Аляксандар Глеб
Аляксандар Глеб | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 1 траўня 1981 (43 гады) Менск, Беларусь | |
Рост | 185 см | |
Вага | 72 кг | |
Пазыцыя | паўабаронца | |
Моладзевыя клюбы | ||
1987—1998 1998—1999 |
Дынама Менск БАТЭ | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
1999—2000 2000—2005 2005—2008 2008—2012 2009—2010 2010—2011 2011 2012 2012—2013 2014—2015 2015 2015 2016 2016 2017 2018—2019 2019 |
БАТЭ Штутгарт Арсэнал Барсэлёна → Штутгарт (арэнда) → Бірмінггэм Сіці (арэнда) → Вольфсбург (арэнда) Крылы Саветаў БАТЭ Коньяспор Генчлербірлігі БАТЭ Генчлербірлігі БАТЭ Крылы Саветаў БАТЭ Іслач |
25 (4) 137 (13) 89 (7) 19 (0) 27 (0) 19 (1) 4 (1) 8 (0) 29 (3) 30 (2) 15 (2) 4 (0) 11 (0) 6 (0) 7 (0) 16 (0) 13 (0) |
Зборныя | ||
2001—2019 | Беларусь | 80 (6) |
Алякса́ндар Па́ўлавіч Глеб (нарадзіўся 1 траўня 1981 году ў Менску) — колішні беларускі футбаліст, паўабаронца. Раней выступаў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі. Уваходзіць у Клюб Сяргея Алейнікава для беларускіх футбалістаў, якія згулялі 500 і болей афіцыйных матчаў.
Дзяцінства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глеб падрастаў у Менску, яго маці была будаўніком, а ягоны бацька кіраваў танкерамі. Ягоны бацька ўдзельнічаў у дэмантажы жылых дамоў ва Ўкраіне пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Аляксандар думае, што гэта паўплывала на здароўе бацькі ў далейшым. Перад тым, як пачаць займацца футболам, Глеб займаўся гімнастыкай і скокамі ў ваду. У футбольную сэкцыю клюбу «Дынама» Глеба прывёў бацька — адданы футбольны заўзятар. У 15 гадоў Глеба запрасілі ў юнацкую зборную Беларусі па футболе.
Клюбная кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]БАТЭ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля заканчэньня школы «Дынама», Аляксандар перайшоў у барысаўскі БАТЭ. З БАТЭ Глеб выйграў чэмпіянат Беларусі.
«Штутгарт»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўважаны скаўтамі, Аляксандар, разам са сваім малодшым братам Вячаславам, пераходзіць у нямецкі клюб «Штутгарт» за 150 000 эўра. Глеб дэбютаваў за клюб 5 верасьня 2000 году ў матчы супраць «Кайзэрсьляўтэрну», выйшаўшы на замену на апошнія 20 хвілін гульні. Нягледзячы толькі на 6 зьяўленьняў Глеба ў складзе «Штутгарту» ў ягоны першы сэзон, Глеб ня толькі зрабіўся гульцом асноўнага складу, але таксама адным з ключавых гульцоў каманды ў сваім другім сэзоне. У сэзоне 2002—2003 гадоў «Штутгарт» фінішаваў другімі ў Бундэслізе і ў наступным сэзоне ўдзельнічаў у Лізе Чэмпіёнаў. Аднак пасьля таго, як галоўны трэнер Фэлікс Магат пакінуў клюб, «Штутгарт» ужо ня быў такім пасьпяховым і скончыў сэзон 2004—2005 гадоў толькі на пятым месцы. Глеб, аднак, у тым сэзоне быў лідэрам Чэмпіянату Нямеччыны па галявых перадачах.
«Арсэнал»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2005—2006
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]28 чэрвеня 2005 году Глеб перайшоў у клюб ангельскай прэм’ер-лігі «Арсэнал», пагадзіўшыся на чатырохгадовы кантракт. Трэнэр Арсэн Вэнгер выкарыстоўваў беларуса на амаль усіх пазыцыях у паўабароне, але звычайна Глеб гуляў справа. Свой першы гол за «Арсэнал» Глеб забіў у міжсэзоннай таварыскай гульні супраць «Барнэт» на другой хвіліне пасьля свайго выхаду на поле. 21 жніўня 2005 году Глеб дэбютаваў у афіцыйнай гульні за «Арсэнал» супраць лёнданскага «Чэлсі». Неўзабаве ён атрымаў траўму калена і вярнуўся на поле толькі ў сьнежні. У студзені 2006 году Глеб замацаваў за сабой месца ў асноўным складзе каманды і забіў свой першы гол у афіцыйнай гульні за «Арсэнал» супраць «Мідлзбра». 17 траўня 2006 году Глеб стаў першым беларусам, які гуляў у фінале Лігі чэмпіёнаў УЭФА.
