Мікола Ермаловіч
Мікола Ермаловіч лац. Mikoła Jermałovič | |
Дата нараджэньня | 29 красавіка 1921 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 5 сакавіка 2000 (78 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | публіцыст, літаратуразнаўца, пісьменьнік, гісторык |
Навуковая сфэра | гісторыя, літаратуразнаўства[2] і беларуская літаратура[2] |
Месца працы | Маладэчанскі абласны інстытут удасканаленьня настаўнікаў (да 1957 г.) |
Вядомы як | заснавальнік погляду стварэньня ВКЛ як беларускай дзяржавы |
Псэўданімы | Наваселец Мікола, Ярмолаў М., Мікалаеў Я., Ермолов М. і Сымон Беларус |
Узнагароды | Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1992), Мэдаль Францыска Скарыны (1993) |
Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч (29 красавіка 1921, вёска Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён Менскай вобласьці — 5 сакавіка 2000, Менск[3]) — беларускі гісторык[4][5][6], публіцыст, пісьменьнік і паэт. Выкарыстоўваў псэўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу й паступіў на беларускае аддзяленьне літаратурнага факультэту Менскага пэдінстытуту, дзе да пачатку 2-й сусьветнай вайны скончыў тры курсы. З прычыны дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны й працаваў настаўнікам расейскай мовы й літаратуры ў в. Лабаскі Мардоўскай АССР. У 1943 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе ў 1943—1944 гадох працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласьці, у 1944—1946 — у Койданаве Менскай вобласьці. З 1946 годзе аднаўляе навучаньне ў пэдінстытуце, які скончвае ў 1947, а ў 1947—1948 гадох вучыўся ў асьпірантуры пры пэдінстытуце.
У 1948—1955 працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. Да 1957 загадваў мэтадычным кабінэтам Маладэчанскага абласнога інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў, пасьля чаго па стане здароўя выйшаў на пэнсію. Чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1989. Жыў у Маладэчне.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Актыўную літаратурную дзейнасьць распачаў у 1948 годзе. Выступаў ў друку з крытычнымі й літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладэчанскай раённай газэце, альманаху «Нарач», газэтах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», навуковых зборніках. У 1963 Ермаловіч распачынае выдаваць рукапісны самавыдавецкі часопіс «Падснежнік», чатыры выпускі якога выйшлі да 1964. Вынікам дасьледніцкай працы было напісаньне ў 1968 кнігі «Па слядах аднаго міфа» (доўгі час хадзіла самвыдатам, афіцыйна выданая ажно ў 1989 годзе). У 1970 выйшла кніга «Дарагое беларусам імя», у 1990 — дасьледаваньне «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», у 1994 — «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», у 2000 — «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».
У 1975 Ермаловіч узнаўляе выпуск «Падснежніка», але з новым назовам «Гутаркі», да 1976 выйшла блізу 50 выпускаў. «Гутаркі» шматразова перадрукоўваліся, перапісваліся, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі. «Гутаркі» выдаваліся Ермаловічам пад псэўданімам Сымон Беларус. Назву «Гутарка» аўтар абраў таму, што ў ХІХ ст. «гутаркі» былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку. У сваім выданьні Ермаловіч зьмяшчаў творы, што не маглі быць апублікаваныя ў афіцыйным друку з прычыны сацыяльнай і палітычнай накіраванасьці. Аўтар рыхтаваў матэрыялы ў Менску (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР), друкаваў у Маладэчне на друкарцы, а потым перадаваў Яўгену Куліку дзеля памнажэньня. Нумар выходзіў прыкладна раз на тыдзень.
