Перайсьці да зьместу

Арсэнал Лёндан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арсэнал
Поўная назва па-ангельску: Arsenal Football Club
Заснаваны 1886
Горад Лёндан, Ангельшчына
Стадыён Эмірэйтс
Умяшчальнасьць: 59 867
Прэзыдэнт Стэн Кронке[d]
Кіраўнік Kroenke Sports & Entertainment[d]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Прэм’ер-Ліга
 · 2023—2024 2 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
arsenal.com (анг.)

«Арсэна́л» (па-ангельску: Arsenal Football Club) — прафэсійны ангельскі футбольны клюб, разьмяшчаецца на поўначы Лёндану. Выступае ў ангельскай Прэм’ер-Лізе і зьяўляецца адным з самых пасьпяховых клюбаў Ангельшчыны. «Арсэнал» 13 разоў станавіўся чэмпіёнам, 14 разоў здабываў Кубак Ангельшчыны. З штогадовым прыбыткам у памеры 340,3 млн фунтаў стэрлінгаў у сэзоне 2019—2020 гадоў[1] «Арсэнал» быў ацэнены на суму 2,68 мільярдаў даляраў ЗША, што робіць яго восьмым самым каштоўным клюбам у сьвеце[2]. Дэвізам клюбу ёсьць выраз «Перамога праз гармонію».

Клюб быў заснаваны супрацоўнікамі арсэналу Ўулвічу ў 1886 годзе пад назовам «Даял Сквэр». У 1913 годзе каманда пераехала на стадыён «Гайбэры» ў паўночнай частцы брытанскай сталіцы. «Гайбэры» быў хатняй арэнай «Арсэналу» да жніўня 2006 году, калі клюбам быў дабудаваны новы 60-тысячны стадыён «Эмірэйтс».

Самым доўгатэрміновым і самым пасьпяховым трэнэрам у гісторыі клюбу стаў Арсэн Вэнгер. Зь ім «Арсэнал» заваяваў 7 Кубкаў Ангельшчыны (рэкорд краіны) і ўсталяваў рэкордную бяспройгрышную сэрыю з 49 матчаў[3].

Бюст Гэрбэрту Чэпману, усталяваны на стадыёне «Эмірэйтс».

Клюб «Арсэнал» быў заснаваны ў 1886 годзе працаўнікамі Каралеўскага арсэнала Ўулвічу і першапачаткова зваўся «Даял Сквэр», але неўзабаве быў пераназваны ў «Каралеўскі Арсэнал». Пасьля прыняцьця клюбам прафэсійнага статусу яго ізноў пераназвалі ў «Ўулвіч Арсэнал». Фанатам клюб быў вядомы як Woolwich Reds. «Ўулвіч Арсэнал» першым з паўднёвых камандаў уступіў у Футбольную Лігу ў 1893 годзе. Клюб стартаваў у другім дывізіёне і ў 1904 годзе прабіўся ў першы дывізіён. Аднак геаграфічная аддаленасьць клюбу стала прычынай нізкай наведвальнасьці матчаў, што прывяло да фінансавых праблемаў. У 1913 годзе (неўзабаве пасьля вяртаньня ў другі дывізіён) клюб перасёк Тэмзу, каб заняць новую арэну — стадыён «Гайбэры», разьмешчаны на поўначы Лёндану. У выніку ў наступным жа годзе каманда адкінула з назвы частку «Ўулвіч». Сэзон 1919 году «Арсэнал» скончыў на 5 месцы, але, тым ня менш, быў пераведзены ў першы дывізіён у сувязі зь фінансавымі праблемамі «Тотэнгэму».

У 1925 годзе на пост галоўнага трэнэра «Арсэналу» быў прызначаны Гэрбэрт Чэпман. Пад кіраўніцтвам Чэпмана ў 1924 годзе каманда «Гадэрсьфілд Таўн» заняла першае месца ў лізе. З гэтым чалавекам зьвязаныя першыя посьпехі «Арсэналу». Ягоныя рэвалюцыйныя тактыка й спосабы трэніроўкі ў спалучэньні з зорнымі гульцамі, такімі як Алекс Джэймз і Кліф Бастын, дапамаглі клюбу стаць дамінуючым у 30-х гадах. Паміж 1930 і 1938 гадамі «Арсэнал» выйграў 5 разоў у першым дывізіёне і двойчы станавіўся ўладальнікам Кубка Ангельшчыны, хоць Чэпман так і ня ўбачыў усіх гэтых дасягненьняў, бо ў 1934 годзе памёр ад пнэўманіі.

