Драма

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Дра́ма (грэц. δρᾶμα — дзеяньне) — прадметны род літаратуры, у якой дзеяньне разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненьнях і бяз аўтарскага ўдзелу. Звычайна мае востры і напружаны сюжэт. Вызначаецца рухавасьцю і павышаным засяроджаньнем дзеяньня, якое ад завязкі да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую зьмястоўнасьць і ахоплівае ўсё больш дзейных асобаў. Асабліва вялікае значэньне належыць сутыкненьню ў выглядзе непрымірымага змаганьня характараў. Усе падзеі адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа прысьвячацца далёкай мінуўшчыне.

Зарадзілася з народных абрадаў, гульняў і карагодаў, калі разам з рухамі (пантаміма і танец) пачалі выкарыстоўваць словы. Пры збудаваньні ў выглядзе дыялёгу без апісальніцтва прызначаецца для прылюднага выкананьня акторамі. Неабходная займальнасьць і цікавасьць да твора абумоўліваюць эстэтычныя правілы і законы. Абмяжоўваецца ў памеры, колькасьці сюжэтных лініяў і пэрсанажаў, часе і месцы дзеяньня. Належыць тэатру і літаратуры. Патрабуе высокіх літаратурна-мастацкіх вартасьцяў і сцэнічнасьці. Напісаны ў выглядзе дыялёгу твор без уліку патрабаваньняў тэатру і сцэнічнага выкананьня называецца «драмай для чытаньня»[1].

Жанры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драма падзяляецца на жанры: вадэвіль, драматычны, камэдыя, мэлядрама, трагедыя, трагікамэдыя і фарс.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Анатоль Сабалеўскі. Драма // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 197. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Драмасховішча мультымэдыйных матэрыялаў