Менск (футбольны клюб)
| Менск | |
| Поўная назва | Футбольны клюб «Менск» |
|---|---|
| Заснаваны | 2006 |
| Горад | Менск, Беларусь |
| Стадыён | ФК «Менск» Умяшчальнасьць: 3000 |
| Старшыня | Сяргей Лушчык[1] |
| Галоўны трэнэр | |
| Чэмпіянат | Найвышэйшая ліга |
| · 2025 | 5 месца |
Афіцыйны сайт | |
«Менск» — беларускі футбольны клюб зь Менску. Уладальнік Кубка Беларусі (2013). Выступае ў Найвышэйшай лізе. Футбольны клюб паходзіць ад футбольнай школы моладзі, якая была створана ў Менску, яшчэ ў 1954 годзе. У 1987 годзе каманда атрымала назоў «Зьмена», зьяўляючыся на той момант школай алімпійскага рэзэрву. З 1992 году, пасьля здабычы незалежнасьці рэспублікі, клюб браў удзел у розыгрышах чэмпіянату Беларусі, выступаючы, аднак, толькі ў ніжэйшых лігах. У 2006 годзе на базе «Зьмены» заснаваны клюб «Менск»[3]. Акрамя таго, дзякуючы аб’яднаньню клюб атрымаў магчымасьць праводзіць хатнія матчы на стадыёне «Тарпэда», які месьціцца ў Заводзкім раёне сталіцы. Найлепшым дасягненьнем клюбу ў чэмпіянаце зьяўляецца атрыманьне трэцяга месца ў розыгрышы чэмпіянату Беларусі 2010 году.
Клюб мае вялікую футбольную школу, што стала забясьпечвае каманду баяздольным калектывам. Праз футбольную школу клюбу ў свае часы праходзілі такія знакамітыя гульцы, як Эдуард Зарэмба, Дзьмітры Падрэз, Уладзімер Нявінскі, Віталь Рагожкін, Аляксандар Баранаў, Васіль Хамутоўскі, Мікалай Рындзюк і іншыя. Значную ролю ў станаўленьні сучаснай гісторыі клюбу адыграў ягоны шматгадовы генэральны дырэктар Ігар Шлойда[4]. Менавіта за ягоным часам была разбудаваная дзіцяча-юнацкая акадэмія, якая стала найбуйнейшай і адной з самых эфэктыўных у краіне.
Лягатып клюбу ўтрымлівае выяву гербу гораду. Асноўнымі колерамі клюбу зьяўляюцца сіні й чырвоны. Акрамя мужчынскай каманды клюб мае жаночую каманду, а таксама юнацкую школу для падтрыхтоўкі дзяўчынак.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Футбольная школа моладзі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]19 чэрвеня 1954 году паводле загаду старшыні Камітэту па фізычнай культуры й спорту на базе інстытуту спорту была створана футбольная школа моладзі. Падобныя школы былі створаны й у іншых гарадах краіны, то бок у Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Тбілісі й Ташкенце. Першапачаткова каманда ўдзельнічала ў спаборніцтве на прызы газэты «Знамя юнацтва», якая на той момант мела назву «Сталінская моладзь».
Амаль адразу каманда ўзяла ўдзел у розыгрышу чэмпіянату БССР, які на той момант праходзіў у тры этапы. Добра згуляўшы ў першы двух папярэдніх этапах, каанда атрымала права выступаць у фінальным розыгрышы, які праходзіў у Віцебску, і на якім сабралася сем калектываў. Атрымаўшы пяць перамог з шасьці гульняў клюб стаў чэмпіёнам рэспублікі, а сымбалічны сьпіс найлепшых 33 гульцоў спаборніцтва траціну занялі гульцы футбольнай школы моладзі.