У Другую сусьветную вайну «Арсэнал» страціў больш гульцоў, чым будзь-які іншы топавы ангельскі клюб. Ён, аднак, здолеў заваяваць чэмпіёнскі тытул у сэзоне 1947—1948 рокаў — першым для новага трэнэра Тома Ўітакера, а ў сэзоне 1952—1953 заваявалі рэкордны сёмы тытул. Тым ня меней, патрэба рэканструкцыі стадыёну і недахоп гульцоў сказаліся на выніках клюбу. Цягам наступных 18 гадоў ён не заваяваў ніводнага тытулу.

Алан Бол і Бэрці Мі прывялі «Арсэнал» да ягонага першага дублю ў 1971 годзе. Фатаздымак зроблены налета пасьля таго.

У 1966 року «Арсэнал» вырашыў выпрабаваць у ролі галоўнага трэнэра клюбнага фізыятэрапэўта Бэрці Мі. З дапамогай такіх набыткаў, як Боб Макнаб і Джордж Грэм Мі двойчы — у 1967—68 і 1968—69 — упершыню выводзіў клюб у фінал Кубка лігі. У наступным сэзоне «Арсэнал» упершыню заваяваў міжнародны Кубак кірмашоў, а праз год дабіўся яшчэ большага трыюмфу: стаў чэмпіёнам і ўладальнікам Кубка Ангельшчыны. Болей зь Мі падобных посьпехаў паўтарыць не давялося. Наймаладзейшым на той час трэнэрам «Арсэналу» ў 1976 року стаў 34-гадовы былы футбаліст клюбу Тэры Ніл. З новымі гульцамі — Малкальмам Макдональдам і Пэтам Джэнінгсам — і пляядай дасьведчаных клюб тройчы даходзіў да фіналу Кубка (1978, 1979, 1980) і да фіналу эўрапейскага Кубка кубкаў-1980, дзе саступіў па пэнальці. Адзіным трафэям «Арсэналу» ў гэты пэрыяд стала перамога 3:2 на апошняй хвіліне над «Манчэстэр Юнайтэд» у фінале Кубка 1979 року.

У 1986 року ў клюб вярнуўся колішні гулец Джордж Грэм, цяпер на пасаду трэнэра. У першы ж сэзон «Арсэнал» заваяваў Кубак Ангельшчыны. Новыя падпісаныя гульцы Найджэл Ўінтэрбэрн, Лі Дыксан і Стыў Болд далучыліся да клюбу да 1988 года, сфармаваўшы «знакамітую чацьвёрку», якую ачоліў зорка клюбу Тоні Адамз[4]. У 1988 року клюб заваяваў Трафэй стагодзьдзя Футбольнай лігі, чэмпіёнскі тытул сэзону 1988—1989 і яшчэ адзін — у сэзоне 1990—1991, дзе саступіў толькі ў адным матчы. У 1993 клюб зрабіў дубль, у наступным року перамог у Кубку ўладальнікаў Кубкаў УЭФА. У 1995 року за факты хабарніцтва Джордж Грэм быў адстаўлены з пасады кіраўніка.

Статуя Тоні Адамз ля стадыёну «Арсэналу».

У 1996 да стырна каманды прыйшоў Арсэн Вэнгер. У клюбе сталі зьяўляцца францускія зоркі. У сэзоне 1997—98 «Арсэнал» зрабіў другі дубль у гісторыі, у 2001—02 — трэці. Таксама клюб стаў фіналістам Кубка УЭФА 1999—2000 рокаў, пераможцам Кубка Ангельшчыны 2003 і 2005 рокаў, а за перамогу ў чэмпіянаце Ангельшчыны 2003—2004 рокаў без аніводнае паразы атрымаў мянушку «Непераможныя». У гэты пэрыяд «Арсэнал» паставіў нацыянальны рэкорд па сэрыі без паразаў — 49 матчаў[3]. У першыя 9 гадоў за Вэнгерам клюб у чэмпіянаце не апускаўся ніжэй за другое месца.

