Барсэлёна (футбольны клюб)
Барсэлёна | ||||||
Поўная назва | Futbol Club Barcelona | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 29 лістапада 1899 | |||||
Горад | Барсэлёна, Гішпанія | |||||
Стадыён |
Камп Ноў Умяшчальнасьць: 99 354 | |||||
Прэзыдэнт | Жаан Ляпорта[d][1] | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Ля Ліга | |||||
· 2023—2024 | 2 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы Афіцыйны сайт |
«Барсэлёна» — каталёнскі спартовы клюб, які базуецца ў Барсэлёне, у аўтаномнай супольнасьці Каталёнія, Гішпанія. Болей за ўсё вядомы сваёй футбольнай камандай. Клюб стаў адным з сымбаляў Каталёніі.
«Барсэлёна» была заснавана ў 1899 годзе групоўкай швайцарскіх, ангельскіх і каталянскіх футбалістаў і стала сымбалем каталянскай культуры і каталянізму, дзякуючы чаму існуе памоўка «болей за клюб» (кат. més que un club). «Барсэлёна» была адным з клюбаў-заснавальнікаў Ля Лігі ў 1928 годзе, і, разам з «Рэалам» з Мадрыду і «Атлетыкам» зь Більбао, ніколі не пакідала яе. Клюб таксама быў першым яе пераможцам. «Барсэлёна» зьяўляецца адным з самых пасьпяховых клюбаў краіны. Клюб мае даўняе суперніцтва з мадрыдзкім клюбам «Рэал». Матчы паміж гэтымі дзьвюма камандамі называюць Эль-Клясыка. Клюб зьяўляецца адным з найбольш падтрымоўваных камандаў у сьвеце, маючы самы вялікі сярод усіх прыхільнікаў спартовых камандаў ва ўсіх асноўных сацыяльных сетках[2].
У адрозьненьне ад многіх іншых футбольных клюбаў, «Барсэлёнай» кіруюць прыхільнікі клюбу. Гэта другі самы заможны футбольны клюб ў сьвеце з пункту гледжаньня прыбытку, з гадавым абаротам ў 613 млн даляраў і трэці самы каштоўны, з коштам у 2,6 мільярду даляраў[3][4].
У 2009 годзе «Барсэлёна» стала першым гішпанскім клюбам, які зрабіў кантынэнтальны «трыплет», атрымаўшы перамогі ў Ля Лізе, кубку Гішпаніі і Лізе чэмпіёнаў, акрамя таго «Барсэлёна» таксама стала першым гішпанскім футбольным клюбам, які атрымаў перамогу ў шасьці з шасьці спаборніцтваў на працягу аднаго году, атрымаўшы перамогі ў Супэркубку Гішпані, Супэркубку УЭФА і клюбным чэмпіянаце сьвету[5]. У 2011 годзе клюб стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў і зноў атрымаў пяць трафэяў. Гэтая каманда «Барсэлёны», якая за 4 гаты заваявала 14 трафэяў пад кіраўніцтвам Пэпа Гвардыёлі, на думку некаторых, зьяўляецца найлепшай камандай усіх часоў[6][7]. Атрымаўшы пятую для сябе перамогу ў Лізе чэмпіёнаў 6 чэрвеня 2015 году, «Барсэлёна» стала першым эўрапейскім клюбам у гісторыі, які двойчы дасягнуў кантынентальнага «трыплету». «Барсэлёна» зьяўляецца самай высокааплатнай спартовай камандай у сьвеце, на лістапад 2018 году фонд заробнай платы складае больш за 13,8 млн даляраў[8][9].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюб быў заснаваны ў 1899 годзе згуртаваньнем швайцарскіх, ангельскіх і каталянскіх футбалістаў на чале з Гансам Гампэрам. Гампэр, які ў Барсэлёне стаў называцца Жаанам, пераехаў у сталіцу Каталёніі ў 1898 годзе з-за бізнэсу. 22 кастрычніка 1899 году, ён даў абвестку ў газэту «Los Deportes» і, ужо празь месяц пасьля надрукаваньня ягонай абвесткі, 29 лістапада 1899 году ён узначальваў першае паседжаньне клюбу. На паседжаньні клюб быў заснаваны, а ангелец Гальтэры Ўайльд стаў ягоным першым прэзыдэнтам. З самага пачатку гульцы пачалі апранаць цяпер сусьветна вядомую блакітна-гранатавую форму. У першай гульні «Барса» супрацьстаяла камандзе ангельскіх імігрантаў і прайграла зь лікам 0:1. «Барсэлёна» хутка зрабілася адным з наймацнейшых клюбаў Каталёніі і Гішпаніі, прымаючы ўдзел і ў чэмпіянаце Каталёніі, і ў кубку Гішпаніі. У 1902 годзе клюб здабыў свой першы трафэй — Кубак Макаі, а таксама прымаў удзел у фінале Кубка Караля, саступіўшы клюбу «Біская» зь лікам 1:2.
