Алесь Звонак
Пётар Барысавіч Звонак | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Алесь Звонак (інш. Алесін, П.Алесін, Сашка Звонак[1]) |
Нарадзіўся | 14 лютага 1907 Менск |
Памёр | 2 лютага 1996 Менск |
Пахаваны | Менск |
Сужэнец | Натальля Вішнеўская |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, перакладнік, тэатразнавец |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | «Буры ў граніце», 1929[2][а 1] |
Творы на сайце Knihi.com |
Алесь Звонак (сапр. — Пётар Барысавіч Звонак; 14 лютага 1907, Менск — 2 лютага 1996, Менск) — беларускі паэт, драматург, перакладнік, тэатразнавец.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Маленства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пётар Барысавіч Звонак нарадзіўся 14 лютага 1907 году ў Менску трэцім з чатырох сыноў. Пазьней пра сваё маленства паэт прыгадваў:
Вось у такім паўзмрочным сутарэньні, побач з палацам графа Чапскага на былой Скобелеўскай вуліцы (цяпер Чырвонаармейская), і зьявіўся я на сьвет. Паколькі маё зьяўленьне ня вельмі ўзрадавала бацьку, які ўжо меў дваіх парасткаў, і паколькі я адважыўся падаць рашучы голас пратэсту з-за нястачы харчу, бацька аднойчы вышпурнуў мяне на сумёт сьнегу ў двары. Як гаворыць сямейнае паданьне, калі мяне здымалі адтуль, я ціха-мірна ўглядаўся ў чыстае сьветла-блакітнае зімовае неба, па-філязофску паставіўшыся да бацькавага агрэсіўнага акту.
— Звонак А. Неспакойныя сэрцы. — Мінск: Маст. літ., 1973. — С. 6
.
Бацька Барыс Антонавіч працаваў рабочым у князёў Радзівілаў, графа Чапскага, потым у пошуках заробку накіраваўся на чыгунку ў Менск. Удзельнічаў у расейска-японскай і грамадзянскай вайне ў Расеі. Маці паэта была родам з былога Ігуменскага павету Пухавіцкай воласьці. У часе знаходжаньня бацькі на фронце з 1914 па 1917 гг. тры яго сыны былі зьмешчаны ў дзіцячы прытулак. На руках у маці заставаўся самы меншы, чацьвёрты[3].
Ужо пасьля кастрычніцкага перавароту будучы паэт апынуўся на матчынай радзіме — Пухавіцкай воласьці Ігуменскага павету, дзе працаваў падпаскам. Пазьней, ратуючыся ад голаду, прыехаў на Аршаншчыну ў мястэчка Ляды. Там яго ўсынавіў былы чыноўнік пошты, ад якога малады Пётар зьбег узімку 1922 году і вярнуўся ў Менск[3]. Пасьля вяртаньня бацькі з Грамадзянскай вайны будучы паэт разам зь ім і старэйшымі братамі хадзіў па вёсках, клаў печы і ўзводзіў падмуркі ў сялянскіх хатах[4].
Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1923 годзе Пётар Звонак скончыў сямігодку, агульнаадукацыйныя курсы і атрымаў пасьведчаньне аб сярэдняй адукацыі. Мову і літаратуру на курсах выкладаў ужо вядомы тады паэт Язэп Пушча. Звонак паказаў яму два сшыткі ўласных вершаў, і той запрасіў яго ў Інстытут беларускай культуры[3]. Пасьля заканчэньня курсаў у 1925 г. працаваў у Беларускім аддзяленьні акцыянэрнага таварыства «Кніга вёсцы» і адказным сакратаром полацкай акруговай газэты «Чырвоная Полаччына». Таксама кіраваў полацкай філіяй «Маладняку» (1925—1927)[4].
Першыя вершы Алеся Звонака былі зьмешчаныя ў часопісе «Малады араты» (1925), а ў пачатку 1926 году выйшаў першы зборнік «Пунсовае раньне» (у суаўтарстве зь Янкам Бобрыкам і Янкам Туміловічам).
У 1927—1929 гг. быў рэдактарам літаратурных перадач Беларускага радыё, у 1929—1931 гг. — адказны сакратар і рэдактар аддзела паэзіі часопісу «Маладняк». Адначасова ў 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту БДУ і паступіў на трэці курс Маскоўскага ўнівэрсытэту на літаратурны факультэт. У 1932 г. у сувязі зь ліквідацыяй факультэту на яго базе быў створаны Рэдакцыйна-выдавецкі інстытут. Алесь Звонак не пажадаў там вучыцца і паступіў у асьпірантуру пры Тэатральным камбінаце, але яна таксама хутка была расфармаваная ў сувязі з стварэньнем Канстанцінам Станіслаўскім Тэатральнай акадэміі пры МХАТ. Звонак быў накіраваны ў Ленінградзкую акадэмію мастацтвазнаўства, дзе спэцыялізаваўся па гісторыі тэатру XX стагодзьдзя. Падрыхтаваў манаграфію пра дзейнасьць Усевалада Меерхольда і Ўладзіслава Галубка. Быў навуковым супрацоўнікам АН БССР, працаваў у газэце «Літаратура і мастацтва»[4]. Быў жанаты на беларускай паэтцы Натальлі Вішнеўскай.
