Перайсьці да зьместу

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Івянец)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Рэканструкцыя выгляду касьцёла
Рэканструкцыя выгляду касьцёла
Краіна Беларусь
Мястэчка Івянец

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Фарны) — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Івянцы. Знаходзіўся ў цэнтры мястэчка, на Рынку. Твор архітэктуры готыкі і віленскага барока. У пачатку XX ст. расейскія ўлады зруйнавалі помнік, каб збудаваць на яго месцы драўляную царкву-мураўёўку.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мураваны Фарны касьцёл у Івянцы збудавалі з фундацыi Яна Давойны ў 1606 годзе. Існуюць зьвесткі, што касьцёл збудавалі яшчэ ў XV ст. і ў ім ахрысьцілі Міколу Гусоўскага[1].

З 1662 годзе пры касьцёле існавала Ружанцовае брацтва з сваім брацкім алтаром. Праз некаторы час касьцёл пацярпеў ад пажару. Яго рэстаўрацыю фундавалі сын ваяводы берасьцейскага (генэрал артылерыі Вялікага Княства Літоўскага) Антоні Салагуб з жонкай Барбарай (з Радзівілаў). Інвэнтар ад 1740 году паведамляў, што разьбяны паліхромны алтар з пазалотай, абразамі Тройцы, Маці Божай, апостала Пятра і скульптурамі сьвятых Станіслава, Казімера, Пятра і Роха выканалі коштам Пратасовіча і кансэкравалі ў 1736 годзе[2]. Захаваліся таксама два больш раньнія разьбяныя алтары з калёнамі ў пазалочаных і пасярэбраных кветках. У адным зь іх знаходзіўся абраз Панны Марыі. Яшчэ два алтары прысьвячаліся Міхалу Арханёлу і Антонію Падуанскаму. Асобны алтар зь фігурай Маці Божай у атачэньні шасьці анёлаў, фундаваны Антонам Арэшкам, стаяў у мураванай капліцы-ратондзе.

Паводле інвэнтару за 1767 год, на хорах касьцёла, дэкараваных ляпнінай з гербамі фундатараў, стаяў вялікі арган, які абыйшоўся жонцы генэрала Брыгіце Салагубавай у 350 талераў. На хорах таксама знаходзіліся два катлы-барабаны і трубы, якімі карысталіся пры розных урачыстасьцях (пра іх патурбаваўся Канстанцін Рдултоўскі). У закрысьціі захоўваўся архіў Салагубаў, які праз вільгаць давялося перанесьці ў кляштар францішканаў. Вялікі касьцельны цьвінтар атачаўся мурам з брамай з боку мястэчка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл, які ў 1880 годзе перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1888 годзе будынак пацярпеў ад пажару.

У пачатку XX ст. расейскія ўлады зьнішчылі муры касьцёла, каб збудаваць на гэтым месцы драўляную царкву-мураўёўку.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі царкву, якую неўзабаве зруйнавалі. У 1998 годзе на гэтым месцы збудавалі новую мураваную царкву Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Помнік архітэктуры готыкі і віленскага барока. Гэта была 2-вежавая базыліка, накрытая дахоўкай. Вежы і гзымсы былі бляшанымі, у дзесяці вокнах стаяла налібацкае шкло. У адной зь вежаў Брыгіта Салагубава паставіла вялікі гадзіньнік з мэлядычным боем праз чвэрць гадзіны.

  1. ^ Шакун В. Мікалай Гусоўскі — пясняр Налібоцкага краю, Wildlife.by, 5 красавіка 2011 г.
  2. ^ Ярашэвіч А. Івянецкія касцёлы // Ave Maria. № 2 (69), 2001. С. 13—15.
  • Ярашэвіч А. Івянецкія касцёлы // Ave Maria. № 2 (69), 2001. С. 13—15.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]