Перайсьці да зьместу

Альфрэд Ізідар Ромэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Альфрэд Ромэр»)
Альфрэд Ізідар Ромэр
Alfred Izydor Römer
Партрэт пэндзля Станіслава Раствароўскага
Род дзейнасьці жывапісец, скульптар, мэдальер, мастацтвазнавец, этнограф
Дата нараджэньня 16 красавіка 1832
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Вільня, Літоўска-Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 24 студзеня 1897
Месца сьмерці Каралінаў, Пастаўскі раён
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр, скульптар, мастацтвазнавец, гравэр, мадэльер, этнограф
Жанры пэйзаж
Бацька Эдвард Ян Ромэр
Маці Ганна з Белазораў[d]
Дзеці Гелена Ромэр-Ахенкоўская

Альфрэд Ізідар Ромэр (Roemer, Römer; 16 красавіка 1832, Вільня — 24 студзеня 1897) — жывапісец, скульптар, мэдальер, мастацтвазнавец, этнограф.

З шляхецкага роду Ромэраў, сын Эдварда Яна Ромэра. Скончыў Дваранскі інстытут у Вільні (1850), адначасова вучыўся малюнку ў К. Ш. Русецкага. У 1857 зрабіў падарожжа па Нямеччыне (Дрэздэн), Францыі (Парыж), Бэльгіі й Італіі. За ўдзел у паўстаньні 1863—1864 зьняволены й сасланы ў Кастрамскую губэрню. У 1867 падарожнічаў па Чэхіі, Нямеччыне, Швайцарыі, Францыі, дзе вучыўся жывапісу, гравэрскаму майстэрству. У 1874 вярнуўся на радзіму, жыў у маёнтку жонкі Каралінаве (Пастаўскі раён). Ад 1884 у Кракаве, ад 1888 сябар Камісіі гісторыі мастацтва Акадэміі навук у Кракаве. У справаздачах Камісіі апублікаваў працу «Польскія паясы, іх фабрыкі й знакі» (1893), адзін з разьдзелаў якой прысьвечаны слуцкім паясам, даклад «Да гісторыі віленскай школы прыгожых мастацтваў» (1896).

Медаль-аўтапартрэт Альфрэда Ромэра, 1880 год, Нацыянальный музэй Летувы.

Маляваў партрэты, пэйзажы, тэматычныя кампазыцыі, рабіў замалёўкі з жыцьця народу («Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Сялянскі двор», «Каля карчмы», інш.), маляваў архітэктурныя помнікі («Вішнева. Двор. Выгляд з фасаду»). Аўтар твораў на рэлігійныя сюжэты («Найсьвяцейшая Дзева» й «Усьпеньне» у касьцёле ў Пінску, «Хрыстос зь дзіцём» у касьцёле Яна Хрысьціцеля ў в. Камаі Пастаўскага раёну). Стваральнік бронзавых мэдалёў з партрэтнымі выявамі, гравюраў з выявамі сялянаў, карыкатураў. Рэпрадукцыі гравюраў і этнаграфічныя працы Ромэра зьмяшчалі часопісы «Tygodnik ilustrowany», «Litwa i Ruś», «Wisła» і інш. На іх старонках былі зьмешчаныя рэпрадукыі гравюраў «Касьцёл у Камаях. Віленская губэрня» (1878), «Мешчанін зь Віленскай парафіі» (1881), «Селянін з Магілёўскай губэрні Рагачоўскага павета» (1881), «Стары касьцёл у Кабыльніку Сьвянцянскага павету 1880», фальклёрная публікацыя «Усяночная арацыя» (1897).

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імя Альфрэда Ромэра носяць вуліцы ў вёсках Камаі і Каралінава, а таксама Пастаўская дзіцячая мастацкая школа. Плянавалася ў 2009 годзе, да 600-годзьдзя раённага цэнтра, недалёка ад школы ўсталяваць помнік мастаку.[1]

15 жніўня 2001 годзе ў Каралінаве быў усталяваны помнік жонцы Альфрэда Ромэра, мясцовай асьветніцы Вандзе Ромэр (1850—1944; скульптар А. І. Цыркуноў[2])[3].