́йлаўна Станю́та (13 траўня 1905 — 6 лістапада 2000) — выбітная беларуская акторка, легенда сцэны, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Народная артыстка Беларусі (1957), народная артыстка СССР (1988), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася 13 траўня 1905 году ў Менску ў сям’і менскага мастака Міхася Станюты. Маці — хатняя гаспадыня, зь сялянаў. Вучылася ў царкоўна-прыходзкай школе, затым у Менскай жаночай урадавай гімназіі[1].
З 1918 году працавала статысткай, харысткай і танцоркай у Першым таварыстве беларускай драмы й камэдыі Фларыяна Ждановіча, на аснове творчага калектыву якога ў 1920 годзе быў утвораны 1-ы Беларускі дзяржаўны тэатар, дзе працягвала граць. Першую ролю Хімкі сыграла ў 16 гадоў у п’есе «Ганка» Ўладзіслава Галубка.
У 1926 годзе скончыла Беларускую драматычную студыю ў пры Маскоўскім Мастацкім тэатры (кляса Валянціна Смышляева й Соф’і Гіацынтавай). На базе гэтага выпуску ў Віцебску ў 1926 годзе быў створаны Другі беларускі дзяржаўны драматычны тэатар, у якім Стэфанія Станюта грала да 1931 году.
З 1931 — ізноў у БДТ-1 (сучасны Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы), дзе яна працуе да канца жыцьця.
Другая сусьветная вайна засьпела трупу тэатру ў Адэсе. У Менску ў Стэфаніі Станюты засталася сям’я, але тэатар яшчэ доўга знаходзіўся ў Адэсе, дзе акторка была начальнікам групы самаабароны. Пасьля пераезду трупы ў Томск, вяла ў шпіталі тэатральны кружок са зьмешчанымі там байцамі[2].
У кіно пачала здымацца ў 1958 годзе.
Стэфанія Станюта памерла 6 лістапада 2000 году. Пахаваная на Ўсходніх могілках Менску.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адметныя рысы творчасьці Стэфаніі Станюты — шырыня дыяпазону, валоданьне разнастайнымі сродкамі сцэнічнай выразнасьці, яркі плястычны малюнак роляў, эмацыйнасьць, выразнасьць слова, жэста, мімікі, уменьне карыстацца іроніяй, гратэскам[3].
Стварыла шэраг народных характараў, дзе выявіла ў сваіх гераінь мудрасьць, жыцьцядзейнасьць, шчодрасьць і чалавечнасьць, сувязь з роднай зямлёй: Марыля і Паланея («Раскіданае гняздо» і «Прымакі» Я. Купалы), Алена («Салавей» З. Бядулі), Ганна Пятроўна («Простая дзяўчына» К. Губарэвіча), Рыпіна («Плач перапёлкі» І. Чыгрынава), бабуля Вера («Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ), цёця Моця («Машачка» А. Афінагенава), Карміліца («Рамэо і Джульета» Ў. Шэксьпіра), Дуэнья («Дзень цудоўных падманаў» Р. Шэрыдана). Яркую камэдыйнасьць, вострую сатырычнасьць спалучала з высокім драматызмам, паглыбленьнем у псыхалёгію шматграннага жаночага характару: Зёлкіна («Хто сьмяецца апошнім» К. Крапівы), пані Вашамірская («Салавей»), Куліна Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І. Мележа), Арына Радзівонаўна («Верачка» А. Макаёнка), Каргота («Тры Іваны — тры браты» А. Вольскага), Жабрачка («Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна), Глафіра, Міхееўна («Ваўкі і авечкі», «Апошняя ахвяра» А. Астроўскага), Шарлота («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Эліза («Скупы» Мальера), Дыяна («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лёпэ дэ Вэгі), Гіза («Гульня з кошкай» І. Эркеня) і інш[3].
Фільмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1958 — Чырвонае лісьце — эпізод
- 1958 — Шчасьце трэба берагчы — жонка Мікіты
- 1958 — Гадзіньнік спыніўся апоўначы — настаўніца
- 1959 — Строгая жанчына — Кацярына
- 1961 — Першыя выпрабаваньні — Ганна
- 1962 — Зорка на спражцы (кінаальманах «Маленькія летуценьнікі») — жанчына ў чорным
- 1964 — Лісты да жывых
- 1966 — Іду шукаць — эпізод
- 1967 — Хата і гаспадар — маці Ягора
- 1969 — Я, Францыск Скарына… — Абаціса
- 1970 — Пяцёрка адважных — бабуля Кешкі
- 1971 — Запыт (кароткамэтражны) — Фенька
- 1971 — Магіла льва — маці Фёдара
- 1973 — І сьмех, і бяда (кароткамэтражны) — Агрыпіна
- 1973 — Цешча — цётка Маша
- 1974 — Вялікае супрацьстаяньне — Агеіха
- 1974 — Мы — хлопцы жывучыя — Матрона Яўсееўна
- 1974 — Прыгода ў горадзе, якога няма — цётка Польлі
- 1976 — Нядзельная ноч — старая
- 1976 — Памяць зямлі — баба Паля
- 1976 — Трывожны месяц верасень — Сэрафіма
- 1976—1978 — Час абраў нас — Варанецкая
- 1977 — Успамін… — бабуля Пчолка
- 1977 — Пра Чырвоны Капялюшык — Першая злая старая
- 1978 — Пагаворым, брат… — Дар’я
- 1978 — Гандлярка і паэт — Марыля
- 1979 — Родная справа — маці
- 1980 — Атлянты й карыятыды — маці Максіма
- 1980 — Вазьму твой боль — жонка Шышковіча
- 1980 — Паводка — Сьцяпанаўна
- 1980 — Трэцяга ня дадзена — эпізод
- 1981 — Адзіны мужчына — Неаніла Сьцяпанаўна
- 1981 — Зацішша — Вера Пятроўна
- 1981 — Аленевае паляваньне — сялянка
- 1981 — Пра цябе — Ксенія Аляксандраўна
- 1981 — Людзі на балоце — шаптуха
- 1981 — Разьвітаньне — Дар’я
- 1981 — Крыніца — Эўфрасіньня Ільлінічна
- 1982 — Жывая вясёлка — бабуля Міхася
- 1982 — Чужая вотчына — Мондрыха
- 1983 — Сад — старая, якая прытуліла Машу
- 1983 — Белыя росы — Кіселіха
- 1983 — Плыві, караблік… — Ганна Мікалаеўна Палуніна
- 1984 — Невядомы салдат — Антаніна Васільеўна Бокарава
- 1984 — Атрад — старая
- 1984 — Радаўніца — Хрысьціна
- 1984 — Што ў Сенькі было — бабка Вера
- 1985 — Мама, я жывы — Домна Піліпаўна
- 1985 — Пакланіся да зямлі — Марыя
- 1985 — Не хадзіце, дзеўкі, замуж — Міхееўна
- 1985 — Халады напачатку вясны (кароткамэтражны) — бабуля Віктара
- 1985 — Экзамэн на дырэктара — Клаўдзія Пятроўна
- 1986 — Не забудзьцеся выключыць тэлевізар — Калерыя Паўлаўна
- 1986 — Першацьвет — бабуля
- 1987 — Нецярпеньне душы — маці Лепяшынскага
- 1988 — Генэральная рэпэтыцыя — Няня
- 1988 — Гэтыя… Тры дакладныя карты… — графіня
- 1988 — Мудрамер — Кацярына Антонаўна Загменная
- 1989 — Жадаю зрабіць прызнаньне — Ганна Шкурко
- 1990 — Мудрамер (фільм-спэктакль) — Загменная Кацярына Антонаўна
- 1990 — Небыліцы пра Івана — старая
- 1990 — Увайдзі ў кожную хату — эпізод
- 1990 — Плач перапёлкі — эпізод
- 1990 — Жарсьці па Аўдзею (фільм-спэктакль) — маці Зуйка
- 1991 — Цар Іван Грозны — Ануфрыеўна
- 1991 — Ізгой — Ганка
- 1992 — Кошт галавы — жабрачка
- 1993 — Вытокі
- 1993 — Сылюэт у акне насупраць — цешча
- 1993 — Чортавы лялькі — бабулька з намібійскімі
- 1994 — Поры году
- 1994 — Лета каханьня — Стэфанія