2006—2007
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон 2006—2007 гадоў пачаўся добра для Аляксандра. У кваліфікацыйным матчы Лігі чэмпіёнаў супраць «Дынама» (Загрэб), беларус зрабіў дзьве рэзультатыўныя перадачы. Глеб хутка зрабіўся адным з ключавых гульцоў у «Арсэнале» і заваяваў павагу фанатаў. Узімку Глеб атрымаў траўму, але ўжо праз тры тыдні зноў пачаў гуляць. У тым сэзоне Глеб згуляў 48 гульняў, зь іх у 40 зьяўляўся ў асноўным складзе.
2007—2008
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У час перадсэзоннай падрыхтоўкі галоўны трэнер «кананіраў» Арсэн Вэнгер перадвінуў Глеба з правага флангу паўабароны на пазыцыю «пад нападнікам». Такі крок апраўдаў сябе і Глеб стаў глядзецца больш упэўнена і небясьпечна для апанэнтаў на новай пазыцыі. 12 жніўня, у матчы супраць «Фулгэму», у першай гульні «Арсэналу» ў Прэм’ер-лізе ў сэзоне Глеб забіў пераможны гол, а сам матч скончыўся зь лікам 2—1. Неўзабаве Глеб зноўку забіў, на гэты раз — у Лізе чэмпіёнаў супраць праскай «Спарты». Калі ж у склад «Арсэналу» вярнуліся Эдуарду да Сілва і Эмануэль Адэбаёр, Глеб зноў пачаў гуляць на правым быку паўабароны. Але нават тут Глеб заставаўся адным з найлепшых гульцоў у складзе каманды, дзякуючы выдатнай гульні ў пас і кантролю за мячом. 23 кастрычніка Аляксандар правёў адну з найлепшых сваіх гульняў за «Арсэнал», у якой дапамог сваёй камандзе зноўку перайграць праскую «Спарту» зь лікам 7—0. Глеб узяў удзел у шасьці галах сваёй каманды, забіўшы два і аддаўшы рэзультатыўныя перадачы ў астатніх чатырох. Глеб быў прызнаны гульцом матчу, а канал Sky Sports паставіў яму адзнаку 9,5 за гульню. Нягледзячы на невялікую траўму ў лістападзе, Аляксандар здолеў выйсьці на свой найлепшы ўзровень у гульнях супраць «Міляну» ў Лізе чэмпіёнаў. Выступы Глеба ў гэтым сэзоне заставілі шматлікія клюбы зьвярнуць на яго ўвагу.
«Барсэлёна»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]16 ліпеня 2008 году Глеб прайшоў мэдыцынскі агляд у «Барсэлёне», а пазьней гэтым днём пераход гульца, кошт якога склаў 11,8 млн фунтаў стэрлінгаў, быў канчаткова аформлены. Глеб падпісаў кантракт на чатыры гады з суммай адступных 71 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, стаўшы першым гульцом-беларусам у гісторыі «Барсы». Дастаткова добра правёўшы перадсэзонную падрыхтоўку, у якой ён забіў адзін мяч супраць «Чывасу» з Гуадалахары, футбаліст дэбютаваў у першым матчы «Барсы» ў Ля Лізе ў новым сэзоне, выйшаўшы на замену замест Яя Турэ. У наступнай гульні чэмпіянату супраць «Расінгу» Глеб быў найлепшым на пляцоўцы ўсю першую палову гульні, пакуль не атрымаў траўму, якая выбіла яго з гульні на тры тыдні. Пасьля гэтай траўмы Глеб зьяўляўся на полі ў асноўным на замену. У адной з такіх гульняў, супраць мадрыдзкага «Рэалу» 13 сьнежня 2008 году, Глеб, выйшаўшы на замену пры ліку 1—0 распачаў галевую атаку, якая дапамагла каталёнцам аформіць перамогу над сваімі галоўнымі супернікамі. У другой палове сэзону Глеб стаў зьяўляцца на пляцоўцы яшчэ менш, не забіўшы ніводнага гала і нават не трапіўшы ў заяўку каманды на фінал Лігі чэмпіёнаў. Нягледзячы на гэта, 27 траўня Глеб стаў першым беларусам, выйграўшым Лігу чэмпіёнаў, мэдалі якой ён дадаў да Чэмпіянату Гішпаніі і Кубка Караля. У канцы студзеня 2012 году кантракт з «Барсэлёнай» быў датэрмінова скасаваны[1].
Вяртаньне ў «Штутгарт»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля непасьпяховага сэзону ў «Барсэлёне» Глеб зноў перайшоў у «Штутгарт». Швабская каманда атрымала Глеба на правах арэнды, Аляксандар падпісаў кантракт на 10 месяцаў, бяз права выкупа. Сума трансфэра склала каля 10 млн эўра.
«Бірмінггэм Сіці»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]31 жніўня 2010 году Глеб на правах арэнды перайшоў у клюб «Бірмінггэм Сіці»[2].
«Вольфсбург»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]31 жніўня 2011 году на правах арэнды перайшоў у нямецкі «Вольфсбург»[3].
«Крылы Саветаў»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]17 лютага 2012 году падпісаў кантракт з расейскім клюбам «Крылы Саветаў з Самары да канца сэзону 2011—2012 гадоў[4].
