Трокі
Трокі лац. Troki | |||||
лет. Trakai | |||||
Троцкі замак на высьпе | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1337 | ||||
Магдэбурскае права: | XV стагодзьдзе | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Віленскі | ||||
Плошча: | 11,5 км² | ||||
Вышыня: | 155 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2010) | |||||
колькасьць: | 5266 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 457,91 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-21001 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°38′0″ пн. ш. 24°56′0″ у. д. / 54.63333° пн. ш. 24.93333° у. д.Каардынаты: 54°38′0″ пн. ш. 24°56′0″ у. д. / 54.63333° пн. ш. 24.93333° у. д. | ||||
Трокі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.trakai.lt/ |
Тро́кі (лет. Trakai) — места ў Летуве, сярод Троцкіх азёраў. Адміністрацыйны цэнтар Троцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2010 год — 5266 чалавек. Знаходзяцца за 28 км на захад ад Вільні, за 9 км ад чыгуначнага вузла Ляндварова. Вузел аўтамабільных дарог, чыгуначная станцыя.
Трокі — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся комплекс Новага (на высьпе) і Старога (на паўвысьпе) замкаў вялікіх князёў літоўскіх, Фарны касьцёл, кляштар дамініканаў і караімская кенэса, помнікі архітэктуры XIV—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Мікалая, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле найбольш папулярнай вэрсіі, вядомай з XIX ст., тапонім Трокі ўтварыўся ад балтыйскага trakas — 'вырубка'[1]. Тым часам, на думку беларускага мовазнаўцы Язэпа Лёсіка, гэты тапонім паходзіць ад беларускага слова трокнуцца — 'здагадацца', 'раптам успомніць'[2]. Таксама тлумачэньне назвы места знаходзяць у «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага: ад слова тарокі (у хроніцы ўпамінаецца польск. troki, што адпавядае ст.-бел. тороки, троки[3]) — 'рамяні каля задняй лукі сядла, паляўнічая сетка (дзеля здабычы)'[4], якімі сьвіта і паляўнічыя вялікага князя Гедзіміна мусілі скарыстацца, каб прывесьці ў княскую рэзыдэнцыю вялікую колькасьць дзічыны, напаляванай у гэтай мясцовасьці[5] (сярод іншага, у 1784 годзе адзначалася ваколіца Toroki каля Вількаміру[6]). Тым часам ў складзенай на аснове гэтага твору беларускамоўнай «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» сьцьвярджаецца, што «Гедзімін збудаваў замак <…> і назваў яго Трокі, для таго, жа што жыва так дваране яка асочніцы і мысьліўцы, кухцікаве і хлапята, зайцаў, лісіц, куніц, і іншага зьверу ў тароках каля ярчакоў прад сабою, за сабою і па старанах навязаўшы, вазілі, зьверу тэж вялікага, ласей, яленей, сарн, поўны вазы многія наклалі», што з улікам ужываньня менавіта поўнагалоснай формы слова «тарокі» дазваляе меркаваць пра вылучэньне выразу «жыва так» і повязь з германскімі мовамі (як і ў выпадку Кернава, Эйраголы, Юрбарку ды пэўных іншых старажытных паселішчаў ліцьвінаў) — ад гоцкага þroc ― 'імклівасьць, спрытнасьць'[7].
Паводле летапіснага сьведчаньня, у сярэдзіне XV ст. цьвярскі князь Барыс Аляксандравіч збудаваў на Вялікім возеры — за 50 км на паўночны ўсход ад Цьверы, сярод балота Аршынскага моху (за ракой Воршай(ru)) — замак з назвай Трокі[8]: «заложи… город среди езера и нарекы ему Троки»[9].
