Валенсія (футбольны клюб)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Валенсія
Valencia CF.svg
Поўная назва Valencia Club de Fútbol
Заснаваны 18 сакавіка 1919
Горад Валенсія, Гішпанія
Стадыён Мэстальля
Умяшчальнасьць: 55 000
Галоўны трэнэр Марсэліна Гарсія Тараль
Чэмпіянат Ля Ліга
 · 2017—2018 4 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Афіцыйны сайт

«Вале́нсія» (па-гішпанску: Valencia) — гішпанскі футбольны клюб, які выступае ў Ля Лізе. Заснаваны ў 1919 годзе, базуецца ў аднайменным горадзе Валенсіі. У цяперашні час хатняй арэнай зьяўляецца стадыён «Мэстальля», што быў пабудаваны ў 1923 годзе й умяшчае 55 000 гледачоў. У 2013 годзе каманда плянавала перабрацца на новы стадыён на паўночна-заходзе гораду «Новая Мэстальля» (кат. Nou Mestalla), але ён усё яшчэ будуецца. «Валенсія» шэсьць разоў станавілася чэмпіёнам краіны, а апошнім разам гэта адбылося ў 2004 годзе. У гістарычнай клясыфікацыі Ля Лігі клюб займае трэцяе месца, адразу пасьля мадрыдзкага «Рэалу» й «Барсэлёны». На пачатку сэзону 2006—2007 гадоў «Валенсія» ў сьпісе самых заможных клюбаў сьвету займала 17-ы радок. З 2002 па 2008 гады клюб зьяўляўся чальцом арганізацыі эўрапейскіх футбольных клюбаў G-14. «Валенсія» займае трэці радок у сьпісе самых падтрымліваемых футбольных клюбаў Гішпаніі, пасьля «Рэалу» й «Барсэлёны»[1]. Да таго ж, клюб належыць да групы камандаў з самай вялікай колькасьцю асацыяваных прыхільнікаў.

«Валенсія» мае саперніцтва з клюбам «Вільярэал», які месьціцца ў 60 км на поўнач ад Валенсіі[2]. Суперніцтва дадаткова прыцягвае ўвагу тым, што гэтыя клюбы зьяўляюцца двума самымі пасьпяховымі ў рэгіёне. «Валенсія» таксама мае даўняе суперніцтва зь «Левантэ», які таксама базуецца ў Валенсіі, а таксама з двума іншымі клюбамі Валенсійскае аўтаноміі — «Эркулес» і «Кастэльён».

На працягу многіх гадоў, клюб дасягнуў сусьветнай рэпутацыі сваёй моладзевай акадэміі. Сярод выбітных выхаванцаў «Валенсіі» вылучаюцца такія таленты, як то Рауль Альбіёль, Андрэс Палёп, Мігель Анхэль Ангулё, Давід Альбэльда, Гаіска Мэнд’ета й Давід Сыльва. Сярод сучасных зорак, што прайшлі праз акадэмію «Валенсію», варта адзначыць такіх гульцоў, як то Іска, Жордзі Альба, Хуан Бэрнат, Хасэ Гая й Пака Алькасэр.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Валенсія» ў 1927 годзе.

Клюб быў заснаваны ў 1919 годзе двума сябрамі Актавіё Аўгуста Мілега Дыясам і Гансалё Мэдынэ Пэрнасам, прычым першы зь іх стаў прэзыдэнтам клюбу дзякуючы падкінутай манэтцы. Клюб згуляў свой ​​першы матч на выезьдзе 21 траўня 1919 году з «Хімнастыкай» і атрымаў паразу зь лікам 0:1.