Эра Гампэра
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1908 годзе Жаан Гампэр стаў прэзыдэнтам клюбу ў першы раз. Зрабіць гэта яго прымусіў стан справаў у клюбе. «Барсэлёна» нічога не выйгравала з часоў сваёй перамогі ў чэмпіянаце Каталёніі і з-за гэтага ў яе пачаліся фінансавыя праблемы. У далейшым Гампэр станавіўся прэзыдэнтам клюбу яшчэ чатыры разы ў пэрыяд з 1908 па 1925 гады. Адным з дасягненьняў ягоных прэзыдэнцтваў было тое, што клюб нарэшце атрымаў свой уласны стадыён. 14 сакавіка 1909 году «Барсэлёна» пераехала на стадыён «Карэр Індустрыя» (кат. Carrer Indústria), які быў у стане зьмясьціць 8 тысячаў чалавек. Гампэр пачаў кампанію па рэкрутаваньні новых сябраў клюбу і да 1922 году іх стала 10 тысячаў. Клюб быў вымушаны пераехаць зноўку, гэтым разам на «Ляс Кортс» (кат. Les Corts), які быў адчынены ў тым жа годзе. Першапачаткова стадыён умяшчаў 22 тысячы чалавек, потым быў пашыраны да 60 тысячаў. Гампэр таксама здолеў забясьпечыць пераход у «Барсэлёну» форварда Паўліна Алькантары, які стаў найлепшым бамбардзірам клюбу за ўсю гісторыю з 356 галамі, а ў 1917 годзе назначыў Джэка Грынўэла галоўным трэнэрам каманды. Гэта палепшыла выступы каманды. За эру Гампэра «Барсэлёна» атрымала перамогу ў 11 чэмпіянатах Каталёніі, шасьці Кубкаў Караля і чатырох Пірэнэйскіх кубкаў. Разам з Алькантарай за «Барсэлёну» ў той камандзе гулялі Сахібарба, Рыкарда Замора, Жазэп Саміт’ер, Фэлікс Сэсумага і Франц Платка.
Перад і пасьля грамадзянскай вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 чэрвеня 1925 году публіка на стадыёне абсьвістала нацыянальны гімн Гішпаніі, паказаўшы сваю нелюбоў да рэжыму дыктатара Прыма Дэ Рывэры. У выніку хатняя пляцоўка «Барсы» была зачынена на шэсьць месяцаў, а Гампэр быў вымушаны пакінуць пост прэзыдэнта клюбу. Па часе гэта супала зь пераходам да прафэсійнага футболу ў Гішпаніі, і ў 1926 годзе дырэктары «Барсы» сьцьвярджалі, што яны апэруюць прафэсійным футбольным клюбам. У 1928 годзе ў гонар перамогі ў кубку Гішпаніі Рафаэль Альбэрці, сябра «Пакаленьня 27», напісаў паэму «Ода Платка», прысьвечаную гераічнаму выступу апошняга ў фінале спаборніцтва. 30 ліпеня 1930 году Жаан Гампэр учыніў самагубства праз пэрсанальныя і фінансавыя праблемы. Хаця «Барса» таго часу і мела гульцоў кшталту Жазэпа Эсколі, клюб увайшоў у пэрыяд крызісу па палітычных, фінансавых і спартовых прычынах. Клюб выйграў чэмпіянат Каталёніі ў 1930, 1931, 1932, 1934, 1936 і 1938 гадох, на ўзроўні краіны, акрамя выйгрышу Міжземнаморскай лігі ў 1937 годзе, посьпехаў не было. Празь месяц пасьля пачатку Грамадзянскай вайны некалькі гульцоў клюбу разам з гульцамі з басконскага «Атлетыку» далучыліся да рэспубліканскага войска. У тым жа 1936 годзе прэзыдэнт клюбу Жазэп Суньёль быў забіты жаўнерамі генэрала Франка.
