Залатая Горка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы — сымбаль прадмесьця

Залатая Горка, Залатагорскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў заходняй частцы места, на ўсход ад Мескага саду і Захараўскага моста, вакол Залатагорскіх каталіцкіх могілак. Архітэктурнай дамінантай мясцовасьці быў касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, які захаваўся да нашага часу.

Інтэр’ер касьцёла, 1868 р.

На захад ад Залатой Горкі пачынаецца цэнтральнае Новае Места, на паўночны захад — Траецкае прадмесьце, на паўночны ўсход — Камароўка, на ўсход — Сьляпянка, на паўднёвы ўсход — Доўгі Брод, на поўдзень — Стромкі Бераг[1][2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Залатая Горка з боку Валокаў Полацкіх. Ч. Манюшка, 1840 р.

У пачатку XIX ст. непадалёк ад вёскі Камароўкі знаходзіўся найвышэйшы ўзгорак ў акрузе — Залатая Горка. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня гэтай назвы. Паводле адной зь іх, такую назву горка атрымала ад залацістага восеньскага лісьця мясцовага кляновага гаю. Другая вэрсія тлумачыць паходжаньне назвы тым, што нібы ў гэтай мясцовасьці знаходзілі шмат залатых скарбаў. Паводле іншай легенды, назва мае зьвязак з паданьнем пра вялікую горку залатых манэтаў, што сабраў мясцовы ксёндз у час лютаваньня эпідэміі халеры. Грошы, згодна з паданьнем, пайшлі на будаваньне касьцёла ў гонар сьвятога Роха — абаронцы людзей і жывёлін ад эпідэмічных захвораньняў[3][4].

У 1790 року ў гэтай частцы Менску адкрыліся каталіцкія могілкі, на якіх збудавалі драўляную капліцу. У 1864 року на месцы капліцы збудавалі мураваны касьцёл сьвятога Роха[5].

Паводле падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. Залатая Горка (або «Злота Горка») была адметная «ягаднымі палямі і гуляньнямі на іх у пэўную пару року»[6].

Залатая Горка з боку Валокаў Полацкіх, 1870-я рр.

У пачатку XX ст. Залатая Горка ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Праз прадмесьце праходзілі Захараўская (цяпер частка праспэкта Незалежнасьці), Даўгабродзкая (Казлова), Белацаркоўная, Красная і Правіянцкая (Захарава), Маляўшчынская, Сьляпянская (абедзьве не захаваліся), Могілкавая (Смалячкова), Залатагорская (Чырвоназоркавая), Шпітальная (Фрунзэ) вуліцы, Залатагорскі і Лагойскі завулкі[7][8].

У 1916 року ў раёне Залатой Горкі адкрылася трэцяе ў Менску паштовае аддзяленьне[9].

У наш час тапонім Залатая Горка застаўся ў Менску. У 1987 року такую назву атрымала вуліца, пракладзеная па Другой сусьветнай вайне тэрыторыяй колішняга прадмесьця, захаваўся і Залатагоркі касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Сьвятога Роха).

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян прадмесьця
  • Другі Шпітальны завулак, 2, дом Мэрыканці. Дзённы прытулак «Ясьлі». Існаваў з 1 студзеня 1905 року. Цяпер на гэтым месцы стаіць Дом літаратара Саюза пісьменьнікаў Беларусі (рог вуліцаў Фрунзэ й Румянцава, 5/2).
  • Горны завулак. Завод мазаічных вырабаў Судніка, нацыянальна сьвядомага беларускага прамыслоўцы. Прадпрыемства знаходзілася ля Вайсковых могілак.
  • Залатая Горка. Траецкі Залатагорскі касьцёл Сьвятога Роха, збудаваны ў пачатку 1860-х рокаў на месцы драўлянай капліцы. У чэрвені 1941 року гарэў. У 1984 року скончылася рэстаўрацыя сьвятыні. Цяпер будынак зноў у валоданьні Касьцёла.
  • Захараўская 133, дом Ржэцкай. Тут, у кватэры П. Румянцава 1—3 сакавіка 1898 року адбыўся 1-ы зьезд РСДРП. У гэтым будынку 14 сакавіка 1923 року адкрыўся Дом-музэй I зьезду РСДРП (праспэкт Незалежнасьці, 31а). У пэрыяд Другой Сусьветнай вайны спалены. У 1948 року адноўлены, перанесены бліжэй да ракі Сьвіслачы.
  • Першы Шпітальны завулак, дом Параф’яновіча. У 1977—1878 роках тут зьбраўся народніцкі гурток Зямля і Воля. Гэта першая менская рэвалюцыйная штаб-кватэра месьцілася ў раёне сучаснага кінатэатра «Мір».
  • Правіянцкая, 11, дом Бохана. Дарафей Бохан — вядомы ў месьце пісьменьнік і журналіст, дасьледнік фальклёру і тутэйшай мінуўшчыны. За выступленьне ў друку супраць земскіх начальнікаў у 1908 року сядзеў у менскай вязьніцы. Ягоны дом стаяў у раёне цяперашняга інстытуту замежных моваў.
  • Сьляпянская, 6, дом Кастравіцкай. Домаўладальніцай была Дар’я Кастравіцкая, жонка Каруся Каганца, самабытнага беларускага пісьменьніка, грамадзкага дзеяча і мастака. Цяпер Сьляпянскай вуліцы не існуе.
  • Шпітальная, дом Насовічаў. У 1879 року тут знаходзілася бібліятэка чорнаперадзельцаў. Будынак месьціўся ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі, каля кавярні «Бярозка».

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Гістарычная даведка, УП «Минский Комаровский рынок»
  4. ^ Золотая Горка, Менск стары і новы
  5. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 225—226.
  6. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  7. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  8. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.
  9. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 226.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1] // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Залатая Горкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў