БАТЭ Барысаў
БАТЭ Барысаў | ||||||
Поўная назва | Футбольны клюб «БАТЭ Барысаў» | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1996 | |||||
Горад | Барысаў, Беларусь | |||||
Стадыён |
Барысаў-Арэна Умяшчальнасьць: 13 126 | |||||
Старшыня | Андрэй Капскі | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Найвышэйшая ліга | |||||
· 2023 | 5 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы Афіцыйны сайт |
БАТЭ — беларускі футбольны клюб з гораду Барысава. Каманда была заснаваная ў 1973 годзе, узноўленая ў 1996 годзе. 15-разовы чэмпіён Беларусі, пяціразовы ўладальнік Кубка Беларусі, васьміразовы ўладальнік Супэркубка Беларусі. Першы беларускі клюб, які прайшоў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы, а таксама першы клюб, які выйшаў у плэй-оф эўрапейскіх турніраў. Ля вытокаў адраджэньня клюбу, які спыніў ісвананьне яшчэ ў савецкія часы, стаяў Анатоль Капскі. Пасьля сьмерці кіраўніка клюбу ў 2018 годзе, ачоліў клюб ягоны сын Андрэй Капскі.
Доўгі час клюб праводзіў свае матчы на Гарадзкім стадыёне, але з дасягнутымі посьпехамі ў эўракубках стала магчымым пабудаваць новы стадыён ля самага гораду на ўезьдзе з Жодзіна. Барысаў-Арэна, якая дала БАТЭ мажлівасьць ладзіць хатнія матчы ўсіх стадыяў эўракубкаў у Барысаве, адчыніла свае дзьверы ў 2014 годзе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя крокі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У год заснаваньня БАТЭ выступаў ва ўсходняй зоне другой групы (Д2) чэмпіянату БССР. Ужо першы сэзон склаўся для БАТЭ ўдала. Па яго выніках каманда дамаглася права на наступны год выступаць у чэмпіянаце рэспублікі.
У 1974 годзе БАТЭ дамогся першага посьпеху — стаў чэмпіёнам БССР, выйграўшы за сэзон 15 матчаў з 18 праведзеных. Аднак у наступным, 1975 годзе, БАТЭ прыйшлося здаволіцца толькі пятым месцам. Затое 1976 год стаў для БАТЭ сапраўды трыюмфальным: каманда аформіла своеасаблівы дубль, выйграўшы чэмпіянат і Кубак Беларускай ССР. У далейшым БАТЭ яшчэ раз станавіўся чэмпіёнам (1979), срэбным прызэрам (1978) чэмпіянату БССР і двойчы займаў чацьвертае месца (1977, 1981). У 1981 годзе каманда была расфармаваная.
Адраджэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Новы этап у жыцьці БАТЭ пачаўся ў 1996 годзе. Ініцыятыўная група вырашыла адрадзіць каманду. Датай аднаўленьня лічыцца 12 красавіка 1996 году[2]. Галоўным трэнэрам каманды быў прызначаны Юры Пунтус. У год свайго адраджэньня БАТЭ выступаў у другой лізе (Д3) чэмпіянату Беларусі і заняў у ёй першае месца, выйграўшы ў 24 матчах з 27. Нападнік Мікалай Рындзюк забіў 28 мячоў і стаў найлепшым бамбардзірам турніру. На наступны год, выступаючы ў першай лізе, БАТЭ заняў другое месца і атрымаў права выступаць у элітным дывізіёне — найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.
У 1998-м, годзе свайго дэбюту на найвышэйшым узроўні, БАТЭ заваёўвае срэбныя мэдалі. Наступны год стаў яшчэ больш удалым: БАТЭ ўпершыню становіцца чэмпіёнам Беларусі. 2000 год зноў стаў для БАТЭ «срэбным». Чэмпіянат 2001 году прынёс клюбу бронзавыя ўзнагароды.
Сэзон 2002 году стаў для БАТЭ неадназначным. Барысаўчане ўпершыню прабіліся ў фінал Кубка Беларусі, але зь лікам 0:2 саступілі ФК «Гомель». Удала склаўся сэзон на эўрапейскай арэне. Выступаючы ў Кубку Інтэртота, БАТЭ атрымаў пераканаўчую перамогу над прадстаўніком нямецкай Бундэсьлігі — «Мюнхэнам-1860», а затым практычна на роўных згуляў з італьянскай «Балёньняй». На фінішы чэмпіянату БАТЭ ў адчайным дужаньні дасягнуў лідыруючага ФК «Нёман» і ў «залатым» матчы чэмпіянату, дзякуючы голу Валера Тарасенкі ў дадатковы час, атрымаў перамогу зь лікам 1:0.
У чэмпіянаце 2003 году БАТЭ, нягледзячы на ўпэўненую гульню, да канца сэзону заставаўся на пятым месцы. У апошнім туры чэмпіянату яму мела сустракацца на выезьдзе зь менскім «Дынама». Гэтая сустрэча павінна была даць адказ на пытаньне, на якім месцы апынецца БАТЭ: другім або пятым. Але матч завяршыўся ўпэўненай перамогай БАТЭ 4:0, і каманда зноў заваявала срэбныя мэдалі.
У 2004 годзе БАТЭ, які няўдала выступіў у Кубку УЭФА, у фінале чэмпіянату ізноў прэтэндаваў на самыя высокія месцы, за тур да фінішу адстаючы ад менскага «Дынама» на два ачкі. І зноў апошняя сустрэча чэмпіянату мелася быць зь лідэрам на выезьдзе. Аднак гэтым разам леташняму трыюмфу не наканавана было паўтарыцца. Саступіўшы 0:2, БАТЭ заняў другое месца.
Сэзон 2005 году стаў самым цяжкім у гісторыі БАТЭ. Па-першае, у канцы папярэдняга сэзону каманду пакінуў яе нязьменны трэнэр Юры Пунтус, якога на трэнэрскім мастку БАТЭ зьмяніў Ігар Крывушэнка. Па-другое, у новы клюб Пунтуса перайшлі шэраг маладых гульцоў, на якіх у гэтым сэзоне ўскладаліся вялікія надзеі. БАТЭ саступіў у фінале Кубку МТЗ-РІПА, а па выніках чэмпіянату апынуўся на пятым месцы, упершыню ў найноўшай гісторыі застаўшыся без мэдалёў.
2006 год — асаблівы ў лёсе каманды. У гэты год адзначаўся дзесяцігадовы юбілей узнаўленьня клюбу. І БАТЭ годна адзначыў гэтую дату. Барысаўчане ўпершыню сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі, у фінале ў дадатковы час зь лікам 3:1 перамогшы салігорскі «Шахцёр». А ў чэмпіянаце БАТЭ таксама фінішаваў першым, такім чынам зрабіўшы своеасаблівы дубль.
2007 год стаў асаблівым як у гісторыі БАТЭ, так і ўсяго беларускага футболу. У гэтым сэзоне БАТЭ дамогся нябачанага раней беларускімі клюбамі посьпеху — выйшаў у трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі чэмпіёнаў УЭФА, выявіўшы пры гэтым велізарную волю да перамогі. Так, у першым кваліфікацыйным раўндзе БАТЭ прайграў у гасьцях кіпрскаму клюбу АПОЭЛ 0:2, аднак у хатнім матчы здолеў схіліць чару вагаў двухраўндавага супрацьстаяньня ў сваю карысьць, абгуляўшы супраціўніка зь лікам 3:0. У другім крузе быў упэўнена перайграны ісьляндзкі «Габнарф’ёрдур» — 3:1 на выезьдзе, 1:1 у хатнім матчы. У трэцім раўндзе супраціўнікам БАТЭ быў румынскі «Сьцяўа». Першы матч у Барысаве завяршыўся зь лікам 2:2, у другім матчы мацней былі румыны — 2:0. Выбыўшы з розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, БАТЭ ў першым раўндзе Кубка УЭФА сустракаўся з гішпанскім «Вільярэалам» — самым рэйтынгавым клюбам розыгрышу — і атрымаў дзьве паразы: 4:1 на выезьдзе і 2:0 на менскім стадыёне «Дынама». У чэмпіянаце Беларусі БАТЭ датэрмінова, за чатыры туры да фінішу, заваяваў чэмпіёнскі тытул. У розыгрышы Кубка БАТЭ зноў дайшоў да фіналу, дзе ў сэрыі пасьляматчавых пэнальці саступіў берасьцейскаму «Дынама».
Эпоха Віктара Ганчарэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 жніўня 2008 году БАТЭ пад кіраўніцтвам новага трэнэра Віктара Ганчарэнкі выбіў з 2-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў бэльгійскі «Андэрлехт», адолеўшы яго па суме двух матчаў зь лікам 4:3, і прабіўся ў 3-і кваліфікацыйны раўнд.
27 жніўня 2008 году, згуляўшы ўнічыю 1:1 зваротны матч у Барысаве з баўгарскім клюбам «Леўскі», БАТЭ ўпершыню трапіў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, перамогшы ў першым матчы ў гасьцях 1:0. Ніколі яшчэ ў самы прэстыжны эўракубкавы турнір не трапляў так званы «футбольны карлік» зь пятага дзясятку клюбнага рэйтынг-ліста УЭФА. Зноў жа, ніколі дагэтуль да групавой стадыі на даходзіла каманда, якая пачынала шлях у найслабейшым з магчымых кошыкаў лёсаваньня[3]. У групавой стадыі БАТЭ трапіў у групу H разам з «Рэалам» (Мадрыд), «Ювэнтусам», «Зэнітам». У першай гульні на выезьдзе БАТЭ саступіў «Рэалу» зь лікам 0:2. У другой сваёй гульні зь «Ювэнтусам» (2:2) БАТЭ стаў першым беларускім футбольным клюбам, які набраў пункты ў групавым этапе гэтага турніру. 21 кастрычніка, у трэцяй гульні на выезьдзе БАТЭ згуляў у нічыю (1:1) з «Зэнітам» з Санкт-Пецярбургу, а ў чацьвертай прайграў яму ў Менску зь лікам 0:2. У апошняй гульні групавога турніру БАТЭ згуляў унічыю зь «Ювэнтусам» 0:0, і ў выніку набраўшы 3 пункты ў 6 гульнях, клюб заняў апошняе месца ў групе і скончыў свой выступ у эўракубках.
31 кастрычніка 2008 году БАТЭ стаў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі. У гэты дзень быў згуляны перанесены матч 17-га туру, на ім падначаленыя Віктара Ганчарэнкі перамаглі жодзінскае «Тарпэда» зь лікам 2:1 і за два туры да фінішу сталі недасягальныя для перасьледнікаў.
26 жніўня 2010 году заваяваў права гуляць у групавым этапе Лігі Эўропы. Быў абыграны ісьляндзкі «Габнарф’ёрдур» (5:1 дома, 1:0 у гасьцях), затым параза па суме 2 матчаў ад дацкага «Капэнгагену» (0:0 дома і 2:3 у гасьцях) у Лізе чэмпіёнаў. Затым у кваліфікацыі Лігі Эўропы быў двойчы абыграны партугальскі «Марытыму» (3:0 дома і 2:1 у гасьцях). Па выніках жараб’ёўкі супраціўнікамі БАТЭ сталі нідэрляндзкі АЗ (перамога 4:1 дома, паражэньне 0:3 у гасьцях), «Дынама Кіеў» (2:2 у гасьцях, паражэньне 1:4 дома), «Шэрыф» (перамога 1:0 у гасьцях; перамога 3:1 дома). Па выніках групавога турніру барысаўчане ўпершыню выйшлі ў 1/16 фіналу эўрапейскага кубка, дзе па суме дзьвюх сустрэч саступілі францускаму ПСЖ (2:2 дома і 0:0 на выезьдзе).
2 жніўня 2011 году клюб атрымаў права гуляць у раўндзе плэй-оф чэмпіёнскай кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, абыграўшы ў другім кваліфікацыйным раўндзе «Лінфілд» (1:1 у гасьцях, 2:0 дома), а ў трэцім — «Экранас» (0:0 у гасьцях, 3:1 дома). 24 жніўня БАТЭ абыграў аўстрыйскі «Штурм» у гасьцях 0:2 (1:1 дома) і другі раз у сваёй гісторыі выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў, атрымаўшы, пры гэтым, месца ў трэцім кошыку. Па выніках жараб’ёўкі БАТЭ адправіўся ў групу H разам з «Барсэлёнай», «Мілянам» і «Вікторыяй».
Ліга чэмпіёнаў 2011—2012 гадоў далася БАТЭ цяжка. У першым матчы БАТЭ саступіў «Барсэлёне» (0:5). У другім матчы саступіў «Міляну» (0:2). Трэці матч зь «Вікторыяй» быў згуляны зь лікам 1:1. Чацьверты матч у Барсэлёне быў прайграны зь лікам 4:0. Пяты матч быў, мабыць, найлепшым у гэтай Лізе чэмпіёнаў. БАТЭ згуляў унічыю зь «Мілянам» (1:1). Апошні, шосты матч, быў важны: у ім вырашаўся далейшы ўдзел у Лізе Эўропы. БАТЭ прайграў матч зь «Вікторыяй» і завяршыў ўдзел у турнірах.
Старт афіцыйных выступленьняў БАТЭ ў сэзоне 2012 году пачаўся з паражэньня ад «Гомелю» ў Супэркубку Беларусі зь лікам 0:2. Пазьней, клюб атрымаў 11 перамог запар, але ў 13 туры саступіў «Белшыне» (0:1).
Перад пачаткам эўракубкаў 2012—2013 гадоў, БАТЭ сыграў некалькі матчаў няўдала. Да таго ж, у алімпійскую зборную былі выкліканыя Аляксандар Гутар, Дзяніс Палякоў, Дзьмітры Бага, Рэнан Брэсан[4], што аслабіла склад БАТЭ. Аднак, клюб ўзмацніўся Аляксандрам Глебам і Раманам Васілюком. У другім кваліфікацыйным раўндзе БАТЭ не бяз працы перамагае «Вардар» (3:2), аднак у наступным раўндзе ўпэўнена пермагае «Дэбрэцэн» (3:2). Па выніках двух матчаў, барысаўскі клюб перамог «Гапаэль Кір’ят-Шмана» (3:1) і выйшаў у групавы этап Лігі чэмпіёнаў 2012—2013 гадоў.
Паводле вынікаў лёсаваньня Лігі чэмпіёнаў 2012—2013 гадоў БАТЭ трапіў у групу F разам з «Валенсіяй», «Лілем» і «Баварыяй». У першых двух матчах барысаўчане сэнсацыйна перамаглі ў гасьцёх францускі «Ліль» (3:1) і дома нямецкую «Баварыю» (3:1). Але ў дзьвюх наступных сустрэчах трывалі паразу ад гішпанскай «Валенсіі» (0:3 і 2:4). У астатніх сваіх матчах у групе БАТЭ таксама саступіў, аднак здолеў заняць 3 радок і атрымаць права на ўдзел у Лізе Эўропы. Дарэчы, «Баварыя» ў тым сэзоне атрымала ўпэўненую перамогу ў Лізе чэмпіёнаў, а БАТЭ стаў адзіным клюбам, які здолеў забіць мюнхэнцам больш за два мячы ў аднім матчы. 11 лістапада пасьля перамогі зь лікам 5:1 над клюбам «Менск», барысаўскі клюб датэрмінова ў 7 раз запар стаў чэмпіёнам Беларусі.
У пачатку 2013 году БАТЭ гуляў у матчах 1/16 Лігі Эўропы супраць турэцкага «Фэнэрбахчэ». У сувязі з рэканструкцыяй менскага стадыёну «Дынама», дзе БАТЭ звычайна праводзіў міжнародныя сустрэчы, клюб быў вымушаны шукаць іншую пляцоўку. У выніку матч прайшоў у Горадні. Нягледзячы на тое, што «Фэнэрбахчэ» амаль увесь матч праводзіў у меншасьці, гульня скончылася ўнічыю 0:0. У адказным матчы БАТЭ прапусьціў з пэнальці (0:1) і скончыў выступленьне ў турніры.
У сэзоне 2013 году айчыннага чэмпіянату БАТЭ стартаваў ня вельмі ўпэўнена, у выніку чаго лідэрства ў табліцы перахапіў салігорскі «Шахцёр», якім кіраваў Уладзімер Журавель. Улетку барысаўчане наладзілі гульню, і, атрымоўваючы перамогу за перамогай, пачалі даганяць салігорскі клюб. Расчараваньнем для аматараў каманды стала выступленьне БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. На першай жа стадыі ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе барысаўскі клюб саступіў казахстанскаму «Шахтару», з аднолькавым лікам у абодвух сустрэчах — 0:1, і выбыў з розыгрышу эўракубкаў. 21 верасьня 2013 году БАТЭ ў гасьцёх перайграў салігорскі «Шахцёр» (3:0) і ўпершыню ў сэзоне выйшаў на першае месца ў турнірнай табліцы. Дзякуючы чарзе няўдачаў салігорцаў БАТЭ хутка замацаваўся на першым радку.
Апошнія гады Капскага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]12 кастрычніка 2013 году было абвешчана аб тым, што Віктар Ганчарэнка пакідае пасаду галоўнага трэнэра[5]. Новым галоўным трэнэрам быў прызначаны Аляксандар Ермаковіч. 9 лістапада 2013 году, атрымаўшы перамогу ў 30 туры над «Тарпэда-БелАЗ», БАТЭ стаў дзесяціразовым чэмпіёнам Беларусі. У сэзоне 2014 году БАТЭ быў вымушаны доўгі час змагацца за лідарства ў чэмпіянаце зь менскім «Дынама». У выніку, барысаўчанам пасьля перамогі над менчукамі ў матчы 29 тура, як адбыўся 1 лістапада, удалося адарвацца і пасьля наступнага тура датэрмінова ўзяць чарговае золата. Пры гэтым, БАТЭ усталяваў рэкорд: каманда не прайгравала на працягу 31 матча чэмпіянату (ранейшы рэкорд — 29 матчаў — належыў віцебскай «Дзьвіне» ў сэзоне 1994—1995 гадоў). У Лізе чэмпіёнаў БАТЭ здолеў чарговы, ужо чацьверты, раз прабіцца ў групавы этап: хоць і з праблемамі, але былі пройдзеныя альбанскі «Скендэрбэў», вугорскі «Дэбрэцэн» і славацкі «Слован». Але ў групавым этапе барысаўчане пацярпелі па дзьве разгромных паразы ад «Порту» і данецкага «Шахтара». Адна перамога над «Атлетыкам» зь Більбао не дазволіла барысаўчанам узьняцца вышэй за апошняе месца ў групе. Пры гэтым паводле колькасьці прапушчаных у групавым этапе галоў (24) БАТЭ паставіў новы антырэкорд у гісторыі турніру.