Улетку 1937 году каманда паехала ў тур па Мэксыцы й Злучаных Штатах, дзе іх прыняў пасол Другой Гішпанскай Рэспублікі. Тур забясьпечыў фінансавую стабільнасьць клюбу на некаторы час, але палова гульцоў вырашылі не вяртацца ў Гішпанію і засталася ў Паўночнай Амэрыцы. 16 сакавіка 1938 году фалянгісты разбамбілі офіс клюбу. Празь некалькі месяцаў Барсэлёна была акупаваная фалянгістамі, якімі «Барса» разглядалася як сымбаль каталянізму. Колькасьць сябраў клюбу складала ў той час толькі 3486 чалавек. Пасьля Грамадзянскай вайны каталянскі сьцяг быў забаронены, а клюбам было забаронена выкарыстоўваць негішпанскія назвы. У выніку гэтага клюб быў гвалтоўна перайменаваны ў Club de Fútbol Barcelona, а каталянскі сьцяг быў выдалены з клюбнай эмблемы. У 1943 годзе «Барсэлёна» праводзіла паўфінальныя гульні супраць адвечнага суперніка — мадрыдзкага «Рэалу». Першую гульню на «Ляс Кортс» «Барса» выйграла зь лікам 3:0. Перад другой гульнёй у пераапранальню «Барсы» зайшоў дырэктар агенцтва бясьпекі пры рэжыме Франка, які нагадаў гульцам «Барсы», што яны гуляюць толькі з-за «шчодрасьці рэжыму». «Рэал» выйграў гульню зь лікам 11:1. Але ж нягледзячы на палітычную сытуацыю ў краіне «Барсэлёна» выступала пасьпяхова на працягу 1940-х і 1950-х гадоў. У 1945 годзе пад кіраўніцтвам Жазэпа Саміт’ера і з такімі гульцамі, як то Сэзар, Рамальетс і Вэляска, клюб выйграў сваю першую Ля Лігу з 1929 году. У 1948 і 1949 гадох каманда таксама выйгравала гэты тытул, а ў 1950 годзе каманда заваявала першы Лацінскі кубак.
У 1950 годзе ў каманду перайшоў Ладыслаў Кубала, які стаў адным з самых уплывовых гульцоў за гісторыю клюбу. У дажджлівую нядзелю 1951 году натоўп пакінуў стадыён «Ляс Кортс» пасьля перамогі над сантандэрскім «Расінгам» пехатою ў знак салідарнасьці з бастуючымі трамвайнымі працоўнымі, зьдзівіўшы паліцыю рэжыму. Такія выпадкі зрабілі з «Барсэлёны» клюб, які для шмат каго ў Гішпаніі быў сымбалем свабодаў і правоў, якія парушаў рэжым Франка. Трэнэр Фэрнанда Даўчык і гулец Ладыслаў Кубала (які шмат кім успрымаецца як найлепшы гулец клюбу за ўсю гісторыю) прывялі «Барсу» ў 1952 годзе да перамогі ў пяці турнірах — Ля Лізе, Кубку Генэралісімуса, Лацінскім кубку, Кубку Эвы Дуартэ і Кубку Мартыні Росі. У 1953 годзе «Барса» зноўку атрымала перамогу ў Кубку Генэралісімуса і чэмпіянаце Гішпаніі.
Пераезд на «Камп Ноў» і прыбыцьцё Кройфа
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Посьпехі футбольнага клюбу вызначылі неабходнасьць будаўніцтва новага стадыёну, таму што «Ляс Кортс» страціў магчымасьць задавальняць усіх жадаючых паглядзець гульні каманды. Франсэск Міра-Санс, прэзыдэнт клюбу з 1953 году быў адным з арганізатараў будоўлі «Камп Ноў», які быў уведзены ў эксплюатацыю 24 верасьня 1957 году. Новы стадыён быў здольны зьмяшчаць 90 тысяч гледачоў, сярод якіх было 49 тысяч сябраў клюбу. Перамогі ў чэміянатах Гішпаніі сэзонаў 1958—1959 і 1959—1960 гадоў, а таксама ў Кубках кірмашоў 1957—1958 і 1959—1960 гадоў шмат у чым адбаліся з-за прысутнасьці ў камандзе трэнэра Эленія Эрэры. За тую каманду таксама гуляла шмат таленавітых гульцоў, як то Шандар Кочыш, Золтан Цыбар, Эварысту, Кубала, Эўлёхіе Мартынэс, Люіс Суарэс і іншых. Але гэтая плеяда гульцоў не захавалася ў камандзе да сярэдзіны 1960-х гадоў. Пройгрыш фіналу Кубка эўрапейскіх чэмпіёнаў у Бэрне ў 1961 годзе стаў пачаткам кепскага пэрыяду для «Барсы», якая ў наступныя гады здолела выйграць толькі кубкі Гішпаніі 1963 і 1968 гадох, а таксам Кубак кірмашоў у 1966 годзе. Але нягледзячы на кепскія вынікі, колькасьць сябраў клюбу не спыняла росту.
