Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны
Краіна Беларусь
Места Менск
Дата заснаваньня XIV ст.

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны, таксама вядомы як Фарны касьцёл — помнік архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў, першы касьцёл Менску. Знаходзіўся на Траецкай гары, якая паводле адной з вэрсіяў атрымала сваю назву ад тытула сьвятыні[1]. Апошні з збудаваных у розныя часы драўляных касьцёлаў згарэў у пачатку XIX ст., мураваную плябанію па Другой сусьветнай вайне зруйнавалі савецкія ўлады.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фара (13) з пляну 1793 року

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле паданьня, у 1390 року вялікі князь Ягайла заснаваў у Менску першы касьцёл. Каля 1460 року касьцёлу перадалі ў валоданьне фальварак Чурылавічы, які знаходзіўся на поўдзень ад места. Драўляны будынак згарэў разам зь местам у 1505 року, калі татарскае нашэсьце дашчэнту спаліла Менск[1] (паводле іншых зьвестак, касьцёл згарэў яшчэ 14 жніўня 1409 року[2]).

У 1508 року замест згарэлага збудавалі новы касьцёл, асьвечаны пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы. Сьвятыня знаходзілася на ўзгорку на левым узьбярэжжы Сьвіслачы. Апроч тытула Найсьвяцейшай Тройцы, у архіўных дакумэнтах касьцёл упамінаецца пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, а ў 1632 року — пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Міхала Арханёла.

Касьцёлу належала вялікая колькасьць пляцаў з пабудовамі, як на Траецкай гары, так і ў іншых частках места, а таксама карчма, Плябанскі млын на рацэ Сьвіслачы, сенажаці, лес і фальварак Чурылавічы (альбо Плябанец).

У 1709 року пры касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы біскуп Канстантын Казімер Бжастоўскі зацьвердзіў брацтва Шчасьлівай сьмерці. У 1720 (або 1716) року ксёндз Караль Пётар Панцяжыцкі збудаваў новы драўляны касьцёл.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак колішняй плябаніі, 1930

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793) касьцёл працягваў дзейнічаць. 14 жніўня 1809 року моцны пажар зьнішчыў сьвятыню, аднак захаваліся плябанія і гаспадарчыя пабудовы. У 1814 року зьявіўся праект новага мураванага касьцёла, арыентаванага галоўным фасадам на Траецкую вуліцу (Янкі Купалы). Аднак грошаў хапіла толькі на будваньне плябаніі на рагу зь Вялікай Барысаўскай (Максіма Багдановіча) вуліцай.

У 1832—1840 роках тытул Найсьвяцейшай Тройцы насіў касьцёл, які належаў да зачыненага дамініканскага кляштару і стаў ў той час парафіяльным. Па тым, як улады Расейскай імпэрыі зачынілі і гэтую сьвятыню, набажэнствы перанесьлі ў могілкавую капліцу на Залатой Горцы, якую ў 1842 року ўзьвялі ў ранг парафіяльнага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы. У 1864 року новазбудаваны на месцы драўлянай капліцы мураваны нэагатычны касьцёл асьвяцілі пад старажытным тытулам.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле візытацыі і інвэнтароў 1632 і 1636 рокаў, касьцёл быў драўляным на мураваным падмурку, крыжападобным у пляне. Галоўны фасад выходзіў на Траецкі Рынак[3]. Інтэр’ер упрыгожвалі 3 драўляныя разныя алтары. На хорах знаходзіўся арган.

Асобна стаяла званіца з 4 званамі. Побач разьмяшчаўся даволі вялікі будынак плябаніі, у якім месьціліся шпіталь, школа і касьцельнае брацтва. Каля касьцёла знаходзіліся парафіяльныя могілкі. Тэрыторыю сьвятыні атачала драўляная агароджа з брамамі[3].

Касьцёл, збудаваны ў пачатку XVIII ст., стаяў на мураваным падмурку і меў выгляд «кавалерскага крыжа» («krzyża kawalerskiego») зь вялікім купалам у цэнтры, вакол якога разьмяшчаліся 4 невялікія капліцы. Галоўны фасад упрыгожвалі дзьве невялікія вежы з залачонымі жалезнымі крыжамі, аздобленымі мэталічнымі шарамі.

У цэнтры галоўнага алтара знаходзіўся абраз Сьвятой Тройцы, абапал якога стаялі залачоныя скульптуры сьвятых Пятра і Паўла. Апрача таго, інтэр’ер упрыгожвалі яшчэ чатыры драўляныя разныя алтары, два зь якіх стаялі ў капліцах. На хорах знаходзіўся арган, выраблены ў 1745 року[4].

Побач з касьцёлам разьмяшчалася званіца з 3 званамі. На адлегласьці 50 крокаў ад касьцёла знаходзіўся комплекс гаспадарчых пабудоваў — плябанія, парафіяльная школа, багадзельня і іншыя. Тэрыторыя плябанскага пляцу, разам з садам і парафіяльнымі могілкамі агароджваў драўляны плот з брамай.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Яроменка А. Мінская Фара // «Наша вера» № 2(44), 2008.
  2. ^ Дзянісаў У. Першы касцёл // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 309.
  3. ^ а б Дзянісаў У. Менскі фарны касцёл // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 298.
  4. ^ Дзянісаў У. Менскі фарны касцёл // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 299.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]