Палескія рабінзоны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палескія рабінзоны
Жанр: аповесьць[d]
Аўтар: Янка Маўр
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1930

„Пале́скія рабінзо́ны“ — прыгодніцкая аповесьць Янкі Маўра пра прыгоды двух юнакоў, што апынуліся адрэзанымі ад усяго сьвету на высьпе пасярод палескіх балотаў.

Галоўныя героі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў на млыне, а Віктара — на шкляной гуце… Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх — Жуля Вэрна, Майн Рыда, Фэнімара Купэра і г.д.» Хлопцы разам займаліся ў краязнаўчым гуртку. Віктар больш цікавіўся заалёгіяй, а Мірон — батанікай.

  • Віктар. «Прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.» Жвавы і імклівы. Паліць. Але за месяц на высьпе кінуў.
  • Мірон. «Худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі сьветлымі валасамі.» Спакойны і разважлівы. Ня паліць.

Ва ўсім Віктар і Мірон выяўляюць вынаходлівасьць, кемлівасьць, яны застаюцца назіральнымі і захапляюцца хараством прыроды. Яны дапамагаюць адзін аднаму ў хвіліну небясьпекі. Цікаўнасьць і любоў да прыроды яднае іх.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Навучэнцы тэхнікуму — 17-18-гадовыя юнакі Мірон і Віктар — на вясновых вакацыях адправіліся ў падарожжа па залітым разводзьдзем Паслесьсі. Яны «пазычылі» нягеглы човен, які пад час няўдалага веславаньня перавярнуўся, і хлопцы апынуліся ў вадзе. Ледзь жывымі дапаўзьлі яны да высокае зямлі, якая аказалася бязьлюднай выспай пасярод залітых вадой балотаў. Нягледзячы на вельмі складанае становішча, Мірон і Віктар не адчаіліся і здолелі наладзіць самы просты, але неабходны для выжываньня быт: з дапамогай церця атрымалі агонь, які ратавалі ад навальніцы; спражку папругі прыстасавалі пад нож; узьвялі будан, злучыўшы вершаліны алешын; адгарадзілі затоку — садок для рыбнай гаспадаркі. Закон Архімэда падказаў ім, як выбрацца з багны, а вопыт старажытных — як зьляпіць гаршчок.

Першая ж ноч прынесла ім нечаканую багатую здабычу ў выглядзе пугача і зайца. З таго часу Мірон і Віктар сустрэлі і спажылі не аднаго прадстаўніка палескай фаўны:

  • дзік (апісваецца як найбольш страшны жыхар выспы: нават маючы рэвальвэры, хлопцы не будавалі плянаў на яго),
  • вожык (загінуў, хлопцы начапілі голкі на дубіны, такім чынам атрымаўшы булавы),
  • балотная чарапаха (была забітая, панцыр выкарыстоўваўся як посуд),
  • мядзьведзь (быў ранены ў вока, а празь некалькі дзён — дабіты; часткова зьедзены, часткова расьцягнуты дзікімі жывёламі),
  • казуля (была забітая з рэвальвэраў),
  • лось і рысь (Мірон і Віктар уратавалі сахатага ад драпежніцы).

Два першых тыдні сваёй рабінзанады героі аповесьці здабывалі харчаваньне, змагаліся з прыродай, шукалі выйсьця з выспы. Ключавым момантам стала знаходка бабрынага пасяленьня. Мірон і Віктар адмовіліся ад сваіх паўсядзённых справаў, каб паназіраць за паводзінамі і жыцьцём зусім рэдкіх на той час жывёл. І трэба ж было так здарыцца, каб якраз у адзін з тых дзён на выспу завіталі злачынцы, што прыстасавалі адну з бабровых хатак для схову кантрабанды, зброі і, нават, аркушаў зь нейкімі загадкавымі плянамі (гэта хлопцы высьветлілі пасьля). З размоваў незнаёмых Мірон і Віктар зразумелі іх нэгатыўнае стаўленьне да савецкай дзяржавы і намеры барацьбы зь ёю, таму не паказалі носу з укрыцьця.

Праз два тыдні кантрабандысты вярнуліся і прывялі палоннага вайскоўца. Па дарозе яны напаткалі зубра і забілі яго на вачах у рабінзонаў. Хлопцы, ведаючы іх пляны, здолелі падрыхтавацца да сустрэчы. У выніку маланкавай апэрацыі палоньнік быў вызвалены і ўзброены. Цяпер ужо ён — савецкі памежнік Саўчук — вёў рэй. Галоўны бандыт быў забіты, яго два паплечнікі — зьвязаныя. Наступная хваля бандытаў таксама трапіла ў палон. Саўчук пакінуў хлопцаў вартаваць бандытаў і пайшоў па дапамогу тымі сакрэтнымі кладкамі, якія ён высьветліў, калі быў канваяваны на выспу. Мірон і Віктар правялі гераічную жудасную ноч побач з шасьцю злачынцамі, якія пераспрабавалі ўсе спосабы, каб высьлізнуць з палону. На досьвітку зьявіўся Саўчук з 12 чырвонаармейцамі. У той жа дзень Мірон і Віктар пакінулі востраў. Іх рабінзанада цягнулася ня менш за месяц.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Экранізацыя і пастаноўкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1934 годзе паводле аповесьці на кінастудыі «Белдзяржкіно» быў зьняты нямы фільм «Палескія рабінзоны». Рэжысэры: Язэп Бахар, Леанід Малчанаў. Фільм захаваўся ня цалкам.

На аснове аповесьці створана інцэніроўка[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]