Нарцыс дэ Карэрас у 1968 годзе ў сваёй інаўгурацыйнай прамове ўпершыню прамовіў знакамітае «болей за клюб» (кат. més que un club). Прэзыдэнт Агусьці Монталь і Коста (1969—1977) у сваіх шматлікіх прамовах спрабаваў падкрэсьліць каталянскую прыналежнасьць клюбу, а таксама барацьбу за дэмакратыю на футбольнай пляцоўцы, якую ўяўляла сабой «Барсэлёна». З-за гэтага Монталь даволі часта канфліктаваў з найвышэйшымі чыноўнікамі франкісцкай Гішпаніі. У 1973 годзе пасьля доўгай затрымкі, выкліканай неадназначнымі адносінамі Гішпанскай фэдэрацыі футболу да «Барсы», у клюб пераходзіць Ёган Кройф. У першы ж свой сэзон галяндзец дапамагае «Барсе» атрымаць перамогу ў чэмпіянаце Гішпаніі. У ходзе гэтага сэзону «Барсэлёна» разграміла свайго найбольш прынцыповага суперніка, мадрыдзкі «Рэал», на ягонай пляцоўцы зь лікам 5:0, а Кройфу дапамагалі ў нападзе Карлес Рэшак, Жуан Мануэль Асэнсі, Уга Сотыл ды Марсыяль Мануэль Піна Маралес. Кройф адразу ж стаў лідэрам як на полі, гэтак і за ягонай мяжой.
Пасьля вяртаньня дэмакратыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзякуючы пераходу Гішпаніі на дэмакратычную форму кіраваньня ў гішпанскім спорце таксама адбыліся зьмены. Спартовыя клюбы і фэдэрацыі адгэтуль павінны былі кіравацца дэмакратычна. Прэзыдэнт Агусьці Монталь кіраваў «Барсай» у час пераходу да дэмакратыі. Футбол зьмяняўся, падпісаньне кантрактаў з замежнымі гульцамі было канчаткова дазволена. З пункту гледжаньня фінансаў футбол перажываў вельмі добры пэрыяд дзякуючы «нестандартным прыбыткам», зь якіх асабліва вылучаліся тэлевізійныя правы. У 1978 годзе ў клюбе адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамог Жазэп Люіс Нуньес. Нуньес заставаўся прэзыдэнтам клюбу да 2000 году. У 1979 годзе «Барса» выйшла ў фінал Кубку ўладальнікаў кубкаў, дзе перамагла нямецкую «Фартуну». Болей за 30 тысячаў заўзятараў падтрымалі «Барсу» ў Базэлі, дзе адбылася гульня. «Барса» таксама перамагла ў гэтым турніры ў 1982 і 1989 гадох. У гэты час клюб таксама павялічваўся. У 1974 годзе ў клюбе было 66 тысячаў сябраў, гэтая колькасьць павялічылася да 77 тысячаў у 1978 годзе і да 108 тысячаў у 1986 годзе. Таксама павялічвалася колькасьць арганізацыяў прыхільнікаў клюбу, гэтак званых «пэніяў» (кат. Penya). У 1979 годзе такіх «пэніяў» было 96, а ўжо ў 1993 годзе іх было амаль што 700.
