Крумкачы — беларускі футбольны клюб зь Менску. У 2016—2017 гадах выступаў у найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. У 2018 годзе заняў другое месца ў другой лізе і атрымаў права на ўдзел у першай лізе.
Створаны як аматарскі клюб. Дэбютаваў у другой лізе дзьвюма перамогамі: над «Лівадыяй» — 2:0[1], і над «Клецкам» — 6:1[2][3], дзякуючы чаму «Крумкачы» апынуліся на першым месцы ў турнірнай табліцы. Акрамя таго ў заяўку каманды быў уключаны найлепшы хакеіст БеларусіМіхаіл Грабоўскі[4]. Сам хакеіст заявіў, што плянуе не раней за чэрвень правесьці некалькі гульняў за «Крумкачоў» проста дзеля задавальненьня[5], але з-за траўмы так і не згуляў ніводнай гульні за клюб. У 2014 годзе за «Крумкачоў» выступаў футбольны агент Молі Эбабісэ[6].
9 красавіка 2016 году адбылася першая ў гісторыі клюбу перамога ў найвышэйшай лізе над клюбам «Нёман» з Горадні. Сам жа пачатак сэзону выйшаў вельмі пасьпяховым. Захаваўшы лідэраў, каманда ўзмацнілася некалькімі дасьведчанымі гульцамі, а таксама шэрагам легіянэраў. У першай палове сэзону «Крумкачы» ішлі ў верхняй палове табліцы, прэтэндуючы на мэдалі, былі атрыманы перамогі над фаварытамі чэмпіянату — салігорскім «Шахцёрам» (2:0) і менскім «Дынама» (4:1). Аднак, утрымаць пазыцыі каманда ня здолела, і ўвосень апусьцілася ўніз табліцы. У кастрычніку «Крумкачы» пакінуў галоўны трэнэр Алег Дулуб, які ўзначаліў клюб украінскай Прэм’ер-лігі «Карпаты». Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнэра стаў Васіль Хамутоўскі, зь якім «Крумкачы» захавалі прапіску ў эліце, заняўшы выніковае 11-е месца. Аднак пасьля сканчэньня сэзону Хамутоўскі вырашыў не працягваць працоўныя адносіны з клюбам. Пасьля доўгіх пошукаў новага галоўнага трэнэра ў канцы студзеня 2017 году стала вядома, што каманду ачоліць украінскі спэцыяліст Уладзімер Пяценка[7].
26 лютага 2018 году Беларуская фэдэрацыя футболу адмовілася прымаць да разгляду дакумэнты клюбу на атрыманьне ліцэнзіі на сэзон 2018 году ў найвышэйшай лізе[8]. 2 сакавіка 2018 году камітэт па статусе і пераходах футбалістаў пазбавіў клюбу 2 пунктаў[9], 16 сакавіка былі зьнятыя яшчэ 3 пункты[10]. Клюб падаваў апэляцыі на рашэньне камітэту ліцэнзаваньня ў апэляцыйны камітэт і футбольны арбітраж, але яны былі адхіленыя[11], і месца «Крумкачоў» у найвышэйшай лізе заняло менскае «Тарпэда».
У сакавіку 2018 году заўзятары клюбу зарэгістравалі новую юрыдычную асобу НФК «Крумкачы», якой былі перададзеныя правы на выкарыстаньне назвы і лягатыпу папярэдняга клюбу, а каманда была заяўленая ў другую лігу на сэзон 2018 году[12]. У пачатку 2019 году для атрыманьня ліцэнзіі на выступленьне ў першай лізе клюб зьмяніў назву на «Футбольны клюб НФК», бо старая юрыдычная асоба з назвай «Крумкачы» ўсё яшчэ зьяўлялася чальцом АБФФ[13].