Старое Места (Менск)
Старое Места — гістарычная мясцовасьць у цэнтры Менску, якая ўлучае Траецкае і Ракаўскае прадмесьці, Замчышча і Татарскую Слабаду. Пачатковая тэрыторыя Старога Места абмяжоўвалася земляным валам.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галоўнай вуліцай у замку, а потым на Замчышчы на працягу ўсяго пэрыяду яго існаваньня да сярэдзіны XX стагодзьдзя была вуліца Замкавая. Яе траса была найстаражытнейшай з усіх вуліцаў Менску. Яна перасякала Замчышча дыяганальлю з усходу на захад і ўжо ў першай палове XVI стагодзьдзя была забрукаванай. Пазьней вуліца прадаўжалася й за валам да скрыжаваньня зь Вялікай Татарскай. З паўднёвага захаду Замчышча агінала вуліца Завальная; з паўночнага захаду — Завальны завулак.
У XVI—XVIII стагодзьдзях старую частку Менску абмяжоўваў земляны вал, і местам лічылася толькі тэрыторыя ў ягонай сярэдзіне. Але межы абарончага вала да гэтага часу можна прасачыць у пляне места. Вал пачынаўся на поўнач ад Замчышча, праходзіў на захад ад Ракаўскага завулка[a], потым да вуліцы Юраўска-Завальнай, далей уніз Раманаўскай Слабадой, перасякаў Нямігу, потым ішоў на захад ад Пішчалаўскага замку і далей верхняй часткай вуліцы Трубнай[b] на вуліцу Лошыцкую[c] да вуліцы Магазыннай[d], уздоўж яе ў Мескі сад[e].
У першай палове XIX ст. вал выпраставалі, ягоныя рэшткі можна заўважыць на гістарычнай Магазыннай вуліцы. На месцы вала высадзілі ліпы і таполі. Да 1965 року паўтаравяковыя ліпы ўпрыгожвалі месцамі Юраўска-Завальную і Трубную вуліцы, але іх зьнішчылі пры рэканструкцыі места. Таполі, высаджаныя адначасна зь ліпамі на вуліцы Лошыцкай, сьпілавалі ў 1948 року.
Зь землянымі валамі маюць зьвязак такія менскія вулічныя тапонімы, як Завальная — «за валам», Загародняя[f] — «за горадам», Гарадзкі Вал.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Замкавая вуліца | Замкавая вуліца | |
Віцебская вуліца | Новаракаўская вуліца[1] Няміска-Ракаўская вуліца Няміскі завулак |
|
Вызваленьня вуліца | Уваскрасенская вуліца Татарская вуліца Уваскрасенскі завулак Вялікая Татарская вуліца |
|
Кальварыйская вуліца | Кальварыйская вуліца Кальварыйска-Ракаўская вуліца Кальварыйскі тракт |
|
Максіма Танка вуліца | Новая вуліца[1] Навакрасная вуліца |
Танкавая вуліца (1928—1998) |
Мельнікайце вуліца | Высокая вуліца[1] Глухоўская вуліца (частка) Людамонцкі завулак (частка) Глухая вуліца Татарская Глухая вуліца Ратамская вуліца (да 1976) |
|
Няміга вуліца | Няміга вуліца Няміская вуліца Няміска-Школьная вуліца (частка) Няміска-Раманаўская вуліца (частка) |
Кацярынінская вуліца (частка, 1866—1926) Кастуся Каліноўскага вуліца (частка, 1926—1940-я) |
Ракаўская вуліца | Ракаўская вуліца Юраўская вуліца (частка) Новафранцішканская вуліца (частка) |
Астроўскага вуліца (1937—1993) |
Шпалерная вуліца | Уваскрасенская вуліца Уваскрасенскі завулак |
Вызваленьня вуліца |
Юбілейны пляц | Юбілейны пляц | 25 кастрычніка плошча |
Юраўска-Завальная вуліца | Юраўска-Завальная вуліца Завальная вуліца |
|
Не існуе | Няміска-Ракаўская вуліца |
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цяперашняя афіцыйная назва — вуліца Вызваленьня
- ^ Цяперашняя афіцыйная назва — вуліца Берсана
- ^ Перайменаваная ўладамі Расейскай імпэрыі ў Каломенскую вуліцу, цяперашняя афіцыйная назва — вуліца Сьвярдлова
- ^ Цяперашняя афіцыйная назва — вуліца Кірава
- ^ Пазьней «Губэрнатарскі сад», цяперашняя афіцыйная назва — Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
- ^ Цяперашняя афіцыйная назва — вуліца Абутковая