У сэзоне 2005—2006 «Арсэнал» стаў першым лёнданскім клюбам за пяцідзесяцігадовую гісторыю Лігі чэмпіёнаў, які выйшаў у фінал турніру, дзе саступіў 1:2 «Барсэлёне». Дагэтуль найлепшым дасягненьнем «кананіраў» быў чвэрцьфінал. У 2006 року клюб пераехаў на ўласны стадыён «Эмірэйтс». Наступныя гады мінулі бяз тытулаў і адзначыліся хіба выхадам у фіналы Кубка лігі-2007 і 2011. З 2014 року клюб заваяваў Кубак Ангельшчыны тройчы: у 2014, 2015 і 2017, што вывела яго ў лідэры па колькасьці гэтых тытулаў, а Арсэна Вэнгера — у першыя трэнэры ангельскіх клюбаў, якія заваёўвалі 7 кубкаў краіны. Аднак у гэтым жа сэзоне «Арсэнал» упершыню за ўсе часы з Вэнгерам апынуўся па-за першай чацьвёркай у чэмпіянаце Ангельшчыны, і пасьля наступнага невыразнага сэзону Арсэн Вэнгер абвясьціў пра свой сыход.

23 траўня 2018 году новым галоўным трэнэрам лёнданцаў стаў гішпанскі спэцыяліст Унаі Эмэры, які стаў другім замежнікам у гісторыі клюбу на гэтае пасадзе. У першым сэзоне Эмэры «Арсэнал» спыніўся на пятым радку ў Прэм’ер-лізе, а ў Лізе Эўропы «кананіры» дайшлі да фіналу, дзе атрымалі паразу[5][6]. 29 лістапада 2019 году гішпанец быў звольнены з пасады галоўнага трэнэра, а ягонае месца часова заняў памочнік трэнэра першай каманды Фрэдзі Юнгбэрг[7][8][9]. У хуткім часе 20 сьнежня новым кіраўніком каманды быў прызначаны былы клюбны капітан Мікель Артэта[10][11]. Тым ня менш, паказчыкі клюбу ў наступныя сэзоны пагоршыліся, але клюб скіраваўся на падтрыхтоўку маладых футбалістаў.

Уласьнікі й кіраўніцтва

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольшай дзеляй акцыяў «Арсэналу», больш за 90%, валодае амэрыканскі спартовы магнат Стэн Кронке. Раней вялікую долю ў клюбе мелі расейскі мільярдэр Алішэр Усманаў і іранскі бізнэсовец, які жыве ў Лёндане, Фаргад Машыры. Дзеля Ўсманава была перакуплена Кронке у жніўні 2018 году. Сума ўгоды склала 550 млн фунтаў стэрлінгаў.

Бацькоўская кампанія клюбу, «Arsenal Holdings plc», дзейнічае як некатаваная(en) публічная кампанія з абмежаванай адказнасьцю. Акцыі клюбу не паступаюць на адкрытыя біржы накшталт FTSE ці AIM; зрэдчас імі гандлююць на спэцыялізаванай біржы каштоўных папераў і дэрыватываў ISDX.

Актуальны на 12 верасьня 2024 году
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
2 Сьцяг Францыі Аб Вільям Саліба 2001
3 Сьцяг Шатляндыі Аб К’еран Тырні 1997
4 Сьцяг Ангельшчыны Аб Бэн Ўайт 1997
5 Сьцяг Ганы ПА Томас Партэй 1993
6 Сьцяг Бразыліі Аб Габрыел 1997
7 Сьцяг Ангельшчыны Нап Букаё Сака 2001
8 Сьцяг Нарвэгіі ПА Мартын Эдэгор (капітан) 1998
9 Сьцяг Бразыліі Нап Габрыел Жэзус 1997
11 Сьцяг Бразыліі Нап Габрыел Мартынэльлі 2001
12 Сьцяг Нідэрляндаў Аб Юрыен Тымбэр 2001
15 Сьцяг Польшчы Аб Якуб Ківёр 2000
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
17 Сьцяг Украіны Аб Аляксандар Зінчанка 1996
18 Сьцяг Японіі Аб Такехіра Таміясу 1998
19 Сьцяг Бэльгіі Нап Леандра Трасар 1994
20 Сьцяг Італіі ПА Жаржыньню 1991
22 Сьцяг Гішпаніі Бр Давід Рая 1995
23 Сьцяг Гішпаніі ПА Мікель Мэрына 1996
29 Сьцяг Нямеччыны Нап Кай Гавэрц 1999
30 Сьцяг Ангельшчыны Нап Рагім Стэрлінг (ар. Чэлсі) 1994
32 Сьцяг Бразыліі Бр Нэту (ар. Борнмут) 1989
33 Сьцяг Італіі Аб Рыкарда Каляф’ёры 2002
41 Сьцяг Ангельшчыны ПА Дэклан Райс 1999

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]