Да чэмпіянату сьвету 1982 году «Камп Ноў» быў пашыраны, а ў 1982 годзе быў пабудаваны «Мініэстадзі», на якім цяпер праводзіць свае хатнія гульні другая каманда «Барсы». Але да сэзону 1984—1985 гадоў клюб ня здолеў заваяваць ніводнага тытулу чэмпіёнаў Гішпаніі. У 1985 годзе «Барса» заваявала чэмпіёнства дзякуючы адбітаму Ўруці пэнальці на апошніх хвілінах гульні супраць «Вальядаліду». У той час у «Барсе» гулялі такія гульцы, як Жуліё Альбэрта, Мігелі, Стыў Арчыбальд, Бэрнд Шустэр і Рамон Алексанка. У наступным годзе «Барсэлёна» прайграла фінал Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў у Сэвільлі румынскай «Сьцяўа». Пасьля кубку сьвету 1986 году «Барсэлёна» набыла ангельца Гары Лінэкэра і баска Андоні Субісарэту, але каманда ня здолела дамагчыся значных посьпехаў. Ангелец Тэры Вэнэйблс (які давёў каманду да фінала Кубку чэмпіёнаў 1986 году) быў звольнены. Новым трэнэрам «Барсы» стаў Люіс Араганэс. Гульцы ўзбунтаваліся супраць прэзыдэнта Нуньеса, а сэзон скончыўся перамогай «Барсы» ў фінале кубку Гішпаніі над «Рэал Сасьедад» зь лікам 1:0.
У 1988 годзе ў каманду прыйшоў Ёган Кройф, ужо ў якасьці галоўнага трэнэра, які стварыў каманду, якая стала вядома як «Дрым-тым». Кройф выкарыстоўваў гішпанскіх гульцоў (Жазэп Гвардыёля, Хасэ Мары Бакера і Чыкі Бэгірыстайн), а таксама замежных зорак, як то Рональд Куман, Мікаэль Ляўдруп, Рамарыю і Хрыста Стоічкаў. Пад кіраўніцтвам Кройфа «Барса» выйграла чатыры тытулы Ля Лігі з 1991 па 1994 гады. У 1989 годзе каманда перамагла ў Кубку ўладальнікаў кубкаў, а таксама выйграла свой першы Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў у 1992 годзе, адолеўшы «Сампдорыю». Таксама «Барса» здабыла кубак Гішпаніі ў 1990 годзе, Супэркубак Эўропы ў 1992 годзе і тры Супэркубкі Гішпаніі. Кройф зрабіўся найпасьпяховейшым трэнэрам у гісторыі клюбу з 11 кубкамі (Жазэп Гвардыёля абыйшоў яго ў 2011 годзе). Таксама Кройф зрабіўся трэнэрам, які правёў найбольшую колькасьць гадоў у «Барсе» (8 гадоў).
Заканьчэньне эры Кройфа
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У наступныя два гады пасьля перамогі ў Ля Лізе «Барса» выйграла яшчэ два тытулы чэмпіёнаў Гішпаніі, такім чынам давёўшы колькасьць перамогаў запар у чэмпіянаце да чатырох. Але ў 1994 годзе, пасьля буйной паразы ў фінале Лігі чэмпіёнаў ад італьянскага «Міляну» зь лікам 0:4, спартовае ды інстытуцыйнае становішча клюбу значна пагоршылася, што вылілася ў канфлікт паміж Ёганам Кройфам ды прэзыдэнтам клюбу Жазэпам Нуньесам. Траўматычная адстаўка Кройфа прывяла да сацыяльнага крызісу ў клюбе, які ўрэшце скончыўся адстаўкай Нуньеса ў 2000 годзе. Нягледзячы на ўнутраныя спрэчкі, «Барсэлёна» пад кіраўніцтвам Бобі Робсана ў сэзоне 1996—1997 гадоў перамагла ў кубку Гішпаніі, Супэркубку Гішпаніі і Кубку ўладальнікаў кубкаў, а ў сэзонах 1997—1998 і 1998—1999 гадоў пад кіраўніцтвам Люі ван Гааля станавілася чэмпіёнам Гішпаніі. Таксама ў 1990-я гады баскетбольная каманда клюбу ўваходзіць у эліту эўрапейскага баскетболу, 4 разы выходзячы ў фінал Эўралігі, а гандбольная каманда клюбу пераўтвараецца ў найлепшую каманду ў сьвеце, атрымаўшы перамогі ва ўсіх турнірах, у якіх яна брала ўдзел.
Адстаўка Нуньеса і зьяўленьне ў клюбе Ляпорты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2000-я гады могуць быць падзеленыя на два этапы. Пасьля адстаўкі Нуньеса ў траўні 2000 году прэзыдэнтам клюбу быў абраны Жаан Гаспарт. На працягу трох гадоў ягонага кіраўніцтва клюбам футбольная каманда «Барсы» не выйграла аніводнага тытула, нягледзячы на вялізныя траты ў памеры 180 млн эўра на набыцьцё новых гульцоў. Баскетбольная каманда «Барсы» у 2003 годзе перамагла ў Эўралізе, але гэта не ўратавала Гаспарта ад адстаўкі. Прэзыдэнтам клюбу быў абраны Жаан Ляпорта.