У наступным сэзоне БАТЭ здолеў трэці раз здабыць Кубка Беларусі, у фінале выгуляўшы салігорскі «Шахцёр» зь лікам 4:1. У чэмпіянаце клюб таксама ня меў перашкод, амаль ад пачатку сэзону значна адарваўшыся ад канкурэнтаў і за чатыры туры да фінішу гарантаваўшы чарговае чэмпіёнства. Барысаўская сэрыя без паразаў у чэмпіянаце, якая была распачатая ў папярэднім сэзоне, была спыненая толькі ў 15 туры менскім «Дынама» (0:1), такім чынам склала 45 матчаў. У Лізе чэмпіёнаў БАТЭ зноўку выйшаў у групавы этап, па чарзе пераадолеўшы ірляндзкі «Дандолк», вугорскі «Відэатон» і сэрбскі «Партызан». Супернікамі на групавым этапе сталі «Барсэлёна», «Рома» і «Баер», сярод якіх БАТЭ лічыўся аўтсайдэрам. Аднак у другім туры групавога этапу барысаўчане нечакана нанеслі паразу «Роме» зь лікам 3:2. Зрэшты, барысаўчане набралі 5 пунктаў і апынуліся апошнімі ў групе. Сэзон 2016 году атрымаўся для БАТЭ няўдалым. Каманда другі раз запар дайшла да фіналу Кубка Беларусі, але ня здолела захаваць тытул, саступіўшы ў сэрыі пенальці жодзінскаму «Тарпэда-БелАЗ». У Лізе чэмпіёнаў БАТЭ прайшоў у другім кваліфікацыйным раўндзе фінскі СІК, але ў трэцім саступіў ірляндзкаму «Дандолк» (1:0, 0:3) і выбыў у Лігу Эўропы, дзе таксама ня здолеў прабіцца ў групавы этап, прагуляўшы ў плэй-оф кваліфікацыі паводле суме дзьвюх сустрэч «Астане» з Казахстану (0:2, 2:2). У выніку БАТЭ ў другі раз з 2008 году застаўся без эўракубкаў увосень. Адзіным адносным посьпехам стаў упэўнены выступ у чэмпіянаце, дзе БАТЭ адразу захапіў лідэрства, а асноўныя канкурэнты — менскае «Дынама» і салігорскі «Шахцёр» — у пачатку турніру страцілі шмат пунктаў. 14 кастрычніка 2016 году ў матчы 25-га тура БАТЭ перамог мікашэвіцкі «Граніт» зь лікам 1:0 і заўчасна стаў чэмпіёнам.
У пачатку сэзона 2017 году БАТЭ быў выбіты ў паўфінале Кубка Беларусі, дзе сустракаўся зь берасьцейскім «Дынама» (0:2, 1:0). Няўдала пачаўся для барысаўскага клюбу і чэмпіянат краіны — прапусьціўшы наперад асноўных канкурэнтаў, як звыйчайна менскае «Дынама» і «Шахцёр», БАТЭ доўгі час займаў другі і трэці радок. Пры гэтым дружына ў матчах з сваімі канкурэнтамі атрымаў «сухія» перамогі (1:0 і 1:0 з «Дынама», 1:0 і 4:0 з «Шахцёрам»), аднак саступіў клюбам зь сярэдзіны і ніжняй частцы табліцы — «Слуцку», «Віцебску», «Менску» і «Крумкачам». У Лізе чэмпіёнаў БАТЭ прайшоў у другім кваліфікацыйным раўндзе армянскі «Алашкерт». У трэцім раўндзе пасьля гасьцявой паразы ад чэскай «Славіі» (0:1) барысаўчане ня здолелі ў хатнім матчы забясьпечыць неабходны лік — перамога барысаўчан 2:1 адправіла далей «Славію». БАТЭ перайшоў у Лігу Эўропы, дзе ў двубоі з украінскай «Александрыяй» пасьля хатняй нічыі 1:1 здабыў валявую гасьцявую перамогу зь лікам 2:1 і прабіўся у групавы этап. Супернікамі ў групе сталі ангельскі «Арсэнал», нямецкі «Кёльн» і сэрбская «Црвена Зьвезда».
Фініш сэзону 2017 годзе ў чэмпіянаце азмрочыўся для БАТЭ шэрагам скандалаў. Шырокую вядомасьць атрымала гэтак званая «справа Верамко», то бок 23 верасьня на хатні матч барысаўчан супраць «Слуцка» (які скончыўся зь лікам 6:0) быў заяўлены і правёў увесь матч на лаўцы запасных брамнік Сяргей Верамко, які да таго адбыў пяціматчавую дыскваліфікацыю. Але разам з дыскваліфікацыяй быў накладзены штраф, у выпадку неаплаты якога дыскваліфікацыя падаўжалася да моманту аплаты, і, як высьветілася, штраф быў аплачаны Верамко толькі 27 верасьня. Дысцыплінарны камітэт АБФФ за неправамоцны ўдзел гульца 13 кастрычніка прысудзіў БАТЭ тэхнічную паразу, што значна ўскладніла БАТЭ барацьбу за чэмпіёнства. Барысаўчане падалі апэляцыю, і 10 лістапада (за два туры да канца чэмпіянату) Апэляцыйны камітэт АБФФ, прызнаўшы віну Верамко, адмяніў папярэдні вырак Дысцыплінарнага камітэту і павярнуў тры пункты, абмежаваўшыся штрафам. У матчах з удзелам БАТЭ таксама быў зафіксаваны шэраг памылковых судзейскіх рашэньняў: 28 кастрычніка ў матчы супраць «Нафтанам» пры ліку 1:0 на карысьць барысаўчанаў быў прызначаны пэнальці ў браму БАТЭ за гульню рукой, але мяч трапіў у плячо Віталю Гайдучыку. Пэнальці быў рэалізаваны навапалачанамі, і матч скончыўся зь лікам 1:1. Пазьней, 18 лістапада, у перадапошнім туры ў матчы супраць «Нёману» пры ліку 1:1 Віталь Радзівонаў пры дапамозе сваёй рукі адправіў мяч у браму, і арбітар залічыў гол (выніковы лік 3:1 на карысьць БАТЭ). Няўдачы на фінішы «Дынама» і «Шахцёра» разам з станоўчымі для БАТЭ вынікам «справы Верамко» дазволілі барысаўчанам перад апошнім турам выйсьці на першае месца ў табліцы. Пры гэтым у гасьцявым матчы апошняга тура супраць «Гарадзеі» БАТЭ было дастаткова згуляць унічыю, каб стаць чэмпіёнам. Аднак, адкрыўшы лік у матчы, барысаўчане тройчы прапусьцілі, і да 75-й хвіліны «Гарадзея» перамагала зь лікам 3:1 (у той час як менскае «Дынама» ўпэўнена вяло ў ліку ў сваім матчы і пераганяла барысаўчан). Тым ня менш, Віталь Радзівонаў, які выйшаў на замену ў БАТЭ, на 79-й хвіліне забіў з пэнальці, а на пятай дададзенай хвіліне ўсталяваў канчатковы лік 3:3, што прынесла БАТЭ чарговае чэмпіёнства.
