Георгі Штыхаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Георгі Штыхаў
Дата нараджэньня 14 ліпеня 1927(1927-07-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 2 сакавіка 2018(2018-03-02) (90 гадоў)
Месца вучобы
Занятак археоляг, гісторык, прафэсар унівэрсытэту
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук[d]
Узнагароды
Дзяржаўная прэмія БССР

Гео́ргі Васі́льевіч Шты́хаў (14 ліпеня 1927, вёска Старая Беліца, Гомельскі раён — 2 сакавіка 2018, Менск) — беларускі археоляг, гісторык. Доктар гістарычны навук (1983), прафэсар (1989). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1991).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і службоўцаў. У 1956 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1956—1959 гадох працаваў настаўнікам у школах Гарадзенскай і Гомельскай абласьцей. У 1959—1962 гадох навучаўся ў асьпірантуры Інстытуту гісторыі АН БССР.

На фармаваньне гістарычнага сьветапогляду Г. Штыхава значна паўплывалі У. Ігнатоўскі і А. Мітрафанаў. 3 1962 году працаваў навуковым супрацоўнікам, з 1981 году — загаднікам сэктару, з 1988 году — загаднікам аддзелу зонаў новабудоўляў, а з 1993 году — загаднікам аддзелу археалёгіі і гісторыі Полацкай зямлі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.

У 1983 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю «Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.)». З 2000 году быў галоўным навуковым супрацоўнікам аддзелу археалёгіі сярэднявечнага пэрыяду Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.

Падрыхтаваў 2 доктары і 19 кандыдатаў навук. Узначальваў Беларускую асацыяцыю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1992—1994).

Памёр 2 сакавіка 2018 году[1].

Дасьледаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вывучаў курганавыя могільнікі раньняга сярэднявечча паўночнай і цэнтральнай Беларусі, старажытныя месты Полацкай зямлі. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Древний Полоцк (IX—XIII вв.)» (навуковы кіраўнік — В. Тарасенка). 3 1982 году ўзначальваў бесьперапынна дзейную экспэдыцыю па дасьледаваньні старажытнага Менску. Кіраваў экспэдыцыямі па вывучэньні Полацку, Віцебску, Заслаўя, Барысава, Лукомля, Лагойску, Копысі[2].

Упершыню правёў шырокае вывучэньне шэрагу местаў, працягнуў дасьледаваньне Полацку, Менску, Копысі, вызначыў гарадзішча старажытнага Барысава. Правёў раскопкі паселілішча на Менцы. Вывучаў пасады Полацку, Віцебску, Заслаўя, Лукомля. Раскапаў больш за 300 курганоў Полацкай зямлі. Вывучаў могільнікі 3-й чвэрці 1-га тысячагодзьдзя н. э., сынхронныя гарадзішчам банцараўскай культуры, у 2006 годзе праводзіў раскопкі археалягічнага помніка Баронікаўгарадзішча каля аднайменнай вёскі. Зрабіў выснову, што гістарычным ядром Полацкай зямлі зьяўлялася Падзьвіньне. Дасьледаваў старажытную скульптуру (шклоўскі ідал IX ст.), дробную плястыку местаў Полацкай зямлі, скарбы срэбраных і залатых рэчаў (Полацкія XI—XII стагодзьдзі, Гараўлянскія XI ст.).

Аўтар больш за 490 працаў, у тым ліку манаграфіяў «Старажытны Полацак IX—XIII стагодзьдзяў» (1975), «Гарады Полацкай зямлі (IX—XIII стагодзьдзі)» (1978), «Крывічы» (1992), школьных падручнікаў з гісторыі Беларусі. Рэдактар альбомаў «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагодзьдзяў» (1980), «Плястыка Беларусі XII—XVIII стагодзьдзяў» (1983). Адзін з аўтараў кніг «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысы па археалёгіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Гісторыя Беларускай ССР» (1977), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стагодзьдзях» (1982), «Беларуская археалёгія» (1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч, 1, 1994).

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Археологическая карта Беларуси. — Вып. 2. — Мн., 1971;
  • Ажываюць сівыя стагоддзі. — Менск, 1974.
  • Древний Полоцк: IX—XIII вв. — Мн., 1975.
  • Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). — Мн., 1978.
  • Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусь — Менск, 1992.
  • Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. — Менск, 1999.
  • Галасы далёкіх продкаў. — Менск, 1968.
  • Города Белоруссии по летописям и раскопам (IX—XIII вв.). — Мн. 1975.
  • Гісторыя Беларусі: ад старажытных часоў да канца XIII ст. Вучэб. дапам. — Менск, 1994.
  • Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. — Менск, 1996.
  • Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі: Падручнік для 6-га кл. агульнаадукацыйнай школы. — Менск: Народная асвета, 2001.
  • Мінск — сталіца ўдзельнага княства Полацкай зямлі // Гісторыя Мінска. — Менск, 2006.
  • Лукомль: археологический комплекс железного века и средневековья. — Мн., 2014.
  • Узнікненне Лагойска. Гісторыка-археалагічны нарыс. — Менск: Беларус. навука, 2015. — 106 с.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памёр археоляг Георгі Штыхаў, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2018 г.
  2. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 270.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
  • Георгій Васільевіч Штыхаў (да 75 годдзя з дня нараджэння). — Менск, 2002.
  • Гістарычна-археалагічны зборнік. — 1997. — № 12. — С. 6—16.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.