Якуб Дадэрка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Якуб Дадэрка
Якуб Дадэрка. Невядомы мастак, XVIII ст.
Якуб Дадэрка. Невядомы мастак, XVIII ст.

Герб «Дадэркалы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 ліпеня 1753
Памёр 13 лютага 1829
Род Дадэркі
Бацькі Караль Дадэрка[d]
Клара з Міравіцкіх[d]
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Якуб Ігнацы Дадэрка (па-польску: Jakub Ignacy Dederko; 15 ліпеня 1753, Вількамірскі павет — 13 лютага 1829) — рымска-каталіцкі дзяяч, менскі біскуп (17981816)[1].

Кавалер ордэнаў Сьв. Станіслава (1789), Белага Арла (1794), Сьв. Ганны І ступені (1808), Сьв. Ўладзімера ІІ ступені (1812).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Дадэркаў гербу «Дадэркала» [2], сын Караля, скарбніка драгіцкага, і Кляры зь Міравіцкіх.

Па навучаньні ў Віленскай Акадэміі 14 жніўня 1770 уступіў у Таварыства Езуса. Па скасаваньні ордэна выехаў у Польшчу.

У 26 жніўня 1776 беларускі суфраган-біскуп Фэлікс Тавянскім пасьвяціў яго ў сьвецкія сьвятары. Канонік Віленскае катэдры (1781), дэпутат літоўскага духоўнага трыбуналу (1783, 1786, 1788, 1791), інфулят Алыцкі (1789).

Дзякуючы пратэкцыі караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1789 прызначаны луцкім біскупам, але з прычыны падкопаў таргавіцкіх канфэдэратаў яму не ўдалося атрымаць намінацыі.

Па акупацыі Вялікага Княства Літоўскага войскамі Расейскай імпэрыі ў 1793 сустракаўся з генэралам М. Крачэтнікавым як дэлегат Віленскае і Луцкае капітулаў, а таксама Алыцкае калегіяты (1795). У наступным годзе ў той жа якасьці накіраваўся да Паўла І.

У верасьні 1798 прызначаны першым біскупам менскім. Прыкладаў вялікія намаганьні дзеля адбудовы і аздабленьня Менскае катэдры. Заклаў у 1810 у Менску Таварыства дабрачыннасьці для бяздомных, сіротаў, жабракоў і невылечна хворых.

У француска-расейскую вайну (1812) выступіў супраць Расеі і 19 ліпеня абвясьціў з амбона катэдры «Менскую канфэдэрацыю». У 16 траўня 1816 расейскія ўлады выслалі Я. Дадэрку ў Алыку, дзе ён заставаўся пад наглядам Луцкага біскупа да самае сьмерці[3].

Пячаткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малая пячатка біскупа Якуба Дадэркі

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі захоўваюцца дзьве пячаткі, якія належалі Яго Эксцэленцыі[3]:

  • Вялікая пячатка: у полі пячаткі француская тарча (геральдычны колер не вызначаны) з гербам «Дадэркала». Над тарчай — шляхецкая карона. З абодвух бакоў — мітра і біскупскі посах. Пад тарчай, на стужках — ордэны Сьв. Станіслава і Белага Арла. Усё ў аблямаваньні сьвятарскага капелюша ды 10 кутасоў на шнурах у чатыры шэрагі з кожнага боку (1, 2, 3, 4) (адпавядае ступені арцыбіскупа).

Легенда па колу: IACOBUS. IGNATIUS : DEDERKO : DEI : ET APOSTOLICE : SEDIS : GRATIA : PRIMUS : MINSCENSIS EPISCOP. (Якуб Ігнаці Дадэрка Міласьцю Божай і Апостальскае Сталіцы Першы Менскі біскуп.)

Воск, чырвоны, шырыня 67 мм.[4]

  • Малая пячатка: у полі пячаткі француская чатырохчастная тарча з выявамі наступных гербаў: «Дадэркала» (родавы герб біскупа Дадэркі), «Бродзіц» (герб маці — Кляры зь Міравіцкіх), «Трубы» (герб бабкі па бацьку — Ружы з Войнаў), «Равіч» (герб бабкі па маці — прозьвішча не ўдакладнена). У сэрцавым шыльду манаграма ІД. Над тарчай — шляхецкая карона. З абодвух бакоў — мітра і біскупскі посах. Пад тарчай на стужках — ордэны Сьв. Станіслава і Белага Арла. Усё ў аблямаваньні сьвятарскага капелюша ды 6 кутасоў на шнурах у тры шэрагі з кожнага боку (1, 2, 3).

Сургуч, чырвоны, шырыня 30 мм.[5]

Папярэднік
Менскія біскупы
17981829
Наступнік
Матэвуш Ліпскі

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Дадэрка // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск, 2001.
  2. ^ Гербы беларускай шляхты Герб Дадэркала (уласны)  (бел.)
  3. ^ а б Андрэй Шпунт. Невядомыя пячаткі // «Наша Вера» № 2 (5), 1998.
  4. ^ НГА Беларусі. Фонд 1781, вопіс 27, справа 103. Арк. 73 зв. (1799 год).
  5. ^ НГА Беларусі. Фонд 1781, вопіс 27, справа 103. Арк. 75. (1799 год).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Якуб Дадэркасховішча мультымэдыйных матэрыялаў