2018 год пачаўся для БАТЭ пад кіраўніцтвам новага трэнэра — Алега Дулуба. Каманда ўпэўнена стартавала ў чэмпіянаце Беларусі, здабыўшы перамогі ў першых васьмі турах, аднак саступіла берасьцейскаму «Дынама» ў Супэркубку Беларусі і ў фінале Кубка Беларусі. Пасьля першых няўдач ў чэмпіянаце Беларусі Дулуб быў звольнены, а выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера стаў Аляксей Бага, які пазьней быў зацьверджаны на пасадзе. Пад ягоным кіраўніцтвам БАТЭ працягнуў пасьпяховы выступ у чэмпіянаце Беларусі, а ў Лізе чэмпіёнаў пасьля перамог над фінскім ХІКам і азэрбайджанскім «Карабахам» саступіў у плэй-оф нідэрляндзкаму ПСВ і патрапіў у групавы этап Лігі Эўропы.
22 верасьня 2018 году пасьля працяглай хваробы памёр старшыня клюбу Анатоль Капскі, які стаяў на чале клюбу зь ягонага адраджэньня ў 1996 годзе. Да канца сэзону каманда выхадзіла на поле з траўрнымі повязямі. 4 лістапада, пасьля перамогі над гарадзенскім «Нёманам», БАТЭ стаў 15-разовым чэмпіёнам Беларусі. У групавым раўндзе Лігі Эўропы БАТЭ сустрэўся з вугорскім «МОЛ Відзі», ангельскім «Чэлсі» і грэцкім ПАОКам. Пачаўшы зь перамогі над «МОЛ Відзі», БАТЭ пасьля саступіў ПАОКу і двойчы «Чэлсі», аднак перамогі ў двух апошніх турах над «МОЛ Відзі» і ПАОКам прынесьлі барысаўскаму клюбу месца ў 1/16 фіналу Лігі Эўропы, дзе саступілі лёнданскаму «Арэсналу».
Пагаршэньне вынікаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Супэркубку Беларусі БАТЭ другі раз запар трываў паразу ад берасьцейскага «Дынама», а ў Кубку Беларусі 2018—2019 гадоў дрыжына выбыла на стадыі чвэрцьфіналу, саступіўшы ў двухматчавым супрацьстаяньні «Іслачы». У чэмпіянаце Беларусі БАТЭ ў першай палове сэзону знаходзіўся ў уверсе табліцы, змагаючыся за першы радок зь берасьцейцамі і салігорскім «Шахцёрам». У 1-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў БАТЭ перамог польскі «Пяст», аднак у другім саступіў нарвэскаму «Русэнборгу». Перайшоўшы ў Лігу Эўропы, каманда ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе прайшла басьнійскі клюб «Сараева», а ў плэй-оф, як і тры гады таму, патрапіла на казахстанскую «Астану». Пасьля паразы ў гасьцёх зь лікам 0:3 дома БАТЭ забіў толькі двойчы (2:0) і паводле суме дзьвюх сустрэч выбыў з турніру. Тым часам шэраг няўдач барысаўчан вывеў на першы радок у чэмпіянаце Беларусі берасьцейскае «Дынама», якое без правалаў дайшло да канца сэзону і здабыла чэмпіёнства. Такім чынам перарвалася сэрыя БАТЭ з 13 чэмпіёнстваў запар. Барысаўскі клюб у сэзоне 2019 году атрымаў срэбныя мэдалі.
У пачатку 2020 году дружыну ачоліў Кірыл Альшэўскі. Пад ягоным кіраўніцтвам каманда пачала чэмпіянат зь дзьвюх паразаў, але апасьля справы пайшлі лепей, і неўзабаве БАТЭ ўключыўся ў барацьбу за прызавыя месцы. Таксама быў здабыты Кубак Беларусі — у фінале ў дадатковы час была атрымана перамога над кріўдзіцелем апршняга часу берасьцейскім «Дынама» (1:0). У Лізе Эўропы БАТЭ адразу выбыў з турніру, саступіўшы на выезьдзе сафійскаму ЦСКА (0:2). У чэмпіянаце Беларусі ж каманда доўгі час вяла змаганьне за першы радок з салігорскім «Шахцёрам». У верасьні 2020 года Альшэўскі быў звольнены, а новым трэнэрам стаў ягоны памочнік Аляксандар Лісоўскі. Перад заканчэньнем сэзону БАТЭ яшчэ ачольваў табліцу, але нічыя ў апошнім туры зь менскім «Дынама» (0:0) адкінула барысаўчанаў на другі выніковы радок. У сьнежні 2020 года новым галоўным трэнэрам стаў Віталь Жукоўскі, які раней доўгі час ачольваў «Іслач». З каманды сышлі шматгадовыя лідэры Ігар Стасевіч, Ягор Філіпенка (абодва перайшлі ў салігорскі «Шахцёр»), Дзьмітры Бага. Ім на замену прыйшлі пераважна маладыя гульцы. У пачатку сэзону 2021 году фан-рух БАТЭ адмовіўся падтрымліваць клюб, пакуль у краіне працягваюцца палітычныя судовыя справы, зьбіцьцё і забойства людей за ўласныя меркаваньні[6].
У чэмпіянаце БАТЭ, хоць і рухаўся няблага, але ня здолеў перашкодзіць захапіць лідэрства салігорскаму «Шахцёру», які атрымліваў перамогу за перамогай. У траўні БАТЭ другі раз запар стаў уладальнікам Кубка Беларусі, атрымаўшы ў фінале перамогу над «Іслаччу» (2:1). Выступы ў Лізе канфэрэнцыяў былі няўдалымі — пасьля гасьцявой перамогі 1:0 над батумскім «Дынама» БАТЭ саступіў на Барысаў-Арэне зь лікам 1:4 і быў вымушаны спыніць удзел у турніры. У гэты ж час асноўны нападнік клюбу Максім Скавыш перайшоў у «Шахцёр». Пасьля БАТЭ навязваў пэўную канкурэнцыю салігарчанам, і нават у верасьні атрымаў хатнюю перамогу над «Шахцёрам» (1:0), аднак неўзабаве салігорская каманда атрымала гандыкап і замацавалася на першым радку. БАТЭ ж толькі ў апошнім туры здабыў трэція запар срэбныя мэдалі, абышоўшы менскае «Дынама».