- 1995 — Гульня ўяўленьня — старая ў капелюшы
- 2001 — Курортны раман — эпізод
Узнагароды і прэміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Народная артыстка БССР (1957)
- Народная артыстка СССР (1988)
- два ордэны Працоўнага Чырвонага Сьцяга
- Ордэн «Знак Пашаны»
- Ордэн Сяброўства народаў
- Дзяржаўная прэмія БССР (1982) — за тэатральную працу
- Мэдаль Францішка Скарыны (1995)
- Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатру.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сын Стэфаніі Станюты Аляксандар выдаў кнігу ўспамінаў пра маці. Першая выйшла на беларускай мове ў 1994 годзе, а дапоўнены варыянт — «Жыцьцё акторкі» — на расейскай мове — у 2001 годзе.
- Да 105-годзьдзя зь дня народзінаў нараджэньня акторкі быў выдадзены раман «Гарадзкія сны», напісаны сынам акторкі. Раман заснаваны на асабістых лістах каханым мужчынам: актору і супрацоўніку НКУС. Лёс абодвух апынуўся трагічным: яны былі расстраляныя[4].
- У памяць пра акторку 27 сакавіка 2003 году на доме № 19 па праспэкце Скарыны (цяпер Незалежнасьці) у Менску была ўсталяваная мэмарыяльная дошка ў гонар Стэфаніі Станюты.
- У Купалаўскім тэатры арганізуюцца вечары памяці Стэфаніі Станюты. У Дзяржаўным музэі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі ёсьць пакой, прысьвечаны Стэфаніі Станюце.
- Міністэрства сувязі й інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь 13 траўня 2005 году ўвяло ў паштовы зварот марку «100 гадоў зь дня нараджэньня С. М. Станюты».
- У 2014 годзе было прынятае рашэньне аб наданьні новай вуліцы ў Менску імя Стэфаніі Станюты[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дата в истории: 112 лет назад в Минске основана женская правительственная гимназия (рас.). govorim.by (12 жніўня 2011). Праверана 20 кастрычніка 2014 г.
- ^ Стэфания Станюта — Чтобы помнили (рас.). belactors.info. Праверана 20 кастрычніка 2014 г. Архіўная копія ад 4 красавіка 2012 г.
- ^ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2 С. 152—153
- ^ Городские сны королевы Стефании (рас.). Минский курьер. Праверана 20 кастрычніка 2014 г.
- ^ В Минске трем новым улицам присвоены наименования (рас.). minsk.gov.by (17 кастрычніка 2014 году). Праверана 19 кастрычніка 2014 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стэфанія Станюта — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Жыцьцяпіс Стэфаніі Станюты (рас.)
- Жыцьцяпіс Стэфаніі Станюты (рас.) на бачыне «Кіноэкспэрт»
- Нарадзіліся 13 траўня
- Нарадзіліся ў 1905 годзе
- Памерлі 6 лістапада
- Памерлі ў 2000 годзе
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Асобы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы
- Народныя артысты СССР
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Кавалеры ордэна «Дружбы Народаў»
- Узнагароджаныя мэдалём Францішка Скарыны
- Нарадзіліся ў Менску
- Беларускія акторкі
- Савецкія акторкі
- Беларускія тэатральныя дзеячы
- Народныя артысты Беларускай ССР
- Памерлі ў Менску
- Асобы на марках