Доўгі Брод
Доўгі Брод, Даўгабродзкае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў заходняй частцы места, на поўдзень ад Вайсковых могілак, на старадаўнім Магілёўскім гасьцінцы. Архітэктурнай дамінантай мясцовасьці была Могілкавая царква-мураўёўка, якая захавалася да нашага часу.
На паўднёвы захад ад Доўгага Броду пачынаецца Стромкі Бераг, на паўночны захад — Залатая Горка, на ўсход — Сьляпянка, на поўдзень — Архірэйская Слабодка[1][2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва мясцовасьці ўтварылася ад броду цераз раку Сьлепню, што існаваў на старажытным Магілёўскім шляху. У XVIII—XIX стагодзьдзях у Магілёў пачалі вандраваць Ігуменскім гасьцінцам, а стары шлях выкарыстоўваўся, каб праехаць у навакольныя вёскі і сядзібы. Па ўзьнікненьні ў пачатку XX ст. урочышча Доўгага Броду (цяпер рог вуліцаў Батанічнай і гістарычнай Даўгабродзкай) людзі пачалі сяліцца ўздоўж старой Магілёўскай дарогі. Гэтак утварылася прадмесьце і Даўгабродзкая вуліца[3].
У пачатку XX ст. Доўгі Брод уваходзіў у трэцюю паліцэйскую частку места. Праз прадмесьце праходзілі Даўгабродзкая (цяпер Казлова, частка вуліцы захавала гістарычную назву), 2-я Даўгабродзкая (часткова Чапаева), Мар’еўская (захавалася часткова), Берасьцянская (захавалася часткова), Залатагорская, Высокая (часткова Платонава), Цьвёрдая (не захавалася) вуліцы[4][5].
У наш час пра колішняе прадмесьце напамінае Даўгабродзкая вуліца (у 1967 року яе перайменавалі ў гонар Казлова, аднак у 1987 року паўднёвай частцы вуліцы вярнулі гістарычную назву).
Старыя адрасы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вайсковыя могілкі. Царква Аляксадра Неўскага Маскоўскага патрыярхату, збудаваная ў 1898 року замест драўлянай у гонар перамогі ў расейска-турэцкай вайне 1877—1878 рокаў. На сьценах царквы дзьве мэмарыяльныя дошкі з прозьвішчамі 118 салдатаў-беларусаў 30-ай артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага палку, што загінулі пры ўзяцьці Плеўны. У наш час царква дзее.
- Маркаўскі завулак. Шпалерная фабрыка Фрындлянда, заснаваная ў 1911 року. На фабрыцы працавалі паравая машына магутнасьцю 40 конскіх сілаў, дынама-машына. Будынак фабрыкі разьмяшчаўся на цяперашняй вуліцы Зьмітрака Бядулі[6].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Месьцічы перад царквой, 1900 р.
-
Царква, 1905 р.
-
Царква, да 1915 р.
-
Могілкавая брама, 1941—44 рр.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 226.
- ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 251—252.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст., «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- Бондаренко В. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы, Менск стары і новы
- План губернского города Минска (1903), Бібліятэка Менчука (рас.)
- Формирование территории Минска (1800—2004), Бібліятэка Менчука (рас.)
- План губернского города Минска (1898), Бібліятэка Менчука (рас.)