«Lexicon universale historico-geographico-chronologico-poetico-philologicum» 1677 году паведамляў, што на мове народа Літвы места мае назву Трокі (Troki)[a]. У 1721 годзе кашталян троцкі Ян Фрыдэрык Сапега, апісваючы гісторыю места Троцкага (лац. Trocensis) у «Monumenta Antiquitatum Marianarum, In Imagine Vetustissima, vulgo Gregoriana», таксама адзначаў, што «на мясцовай мове места завецца Трокамі» (Troki)[b].
Паводле адной з вэрсіяў, назва вёскі Тракеляў на гістарычнай Лідчыне мае зьвязак з Трокамі і перакладаецца як «маленькія Трокі»[12].
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: писан оу Торокох (22 ліпеня 1440 году)[13].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Полацкае княства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле паданьня, Трокі ў 1045 годзе заснаваў Яраслаў, сын полацкай князёўны Рагнеды і князя кіеўскага Ўладзімера. Пазьней паселішча разам з замкам стала паляўнічай рэзыдэнцыяй нашчадкаў князёўны Рагнеды[14].
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сьмерці вялікага князя Гедзіміна (1341 год) Трокі перайшлі да Кейстута, які пачаў менавацца князем троцкім і жамойцкім. Сваю сталіцу ён перанёс на выспу, дзе заснаваў Новыя Трокі. Паступова прыдомак «Новыя» страціўся і за папярэднім паселішчам замацавалася назва Старыя Трокі, а за кейстутавай сталіцай проста — Трокі.
У XIV стагодзьдзі ў Троках збудавалі замкі на высьпе і паўвысьпе. 2 чэрвеня 1377 году[15] крыжакі спрабавалі ўзяць фартэцыю, але безвынікова. Крыжацкая хроніка пад 1367, 1372 і 1391 гадамі менавала Трокі і Коўну землямі Русі (in Rusiam)[16]. У 1384 годзе вялікі князь Вітаўт, на жаданьне сваёй жонкі Ўльяны, вылучыў тут зямлю манастыру Раства Багародзіцы. Гэты манастыр (у статусе архімандрыі) упамінаецца ў пісьмовых крыніцах да XVIII ст. Пазьней Сапегі збудавалі ў Троках мураваную Юраўскую царкву (існавала ў 1630 годзе). У пачатку XVIII ст. упамінаецца старажытная Траецкай царква, а таксама месцы, дзе стаялі цэрквы Нараджэньня Хрыстова і Сьвятога Мікалая.
У канцы XIV ст. Трокі зазначаюцца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх»: «Трокы старыи каменны. А Новые Трокы на езере две стены камены. А вышние древян. А в острове камен». 11 верасьня 1393 году Вітаўт з дапамогаю крыжакоў захапіў замкі і ўтрымліваў іх 2 месяцы. У 1387 годзе Ягайла пацьвердзіў свайму брату Скіргайлу права валодаць Троцкім княствам. Згодна з Востраўскім пагадненьнем 1392 году места перайшло ў склад уладаньняў Вітаўта. У 1402—1403 гадох у Троках пасяліліся 383 радзіны выхадцаў з Крыму — караімаў, а пазьней і крымскіх татараў. У 1405 годзе вялікі князь Вітаўт заснаваў у Старых Троках бэнэдыктынскі кляштар, а ў 1409 годзе ў Новых Троках — касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, якому паводле паданьня перадаў цудоўны абраз, падарунак імпэратара бізантыйскага Мануіла II Палеалога[17].
У 1413 годзе Трокі сталі сталіцай ваяводзтва і павету. Паводле некаторых зьвестак, у пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт надаў месту Магдэбурскае права[14] (у 1444 годзе мескія правы пацьвердзіў вялікі князь Казімер). У 1430 годзе тут адбыўся сход манархаў Эўропы з нагоды меркаванай каранацыі Вітаўта[18], аднак 27 лістапада вялікі князь памёр у замку. У 1440 годзе ў Троках забілі Жыгімонта Кейстутавіча. У 1469 годзе вялікі князь Казімер запрасіў у места бэнэдыктынаў славянскага абраду з паўднёва-славянскіх зямель[19]. У 1516 годзе Трокі атрымалі прывілей на 2 кірмашы штогод. У канцы XVI ст. тут праходзілі сэсіі Галоўнага Трыбуналу. У 1617 годзе ў Троках заснавалі кляштар бэрнардынаў, у 1638 годзе — манастыр базылянаў.