У студзені 2022 году новым галоўным трэнэрам стаў Аляксандар Міхайлаў, які раней узначальваў дублюючы склад клюбу. Дружына добра пачала чэмпіянат, атрымаўшы перамогі ў пяці першых матчах запар, аднак пазьней справы пагоршыліся, БАТЭ шмат гуляў унічыю і прапусьціў наперад канкурэнтаў. У фінале Кубка Беларусі БАТЭ саступіў «Гомелю» (1:2), а таксама выбыў зь Лігі канфэрэнцыяў, саступіўшы турэцкаму «Коньяспору» з агульным лікам 0:5. У жніўні празь няўдачы Міхайлаў сышоў у адстаўку, а выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра быў прызначаны ягоны памочнік Сяргей Зяневіч, аднак пад кіраўніцтвам новага адмыслоўца сытуацыя не палепшылася, неўзабаве БАТЭ быў выкінуты з прызавой тройкі. У кастрычніку на чале каманды зноўку стаў Кірыл Альшэўскі, які вярнуў БАТЭ ў барацьбу. Барысаўчане здолелі абысьці менскае «Дынама», але салігорскі «Шахцёр» і менскі «Энэргетык-БДУ» засталіся наперадзе, а БАТЭ застаўся трэцім.
У Найвышэйшай лізе ў 2023 годзе БАТЭ хутка прапусьціў наперад канкурэнтаў і не ўдзельнічаў у барацьбе за чэмпіёнства. Каманда зноў дайшла да фіналу Кубка Беларусі, дзе саступіла жодзінскаму «Тарпэда-БелАЗ» зь лікам 0:2. Пасьля адхіленьня «Шахцёра» і «Энэргетыка-БДУ» ад эўракубкаў барысаўчане атрымалі месца ў Лізе чэмпіёнаў, дзе ў першым кваліфікацыйным раўндзе перамаглі альбанскі «Партызані», аднак пасьля пасьлядоўна выбылі зь Лігі чэмпіёнаў, Лігі Эўропы і Лігі канфэрэнцыяў, саступіўшы адпаведна кіпрскаму «Арысу», малдаўскаму «Шэрыфу» і косаўскаму «Балкані». У чэмпіянаце БАТЭ працягваў змагацца за трэці радок, аднак у выніку фінішаваў пятым, упершыню з 2006 году застаўшыся без мэдалёў. У самым пачатку 2024 году было абвешчана, што галоўны трэнэр Альшэўскі быў звольнены з сваёй пасады. Наступнікам стаў Ігар Крывушэнка, які ўжо некалі працаваў у барысаўскім клюбе.
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чэмпіянат Беларусі
- Уладальнік Кубка Беларусі: 2006, 2010, 2015, 2020, 2021
- Фіналіст Кубка Беларусі: 2002, 2005, 2007, 2016, 2018, 2022, 2023
- Уладальнік Супэркубка Беларусі: 2010, 2011, 2013, 2014, 2015, 2016, 2017, 2022
- Чэмпіён БССР: 1974, 1976, 1979
- Срэбны прызэр чэмпіянату БССР: 1978
- Уладальнік Кубка Беларускай ССР: 1976
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 13 верасьня 2024 году
|
|
Галоўныя трэнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэмпіянат і Кубак Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1996 | Другая | 1 | 28 | 25 | 2 | 1 | 79-10 | 77 | 1/16 |
1997 | Першая | 2 | 30 | 25 | 3 | 2 | 92-15 | 78 | 1/4 |
1998 | Найвышэйшая | 28 | 18 | 4 | 6 | 50-25 | 58 | 1/2 | |
1999 | Найвышэйшая | 30 | 24 | 5 | 1 | 80-22 | 77 | 1/8 | |
2000 | Найвышэйшая | 30 | 20 | 4 | 6 | 68-26 | 64 | 1/4 | |
2001 | Найвышэйшая | 26 | 16 | 3 | 7 | 54-31 | 51 | Ф | |
2002 | Найвышэйшая | 26 | 18 | 2 | 6 | 51-20 | 56 | 1/4 | |
2003 | Найвышэйшая | 30 | 20 | 6 | 4 | 70-21 | 66 | 1/2 | |
2004 | Найвышэйшая | 30 | 22 | 4 | 4 | 59-25 | 70 | Ф | |
2005 | Найвышэйшая | 5 | 26 | 12 | 11 | 3 | 42-27 | 47 | Ул |
2006 | Найвышэйшая | 26 | 16 | 6 | 4 | 47-27 | 54 | Ф | |
2007 | Найвышэйшая | 26 | 18 | 2 | 6 | 50-25 | 56 | 1/2 | |
2008 | Найвышэйшая | 30 | 19 | 10 | 1 | 54-20 | 67 | 1/2 | |
2009 | Найвышэйшая | 26 | 19 | 5 | 2 | 55-16 | 62 | Ул | |
2010 | Найвышэйшая | 33 | 21 | 9 | 3 | 64-18 | 72 | 1/8 | |
2011 | Найвышэйшая | 33 | 18 | 12 | 3 | 53-20 | 66 | 1/8 | |
2012 | Найвышэйшая | 30 | 21 | 5 | 4 | 51-16 | 68 | 1/8 | |
2013 | Найвышэйшая | 32 | 21 | 4 | 7 | 61-25 | 67 | 1/4 | |
2014 | Найвышэйшая | 32 | 20 | 11 | 1 | 68-21 | 71 | Ул | |
2015 | Найвышэйшая | 26 | 20 | 5 | 1 | 44-11 | 65 | Ф | |
2016 | Найвышэйшая | 30 | 22 | 4 | 4 | 73-25 | 70 | 1/2 | |
2017 | Найвышэйшая | 30 | 21 | 5 | 4 | 61-19 | 68 | Ф | |
2018 | Найвышэйшая | 30 | 23 | 4 | 3 | 55-24 | 73 | 1/4 | |
2019 | Найвышэйшая | 30 | 22 | 4 | 4 | 61-21 | 70 | Ул | |
2020 | Найвышэйшая | 30 | 17 | 7 | 6 | 65-32 | 58 | Ул | |
2021 | Найвышэйшая | 30 | 19 | 8 | 3 | 61-27 | 65 | Ф | |
2022 | Найвышэйшая | 30 | 16 | 11 | 3 | 51-21 | 59 | Ф | |