Пасьля сэнсацыйнай перамогі, менскі «Спартак», адна з найлепшых камандаў рэспубліканскага ўзроўню, перацягнула да сябе амаль увесь асноўны склад футбольнай школы, з-за чаго на наступны год вынікі каманды значна паслабелі. У сэзоне 1956 году клюб заняў чацьвертае месца з васьмі ўдзельнікаў. Адразу пасьля рэспубліканскіх спаборніцтваў, каманда футбольнай школы ўдзельнічала ў спаборніцтве футбольных школаў, якое праходзіла ў Ленінградзе. Клюб заняў апошняе месца. Сэзон 1957 году зноўку меў паэтапны характар, клюб даволі лёгка прайшоў першы этап, атрымаўшы перамогу ў сваёй зоне, але на другім і трэцім этапе некалькі паразаў надалі магчымасьцю клюбу заняць зноўку толькі чацьвертае месца. У той жа год каманда ўзяла ўдзел у першынстве Савецкага Саюзу сярод футбольных школаў моладзі. Спаборніцтвы праходзілі з 4 па 29 ліпеня ў Харкаве, і менскі калектыў заняў другое месца, адзначыўшыя пры гэтым добрай фізычнай падрыхтоўкай, аднак тэхнічанае майстэрства гульцоў было ацэнена спэцыялістамі як недастатковае. Найлепшым паўабаронцам турніру быў прызнаны гулец менскай футбольнай школы Эдуард Зарэмба.
Пасьля турніру клюб зноўку зьведаў страты ў сваім складзе, то бок у менскі «Спартак» перайшлі таленавітыя гульцы Эдуард Зарэмба й Леанід Гарай. Усяго клюб разлучыўся з шаснацацю гульцамі. У сэзоне 1958 году чэмпіянату БССР каманда зноўку зь лёгкасьцю прайшла першы этап, але другі этап стаў непераадольным для калектыву, у выніку чаго каманда заняла толькі сёмы радок, пасьля чаго ўдзелу ў чэмпіянаце БССР каманда больш не прымала.
Каманда падрыхтоўкі моладзі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]З 1959 году паводле пастановы камітэту па фізычнай культуры й спорце пры камандах майстраў былі створаны групы для падрыхтоўкі маладых гульцоў. Такім чынам футбольная школа моладзі была перададзена пад кіраўніцтва Менскага гарадзкога савету зьвязу спартовых таварыстваў і арганізацыяў. Каманда займалася падрыхтоўкаў гульцоў для рэспубліканскіх камандаў, а таксама брала ўдзел у моладзевых спаборніцтвах краіны й гораду. У 1981 годзе ў Менску для футбольнай школы моладзі быў пабудаваны спартовы комплекс, які налічваў васямнаццаць футбольных пляцовак, што ня мела аналягаў у Савецкім Саюзе. На наступны год каманда была рэарганізаваная ў дзіцяча-спартовую школу алімпійскага рэзэрву Менгарспарткамітэту (ДСШАРМ). У 1987 годзе каманда атрымала назоў «Зьмена».
У 1990 годзе была зьдзейсьнена спроба вярнуць каманду ў дарослы футбол. «Зьмена» прыняла ўдзел у розыгрышы другой лігі чэмпіянату БССР, аднак у выніку заняла толькі дванаццатае месца. У той жа час адным з трэнэрам пачаў працаваць у клюбе Людас Румбуціс. У 1991 годзе ў той жа лізе клюб заняў дзявяты радок.
«Зьмена»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Сэзон 1992 году клюб праводзіў ужо ў трэцяй лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Сэзон склаўся вельмі ўдала, дзякуючы маладым і пэрспэктыўным гульцам, а таксама Румбуцісу, які акрамя трэнэрскіх абавязкаў, яшчэ й выходзіў гуляць за каманду ў якасьці гульца. «Зьмена» адразу заняла першае месца й атрымала права гуляць у дывізіёне вышэй. Пасьля ўдалага сэзону клюб зьведаў страты ў складзе, гэтак найбольш таленавітыя гульцы перайшлі ў іншыя клюбы, на іхнае месца прыйшла іншая моладзь.
Наступны сэзон зноўку пачаўся вельмі ўдала, клюб быў адным зь лідэраў лігі да сярэдзіны чэмпіянату, аднак у другой палове сэзону, значна страціў свае пазыцыі й, у выніку, скончыў сэзон на восьмым месцы. Па заканчэньні сэзону ў менскае «Тарпэда» перайшлі Сяргей Паўлюковіч і Сяргей Шалай. Андрэй Лабанаў і Андрэй Шыла былі запрошаныя ў «Дынама-93», а Віталь Рагожкін у віцебскі КІМ.
