Перайсьці да зьместу

Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тытульны аркуш хронікі

«Хро́ніка по́льская, літо́ўская, жамо́йцкая і ўсёй Русі́» (па-польску: «Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi») — помнік польскай гістарыяграфіі XVI стагодзьдзя, найбольш вядомая праца, складзеная Мацеям Стрыйкоўскім у 1570-я гг[1]. Упершыню апублікавана на лацінскай мове ў Краляўцы ў 1582 годзе[1][2]. Гэта першая друкаваная гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.

Хроніка прысьвечаная каралю Стэфану Баторыю, віленскаму біскупу Радзівілу, сынам Юрыя Алелькавіча. Твор складаецца зь пяці частак: рыфмаванай аўтабіяграфіі Стрыйкоўскага, прадмовы са зваротам да шляхты, самой Хронікі (25 кніг, падзеленых на главы), сьпісу памылак друку, рэестру ўласных імёнаў[2].

«Хроніка…» вылучаецца шырынёю ахопу падзей (ад біблейскіх часоў да 1580 году ўключна)[1]. Стрыйкоўскі паўстае ў хроніцы ня ў якасьці сярэднявечнага кампілятара, а як дасьледчык. Гэта відавочна па шырокім выкарыстаньні аўтарам гістарычных крыніцаў — прац антычных гісторыкаў Герадоту, Тытуса Лівіюса, Кляўдыюса Пталемэя, Страбону, польскіх храністаў Яна Длугаша, Мехавіты, Марціна Кромэра, Марціна Бельскага, крыжацкага храніста Пётар з Дусбургу, «Аповесьці мінулых часоў», беларуска-літоўскіх летапісаў і інш[2]. дакумэнтаў з архіваў сваіх апекуноў — магнатаў Хадкевічаў, Алелькавічаў[3].

Аркуш Хронікі

Стрыйкоўскі апісвае палітычную гісторыю Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага і Русі, закранае праблемы этнагенэзу славян, сьцьвярджае адзінства іх паходжаньня, высока ацэньвае гістарычнае мінулае ўсходне-славянскіх народаў і літоўцаў, услаўляе іх гераічныя справы[1].

Стрыйкоўскі вельмі падрабязна раскрывае гісторыю Вялікага Княства Літоўскага ад Палемону да Стафана Баторыя[1][2], пераважна паводле «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца, што былі вядомы аўтару ў 15 сьпісах і выкарыстаны ім добрасумленна, але некрытычна; мае шмат недакладнасьцяў і адвольнасьцяў[1], часам зьмяшчае фантастычныя зьвесткі[2].

Аўтар імкнуўся аб’яднаць два гістарычныя міты шляхты Рэчы Паспалітай: польскі «сармацкі» (аб паходжаньні шляхты ад сарматаў) і літоўскі «рымскі» (аб прыбыцьці жамойцкай шляхты з Рыму). Сумяшчэньне адбылося наступным чынам: на думку аўтара, група шляхты, якая прыбыла з Рыма, сустрэлася зь мясцовым сармацкім насельніцтвам і была імі асыміляваная[3].

Характарызуючы вялікіх князёў літоўскіх, Стрыйкоўскі не згадзіўся з польскімі храністамі аб «нізкім» паходжаньні Гедзіміну (конюх Віценя). Дарэчы, гэта пазыцыя была характэрна для лівонскіх храністаў. Таксама ён сьцьвярджаў, што ў Альгерда былі дзьве жонкі: віцебская княжна Марыя і цьвярская Ульяна. Грунтоўна падаецца аналіз зьнешнепалітычных акцыяў Вялікага Княства Літоўскага[2].

«Хроніка…» зьмяшчае зьвесткі па гісторыі беларускай культуры, пра помнікі археалёгіі, архітэктуры, жывапісу Беларусі эпохі Сярэднявечча[1].

Характэрная асаблівасьць помніку — наяўнасьць значнай колькасьці вершаваных уставак пра асобныя падзеі батальнай тэматыкі — пра бітву з татарамі пад Клецкам у 1506 годзе, з маскоўскімі войскамі пад Оршай у 1514, пад Улай у 1564 і інш.[1][2], а таксама аўтарскія прысьвячэньні розным беларуска-літоўскім мэцэнатам[1].

Падзеі ў творы асьветлены з агульнадзяржаўнай і шляхецкіх пазыцыяў[1], Сямён Падокшын і Альбін Семянчук лічаць хроніку ўзорам шляхецкай гісторыі, а Мікола Ермаловіч называў Стрыйкоўскага «сьвядомым фальсыфікатарам» на карысьць Мэльхіёра Гедройца[2]. Твор адметны «літоўскім» патрыятызмам[2], паэтызацыяй і гераізацыяй мінулага[1], прыхільнасьцю да дынастыі Ягелёнаў[2].

Сваім кампіляцыйным характарам, асаблівасьцямі выкладу і жанравай формы «Хроніка…» нагадвае летапісны звод, апрацаваны пад бэлетрыстычную гістарычную аповесьць. Яна карысталася вялікай папулярнасьцю і аўтарытэтам у Беларусі, Украіне і Летуве, была добра вядома ў Расеі, дзе неаднаразова перакладалася[1].

Паслужыла непасрэднай крыніцай «Хронікі Польшчы» І. Бельскага, апошняй (1611) рэдакцыі «Хронікі Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, «Палінодыі» З. Капысьценскага, «Сінопсіса» І. Гізеля, гістарычных прац Васіля Тацішчава, Тэадора Нарбута, твораў іншых польскіх, украінскіх, расейскіх, літоўскіх храністаў і гісторыкаў[1].

На беларускую мову перакладзена напрыканцы XVI ст. — пачатку XVII ст., лягла ў аснову «Хронікі літоўскай і жамойцкай», 2-й і 3-й частак беларуска-ўкраінскага хранографа «Вялікая хроніка»[1].