Клюб набыў новых гульцоў, як то Раналдыньню, Самюэль Это’о, Рафаэль Маркес і Дэку, якія дапамаглі новай «Барсе» на чале з Франкам Райкаардам здабыць два тытулы чэмпіёнаў Гішпаніі запар, а таксама стаць пераможцам Лігі чэмпіёнаў ў другі раз у гісторыі клюбу ў сэзоне 2005—2006 гадоў. Колькасьць сябраў «Барсы» перавысіла 140 тысячаў асобаў. Гэты этап у жыцьці клюбу скончыўся ў канцы сэзону 2007—2008 гадоў, калі пасьля двух гадоў бяз тытулаў клюб пакінуў Франк Райкаард.
Эра Гвардыёлі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першы ж сэзон Пэпа Гвардыёлі на чале каманды «Барса» увайшла ў гісторыю, здабыўшы гэтак званы «трыплет» (Ля Ліга, Кубак Гішпаніі ды Ліга чэмпіёнаў). Такім чынам Гвардыёля выйграў чэмпіянат Гішпаніі ў свой дэбютны сэзон у клюбе, зрабіўшы тое, што ня здолеў нават Франк Райкаард і Ёган Кройф. Пасьля перамогі ў фінале Лігі чэмпіёнаў у Рыме супраць «Манчэстэр Юнайтэд» каманда здабыла «трыплет», такім чынам стаўшы адзіным гішпанскім клюбам, што здолеў зрабіць гэта. «Барса» паўтарыла тое, што да яе рабілі «Сэлтык», «Аякс», ПСВ і «Манчэстэр Юнайтэд».
«Барсэлёна» здабыла тытул эўрапейскіх чэмпіёнаў, меўшы ў сваім стартавым складзе ў фінале 7 дамарослых гульцоў. Каманда Пэпа Гвардыёлі таксама пабіла шэраг рэкордаў у чэмпіянаце Гішпаніі (рэкорд па колькасьці забітых галоў, колькасьць выйграных гульняў у гасьцёх і г. д.). На пачатку сэзону 2009—2010 гадоў «Барсэлёна» здабыла Супэркубак Гішпаніі, перамогшы «Атлетык» у двух гульнях. Таксама каманда здабыла Супэркубак Эўропы, адолеўшы данецкі «Шахтар» зь лікам 1:0. Пасьля перамогі над «Эстудыянтэсам» зь лікам 2:1 у фінале чэмпіянату сьвету па футболе сярод клюбаў «Барса» ўвайшла ў гісторыю як першы клюб, які здолеў выйграць 6 тытулаў у адным календарным годзе. У траўні 2010 году каманда Гвардыёлі здабыла другі тытул чэмпіёнаў Гішпаніі запар, набраўшы 99 балаў, што дагэтуль таксама не рабіла аніводная каманда ў гісторыі. 11 ліпеня 2010 году зборная Гішпаніі перамагла ў фінале чэмпіяната сьвету з 7 гульцамі «Барсэлёны» ў стартавым складзе, 6 зь якіх зьяўляліся дамарослымі гульцамі клюбу. 5 лютага 2011 году каманда пабіла новы рэкорд чэмпіянату Гішпаніі, перамогшы мадрыдзкі «Атлетыка» і такім чынам давёўшы сэрыю перамогаў запар да 16. 2 сакавіка 2011 году каманда пабіла яшчэ адзін рэкорд чэмпіянату Гішпаніі, перамогшы «Валенсію» і, такім чынам, давёўшы сэрыю бяспройгрышных гульняў запар у гасьцёх да 20. Сэзон 2010—2011 гадоў скончыўся перамогай «Барсы» у Ля Лізе трэці сэзон запар, а таксама здабычай перамогі ў Лізе чэмпіёнаў. У сэзоне 2011—2012 гадоў, які стаў апошнім для Гвардыёлі ў «Барсе», каманда здабыла Супэркубак Гішпаніі, Супэркубак Эўропы, тытул пераможцаў чэмпіянату сьвету па футболе сярод клюбаў і кубак Гішпаніі. Такім чынам «Барса» пад кіраўніцтвам Пэпа Гвардыёлі выйграла 14 з 18 магчымых турніраў на працягу 4 гадоў.