Новы сэзон стаўся расчараваньнем для клюбу, страціўшы вялікую колькасьць гульцоў, каманда ня здолела аказваць супраціў іншым клюбам, у выніку чаго клюб акупаваў апошні радок выніковай табліцы і быў вымушаны перайсьці ў дывізіён ніжэй. У трэцяй лізе клюб адразу стаў аўтсадэйрам, скаціўшыся на апошні радок табліцы, аднак у зімку трэнэрам клюбу стаў Эдуард Малафееў, які здолеў падняць клюб на сёмы радок выніковай табліцы. Сярод гульцоў клюбу таго сэзону варта адзначыць Васіля Хамутоўскага, Мікалая Рындзюка, Мікалая Бранфілава й Аляксандра Баранава, якія ў будучыні сталі гульцамі ўзроўню Найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі. У 1995 годзе Малафееў зьехаў у Расею, дзе яму прапанаваў месца трэнэра цюменскі «Дынама-Газавік», а тым часам каманда правяла сэзон на сярэднім узроўні, а ўжо на наступны год гульцы разышліся па розных клюбах Беларусі. Больш за ўсё футбалістаў «Зьмены» перайшло ў зноўку створаны клюб БАТЭ. З 1998 па 2003 гады клюб удзелу ў чэмпіянаце Беларусі ня браў, толькі аднойчы зьявіўшыся ў розыгрышы другой лігі чэмпіянату Беларусі, заняўшы ў ім апошні радок.
«Менск»
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Заснаваны ў 2006 годзе на базе клюбу «Зьмена», які на той час выступаў у Першай лізе, стаўшы ейным пераможцам. У сэзоне 2007 году клюб упершыню выступаў у Найвышэйшай лізе, аднак заняў 14 месца й зноў выбыў у Першую лігу, адкуль вярнуўся праз год. У 2010 годзе клюб упершыню заваяваў бронзавыя мэдалі чэмпіянату Беларусі, што дазволіла клюбу дэбютаваць у эўракубках. Аднак каманда ў розыгрышы Лігі Эўропы здолела дайсьці толькі да 2-га кваліфікацыйнага раўнду, дзе саступіла турэцкаму клюбу «Газыянтэпспор». На пачатку сэзону 2013 году галоўны трэнэр клюбу Вадзім Скрыпчанка абвесьціў, што задачай на сэзон зьяўляецца «золата» чэмпіянату й перамога ў Кубку Беларусі[5], чым нямала зьдзівіў спэцыялістаў. Аднак кубак краіны «Менск» усё ж такі атрымаў, у фінале перайграўшы на жодзінскім стадыёне «Тарпэда» менскае «Дынама» (1:1, пэн. 4:1)[6].
Дзякуючы гэтаму трафэю клюб у другі раз у гісторыі прыняў удзел у Лізе Эўропы, і на гэты раз больш пасьпяхова. У 2-м раўндзе менчукі былі мацней за мальтыйскую «Валету» (1:1, 2:0). У першым матчы 3-га раўнду супраць шатляндзкага «Сэнт-Джонстану», які праходзіў у Горадні, «Менск» трываў паразу й, як тады здавалася, страціў амаль усе шанцы на працяг эўракубкавай кампаніі. Аднак, у матчы ў адказ сэрбскі абаронца сталічнага клюбу Мілаш Рніч забіў адзіны мяч у гульні, а ў сэрыі пэнальці героем сустрэчы стаў брамнік Уладзімер Бушма, дзякуючы якому каманда выйшла ў наступны раўнд. Цікава, што на наступным этапе «Менск» застаўся адзіным прадстаўнікоў Беларусі ў эўракубках, больш моцныя БАТЭ, «Шахцёр» і менскае «Дынама» на той момант ужо спынілі сваю летнюю эўракубкавую кампанію. У раўндзе плэй-оф «Менск» сустракаўся з бэльгійскім «Стандардам», які меў статус фаварыту ў гэтым супрацьстаяньні. Сэнсацыі зрабіць беларусы ня здолелі й саступілі ў абедзьвюх сустрэчах (0:2, 1:3).
