У 2011 годзе клюб быў перарэгістраваны як грамадзкае аб’яднаньне «Спартыўны футбольны клюб „Слуцак“» і афіцыйна стаў гарадзкім клюбам. З-за рэканструкцыі гарадзкога стадыёну ў Слуцку, усе хатнія матчы каманда праводзіла на стадыёне «Будаўнік» у Салігорску[6]. У дэбютным для сябе сэзоне ў першай лізе каманда заняла 5 месца. На 2012 год, хатнія матчы пачатку сэзону каманда зноўку праводзіла ў Салігорску, аднак ужо ў чэрвені пасьля ўзьвядзеньня дзьвюх дадатковых трыбунаў гарадзкі стадыён Слуцку прыняў матчы першай лігі. Паводле вынікаў сэзону каманда зноўку заняла 5 месца.
У сэзоне 2013 году каманда разглядалася як адзін з фаварытаў турніру, але не лічылася галоўным прэтэндэнтам на павышэньне. Пачатак турніру атрымаўся ня вельмі добры: каманда пацярпела паразы ў трэцім і чацьвертым турах. У выніку доўгі час прыйшлося даганяць галоўных канкурэнтаў: «Гарадзею» і «Віцебск». Пасьля перамогі ў 14 туры над «Віцебскам» (4:1) «Слуцак» выйшаў на другі радок, а пасьля 21 туру апярэдзіў «Гарадзею» і ўзначаліў турнірную табліцу. Пасьля перамогі ў перадапошнім туры над «Віцебскам» (1:0) «Слуцак» стаў недасягальным для супернікаў і гарантаваў сабе выхад у найвышэйшую лігу.
У сэзоне 2014 году каманда захавала асноўных гульцоў, узмацніўшыся пры гэтым шэрагам легіянэраў. У выніку, каманда апынулася ў ніжняй частцы табліцы. Пазьней, трохі выправіўшы сваё становішча, «Слуцак» узняўся на дзявяты радок, зь якога пасьля падзелу найвышэйшай лігі на шасьцёркі трапіў у другую шасьцёрку. Яшчэ ўлетку каманда страціла аднаго са сваіх лідэраў Андрэя Якаўлева, які перайшоў у барысаўскі БАТЭ, каб узмацніць яго да Лігі чэмпіёнаў. У ніжняй палове табліцы справы ў «Слуцку» пайшлі лепш, ён узьняўся на восьмае месца, але няўдалы фініш дазволіў гарадзенскаму «Нёману» перагнаць случчанаў, пакінуўшы іх дзявятымі.
У міжсэзоньні да пачатку сэзону 2015 году «Слуцак» стаў адным зь нешматлікіх беларускіх клюбаў, якія праводзілі зборы за мяжой, гэтак у Турэччыне гульцы Юрыя Крата гулялі супраць клюбаў трэціх лігаў Даніі і Расеі.