Перайсьці да зьместу

Старосьцінская Слабада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старосьцінская Слабада, 1941 р.

Старосьцінская Слабада, або Старосьцінскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночнай частцы места, паміж Старажоўскімі могілкамі і рэчышчам Сьвіслачы.

На паўднёвы захад ад Старосьцінскай Слабады пачынаецца Татарская Слабада, на паўночны захад — Людамонт, на паўночны ўсход — Старажоўка, на паўднёвы ўсход — Траецкае прадмесьце[1][2].

Наверсе здымка: Людамонт (налева) і Старосьцінская Слабада (направа)

За часамі Вялікага Княства Літоўскага гэтая мясцовасьць, відаць, была дзяржаўным маёнткам, які складаў кармленьне старосты менскага, што ўзначальваў тутэйшы гродзкі суд. Гэтая вэрсія паходжаньня назвы пацьвярджаецца тым, што аднайменная з прадмесьцем вуліца патрапіла да сьпісу «нерасейскіх» (г. зн. немаскоўскіх) тапонімаў, якія расейскія ўлады перайменавалі ў 1866 року. Старосьцінскую Слабаду перайменавалі ў Старую Слабаду, але традыцыйная гістарычная назва яшчэ доўга не саступала месца наватвору, часта сустракалася нават у афіцыйных дакумэнтах[3].

На месцы малапавярховай забудовы Старосьцінскай Слабады цяпер месьціцца шматкватэрны жылы дом

У пачатку XX ст. Старосьцінская Слабада ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Праз прадмесьце праходзілі Міхайлаўская, Стараслабадзкая, Маладэчанская і Радашкаўская вуліцы[1][4].

Вуліца Стараслабадзкая праіснавала да сярэдзіны 1980-х рокаў, калі на яе месцы збудавалі велізарны белы гмах з крамай «Панарама». На паседжаньні 6 траўня 2009 року Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску прыняла пастанову аб наданьні безыменнай паркавай зоне ў складзе ляндшафтава-рэкрэацыйных тэрыторыяў уздоўж ракі Сьвіслач, у межах вул. Камуністычная — вул. Старажоўская — рака Сьвіслач назвы «Старосьцінская слабада»[5].

У наш час пра існаваньне прадмесьця сьведчыць аднайменная паркавая зона.

  • Міхайлаўская, 2. Дом Каўфмана. Другая вышэйшая пачатковая вучэльня. Адкрылася 1 ліпеня 1905 року, як меская чатырохклясная. У 1907 року атрымала дазвол на выкладаньне замежнай мовы. 1 студзеня 1913 року была ператвораная ў вышэйшую пачатковую вучэльню, пераехала на Койданаўскую вуліцу. Першы будынак вучэльні месьціўся ў прырэчнай частцы цяперашняй Камуністычнай вуліцы[6].
  1. ^ а б Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 223—224.
  4. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  5. ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // «Наша Ніва», 14 траўня 2009.
  6. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 274.
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]