2023 | Найвышэйшая | 5 | 28 | 14 | 5 | 9 | 49-32 | 47 | 1/4 |
Удзел у эўракубках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кубак | Г | В | Н | П | М |
---|---|---|---|---|---|
Ліга чэмпіёнаў | 104 | 37 | 31 | 36 | 119—150 |
Кубак УЭФА/Ліга Эўропы | 63 | 21 | 11 | 31 | 75—111 |
Ліга канфэрэнцыяў | 6 | 2 | 0 | 4 | 4—13 |
Кубак Інтэртота | 6 | 4 | 1 | 1 | 8—2 |
Усяго | 179 | 64 | 43 | 72 | 206—276 |
Сэзон | Спаборніцтва | Раўнд | Супраціўнік | Дома | У гасьцёх | Вынік | |
---|---|---|---|---|---|---|---|
1999/00 | Кубак УЭФА | к/р | Лякаматыў Масква | 1:7 | 0:5 | 1:12 | |
2000/01 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | Шырак Гюмры | 2:1 | 1:1 | 3:2 | |
2 к/р | Гэльсынгборг | 0:3 | 0:0 | 0:3 | |||
2001/02 | Кубак УЭФА | к/р | Дынама Тбілісі | 4:0 | 1:2 | 5:2 | |
1 раўнд | Мілян | 0:2 | 0:4 | 0:6 | |||
2002 | Кубак Інтэртота | 1 раўнд | Акадэміск БК Капэнгаген | 1:0 | 2:0 | 3:0 | |
2 раўнд | Мюнхэн-1860 | 4:0 | 1:0 | 5:0 | |||
3 раўнд | Балёньня | 0:0 | 0:2 | 0:2 | |||
2003/04 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | Багэміян Дублін | 1:0 | 0:3 | 1:3 | |
2004/05 | Кубак УЭФА | 1 к/р | Дынама Тбілісі | 2:3 | 0:1 | 2:4 | |
2005/06 | Кубак УЭФА | 1 к/р | Тарпэда Кутаісі | 5:0 | 1:0 | 6:0 | |
2 к/р | Крылы Саветаў | 0:2 | 0:2 | 0:4 | |||
2006/07 | Кубак УЭФА | 1 к/р | Ністру Атач | 2:0 | 1:0 | 3:0 | |
2 к/р | Рубін Казань | 0:2 | 0:3 | 0:5 | |||
2007/08 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | АПОЭЛ Нікасія | 3:0 (д. ч.) | 0:2 | 3:2 | |
2 к/р | Габнарф’ёрдур | 1:1 | 3:1 | 4:2 | |||
3 к/р | Сьцяўа Бухарэст | 2:2 | 0:2 | 2:4 | |||
2007/08 | Кубак УЭФА | 1 раўнд | Вільярэал | 0:2 | 1:4 | 1:6 | |
2008/09 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | Валюр Рэйк’явік | 2:0 | 1:0 | 3:0 | |
2 к/р | Андэрлехт Брусэль | 2:2 | 2:1 | 4:3 | |||
3 к/р | Леўскі Сафія | 1:1 | 1:0 | 2:1 | |||
Група H | Рэал Мадрыд | 0:1 | 0:2 | ||||
Група H | Ювэнтус Турын | 2:2 | 0:0 | ||||
Група H | Зэніт Санкт-Пецярбург | 0:2 | 1:1 | ||||
2009/10 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Македонія Скоп’е | 2:0 | 2:0 | 4:0 | |
3 к/р | Вэнтсьпілс | 0:1 | 2:1 | 2:2 | |||
2009/10 | Ліга Эўропы | Плэй-оф | Літэкс Ловеч | 0:1 | 4:0 (д. ч.) | 4:1 | |
Група I | Бэнфіка Лісабон | 1:2 | 0:2 | ||||
Група I | Эвэртан Лівэрпул | 1:2 | 1:0 | ||||
Група I | АЕК Атэны | 2:1 | 2:2 | ||||
2010/11 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Габнарф’ёрдур | 5:1 | 1:0 | 6:1 | |
3 к/р | Капэнгаген | 0:0 | 2:3 | 2:3 | |||
2010/11 | Ліга Эўропы | Плэй-оф | Марытыму Фуншал | 3:0 | 2:1 | 5:1 | |
Група E | АЗ Алькмаар | 4:1 | 0:3 | ||||
Група E | Дынама Кіеў | 1:4 | 2:2 | ||||
Група E | Шэрыф Тыраспаль | 3:1 | 1:0 | ||||
1/16 | Пары Сэн-Жэрмэн | 2:2 | 0:0 | 2:2 | |||
2011/12 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Лінфілд | 2:0 | 1:1 | 3:1 | |
3 к/р | Экранас | 3:1 | 0:0 | 3:1 | |||
Плэй-оф | Штурм | 1:1 | 2:0 | 3:1 | |||
Група H | Вікторыя Пльзень | 0:1 | 1:1 | ||||
Група H | Барсэлёна | 0:5 | 0:4 | ||||
Група H | Мілян | 1:1 | 0:2 | ||||
2012/13 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Вардар | 3:2 | 0:0 | 3:2 | |
3 к/р | Дэбрэцэн | 1:1 | 2:0 | 3:1 | |||
Плэй-оф | Гапаэль Кір’ят-Шмана | 2:0 | 1:1 | 3:1 | |||
Група F | Ліль | 0:2 | 3:1 | ||||
Група F | Баварыя Мюнхэн | 3:1 | 1:4 | ||||
Група F | Валенсія | 0:3 | 2:4 | ||||
2012/13 | Ліга Эўропы | 1/16 | Фэнэрбахчэ | 0:0 | 0:1 | 0:1 | |
2013/14 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Шахтар Караганда | 0:1 | 0:1 | 0:2 | |
2014/15 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Скендэрбэў Корча | 0:0 | 1:1 | 1:1 | |
3 к/р | Дэбрэцэн | 3:1 | 0:1 | 3:2 | |||
Плэй-оф | Слован Браціслава | 3:0 | 1:1 | 4:1 | |||
Група H | Порту | 0:3 | 0:6 | ||||
Група H | Атлетык Більбао | 2:1 | 0:2 | ||||
Група H | Шахтар Данецк | 0:7 | 0:5 | ||||
2015/16 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Дандолк | 2:1 | 0:0 | 2:1 | |
3 к/р | Відэатон | 1:0 | 1:1 | 2:1 | |||
Плэй-оф | Партызан Бялград | 1:0 | 1:2 | 2:2 | |||
Група E | Баер Левэркузэн | 1:1 | 1:4 | ||||
