Фёдар Дастаеўскі
Фёдар Дастаеўскі | |
рас. Фёдор Михайлович Достоевский | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Д.; Друг Кузьмы Пруткова; Зубоскал; —ий, М.; Летописец; М-ий; Н.Н.; Пружинин, Зубоскалов, Белопяткин и К° [коллективный]; Ред.; Ф.Д.; N.N.[1] |
Нарадзіўся | 30 кастрычніка (11 лістапада) 1821[2][3][4][…] |
Памёр | 28 студзеня (9 лютага) 1881[3][2][7][…] (59 гадоў) |
Пахаваны | |
Бацькі | Міхаіл Дастаеўскі[d] Maria Fiodorovna Dostoïevskaïa[d] |
Сужэнец | Ганна Дастаеўская[d][10][6] і Maria Dostoevskaya[d] |
Дзеці | Любоў Дастаеўская[d][6] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | празаік, філёзаф |
Гады творчасьці | 1846—1880 |
Кірунак | рэалізм |
Мова | расейская мова[11] |
Значныя творы | |
Подпіс | |
https://fedordostoevsky.ru |
Фёдар Міха́йлавіч Дастае́ўскі (па-расейску: Фёдор Михайлович Достоевский; 11 лістапада [ст. ст. 30 кастрычніка] 1821, Масква — 28 студзеня (9 лютага) 1881, Пецярбург) — адзін з найвыбітнейшых расейскіх пісьменьнікаў, мае беларускае паходжаньне.
Літаратурная спадчына Дастаеўскага выяўляе чалавечую псыхалёгію ў трывожным палітычным, сацыяльным і духоўным кантэксьце расейскага грамадзтва XIX стагодзьдзя. Разглядаемы многімі ў якасьці заснавальніка альбо папярэдніка экзыстэнцыялізму XX стагодзьдзя, яго «Запіскі з падпольля» (1864), напісаныя азлобленым голасам ананімнага «чалавек з падпольля», былі названыя Вальтэрам Каўфманам «найлепшай калі-кольвек напісанай увэрцюрай экзыстэнцыялізму»[12]. Зьяўляючыся яскравай фігурай сусьветнай літаратуры, Дастаеўскі часта прызнаецца крытыкамі адным з найлепшых псыхолягаў у сусьветнай літаратуры[13].
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходзіць зь вялікалітоўскага (беларускага[14]) шляхецкага роду Дастаеўскіх[15]. У Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці дагэтуль застаецца вёска з назвай Дастоева, дзе раней знаходзіўся радавы маёнтак Дастаеўскіх[16]. Гэты маёнтак 6 кастрычніка 1506 году за заслугі атрымаў у валоданьне ад пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча Даніла Іванавіч Рцішчаў, нашчадкі якога з гэтага часу сталі звацца Дастаеўскімі[17]. Гэтую вёску ў красавіку 2007 году наведаў праўнук Фёдара Дастаеўскага — Дзьмітры Дастаеўскі[18]. У сярэдзіне XVIII ст. адна з галінаў фаміліі Дастаеўскіх перасялілася ва Ўкраіну, дзе яны пачалі люта супраціўляцца ўплыву польскага каталіцызму і, у большасьці сваёй не прыняўшы яго, уліліся ў шэрагі праваслаўнага духавенства[19].
Бацька Фёдара Міхайлавіча Міхаіл Андрэевіч Дастаеўскі быў першым зь сям’і, хто парушыў сямейную традыцыю служэньню царкве. Будучы 15-гадовым юнаком, ён абвясьціў сваё жаданьне стаць лекарам. Употай ад бацькі, але з блаславеньня маці, ён назаўжды пакінуў бацькоўскі дом і адправіўся ў Маскву вучыцца мэдыцыне[19].