У сэзоне 2014 году па сыходзе Андрэя Скарабагацька каманду ачоліў Андрэй Пышнік. Клюб зьмяніў вэктар разьвіцьця, зрабіўшы стаўку на ўласных выхаванцаў і маладых беларускіх гульцоў. Не зважаючы на нестабільныя вынікі ў чэмпіянаце, дзе каманда фінішавала ў сярэдзіне турнірнай табліцы, «Менск» працягваў заставацца трывалым серадняком Найвышэйшай лігі. Адным з ключавых гульцоў каманды быў Аляксандар Макась, які сваімі галамі надаў свайму клюбу некалькі перамог у сэзоне. Эпахальнай падзеяй стала адкрыцьцё 7 траўня 2015 году ўласнага сучаснага стадыёну на вуліцы Маякоўскага, збудаванага на месцы былога стадыёну «Камвольшчык»[7]. У 2015 годзе сталічны клюб спыніўся вельмі блізка ад мэдалёў, заняўшы выніковае 6-е месца. Пры гэтым форвард сталічнікаў Уладзімер Хвашчынскі загнаў 10 галоў, стаўшы другім бамбардзірам лігі поруч з паўабаронца менскага «Дынама» Чыгозэ Ўдоджы. У той год дружына выдала сэрыю зь сямі перамог запар у сярэдзіне сэзону, што на пэўны час дало мажлівасьць узьняцца на трэці радок, але апошняя частка сэзону быда сапсаваная сэрыяй зь пяці паразаў запар. Тады ж «мяшчане» прасунулі да паўфіналу Кубка Беларусі сэзону 2015—2016 гадоў, дзе ў зацятай барацьбе саступілі жодзінскаму «Тарпэда-БелАЗ». Разам з тым, важнай зьменай стала перадача ва ўласнасьць і на балянс клюбу другой на той час паводле велічыні арэны сталіцы, якой быў стадыён «Трактар». Гэта дазволіла «Менску» значна пашырыць спартовую базу. Традыцыйна, штолета каманда пачала перабірацца з уласнага штучнага поля з стадыёну на вуліцы Маякоўскага на натуральны газон «Трактара», каб ладзіць хатнія матчы ў сьпякотны сэзон у больш камфортных для гульцоў умовах.
У пэрыяд з 2016 па 2019 гады на пасадзе галоўнага трэнэра зьмянялі адзін аднаго розныя спэцыялісты, сярод якіх былі то жа Георгі Кандрацьеў і Аляксандар Лухвіч. Сэзон 2016 году стаў адным з найлепшых паводле выніковасьці, а каманда спынілася на 4-м месцы. Паўабаронца Валяр’ян Гвілія стаў сапраўдным лідэрам паўабароны перад сваім продажам у барысаўскі БАТЭ. Гэтыя гады характарызаваліся фінансавай ашчаднасьцю і актыўным продажам пэрспэктыўных футбалістаў, сярод якіх былі Валеры Грамыка, а пазьней Іван Бахар, у больш заможныя каманды чэмпіянату. У 2018 годзе «Менск» выдаў антырэкордную сэрыю з васьмі матчаў безь перамогаў на пачатку сэзону. Клюб рэгулярна займаў месцы ў ніжняй частцы табліцы ад 9-га да 14-га, аднак акадэмія «Менску» трывала пацьвярджала статус адной з найлепшых у краіне, рэгулярна накіроўваючы сваіх прадстаўнікоў у моладзевую і юнацкія зборныя Беларусі. Сэзон 2020 году аказаўся цяжкім выпрабаваньнем для каманды празь нестабільнасьць, выкліканай пошасьцю каранавірусу і зьменамі ў трэнэрскім штабе цягам сэзону. У траўні 2020 году ў камандзе зафіксавалі пошасьць каранавірусу. Клюб быў вымушаны сысьці на поўны карантын, а некалькі матчаў чэмпіянату былі перанесеныя[8]. Кіраўніцтву даводзілася ў хуткім рэжыме разьвязваць пытаньні ізаляцыі і трэнаваньняў. Калі ж футбалісты «Менску» вярнуліся на поле, яны фізычна не дацягвалі да патрэбнага ўзроўню, што выявілася ў сэрыі паразаў, у тым ліку праз буйную зь лікам 1:6 паразу ад берасьцейскага «Дынама». Пачынаючы з жніўня каманду ўзяў пад кіраўніцтва трэнэр Вадзім Скрыпчанка, які да рады ў справе захаваньня месца ў элітным дывізіёне. У траўні 2021 году па заканчэньні тэрміну кантракту Ігар Шлойда пакінуў сваю пасаду[4]. Паводле пазьнейшых словаў кіраўніка Менгарвыканкам даваў згоду на далейшую супрацу з клюбам, але запярэчылі працягу працы зь Міністэрства спорту і турызму. У 2021—2023 гады клюб працягваў існаваць ва ўмовах абмежаванага бюджэту. У сэзоне 2022 году яскрава выявіў свае таленты нападнік Ягор Багамольскі, які пасьля праведзеных 8 галоў пераехаў у замежны чэмпіянат. Але найолепшым бамбардзірам каманды ў той год стаў Уладзімер Хвашчынскі. У сэзоне 2023 году пад кіраўніцтвам Сяргея Яромкі «Менск», які меў адзін з наймаладзейшых складаў у лізе, заняў 9-ы радок, дэманструючы пры гэтым яскравы і бескампрамісны футбол.