Група E | Рома Рым | 3:2 | 0:0 | ||||
Група E | Барсэлёна | 0:2 | 0:3 | ||||
2016/17 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | СІК Сэйняёкі | 2:0 | 2:2 | 4:2 | |
3 к/р | Дандолк | 1:0 | 0:3 | 1:3 | |||
2016/17 | Ліга Эўропы | Плэй-оф | Астана | 2:2 | 0:2 | 2:4 | |
2017/18 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | Алашкерт Ерэван | 1:1 | 3:1 | 4:2 | |
3 к/р | Славія Прага | 2:1 | 0:1 | 2:2 | |||
2017/18 | Ліга Эўропы | Плэй-оф | Александрыя | 1:1 | 2:1 | 3:2 | |
Група H | Црвена Зьвезда | 0:0 | 1:1 | ||||
Група H | Арсэнал Лёндан | 2:4 | 0:6 | ||||
Група H | Кёльн | 1:0 | 2:5 | ||||
2018/19 | Ліга чэмпіёнаў | 2 к/р | ХІК Хэльсынкі | 0:0 | 2:1 | 2:1 | |
3 к/р | Карабах Агдам | 1:1 | 1:0 | 2:1 | |||
Плэй-оф | ПСВ Эйндговэн | 2:3 | 0:3 | 2:6 | |||
2018/19 | Ліга Эўропы | Група L | МОЛ Відзі | 2:0 | 2:0 | ||
Група L | ПАОК | 1:4 | 3:1 | ||||
Група L | Чэлсі | 0:1 | 1:3 | ||||
1/16 фіналу | Арсэнал Лёндан | 1:0 | 0:3 | 1:3 | |||
2019/20 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | Пяст Глівіцы | 1:1 | 2:1 | 3:2 | |
2 к/р | Русэнборг Тронгэйм | 2:1 | 0:2 | 2:3 | |||
2019/20 | Ліга Эўропы | 3 к/р | Сараева | 0:0 | 2:1 | 2:1 | |
Плэй-оф | Астана | 2:0 | 0:3 | 2:3 | |||
2020/21 | Ліга Эўропы | 2 к/р | ЦСКА | — | 0:2 | 0:2 | |
2021/22 | Ліга канфэрэнцыяў | 2 к/р | Дынама Батумі | 1:4 | 1:0 | 2:4 | |
2022/23 | Ліга канфэрэнцыяў | 2 к/р | Коньяспор | 0:3 | 0:2 | 0:5 | |
2023/24 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | Партызані | 2:0 | 1:1 | 3:1 | |
2 к/р | Арыс | 3:5 | 2:6 | 5:11 | |||
2023/24 | Ліга Эўропы | 3 к/р | Шэрыф | 2:2 | 1:5 | 3:7 | |
2023/24 | Ліга канфэрэнцыяў | Плэй-оф | Балкані | 1:0 | 1:4 | 2:4 |
Стадыён
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 2014 году гульні клюб праводзіў на Барысаўскім гарадзкім стадыёне, пабудаваным у 1963 годзе. Тады была ўзьведзена адна трыбуна — заходняя. Цяпер стадыён налічвае дзьве трыбуны, агульнай умяшчальнасьцю 5402 чалавекі. Усталяваныя мачты штучнага асьвятленьня, ёсьць электратаблё. У 2008 годзе над усходняй трыбунай быў пабудаваны казырок. Стадыён дапушчаны да правядзеньня міжнародных матчаў.
Матчы групавых этапаў эўракубкаў БАТЭ праводзіў на менскім стадыёне «Дынама».
У 2010 годзе было распачата будаўніцтва новага стадыёну ўмяшчальнасьцю каля 15 000 чалавек. Стадыён быў адкрыты 3 траўня 2014 году фінальным матчам Кубка Беларусі паміж салігорскім «Шахцёрам» і гарадзенскім «Нёманам»[12]. БАТЭ свой першы матч на «Барысаў-Арэне» згуляў 10 траўня 2014 году супраць «Слуцку» ў межах чэмпіянату Беларусі, БАТЭ атрымаў перамогу зь лікам 3:0[13].
База
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўная трэніравальная база ФК БАТЭ разьмешчаная ў вёсцы Дудзінка.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Бюджэт ФК БАТЭ ў 2008 годзе складаў больш за 5 млн даляраў ЗША[14][15]. Тэхнічны фундатар у сэзоне 2008 году — страхавая кампанія «Белдзяржстрах».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://football.by/news/191908
- ^ 19 лет назад был образован БАТЭ (рас.)
- ^ Радыё «Свабода»: У барысаўскага «карліка» ёсьць шанец стаць гігантам
- ^ Олимпийская сборная Георгия Кондратьева (рас.)
- ^ БАТЭ объявил об уходе Гончаренко в «Кубань»(недаступная спасылка). Goals.by
- ^ Фанаты белорусских футбольных клубов массово объявляют о бойкоте матчей (рас.) TUT.BY Праверана 2021-02-28 г. Архіўная копія ад 28 лютага 2021 г.
- ^ Александр Ермакович утвержден на посту главного тренера БАТЭ (рас.)
- ^ Олег Дулуб официально возглавил БАТЭ (рас.)
- ^ БАТЭ уволил Дулуба (рас.)
- ^ Алексей Бага назначен исполняющим обязанности главного тренера БАТЭ (рас.)
- ^ Алексей Бага стал полноправным главным тренером БАТЭ (рас.)
- ^ «Барысаў-Арэна» адкрыецца 3 мая фінальным матчам Кубка Беларусі
- ^ Тур 7. Гвоздь тура. Едут новоселы (рас.)
- ^ Крампец Г., Тутушкин А. Гульня ў страту (рас.) // Ведомости, № 184 (1958), 1 кастрычніка 2007
- ^ «Газета. Ru», «Федун раскрыл карты» (рас.), 1 кастрычніка 2007
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная старонка (рас.)
|