ТВТ
ТВТ | |
па-беларуску: ТВТ | |
Жанр: | аповесьць |
---|---|
Аўтар: | Янка Маўр |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1934 год |
Электронная вэрсія |
«ТВТ» (поўная назва «Тавары́ства Ваяўні́чых Тэ́хнікаў») — прыгодніцкая аповесьць Янкі Маўра пра тое, як савецкія школьнікі ўзбунтаваліся супраць уціску рэчаў і стварылі арганізацыю, што аб’яднала іх памкненьні адолець бытавыя турботы сваімі рукамі.
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У вучняў пятае клясы школы №11 адбываецца шэраг бытавых непрыемнасьцяў: у Ніны з падэшвы чаравіка вытыркнуўся цьвік, яе брат Толя зламаў фатэль, Андрэйка згубіў ключ ад замка й быў вымушаны цэлую ноч вартаваць парсючка, адключэньне электрычнасьці ў доме Паўліка пацягнула за сабой навалу трагічных бытавых падзеяў, Клава даламала расхістаную патэльню. Мала таго, што нягоды абрынуліся на піянэраў адначасова, дык яшчэ й аказалася, што разьвзаць кожную зь іх можна было хутка, проста й, галоўнае, уласнымі рукамі. «Ды гэта ж я і сам мог бы зрабіць!» — памармытаў Андрэйка, прыблізна гэтак жа адрэагавалі ўсе астатнія. Дарэчы, Клава-такі адрамантавала патэльню сама, дакладней, пры дапамозе студэнта рамеснае вучыльні Лёні, такім чынам першай зьдзівіўшы сьвет.
Празь некаторы час Паўлік распавёў пра свае нягоды на нарадзе піянэрскага зьвяна, здэтанаваўшы цэлую лявіну такіх жа горкіх расповедаў. Тады пяцікласьнікі ўцямілі, што «мы жывём у палоне рэчаў», і вырашылі стварыць Таварыства Ваяўнічых Тэхнікаў — гурток, у якім кожны будзе змагаром з бытавымі хібамі, памылкамі, паломкамі. Тады ж быў напісаны статут ТВТ. За кожную добрую справу ўдзельнік таварыства атрымліваў ачко, што нагадвала сацыялістычнае спаборніцтва. Разгарнуліся дэбаты: ці ўсялякая добрая справа павінная ўзнагароджвацца ачком — напрыклад, паднятая крэйда? Было вырашана, што амаль усялякая. З усіх ТВТ-этаўцаў найбольшую колькасьць пунктаў набраў Бора Цыбук.
На першым этапе існаваньня арганізацыі піянэры рабілі добрыя справы дома і зьдзіўлялі сваіх бацькоў і суседзяў. Неўзабаве іх дзейнасьць перакінулася на вуліцы места й на школу, і пра існаваньне ТВТ дазналіся важаты, географ і дырэктар школы. Яны ўхвалілі справу дзяцей, прапанавалі зрабіць рух больш шырокім і ўнесьлі папраўкі ў статут. Выйшаўшы зь ценю, арганізацыя набыла папулярнасьць ў школе, а надалей падобныя таварыствы пачалі стварацца ў іншых школах места ды ў многіх мястэчках рэспублікі. Масавасьць прынесла заснавальнікам некаторае засмучэньне: выходзіла так, што многія дзеці, нагуляўшыся ў «ачкі», закідвалі арганізацыю й знаходзілі сабе новыя гульні. Гэта было так, але праўдай было і тое, што сяброўства ў ТВТ вучыла дзяцей глядзець на сьвет новымі вачыма, а гэтыя навыкі ўжо нікуды не зьнікалі. Тое, што былых ТВТ-этаўцаў не бывае, даказаў вопыт з пакладзеным пасярод дарогі камянём, праведзены пад кіраўніцтвам важатага: ўсе былыя ТВТ-этаўцы, уключаючы гарэзаў і прайдзісьветаў, адносілі камень на ўзбочыну.
Апошняя (дадатковая) глава была напісаная празь 15 гадоў. Аўтар прыехаў карэспандэнтам на нейкую будоўлю, дзе сустрэўся з Цыбуком — самым прагным да ачкоў герояў сваёй аповесьці. Барыс прайшоў вайну і стаў выдатным інжынэрам, захаваў ТВТ-этаўскія ідэалы й кніжку пра сябе — «ТВТ».
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аповесьць была вельмі цёпла прынятая чытачамі і горача ўхваленая пісьменьніцкім асяродьдзем СССР. Перакласьці яе як мага хутчэй на расейскую мову прасіў сам Максім Горкі. У многіх школах Савецкага Саюзу сталі стварацца свае ТВТ, аднак органы прыціснулі гэтую ініцыятыву, маўляў, «такой пазапланавай арганізацыі нам ня трэба»[1].