Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Дата заснаваньня | XIV ст. |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны, таксама вядомы як Фарны касьцёл — помнік архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, першы касьцёл Менску. Знаходзіўся на Траецкай гары, якая паводле адной з вэрсіяў атрымала сваю назву ад тытула сьвятыні[1]. Апошні з збудаваных у розныя часы драўляных касьцёлаў згарэў у пачатку XIX ст., мураваную плябанію па Другой сусьветнай вайне зруйнавалі савецкія ўлады.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле паданьня, у 1390 року вялікі князь Ягайла заснаваў у Менску першы касьцёл. Каля 1460 року касьцёлу перадалі ў валоданьне фальварак Чурылавічы, які знаходзіўся на поўдзень ад места. Драўляны будынак згарэў разам зь местам у 1505 року, калі татарскае нашэсьце дашчэнту спаліла Менск[1] (паводле іншых зьвестак, касьцёл згарэў яшчэ 14 жніўня 1409 року[2]).
У 1508 року замест згарэлага збудавалі новы касьцёл, асьвечаны пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы. Сьвятыня знаходзілася на ўзгорку на левым узьбярэжжы Сьвіслачы. Апроч тытула Найсьвяцейшай Тройцы, у архіўных дакумэнтах касьцёл упамінаецца пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, а ў 1632 року — пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Міхала Арханёла.
Касьцёлу належала вялікая колькасьць пляцаў з пабудовамі, як на Траецкай гары, так і ў іншых частках места, а таксама карчма, Плябанскі млын на рацэ Сьвіслачы, сенажаці, лес і фальварак Чурылавічы (альбо Плябанец).
У 1709 року пры касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы біскуп Канстантын Казімер Бжастоўскі зацьвердзіў брацтва Шчасьлівай сьмерці. У 1720 (або 1716) року ксёндз Караль Пётар Панцяжыцкі збудаваў новы драўляны касьцёл.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл працягваў дзейнічаць. 14 жніўня 1809 року моцны пажар зьнішчыў сьвятыню, аднак захаваліся плябанія і гаспадарчыя пабудовы. У 1814 року зьявіўся праект новага мураванага касьцёла, арыентаванага галоўным фасадам на Траецкую вуліцу (Янкі Купалы). Аднак грошаў хапіла толькі на будваньне плябаніі на рагу зь Вялікай Барысаўскай (Максіма Багдановіча) вуліцай.
У 1832—1840 роках тытул Найсьвяцейшай Тройцы насіў касьцёл, які належаў да зачыненага дамініканскага кляштару і стаў ў той час парафіяльным. Па тым, як улады Расейскай імпэрыі зачынілі і гэтую сьвятыню, набажэнствы перанесьлі ў могілкавую капліцу на Залатой Горцы, якую ў 1842 року ўзьвялі ў ранг парафіяльнага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы. У 1864 року новазбудаваны на месцы драўлянай капліцы мураваны нэагатычны касьцёл асьвяцілі пад старажытным тытулам.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле візытацыі і інвэнтароў 1632 і 1636 рокаў, касьцёл быў драўляным на мураваным падмурку, крыжападобным у пляне. Галоўны фасад выходзіў на Траецкі Рынак[3]. Інтэр’ер упрыгожвалі 3 драўляныя разныя алтары. На хорах знаходзіўся арган.
Асобна стаяла званіца з 4 званамі. Побач разьмяшчаўся даволі вялікі будынак плябаніі, у якім месьціліся шпіталь, школа і касьцельнае брацтва. Каля касьцёла знаходзіліся парафіяльныя могілкі. Тэрыторыю сьвятыні атачала драўляная агароджа з брамамі[3].
Касьцёл, збудаваны ў пачатку XVIII ст., стаяў на мураваным падмурку і меў выгляд «кавалерскага крыжа» («krzyża kawalerskiego») зь вялікім купалам у цэнтры, вакол якога разьмяшчаліся 4 невялікія капліцы. Галоўны фасад упрыгожвалі дзьве невялікія вежы з залачонымі жалезнымі крыжамі, аздобленымі мэталічнымі шарамі.
У цэнтры галоўнага алтара знаходзіўся абраз Сьвятой Тройцы, абапал якога стаялі залачоныя скульптуры сьвятых Пятра і Паўла. Апрача таго, інтэр’ер упрыгожвалі яшчэ чатыры драўляныя разныя алтары, два зь якіх стаялі ў капліцах. На хорах знаходзіўся арган, выраблены ў 1745 року[4].
Побач з касьцёлам разьмяшчалася званіца з 3 званамі. На адлегласьці 50 крокаў ад касьцёла знаходзіўся комплекс гаспадарчых пабудоваў — плябанія, парафіяльная школа, багадзельня і іншыя. Тэрыторыя плябанскага пляцу, разам з садам і парафіяльнымі могілкамі агароджваў драўляны плот з брамай.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Яроменка А. Мінская Фара // «Наша вера» № 2(44), 2008.
- ^ Дзянісаў У. Першы касцёл // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 309.
- ^ а б Дзянісаў У. Менскі фарны касцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 298.
- ^ Дзянісаў У. Менскі фарны касцёл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 299.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. Шыбекі — Менск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|