Прыехаўшы ў Маскву, Міхаіл Дастаеўскі паступіў ў Мэдыка-хірургічную акадэмію. Падчас вайны 1812 году лечыць хворых і параненых у розных шпіталях і выходзіць у чыне штаб-лекара. 24 сакавіка 1821 году прызначаецца «на вакансію лекара» ў маскоўскі Марыінскі шпіталь для бедных. У 1819 узяў шлюб на Марыі Фёдараўне Нячаевай (рас. Мария Фёдоровна Нечаева), дачцэ маскоўскага купца. У 1831 годзе ён здолеў купіць маёнтак у 150 вёрстах ад Масквы ў Тульскай губэрні, які складаўся з 500 дзесяцінаў зямлі і вёсак Даравое і Чармошня[19].
Жыцьцё і творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юнацтва пісьменьніка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі нарадзіўся 30 кастрычніка (11 лістапада) 1821 году ў Маскве і быў другім з 7 дзяцей. 4 лістапада нованароджаны быў хрышчоны ў царкве апосталаў Пятра і Паўла пры Марыінскім шпіталі для незаможных. Яму далі імя Фёдар у гонар дзеда яго маці[19].
Калі Дастаеўскаму было 15 год, яго маці памерла ад сухотаў, і бацька адправіў старэйшых сыноў Фёдара і Міхаіла (які пазьней таксама стаў пісьменьнікам), у пансіён К. Ф. Кастамарава ў Пецярбурзе. Пісьменьнік хварэў эпілепсіяй і першы прыступ здарыўся ва ўзросьце сямі гадоў.
1837 год стаў важнай датай для Дастаеўскага. Гэта год сьмерці маці, год сьмерці Пушкіна, творчасьцю якога ён (як і яго брат) захапляўся зь дзяцінства, год пераезда ў Пецярбург і паступленьня ў ваенна-інжэнэрную вучэльню. У 1839 годзе ён атрымлівае навіну аб забойстве бацькі прыгоннымі сялянамі. За год да звальненьня з ваеннай службы Дастаеўскі ўпершыню перакладае і выдае «Яўгенію Грандэ» Бальзака (1843). Праз год выходзіць у сьвет яго першы твор «Бедныя людзі», і ён адразу становіцца вядомым: В. Бялінскі высока ацаніў гэты твор. Але наступная кніга «Двайнік» сутыкаецца зь непаразуменьнем. Пасьля публікацыі аповесьці «Белыя ночы» ён быў арыштаваны (1849) па «справе Петрашэўскага». Суд і жорсткі прысуд да сьмяротнага пакараньня (22 сьнежня 1849) на Сямёнаўскам пляцы быў абстаўлены як трагіфарс (інсцэніроўка пакараньня). У апошні момант асуджаным было абвешчана аб памілаваньні і ім прызначалі пакараньне ў выглядзе катаржных работаў. У выніку гэткіх пэрэпэтыяў адзін з падсудных, Грыгор’еў, звар’яцеў. Уражаньні, якія ён мог іспытваць перад сьмяротным пакараньнем, Дастаеўскі перадаў словамі князя Мышкіна ў адным з маналёгаў у рамане Ідыёт
Падчас непрацяглага знаходжаньня ў Табольску на шляху да месца катаргі (11—20 студзеня 1850 году) пісьменьнік сустрэўся з жонкамі сасланых дзекабрыстаў, якія падаравалі яму Эвангельле. Гэтую кнігу пісьменьнік пасьля захоўваў усё жыцьцё.
Наступныя 4 гады Дастаеўскі правёў на катарзе ў Омску. У 1854 годзе, калі мінулі чатыры гады, на якія Дастаеўскі быў асуджаны, ён быў вызвалены з катаргі і пасланы шарагоўцам у сёмы лінэйны сыбірскі батальён. Служыў у фартэцыі ў Сяміпалацінску і даслужыўся да прапаршчыка. Пасябрыўся з Чоканам Валіханавым, будучым казаскім падарожнікам і этнографам[20]. Тамака маладому пісьменьніку і маладому навукоўцу ўсталяваны сумесны помнік. Тут у яго пачаўся раман з Марыяй Дзьмітрыеўнай Ісаевай, жонкай былога чыноўніка па адмысловых даручэньнях, да моманту знаёмства — беспрацоўнага п’яніцы. У 1857 годзе, неўзабаве пасьля сьмерці яе мужа, ён узяў шлюб з 33-гадовай удавой у Кузьнецку. Пэрыяд зьняволеньня і ваеннай службы быў паваротным у жыцьці Дастаеўскага: з «шукальніка праўды ў чалавеку», які яшчэ ня вызначыўся ў жыцьці ён пераўтварыўся ў глыбока рэлігіёзнага чалавека, адзіным ідэалам якога на ўсё наступнае жыцьцё стаў Хрыстос.