Захавалася меркаванае сьведчаньне азначэньня жыхароў Трокаў і ваколіцаў ліцьвінамі: «литвин Петрушка Янов… шляхтич… Троицкого повету» (1632 год)[20]. У матрыкуле Гайдэльбэрскага ўнівэрсытэту пад 1591 годам значацца Johannes Hlebowicz in Dambrowna, Lituanus. Nicolaus Hlebowicz in Dambrowna, palatinus Trocensis, Lituanus[21].
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1665 годзе места спалілі маскоўскія захопнікі. У 1678 годзе ў Троках пачаў дзеяць кляштар дамініканаў. 4 верасьня 1718 году адбылася ўрачыстастая каранацыя мясцовага абраза Маці Божай.
-
Новы замак. Ф. Смуглевіч, 1785—1786 гг.
-
Новы замак. К. Тызэнгаўз, 1803 г.
-
Стары замак, 1827 г.
-
Новы замак, 1827 г.
-
Новы замак. Ю. Азямблоўскі, 1843 г.
-
Новы замак. Ю. Маршэўскі, 1866 г.
-
Новы замак. Н. Орда, 1875—1876 гг.
-
Стары замак. М. Андрыёлі, 1872 г.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Трокі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе сталі цэнтрам павету Віленскай губэрні. У 1839—1842 гадох Трокі мелі статус заштатнага места. 18 сакавіка 1860 году зьявіўся праект расейскага мескага гербу «ў залатым полі чырвоная брама зь вежамі па бакох; над імі два чырвоныя скрыжаваныя мечы». На 1880 год у Троках было 178 будынкаў (зь якіх 3 мураваныя), 39 крамаў, 1 двухклясная школа; сакральныя будынкі практычна ўсяго спэктру вызнаньняў. У пачатку XX ст., паводле этнаграфічнай мапы, складзенай Яўхімам Карскім, на захадзе ад Трокаў праходзіла мяжа расьсяленьня беларусаў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Трокі занялі войскі Нямецкай імпэрыі
-
Фара. А. Адам, 1812 г.
-
Агульны выгляд. Ю. Азямблоўскі, 1851—78 гг.
-
Агульны выгляд, 1859 г.
-
Касьцёл бэрнардынаў. А. Ромэр, 1865—1880 гг.
-
Агульны выгляд, 1870 г.
-
Агульны выгляд. Н. Орда, 1875—1877 гг.
-
Фара, 1887 г.
-
Кенэса. С. Маслоўскі, 1904 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Трокі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1920 годзе яны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводзтва.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году Трокі занялі савецкія войскі. 10 кастрычніка 1939 году, згодна зь летувіска-савецкай дамовай, бальшавікі перадалі места ў склад Летувы. У чэрвені 1941 — ліпені 1944 году Трокі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1955—1962 гадох праводзілася маштабная рэканструкцыя Троцкага замка.
У 1994 годзе ўтварылася Беларускае таварыства Троцкага раёну (узначальвае М. Рулінскі)[22].
-
Стары замак. Ю. Чаховіч, 1888 г.
-
Фара. Ю. Чаховіч, 1888 г.
-
Фара, да 1915 г.
-
Агульны выгляд, да 1915 г.
-
Калёна з Пагоняй, да 1915 г.
-
Віленская вуліца, да 1915 г.
-
Царква-мураўёўка, да 1915 г.