Мікола Ермаловіч — прыхільнік новай беларускай рамантычнай плыні гістарыяграфіі, што супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі й гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Ермаловіча не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970—1980-х хадзілі ў непадцэнзурным друку. Самвыдавецкім чынам памнажалася праца «Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?». Гэтаксама-ж памнажаліся й працы М. Ермаловіча, апублікаваныя ў афіцыйным друку. Так, да прыкладу, рабіліся фотакопіі з працы Ермаловіча «Балцкія плямёны» (газэта «Голас Радзімы», 05.11.1981). У машынапісным выглядзе пашыралася праца «У духу застойнага часу». Той артыкул Ермаловіч напісаў адказам на артыкул В. Мялешкі й З. Капыскага «Фактам вопреки» («Советская Белоруссия», 28.07.1987). Пасьля таго, як рэдакцыя «Советской Белоруссии» адмовілася друкаваць яго, артыкул распаўсюджваўся ў машынапісных копіях. Пазьней быў апублікаваны ў «Студэнцкай думцы» №3 за 1989 год.
Альтэрнатыўнае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала раздражненьне ўлады, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча супрацоўнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца й разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэныя працы былі вельмі папулярныя ды ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам. Толькі ад часу «перабудовы» сьвет пабачылі некалькі працаў Ермаловіча.
Навуковыя погляды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асаблівую ўвагу надаваў палітычнай гісторыі старажытных земляў Беларусі. Дэталёва разглядзеў падзеі IX—ХIII стагодзьдзяў на падставе аналізу гістарычных першакрыніцаў. Выступіў са спробай абвяржэньня савецкай (у прыватнасьці, летувіскай і расейскай) гістарыяграфіі ўтварэньня ВКЛ, якая падае схему стварэньня гэтае дзяржавы ў выніку заваёўных выправаў летувісаў у сучасным сэнсе (насамрэч плямёнаў аўкштайтаў, якія былі толькі часткай пазьнейшага этнагенэзу летувісаў) на беларускія землі ў 2-й палове ХIII ст. Зхарактарызаваў Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву[5]. Разам з гэтым выступіў са спробай абвяржэньня археалягічных і летапісных сьведчаньняў, што памяшчалі летапісную Літву на аўкштайцкіх землях, прапанаваўшы канцэпцыю, паводле якой гэтая тэрыторыя, згодна са зьвесткамі тапаніміі, месьцілася на поўдзень ад верхняга Нёману.
Палітычная дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З самага пачатку існаваньня БНФ Мікола Ермаловіч, з 1988 году, падтрымаў адраджэнскую дзейнасьць. Ён браў удзел у першым зьезьдзе БНФ у 1989 годзе ў Вільні. У 1990 годзе прыняў прапанову кіраўніцтва Нацыянал-дэмакратычнай партыі Беларусі далучыцца да яе дзейнасьці й стаў адзін з трох яе сустаршыняў.
Найбольшы ўнёсак у дзейнасьць НДПБ Мікола Іванавіч зрабіў як ідэоляг. Наогул гэтая старонка яго дзейнасьці зусім невядомая сучасьнікам. Ні пра ўдзел гісторыка ў стварэньні ідэалёгіі нацыянальнай дэмакратыі, ні пра працу на пасадзе сустаршыні ў самай правай партыі Беларусі пачатку 1990-х Нацыянальна-дэмакратычнай партыі (НДПБ) — амаль нідзе нават неўзгадваецца.
— Мікола Ермаловіч: Той, хто вярнуў нам гісторыю / Анатоль Астапенка. – Менск: “Харвест”, 2015. – 52 с.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дзяржаўная прэмія Беларусі за кнігу «Старажытная Беларусь» (1992)
- Прэмія імя Ўл. Караткевіча
- Мэдаль імя Францішка Скарыны (1993)
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]28 лістапада 2003 году ў Маладэчне быў урачыста адкрыты памятны знак Міколу Ермаловічу. Урачыстасьць ладзілася мясцовымі ўладамі пры ўдзеле грамадзкасьці[7]. У год 90-гадовага юбілею Міколы Ермаловіча, 19 траўня 2011 году, знамянальную дату адзначалі ў Маладэчне[8]. У 2010 г. выйшаў збор яго твораў «Выбранае»[9].
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Дарагое беларусам імя» (1970)
- Зь першакрыніц паўстае яго вобраз. / Гал. рэд. Сяргей Законьнікаў // Полымя : часопіс. — Менск: Полымя, 1988. — № 09 (713). — ISBN ISSN 0130—8068.