У 1859 годзе ў «Отечественных записках» Дастаеўскі публікуе свае аповесьці «Вёска Сьцяпанчыкава і яго насельнікі» і «Дзядзюшкін сон».
Пасьля ссылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1859 годзе Дастаеўскія пакінулі Сяміпалацінск, а ў 1860 годзе Дастаеўскі разам з жонкай і прыёмным сынам Паўлам вярнуўся ў Пецярбург, але негалоснае назіраньне за ім працягвалася да сярэдзіны 1870-х гадоў. У пэрыяд з 1860 па 1866 год ён працаваў з братам ва ўласным часопісе «Время», затым «Эпоха», пісаў «Занатоўкі зь мёртвага дому», «Прыніжаныя і зьняважаныя», «Зімовыя нататкі аб летніх уражаньнях» і «Запіскі з падпольля».
Вандроўка за мяжу з маладой эмансыпаванай асобай Апалінарыяй Суславай, спусташальная гульня ў рулетку, пастаянныя спробы адшукаць грошай і ў той час — сьмерць жонкі і брата ў 1864 годзе. Гэты час яго адкрыцьця для сябе Захаду і ўзьнікненьня крытычнага да яго стаўленьня.
У безвыходным матэрыяльным становішчы Дастаеўскі піша главы «Злачынства і пакараньня», адсылаючы іх напрасткі ў часопісавы набор, якія друкуюцца з нумара ў нумар. У гэты ж час, пад пагрозай страты правоў на свае выданьні на 9 год на карысьць выдаўца Ф. Т. Сьцялоўскага, ён абавязаны напісаць «Гульца», хаця, па словах самога пісьменьніка, у яго тады не ставала фізычных сілаў на будзь-якое яшчэ натаваньне, бо "ажно рукі балелі"[21][22]. Па савету сяброў Дастаеўскі наймае маладую стэнаграфістку Ганну Рыгораўну Сьніткіну, якая дапамагае яму адолець гэтую задачу.
Раман «Злачынства і пакараньне» скончаны і выдатна аплачаны, але дзеля таго, каб гэтых грошай у яго не адабралі крэдыторы, пісьменьнік зьяжджае за мяжу са сваёй новай жонкай, Ганнай Рыгораўнай Сьніткінай. Вандроўка адлюстраваная ў дзёньніку, які ў 1867 годзе пачала весьці Г. Р. Сьніткіна-Дастаеўская. На шляху ў Нямеччыну супругі прыпыніліся на некалькі дзён у Вільні. На будынку, які разьмешчаны на тым месцы, дзе знаходзіўся гатэль, у якім прыпыняліся Дастаеўскія, у сьнежні 2006 году была адкрытая мэмарыяльная шыльда (аўтар — Рамуальдас Квінтас)[23].
Роськвіт творчасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьніткіна ўладкавала жыцьцё пісьменьніка, узяла на свой клопат увесь эканамічны бок яго дзейнасьці, а з 1871 году Дастаеўскі назаўжды кінуў рулетку.
25 кастрычніка 1866 году, за дваццаць адзін дзень, быў напісаны раман «Гулец».
Апошнія 8 год пісьменьнік пражыў у горадзе Старая Руса Наўгародзкае губэрні. Гэтыя гады жыцьця былі вельмі плённымі: 1872 — «Д’яблы», 1873 — пачатак «Дзёньніка пісьменьніка» (сэрыя фэльетонаў, нарысаў, палемічных занатовак і прагных публіцыстычных зацемак на злобу дня), 1875 — «Падлетак», 1876 — «Ціхмяная». 1879—1880 — «Браты Карамазавы». У гэты ж час дзьве падзеі сталі значнымі для Дастаеўскага. У 1878 годзе імпэратар Аляксандар II запрасіў да сябе пісьменьніка, каб прадставіць яго сваёй сям’і, і ў 1880 годзе, усяго толькі за год да сьмерці, Дастаеўскі прачытаў вядомую прамову на адкрыцьці помніка Пушкіну ў Маскве.