Зноўку БАТЭ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 ліпеня 2012 году было аб’яўленьне аб вяртаньні Глеба ў барысаўскі БАТЭ[5]. У студзені 2013 году падпісаў з БАТЭ новы кантракт да 31 сьнежня 2013 году[6].
«Коньяспор»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па заканчэньні кантракту з БАТЭ ў студзені 2014 году перайшоў у турэцкі клюб «Коньяспор», зь якім заключыў пагадненьне на паўгоду з магчымасьцю падаўжэньня яшчэ на год[7].
«Генчлербірлігі», БАТЭ, «Крылы Саветаў»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 лютага 2015 году падпісаў кантракт з клюбам «Генчлербірлігі» да канца сэзону[8]. 7 жніўня 2015 году трэці раз за сваю кар’еру падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ[9]. У студзені 2016 году вярнуўся ў «Генчлербірлігі», зь якім падпісаў кантракт на паўгоду[10]. А ўжо ў ліпені 2016 году чарговы раз падпісаў кантракт з БАТЭ[11]. У лютым 2017 году падпісаў кантракт з «Крыламі Саветаў»[12], якія пакінуў у траўні таго ж году[13]. У сакавіку 2018 году падпісаў кантракт з БАТЭ[14]. У чэрвені 2019 году пакінуў БАТЭ[15]. У жніўні 2019 году падпісаў кантракт з клюбам «Іслач»[16].
У сакавіку 2020 году афіцыйна абвясьціў аб завершаньні кар'еры[17].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Барсэлёна»»
- Чэмпіён Гішпаніі: 2009
- Уладальнік Кубку Гішпаніі: 2009
- Пераможца Лігі чэмпіёнаў: 2009
- Уладальнік Кубку футбольнай лігі: 2011
Асабістыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Найлепшы футбаліст году Беларусі (6): 2002, 2003, 2005, 2006, 2007, 2008
- Першы беларускі футбаліст, які згуляў у фінальным матчы Лігі чэмпіёнаў (2006 у складзе «Арсэналу»)
- У сьпісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі: 2013
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюб | Сэзон | Чэмпіянат | ||
---|---|---|---|---|
Дывізіён | Матчы | Галы | ||
БАТЭ | 2015 | Найвышэйшая ліга | 4 | 0 |
БАТЭ | 2016 | Найвышэйшая ліга | 6 | 0 |
БАТЭ | 2018 | Найвышэйшая ліга | 15 | 0 |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ В Греции есть все, кроме Александра Глеба. История несостоявшегося трансфера (рас.) «Прессбол», 1 лютага 2012
- ^ Футбол. Александр Глеб подписал контракт с «Бирмингемом» (рас.) «Прессбол», 31 жніўня 2010
- ^ Александр Глеб перешел в «Вольфсбург» (рас.) «Прессбол», 31 жніўня 2011
- ^ Александр Глеб подписал контракт с «Крыльями Советов» (рас.) «Прессбол», 17 лютага 2012
- ^ Александр Глеб — игрок БАТЭ
- ^ Александр Глеб продолжит карьеру в БАТЭ (рас.)
- ^ Александр Глеб подписал контракт с турецким «Коньяспором» (рас.)
- ^ Александр Глеб перешел в «Генчлербирлиги» (рас.)
- ^ Александр Глеб стал игроком БАТЭ (рас.)
- ^ Александр Глеб подписал полугодовой контракт с «Генчлербирлиги» (рас.)
- ^ БАТЭ объявил о подписании контракта с Александром Глебом (рас.)
- ^ «Крылья Советов» объявили о подписании контракта с Александром Глебом (рас.)
- ^ Александр Глеб покидает «Крылья Советов» (рас.)
- ^ Александр Глеб вернулся в БАТЭ (рас.)
- ^ Глеб и БАТЭ расторгли контракт (рас.)
- ^ Александр Глеб подписал контракт с «Ислочью» (рас.)
- ^ https://by.tribuna.com/football/1084174168/
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт (рас.)
- Профіль на сайце БАТЭ (рас.)
- Статыстыка «ПБ-Инфо» (рас.)
- Інтэрвію з Глебам на сайце Ultra-Music
- Нарадзіліся 1 траўня
- Нарадзіліся ў 1981 годзе
- Нарадзіліся ў Менску
- Беларускія футбалісты
- Футбалісты зборнай Беларусі
- Футбалісты клюбу БАТЭ Барысаў
- Футбалісты клюбу «Штутгарт»
- Футбалісты клюбу «Арсэнал» Лёндан
- Футбалісты клюбу «Барсэлёна»
- Футбалісты клюбу «Бірмінггэм Сіці»
- Футбалісты клюбу «Вольфсбург»
- Футбалісты клюбу «Крылы Саветаў» Самара
- Футбалісты клюбу «Коньяспор» Конья
- Футбалісты клюбу «Генчлербірлігі» Анкара
- Футбалісты клюбу «Іслач» Менскі раён