- «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі пэрыяды». / Гал. рэд. Анатоль Грачанікаў. Прадмова Міхася Ткачова // Маладосць : часопіс. — Менск: Выдавецтва ЦК КП Беларусі, 1988, 1989. — № № 7 (425) — 12 (430), 7 (437) — 9 (439). — ISBN ISSN: 0131-2308.
- Вузел загадак. / Гал. рэд.Сяргей Законьнікаў // Полымя : часопіс. — Менск: Полымя, 1989. — № 03 (719). — ISBN ISSN 0130—8068.
- «Па слядах аднаго міфа» (1989) (1-е выданьне: ISBN 5-343-00016-9; 2-е выданьне: ISBN 5-343-00876-3) на knihi.com
- «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі пэрыяды» (1990) (2-е выданьне: ISBN 985-02-0503-2) на knihi.com
- «Старажытная Беларусь: Віленскі пэрыяд» (1994) на knihi.com
- «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (2000) ISBN 985-6576-08-3
Творы Міколы Ермаловіча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Машынапісы:
- Праўда і хлеб. П’еса. 1959—1960. 89 с // БДАМЛМ. Фонд 444, воп. 1, № 102.
- Пад іх сцягам ідзе Беларусь. 1970 г. 113 с // БДАМЛМ, Фонд 444, воп. 1, № 108.
- Гутаркі. Самвыдавецкі лісток. № 1 — 45 (53). 1975—1976. // БДАМЛМ, Фонд 444, воп. 1, № 108.
- Полацкая епархія і яе роля ў пачатковай гісторыі Беларусі. 1991. // БДАМЛМ, Фонд 444, воп. 1, № 44.
Друкаваныя:
- Дарагое беларусам імя. Менск, 1970.
- Па слядах аднаго міфа. Менск, 1989.
- Старажытная Беларусь: Полацкі Новагародскі перыяды. Менск: «Мастацкая літаратура», 1990. — 366 с.
- Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Менск: «Бацькаўшчына». 1994. — 92 с.
- Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. Менск: «Беллітфонд», 2003. — 436 с.
- Мікола Ермаловіч: Выбранае. Менск: «Кнігазбор», 2010. — 640 с.
- Мікола Ермаловіч: Той, хто вярнуў нам гісторыю / Анатоль Астапенка. — Менск: «Харвест», 2015. — 64 с.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://jivebelarus.net/at_this_day/birth-of-mikola-yermalovich.html
- ^ а б Jermalovìč, Mìkola // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Гістарычны каляндар. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч
- ^ Ермаловіч Мікалай Іванавіч // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 355.
- ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 492.
- ^ Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 303.
- ^ Памяць пра Ермаловіча //«Рэгіянальная газета», 5 снежня 2003 г., № 49 (450)
- ^ Вечарына памяці Міколы Ермаловіча//«Рэгіянальная газета»
- ^ Глеб Лабадзенка. Яму ніхто не загадваў, што пісаць // Зьвязда : газэта. — 25 лістапада 2010. — № 227 (26835). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Гардзіцкі А. К. Ермаловіч Мікола // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Ермаловіч Мікалай Іванавіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1. С. 621—622.
- Рыжанкова Л. Рупліўцы Беларушчыны // Сцяг Кастрычніка. Дзяржынск. 28 сакавіка 1992.
- Серадзюк, Дзіяна. Мікола Ермаловіч. «Ён любіў Беларусь…» (бел.) // Новы час : газэта. — 6 сакавіка 2020. — № 9 (668). — С. 10.
- Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дмя нараджэння Міколы Ермаловіча. Успаміны, творы, фотаматэрыялы. — Мн., 2007. — 360 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 29 красавіка
- Нарадзіліся ў 1921 годзе
- Памерлі 5 сакавіка
- Памерлі ў 2000 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя ў Менскай вобласьці
- Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту
- Нарадзіліся ў Койданаўскім раёне
- Беларускія гісторыкі
- Беларускія літаратары
- Беларускія публіцысты
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
- Узнагароджаныя мэдалём Францішка Скарыны
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў СССР