Перад пачаткам сэзону 2024 году галоўным трэнэрам быў прызначаны Арцём Чалядзінскі. Каманда сутыкнулася з сур’ёзнай кадравай ратацыяй, бо большасьць лідэраў мінулага году перайшла ў іншыя клюбы. Асноўны склад зноў склалі выхаванцы ўласнай футбольнай школы. Старт чэмпіянату выдаўся катастрафічным, бо каманда пачала 15 матчаў у чэмпіянаце з бракам перамогаў, што сталася найгоршым паказьнікам у гісторыі клюбу ў Найышэйшай лізе. Аднак цягам другога кола, узмацніўшыся некалькімі дасьведчанымі выканаўцамі ў ліку Эдуарда Жэўнэрава, Уладзіслава Васільева, Аляксандра Гутара і Яўгена Зямко, «Менск» здолеў уратавацца. Сэзон 2025 году стаў для сталічнікаў годам сапраўднага прарыву і вяртаньня ў лік найлепшых камандаў краіны. «Менск» дэманстраваў відовішчны футбол і фінішаваў на высокім 5-м месцы ў Найвышэйшай лізе, узяўшы 51 пункт у 30 матчах. Столькі ж мела і берасьцейскае «Дынама», якое абышло менчукоў толькі паводле дадатковых паказьнікаў. Галоўнымі дасягненьнямі году сталіся прынцыповая хатняя перамога над сталічным «Дынама» зь лікам 2:1 і ўпэўненая выязная перамога над барысаўскім БАТЭ зь лікам 2:0 у ліпені і лістападзе. Навабранцы і моладзь клюбу выдатна інтэграваліся ў склад, гэтак у цэнтры абароны надзейна замацаваўся малады выхаванец Валянцін Дзіхціеўскі, якога заўзятары паводле вынікаў году афіцыйна абралі найлепшым футбалістам «Менску» 2025 году[9].
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Чэмпіянат Беларусі
- Трэцяе месца: 2010
- Уладальнікі Кубка Беларусі: 2013
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Актуальны на 3 жніўня 2026 году
|
|
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Чэмпіянат і Кубак Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| 2012 | Найвышэйшая | 6 | 30 | 11 | 6 | 13 | 36-46 | 39 | Ул |
| 2013 | Найвышэйшая | 9 | 32 | 10 | 8 | 14 | 36-40 | 38 | 1/2 |
| 2014 | Найвышэйшая | 7 | 32 | 16 | 4 | 12 | 45-36 | 52 | 1/16 |
| 2015 | Найвышэйшая | 6 | 26 | 12 | 4 | 10 | 29-28 | 40 | 1/2 |
| 2016 | Найвышэйшая | 4 | 30 | 15 | 8 | 7 | 49-24 | 53 | 1/4 |
| 2017 | Найвышэйшая | 14 | 30 | 3 | 14 | 13 | 19-39 | 23 | 1/8 |
| 2018 | Найвышэйшая | 11 | 30 | 7 | 9 | 14 | 34-42 | 30 | 1/8 |
| 2019 | Найвышэйшая | 9 | 30 | 9 | 9 | 12 | 36-44 | 36 | 1/8 |
| 2020 | Найвышэйшая | 11 | 30 | 11 | 5 | 14 | 45-57 | 38 | 1/4 |
| 2021 | Найвышэйшая | 12 | 30 | 8 | 9 | 13 | 32-52 | 33 | 1/16 |
| 2022 | Найвышэйшая | 6 | 30 | 12 | 8 | 10 | 47-43 | 44 | 1/8 |
| 2023 | Найвышэйшая | 9 | 28 | 8 | 9 | 11 | 21-26 | 33 | 1/4 |
| 2024 | Найвышэйшая | 13 | 30 | 6 | 10 | 14 | 28-44 | 28 | 1/16 |