Арышт і рэабілітацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У лістападзе 1936 году быў беспадстаўна арыштаваны савецкімі ўладамі і сасланы ў Магаданскую вобласьць (1937—1946). Па вызваленьні зь лягера працаваў на Поўначы геолягам і золаташукальнікам. У 1954 годзе рэабілітаваны. Пад канец 1955 вярнуўся у Менск, дзе займаўся творчай дзейнасьцю. У 1992 годзе яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Святлацені» і прысвоена званьне заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь[3].
Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Творчасьць Алеся Звонака ўмоўна можна падзяліць на тры пэрыяды.
Пэрыяд канца 1920 — першай паловы 1930 гг., які ўяўляў прамежак часу ад першага паэтычнага дэбюта да арышту, характарызуецца, з аднаго боку, імпрэсіяністычнымі адзнакамі маладнякоўскай паэтыкі (няпэўнасьцю настрою, размытасьцю вобразаў, водбліскамі сьвятла і ценяў), з другога, вылучнасьцю эстэтычнай дактрыны нашаніўскай традыцыі пры перавазе апошняга[3].
Празь дзевятнаццаць гадоў вярнуўшыся ў Менск з арыштанцкага лягеру, Алесь Звонак спрабуе кампэнсаваць страчанае за гады зьняволеньня, спакваля і даволі асьцярожна выплёскваючы ўсё тое, што было напісана за гады маўчаньня. Гэта заклала пачатак новага пэрыяду ў творчасьці паэта, якому было ўласьціва перакрываньне тэмаў пакуты і болю, пратэсту супраць зьнявечанай душы тэмамі радасьці вяртаньня на Радзіму, мажорным настроем, спакойнай лірычна-спавядальнай танальнасьцю[5]. У сваіх санэтах аўтар выявіў схільнасьць да філязофскіх роздумаў.
У канцы 1980-х творчасьць Алеся Звонака зазнала абнаўленьне эстэтычнага мысьленьня, што засьведчылі кнігі «Святлацені» (1992) і «Мой сад» (1995), дзе з публіцыстычнай вастрынёю і адкрытасьцю асэнсоўваюцца гістарычныя і сацыяльна-палітычныя стасункі, зьвязаныя зь лёсам Беларусі, яе мовы і культуры[5].
Таксама пяру аўтара належыць кніга прозы «Неспакойныя сэрцы» (1973), куды ўключаны літаратурныя партрэты і згадкі пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Алеся Гурло, Андрэя Александровіча, Алеся Дудара, Пятруся Броўку, Уладзіслава Галубка, Антона Згіроўскага[6].
Паводле матываў трылёгіі «На ростанях» Якуба Коласа напісаў п’есу «Навальніца будзе», якая была пастаўлена Беларускім тэатрам імя Якуба Коласа ў 1959 годзе.
Перакладніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Алесь Звонак вядомы і як перакладнік. Ён перастварыў на беларускую мову творы Мікалая Някрасава, Міхаіла Сьвятлова, Аляксандра Пракоф’ева, Яраслава Сьмелякова, Максіма Рыльскага, Уладзімера Сасюры, Андрэя Малышкі, Салямэі Нерыс, Яніса Судрабкална, Расула Гамзатава, Давіда Кугульцінава, Шаты Руставэлі і іншых[6].
Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паэзія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- «Пунсовае ранне» (1926)
- «Буры ў граніце» (1929)
- «На лініі агню» (1932)
- «Мая Радзіма» (1935)
- «Каршун» (1930, паэма)
- «Загай» (1930, паэма)
- «Табе адной» (1957)
- «Запаветнае» (1961)
- «Россып» (1967)
- «Прадчуваньне» (1974)
- «Выбранае» (1935, у 2 т.)
- «Санеты» (1982)
- «Ружовая чайка» (1985)
- «Сябрына» (1987)
- «Святлацені» (1992)
- «Мой сад» (1995)
Драматургія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- «Навальніца будзе» (1959)
Проза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- «Неспакойныя сэрцы» (1973)
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ ЗВОНАК Алесь // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ ЗВОНАК Алесь Фундаментальная электронная библиотека «Русская литература и фольклор»
- ^ а б в г д Любоў Гарэлік Эпохі полымем апалены. Жыццё і творчасць Алеся Звонака // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 1. — С. 5. — ISBN 0234-1360.
- ^ а б в Алесь Звонак (Пётр Барысавiч Звонак) выдавец = belsoch.org
- ^ а б Любоў Гарэлік Эпохі полымем апалены. Жыццё і творчасць Алеся Звонака // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 1. — С. 6. — ISBN 0234-1360.
- ^ а б Любоў Гарэлік Эпохі полымем апалены. Жыццё і творчасць Алеся Звонака // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 1. — С. 7. — ISBN 0234-1360.