Перайсьці да зьместу

Вардар Скоп’е

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вардар
Поўная назва Вардар Скопje
Заснаваны 22 ліпеня 1947
Горад Скоп’е, Паўночная Македонія
Стадыён Філіп II Арэна
Умяшчальнасьць: 33 460
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Першая ліга
 · 2025—2026 1 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт

«Ва́рдар» (па-македонску: Вардар) — паўночнамакедонскі футбольны клюб з гораду Скоп’я. Заснаваны ў 1947 годзе. 12-разовы чэмпіён Паўночнай Македоніі, 6-разовы ўладальнік Кубка Паўночнай Македоніі.

Футбольны клюб «Вардар» быў створаны па Другой сусьветнай вайне праз аб’яднаньне некалькіх клюбаў, як то «Пабеда» і «Македонія» ў залі кінатэатру Вардар 22 ліпеня 1947 году[2]. На ўстаноўчым сходзе было пастаноўлена, што колерам клюбу будзе сіні, але на наступным сходзе яго замянілі на чырвоны і белы.

«Пабеда» выступала ў акруговай лізе і падлізе да 1941 году, сьвяткуючы перамогі ў чэмпіянатах 1927, 1928 і 1929 гадоў. Па аб’яднаньні клюб браў удзельнічаў у першым сэзоне Фэдэральнай лігі па вайне, заняўшы восьмы радок і толькі праз пэнальці захаваўшы месца ў лізе ў матчах супраць новасадзкай «Слогі». Аднак у наступнае дзесяцігодзьдзе клюб некалькі разоў як падаў ніжэй, гэтак і вяртаўся ў лігу. У сэзоне 1960—1961 гадоў клюб здабыў свой першы буйны тытул, якім стаў Кубак Югаславіі[2]. Сучасныя пазнавальныя чырвона-чорныя кашулі ўпершыню былі апранутыя пасьля землятрусу ў Скоп’і ў 1963 годзе, калі італьянскі клюб «Мілян» даслаў сваю форму скопскай камандзе[2].

Капітан клюбу Андан Дончаўскі атрымлівае Кубак Югаславіі ў 1961 годзе.

Шмат знакамітых гульцоў з рэгіёну пачыналі кар’еру ў «Вардары». Лідэрам пакаленьня, якое ўзяло кубак краіны, быў Андан Дончаўскі, які пазьней трэнаваў каманду ў 1986—1988 гадах. Сэзон Югаслаўскай першай лігі 1985—1986 гадоў скончыўся скандальна праз масавых парушэньні ў апошнім туры. Тады Футбольны зьвяз Югаславіі на чале з Слаўкам Шайбэрам анулявала вынікі апошняга туру і загадала перагуляць усе 9 матчаў. Дванаццаць клюбаў былі пазбаўленыя 6 пунктаў празь нібыта ўдзел у дамоўных матчах. Усе каманды пагадзіліся перагуляць матчы, акрамя «Партызана», які ўзяў тытул пасьля перамогі зь лікам 4:0 над сараеўскім «Жалезьнічарам». «Партызан» адмовіўся ад перагуляўкі, таму «Жалезьнічару» была прысуджаная тэхнічная перамога зь лікам 3:0, што дало мажлівасьць фінішаваць першай «Црвене Зьвезьдзе». У наступным сэзоне Фэдэральнай лігі 1986—1987 гадоў дзесяць камандаў пачыналі з штрафам у шэсьць пунктаў, а «Вардар», які не атрымаў штрафу, узяў тытул, таму браў удзельнічаў у Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў 1987—1988 гадоў. Пазьней штрафныя санкцыі былі ануляваныя праз новыя юрыдычныя разгляды, у выніку чаго, перамога ў чэмпіянаце была прысуджаная «Партызану». Аднак, УЭФА залічыла пераможцам «Вардар». У складзе той каманды былі капітан Дарка Панчаў, Ілія Найдоскі, Драгі Канатлароўскі і Вуядзін Станойкавіч. Да распаду СФРЮ «Вардар» згуляў у найвышэйшым дывізіёне Югаславіі 33 сэзоны з 1947 да 1992 гады, заняўшы 11-е месца ў агульнай табліцы за ўсе сэзоны[2][3].

Па здабыцьці Македоніяй незалежнасьці і стварэньні ўласнай македонскай лігі «Вардар» тры разы запар сьвяткаваў перамогу ў чэмпіянаце краіны. У дэбютны сэзон каманда агулам былі непераможанай. У 1990-я гады клюб заставаўся на вяршыні македонскага футболу, дасягнуўшы пяці фіналаў Кубка Македоніі і выйграўшы чатыры зь іх. Пасьля адносна слабога пэрыяду паводле сваіх стандартаў, яны зноў сталі чэмпіёнамі краіны ў 2001—2002 гадах, а ў наступным сэзоне зусім крыху не дацягнулі да кваліфікацыі ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў УЭФА 2003—2004 гадоў. У тым розыгрышы македонскі клюб выбіў расейскі ЦСКА ў другім раўндзе, а ў трэцім раўндзе паводле сумы двух матчаў скопскаму клюбу не хапіла толькі адзін гол у процістаяньні з чэскай «Спартай»[4]. У 2011 годзе «Вардар» першапачаткова быў выключаны з Македонскай першай футбольнай лігі, але, набыўшы ліцэнзію «Міраўцаў», застаўся ў дывізіёне. У наступным сэзоне клюб зноў выйграў лігу пасьля дзевяцігадовага перапынку. У 2012 годзе, па новай рэарганізацыі, «Вардар» стаў першай камандай у Паўночнай Македоніі, арганізаванай як акцыянэрнае таварыства паводле Закону аб кампаніях[2].

  1. https://www.transfermarkt.com/vardar-skopje/mitarbeiterhistorie/verein/77
  2. 1 2 3 4 5 Низ годините. fkvardar.mk (29.05.2017). Архіўная копія ад 07.07.2017 г.
  3. All-Time Table. .rsssf.com (29.05.2017). Архіўная копія ад 21.09.2022 г.
  4. UEFA.com Sparta end Vardar challenge

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]