Апошнія дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зь лета 2012 году новым трэнэрам «Барсы» быў Тыта Вілянова, які дагэтуль быў першым асыстэнтам Гвардыёлі, аднак 19 ліпеня 2013 году Вілянова выйшаў у адстаўку з-за рэцыдыву рака. 22 ліпеня 2013 году каманду ачоліў Хэрарда Мартына. А першым афіцыйным матчах пад ягоным кіраўніцтвам каманда правяла ў рамках Супэрбука Гішпаніі супраць мадрыдзкага «Атлетыка». Паводле вынікаў двух матчаў супрацьстаяньне скончылася перамогай каталянскага клюбу, дзякуючы голу ў гасьцёх. 23 студзеня 2014 году Сандра Расэль сушоў з пасады прэзыдэнта клюбу праз абвінавачаньні ў меркаванай незаконнасьці трансфэра Нэймара ў «Барсэлёну». Новым прэзыдэнтам стаў Жазэп Бартамэў. Паводле выніках сэзону «Барсэлёна» была вельмі блізкая да перамогі ў чэмпіянаце, аднак у апошняй гульні, дзе «Барсэлёна» сустракалася з «Атлетыкам», сіне-гранатавым была неабходна перамога, каб узьняцца на першы радок. Не зважаючы на тое, што ў першым тайме Алексіс Санчэс забясьпечыў перавагу гаспадароў, абаронца мадрыдцаў Дыега Гадын зрабіў лік роўным, і, такім чынам, чэмпіёнам стаўся гэты мадрыдзкі клюб. Праз дрэнныя вынікі і адсутнасьць тытулаў Мартына сышоў у адстаўку, а новым трэнэрам стаў былы капітан каманды і ў мінулым сэзоне трэнэр «Сэльты» Люіс Энрыке.
У сэзоне 2014—2015 гадоў «Барсэлёна» зноўку як некалі зрабіла «трыплет», атрымаўшы перамогі ў ля Лізе, кубку Гішпаніі і Лізе чэмпіёнаў, стаўшы першай эўрапейскай камандай, якая зрабіла гэты другі раз[10]. Галоўная моц «Барсэлёны» сыходзіла ад трыё гульцоў нападу Ліянэль Мэсі, Люіс Суарэс і Нэймар, які разам настралялі 122 галоў ва ўсіх спаборніцтвах, што зьяўляецца абсалютным рэкордам для трыё ў гісторыі футболу Гішпаніі[11]. 11 жніўня «Барсэлёна» распачала сэзон 2015—2016 гадоў зь перамогі ў Супэркубку Эўропы, адолеўшы «Сэвільлю» зь лікам 5:4. Каляндарны год каманда скончыла перамогай зь лікам 3:0 над аргентынскім клюбам «Рывэр Плэйт» у фінале клюбнага чэмпіянату сьвету, а Суарэс, Мэсі і Іньеста увайшлі ў тройку лепшых гульцоў турніру[12]. Пасьля перамогі над «Раё Вальекана» 3 сакавіка 2016 году «Барсэлёна» давяла лік матчаў без паразаў да 34 гульняў, такім чынам, усталяваўшы новы рэкорд гішпанскага футболу. У наступным лік такіх матчаў быў даведзены да 39, калі 2 красавіка ў хатнім матчы супраць мадрыдзкага «Рэалу» клюб атрымаў паразу зь лікам 1:2[13]. 14 траўня 2016 году «Барсэлёна» атрымала шосты тытул пераможцы Ля Лігі ў васьмі сэзонах. А трыё Мэсі, Суарэс і Нэймар скончыў сэзон з 131 галамі, пабіўшы рэкорд, які яны ўсталявалі ў мінулым годзе[14].
29 траўня 2017 году быў абраны новы галоўны трэнэр Эрнэстэ Вальвэрдэ, які замяніў на пасадзе Люіса Энрыке. Скончыўшы сэзон 2017—2018 гадоў перамогай у чэмпіянаце Гішпаніі, клюб таксама пераўзышоў свой рэкорд па колькасьці матчаў без паразаў, давёўшы лік на 43, калі 9 траўня 2018 году быў перайграны «Вільярэал» зь лікам 5:1[15].