Нягледзячы на тую вядомасьць, якую Дастаеўскі атрымаў у канцы свайго жыцьця, сапраўды непераходзячая, сусьветная слава прыйшла да яго пасьля сьмерці. Напрыклад, Фрыдрых Ніцшэ казаў: "Ён (Дастаеўскі) — адзіны псыхоляг, у якога можна нечаму павучыцца" («Сутоньне ідалаў»)[24].
26 студзеня (9 лютага) 1881 году сястра Дастаеўскага Вера Міхайлаўна прыехала ў дом Дастаеўскіх, каб папытаць брата адмовіцца ад сваёй долі разанскага маёнтка, які яна ўспадкавала ад сваёй цёткі, на карысьць сясьцёр. Па аповеду Любові Фёдараўны Дастаеўскай, была бурная сцэна з тлумачэньнямі і сьлязьмі, пасьля чаго ў Дастаеўскага пайшла кроў горлам. Верагодна, гэтая непрыемная размова стала першым штуршком да абвастрэньня яго хваробы (эмфізэмы) — праз два дні вялікі літаратар сканаў.
Філязофія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як паказаў Алег Нагавіцын у сваёй рабоце[25], Дастаеўскі зьяўляецца самым яскравым прадстаўніком «анталягічнай», «рэфлексіўнай» паэтыкі, якая ў адрозьненьне ад традыцыйнай, апісальніцкай паэтыкі, пакідае пэрсанаж у некаторым сэнсе свабодным у сваіх адносінах з тэкстам, які яго апісвае (то бок для яго сьветам), што праяўляецца ў тым, што ён усьведамляе сваё зь ім дачыненьне і дзейнічае сыходзячы зь яго. Адсюль уся парадаксальнасьць, супярэчлівасьць і непасьлядоўнасьць пэрсанажаў Дастаеўскага. Калі ў традыцыйнай паэтыцы пэрсанаж застаецца заўжды пад уладаю аўтара, заўжды ахоплены падзеямі, якія зь ім адбываюцца, то бок застаецца цалкам апісальным, цалкам уключаным у зьмест, які падпарадкаваны прычынам і вынікамі, руху апавяданьня, то ў анталягічнай паэтыцы мы ўпершыню сутыкаемся з пэрсанажам, які імкнецца супрацівіцца тэкстуальным стыхіям, сваёй падуладнасьці тэксту, спрабуючы яго «перапісаць». Пры такім падыходзе пісьменьніцтва ёсьць не апісаньне пэрсанажа ў рознабаковых сытуацыях і палажэньнях яго ў сьвеце, а суперажываньне яго трагедыі — яго свавольным нежаданьні прыняць тэкст (сьвет), у яго неізьлішкавай лішкавасьці ў дачыненьні да яго, патэнцыйна бясконцасьці. Упершыню на такое асаблівае стаўленьне Дастаеўскага да сваіх пэрсанажаў зьвярнуў увагу Бахцін М. М.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы тэкстаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Выбраныя творы : Пер.з рус. А. Каляды / Фёдар Дастаеўскі; Прадм. А. Рагулі. — Мн. : Беларускі кнігазбор, 2004. — 672 с — (Беларускі кнігазбор: замежная літаратура) ISBN 985-6730-38-4
- Дастаеўскі Фёдар. Аповесці. Апавяданні. Укл. і пер. А. Каляды; Прадм. В. Іваноўскага. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2002. — 640 с.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Волоцкой М. В. Хроника рода Достоевского. Москва, 1933.
- Ф. М. Достоевский. Новые материалы и исследования. Литературное наследство. Т. 86. Москва, 1973.
- Волгин И. Л. Родиться в России. Достоевский и современники: жизнь в документах. Москва, 1991.