-
Новы замак, 1930 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1870 год — 2191 чал.; 1880 год — 2174 чал., зь іх паводле веры 900 каталікоў, 224 праваслаўныя, 8 раскольнікаў, 2 эвангелісты, 2 кальвіністы, 585 юдэяў, 434 караімы, 19 мусульманаў; паводле стану 278 шляхты, 12 духоўнага стану, 30 ганаровых грамадзянаў, 1631 мяшчанін, 12 сялянаў, 206 вайскоўцаў і 5 іншых станаў[23]; 1897 год — 2800 чал.
- XX стагодзьдзе: 1901 год — 2390 чал., зь іх 746 каталікоў, 309 праваслаўных, 3 лютэраніны, 818 юдэяў, 424 караімы, 90 мусульманаў[24]; 1921 год — 1587 чал.; 1939 год — 3,1 тыс. чал.; 1959 год — 3,1 тыс. чал.; 1970 год — 4691 чал.; 1976 год — 6 тыс. чал.; 1979 год — 5763 чал.; 1989 год — 6703 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 6,1 тыс. чал.[25]; 2007 год — 5406 чал.; 2010 год — 5266 чал.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Троках працуюць гімназія Вітаўта Вялікага, сярэдняя і пачатковая школа.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць бібліятэка і тэатар.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай і мясцовай прамысловасьці.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трокі — буйны турыстычны цэнтар. У месьце працуюць некалькі музэяў. Дзее ляндшафтавы заказьнік.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
- Замак Новы на высьпе (XIV — пачатак XV ст.)
- Замак Стары на паўвысьпе (XIV ст.)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (Фарны; 1409, 1718)
- Кенэса (XVIII ст.)
- Кляштар дамініканаў (ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзі)
- Царква Раства Багародзіцы (1863; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кляштар бэрнардынаў (ХVІІ ст.)
- Сынагога
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Мост да Новага замка
-
Царква-мураўёўка
-
Стары будынак пошты
-
Палац Тышкевічаў на Затроччы
-
Каплічка Сьвятога Яна Непамука
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Трокаў |
---|
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 378.
- ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 17.
- ^ ГСБМ. Вып. 34. — Менск: Беларуская навука, 2014. С. 31.
- ^ ЭСБМ. Т. 13. — Менск: Беларус. Навука, 2010. С. 244.
- ^ Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi Maciejá Stryjkowskiego. — Warszawa, 1846. S. 369.
- ^ Ukmergės dekanato vizitacija 1784 m. Fontes Historiae Lituaniae. Wol. VIII. — Vilnius, 2009. P. 94.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 31.
- ^ На Вялікім возеры шукалі «цвярскія Трокі», Svajksta, 12 траўня 2015 г.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 671.
- ^ «Lexicon universale historico-geographico-chronologico-poetico-philologicum. — Basileae, 1677. P. 493.
- ^ Sapieha J. F. Monumenta Antiquitatum Marianarum, In Imagine Vetustissima, vulgo Gregoriana. — Varsav. Soc. Jesu, 1721. P. 30.
- ^ Культавічанка П. Беларуская нацыянальная айканімія // Наша Ніва. 30 лістапада 1999 г.
- ^ Jaworski R. Z najdawniejszych dokumentów do dziejów domeny Radziwiłłowskiej // Studia Źródłoznawcze = Commentationes. T. 39, 2001. S. 113.
- ^ а б Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 244.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 667.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 55.
- ^ Ярашэвіч А. Троцкі абраз Маці Божай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 669.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 668.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 179.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 434.
- ^ Die Matrikel der Unversität Heidelberg. Th. 2. — Heidelberg, 1886. S. 153.
- ^ Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў (Мінск, 21—25 мая, 4—7 снеж. 2000 г.) / Уклад. Т. Пятровіч; рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Менск: «Беларускі кнігазбор», 2001. — 312 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 17). ISBN 985-6638-15-1.
- ^ Krzywicki J. Troki // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 485.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 499.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — 552 с. — ISBN 985-11-0251-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|