Тытулы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ля Ліга: 27
- Кубак Гішпаніі: 31
- 1910, 1912, 1913, 1920, 1922, 1925, 1926, 1928, 1942, 1951,
- 1952, 1953, 1957, 1959, 1963, 1968, 1971, 1978, 1981, 1983,
- 1988, 1990, 1997, 1998, 2009, 2012, 2015, 2016, 2017, 2018
- 2021
- Супэркубак Гішпаніі: 14
- 1983, 1991, 1992, 1994, 1996, 2005, 2006, 2009, 2010, 2011,
- 2013, 2016, 2018, 2023
- Ліга чэмпіёнаў УЭФА: 5
- 1992, 2006, 2009, 2011, 2015
- Кубак уладальнікаў кубкаў УЭФА: 4
- 1979, 1982, 1989, 1997
- Кубак кірмашоў: 3
- 1958, 1960, 1966
- Супэркубак Эўропы: 5
- 1992, 1997, 2009, 2011, 2015
- Лацінскі кубак: 2
- 1949, 1952
- Кубак Эвы Дуартэ
- 1945, 1949, 1952, 1953
- Чэмпіянат Каталёніі: 22
- 1902, 1905, 1909, 1910, 1911, 1913, 1916, 1919, 1920, 1921,
- 1922, 1924, 1925, 1926, 1927, 1928, 1930, 1931, 1932, 1935,
- 1936, 1938
- Кубак Мартыні Росі: 2
- 1952, 1953
- Пірэнэйскі кубак : 4
- 1910, 1911, 1912, 1913
- Міжземнаморская ліга: 1
- 1937
- Копа дэ ля Ліга: 2
- 1982, 1986
- Кубак Барсэлёны: 1
- 1903
- Ліга Каталяна: 1
- 1938
- Кубак Каталёніі: 7
- 1991, 1993, 2000, 2004, 2005, 2007, 2013
Склад каманды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 12 верасьня 2024 году
|
|
Заўзятары клюбу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюб афіцыйна належыць сябрам клюбу, так званым «соцыс» (ад кат. Socis — «сябры»). На пачатак 2013 году па ўсім сьвеце 180 000 соцыс, аб’яднаныя ў 1888 афіцыйных «пэніяў» — фан-суполак. Неафіцыйная «пэнья» «Барсэлёны» ёсьць і ў Беларусі — гэта Blaugrana Frente Belaruso (з гішп. — «Блакітна-гранатавы беларускі фронт»), якія часьцей за ўсё зьбіраюцца для прагляду гульняў у менскім рэстаране «Камяніца», а таксама арганізавана падтрымлівалі клюб на стадыёнах у Менску, Кіеве, Данецку ды Казані.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ «Barça, the most loved club in the world». Marca.
- ^ Deloitte Football Money League 2013. Deloitte UK.
- ^ The World's Most Valuable Soccer Teams. Forbes.
- ^ «FC Barcelona Records». FC Barcelona.
- ^ «Is this Barcelona team the best of all time?». CNN.
- ^ «The great European Cup teams: Barcelona 2009–2011». The Guardian.
- ^ «Barcelona become first sports team to average £10m a year in wages». The Guardian.
- ^ «Barcelona tops the 2018 list of the highest-paid sports teams in the world with $13.8 million average annual salary». Business Insider.
- ^ «Johan Cruyff's influence endures as Barcelona complete the „double-treble“. ESPN.
- ^ «Barcelona's Luis Suárez, Leo Messi and Neymar too good for Juventus». The Guardian.
- ^ «Iniesta, Messi and Suárez make up Club World Cup Podium». FC Barcelona.
- ^ «Cristiano Ronaldo fires late winner as Real Madrid end Barcelona's 39 match unbeaten run». The National.
- ^ «14 May 2016». The Daily Telegraph.
- ^ «FC Barcelona 5–1 Villarreal CF: Record breakers». FC Barcelona.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Барсэлёна — цяперашні склад
|
---|
1 тэр Штэген · 2 Кубарсі · 3 Бальдэ · 4 Арауха · 5 Мартынэс · 6 Гаві · 7 Торэс · 8 Пэдры · 9 Левандоўскі · 10 Фаці · 11 Рафіньня · 13 Пэньня · 14 Торэ · 15 Крыстэнсэн · 16 Лёпэс · 17 Касадо · 18 Віктар · 19 Ямаль · 20 Ольма · 21 дэ Ёнг · 23 Кундэ · 24 Гарсія · 25 Шчэнсны · 26 Астраляга · 28 Бэрналь · 32 Форт · 35 Мартын · Трэнэр: Флік |
|