Гасьцінец (шлях)
Гасьцінец — вялікая бойкая дарога, шырокі шлях з упарадкаванай праезнай часткай. Як правіла, з абодвух бакох быў абсаджаны дрэвамі, часам уздоўж дарогі ўзводзілі вадаправодныя збудаваньні.
У часы Вялікага Княства Літоўскага «гасьцямі» называлі купцоў, што займаліся замежным гандлем. Адсюль і пайшла назва дарог — гандлёвых шляхоў.
Гасьцінцы будаваліся для руху коннага транспарту. Яны праходзілі асноўнымі гандлёвымі шляхамі, былі галоўнымі магістралямі, злучалі вялікія месты з суседнімі землямі. Адметнасьцю гасьцінца былі разьмешчаныя ўздоўж яго заезныя двары з памяшканьнямі для купцоў, кузьні, корчмы, мытні, іншыя гаспадарчыя пабудовы, прызначаныя для абслугоўваньня падарожнікаў.
Гасьцінцы будаваліся за дзяржаўны кошт пры актыўным удзеле мясцовага насельніцтва. ІІІ Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 року ўсталёўваў памеры гасьцінца ды рэглямэнтаваў парадак руху па іх.
Некаторыя гасьцінцы мелі ўласныя назвы: напрыклад, дакумэнт 1619 року самым «Вялікім галоўным гасьцінцам, што ідзе зь Вялікага Княства Літоўскага да Любліну, па якім буйныя купцы зь цяжкімі таварамі часта праязджаюць» называе шлях ад Воршы праз Коханаў, Талачын, Бобр, Начу, Барысаў, Менск, Койданаў, Мікалаеўшчыну, Нясьвіж, Мір, Цырын, Моўчадзь, Слонім, Ражаную, Новы Двор, Шарашоў, Камянец і Берасьце. Назву «Вітаўтава дарога» меў гасьцінец на памежжы Валыні ды Палесься (XIV—XVII стст).
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крупка О. В., Пришляк В. В. Гостинець // Енциклопедія історії України. — Т. 2. — К.: Наукова думка, 2005. — С. 176—177.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1. — С. 284—285