- Колокольцов В. Б. Достоевские // Дворянский календарь: Справочная родословная книга российского дворянства. Тетрадь 3. Санкт-Петербург: Вирд, 1997. С. 62—67. ISBN 89559-007-1.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Иван Масанов, «Словарь псевдонимов русских писателей, учёных и общественных деятелей». В 4-х томах. — М., Всесоюзная книжная палата, 1956—1960 гг.
- ^ а б в Белкин А. А. Достоевский Ф. // Краткая литературная энциклопедия (рас.) — Москва: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 2.
- ^ а б в Кирпичников А. Достоевский, Федор Михайлович (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. XI. — С. 72—81.
- ^ T. Se. Dostoievsky, Feodor Mikhailovich (анг.) // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 8. — P. 438—439.
- ^ Кирпичников А. Достоевский, Федор Михайлович (рас.) // Энциклопедический словарь — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. XI. — С. 72—81.
- ^ а б в Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
- ^ Fjodor Dostojewski (нід.)
- ^ Бороздин А. К. Достоевский, Федор Михайлович (рас.) // Русский биографический словарь — СПб: 1905. — Т. 6. — С. 608—670.
- ^ http://www.sciencedirect.com/science/article/pii/0304347981900478
- ^ Достоевская, Анна Григорьевна (рас.) // Доде — Евразия — 1931. — Т. 23. — С. 331—332.
- ^ Dostoevskij, Fedor Mihajlovič // CONOR.SI
- ^ Existentialism from Dostoyevsky to Sartre Walter Kaufmann ISBN 0-452-00930-8 С. 12
- ^ Britannica «Russian literature» Encyclopedia Britannica.
- ^ Дастаеўскі Фёдар Міхайлавіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 263
- ^ Артыкул Алеся Кажэдуба «Родом от Данилы Ртищева» на сайце «Литературной газеты»: Анна Григорьевна Достоевская написала в 1897 г. священнику в село Достоево на Брестчине: «Мой покойный муж Фёдор Михайлович Достоевский много раз говорил мне, что его род происходит из (исторической) Литвы от пинского маршалка Достоевского, избранного в сейм в 1598 г. Пётр Достоевский и его потомки жили в Достоеве».
- ^ Сьвятлана Яськевіч. Дастаеўскі з Дастоева(недаступная спасылка) // Зьвязда, 11 лістапада 2006
- ^ Зеркало недели. — № 3. — 27 студзеня — 2 лютага 2007
- ^ На радзіму Дастаеўскага прыехаў яго праўнук(недаступная спасылка) // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 22 красавіка 2007
- ^ а б в г Анри Труайя. Федор Достоевский. — М.: ЭКСМО, 2004. — 480 с (Серия «Русские биографии») ISBN 5-699-03260-6
- ^ https://web.archive.org/web/20120818064339/http://www.semsk.kz/city/dost_m.htm Литературно-мемориальный дом-музей Ф. М. Достоевского
- ^ Капустинъ Александръ. Ф. Достоевскій “Крокодилъ”. Кто же они, герои? Томскъ, 1917 - стар. 7
- ^ Андреева Наталья. Разный Достоевский. Рига, 1959 - стар. 73
- ^ В центре Вильнюса открыли памятную доску Федору Достоевскому
- ^ Зорина Нина Известный и неизвестный Достоевский. Алма-Ата, 1991 - с. 189
- ^ Ноговицын О. М. «Поэтика русской прозы. Метафизическое исследование», ВРФШ, СПб., 1994
- Нарадзіліся 11 лістапада
- Нарадзіліся ў 1821 годзе
- Нарадзіліся ў Маскве
- Памерлі 9 лютага
- Памерлі ў 1881 годзе
- Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
- Пахаваныя ў Санкт-Пецярбургу
- Дастаеўскія
- Фёдар Дастаеўскі
- Расейскія літаратары
- Расейцы беларускага паходжаньня
- Расейскія філёзафы
- Рэпрэсаваныя ў Расейскай імпэрыі
- Высланыя ў Сібір
- Асобы на марках
- Вязьні Петрапаўлаўскай крэпасьці