| 2025 | Найвышэйшая | 5 | 30 | 15 | 6 | 9 | 48-47 | 51 | 1/8 |
Удзел у эўракубках
[рэдагаваць | рэдагаваць код]| Кубак | Г | В | Н | П | М |
|---|---|---|---|---|---|
| Ліга Эўропы | 10 | 3 | 3 | 4 | 10—14 |
| Усяго | 10 | 3 | 3 | 4 | 10—14 |
| Сэзон | Кубак | Раўнд | Клюб | Дома | У гасьцях | |
|---|---|---|---|---|---|---|
| 2011—2012 | Ліга Эўропы | 1 к/р | АЗАЛ | 2:1 | 1:1 | |
| 2 к/р | Газыянтэпспор | 1:1 | 1:4 | |||
| 2013—2014 | Ліга Эўропы | 2 к/р | Валета | 2:0 | 1:1 | |
| 3 к/р | Сэнт-Джонстан | 0:1 | 1:0 (3:2, пэн.) | |||
| Плэй-оф | Стандард Льеж | 0:2 | 1:3 |
Галоўныя трэнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Сяргей Яромка (2005—2009)[10]
- Віталь Тараканаў (2009—2011)[10]
- Андрэй Доўнар (в. а., 2011)
- Вадзім Скрыпчанка (сьнежань 2011 — кастрычнік 2013)
- Андрэй Скарабагацька (сьнежань 2013 — чэрвень 2014, в. а. у кастрычніку — сьнежні 2013)
- Андрэй Пышнік (чэрвень 2014 году — сьнежань 2015 году)[11]
- Георгі Кандрацьеў (студзень 2016 году — сьнежань 2017 году)[12]
- Аляксандар Лухвіч (студзень 2018 году — студзень 2019 год)[13]
- Андрэй Разін (2019—2020)[14][15]
- Вадзім Скрыпчанка (жнівень 2020 — студзень 2021)[10]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ ФК «Минск» — Руководство клуба
- ↑ https://football.by/news/182559
- ↑ О нас. FCMinsk.by
- 1 2 Игорь Шлойдо покинул ФК «Минск» (рас.). Афіцыйны сайт ФК «Менску» (2021-05-27). Праверана 2026-06-19 г.
- ↑ Вадим Скрипченко: «Наши задачи — золото чемпионата и Кубок Беларуси. Слишком смело?»
- ↑ Футбол. «Минск» — обладатель Кубка Беларуси. Как важно быть серьезным (рас.) «Прессбол»
- ↑ После реконструкции открылся новый стадион футбольного клуба «Минск» (рас.). Минск-новости (2015-05-07). Праверана 2026-06-19 г.
- ↑ Подозрение на наличие COVID-19. Матчи "Минска" и "Арсенала" перенесены (рас.). Football.by (2020-05-11). Праверана 2026-06-19 г.
- ↑ Валентин Дихтиевский — лучший игрок "Минска" в 2025 году (рас.). Football.by (2025-12-29). Праверана 2026-06-19 г.
- 1 2 3 FK Minsk - Current and former staff (анг.). Transfermarkt. Праверана 24 студзеня 2026 г.
- ↑ «Минск» отправил в отставку главного тренера Андрея Скоробогатько и его помощников (рас.)
- ↑ Георгий Кондратьев назначен главным тренером «Минска» (рас.)
- ↑ Александр Лухвич возглавил «Минск» (рас.)
- ↑ «Минск» назвал имя нового главного тренера (рас.)
- ↑ Скрипченко сменил Разина на посту главного тренера "Минска" (рас.) football.by
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Афіцыйны сайт (рас.)
| |||||