«Валенсія» перамясьцілася на пляцоўку «Мэстальля» (яшчэ не стадыён да таго часу, была пабудавана толькі адна трыбуна) у 1923 годзе, а да гэтага гуляла свае хатнія матчы на ​​поле «Альгірас» з 7 сьнежня 1919 году. Першы матч на «Мэстальлі» «Валенсія» згуляла ўнічыю 0:0 з камандай «Кастэльён Кастылія», а на наступны дзень перамагла ў гэтай жа каманды зь лікам 1:0. «Валенсія» атрымала перамогу ў рэгіянальным чэмпіянаце ў 1923 годзе й упершыню ў сваёй гісторыі трапіла ў кубак Гішпаніі. Першы кубак для валенсійцаў быў правальным: перамогшы ў хатнім матчы ў «Спортынгу» зь лікам 1:0, каманда саступіла ў зваротнай сустрэчы 1:6. У выніку быў прызанчаны трэці матч, які валенсійцы таксама прайгралі зь лікам 0:2.

Грамадзянская вайна ў Гішпаніі прыпыніла ўзыходжаньне валенсійскай каманды, але ненадоўга: у 1940 годзе «Валенсію» ўзначаліў самы вядомы ў гісторыі клюбу прэзыдэнт — Люіс Касанова. У 1941 годзе каманда заняла ў першынстве Гішпаніі 3-е месца й стала ўладальнікам кубка Гішпаніі, абыграўшы ў фінале «Эспанёл». У сэзоне 1941—1942 гадоў клюб упершыню выйграў нацыянальны гішпанскі чэмпіянат. 1940-я гады сталі часам росквіту «Валенсіі»: каманда на роўных канкуравала з тагачаснымі лідэрамі гішпанскага футболу: «Барсэлёнай», мадрыдзкім «Атлетыка» й «Сэвільляй», тройчы (у 1942, 1944 і 1947 гадох) стаўшы чэмпіёнам і двойчы перамогшы ў Кубку Гішпаніі — у 1941 і 1949 гадох.

Фаас Вількес стаў першым замежнікам у складзе «Валенсіі».

У 1950-х гадах клюб ня здолеў паўтарыць посьпех 1940-х, не зважаючы на тое, што як арганізацыя клюб значна вырас. Перабудова «Мэстальлі» прывяла да павелічэньня ўмяшчальнасьці да 45 тысяч гледачоў, а клюб здолеў прыцягнуць у свае шэрагі колькі гішпанскіх і замежных зорак. Гульцы, як то гішпанец Антоніё Пучадэс і нідэрляндзец Фаас Вількес сталіся аднымі з асноўных гульцоў клюбу. Сэзон 1952—1953 гадоў «Валенсія» скончыла на 2-м месцы, прапусьціўшы наперад толькі «Барсэлёну». У наступным сэзоне клюб атрымаў перамогу ўжо ў трэцім для свабе кубку Гішпаніі. У фінальным матчы «Валенсія» зьбіла «Барсэлёна» зь лікам 3:0 у Мадрыдзе, а на матчы прысутнічалі больш за 110 тысяч гледачоў. Сярод іншых выбітных гульцоў 1950-х, якія абаранялі колеры «Валенсіі», варта адзначыць Сальвадора Мансо, Вісэнтэ Асэнсі, Амадэо Ібаньеса й Бэрнардына Пэрэса.

На пачатку 1960-х гадоў «Валенсія» выступала ня вельмі ўдала ў чэмпіянаце краіне, аднак, менавіта ў гэты час клюб дамогся значнага посьпеху з эўрапейскіх турнірах. Гэтак у розыгрышу Кубка кірмашоў 1961—1962 гадоў «Валенсія» ў фінале перамагла «Барсэлёну». На наступны год валенсійцы зноўку апынуліся пераможцамі гэтага турніру, перамогшы ў фінале загрэбскае «Дынама». У сэзоне 1963—1964 гадоў «Валенсія» ў каторы раз запар дасягнула фіналу Кубка кірмашоў, але на гэты раз атрымала паразу ад «Сарагосы» зь лікам 2:1.

Зорны аргентынскі нападнік Марыё Кемпэс правёў у «Валенсіі» 8 гадоў і ўваходзіць у лік трох лепшых бамбрадзіраў клюбу ўсіх часоў.

Былы зорны футбаліст мадрыдзкага «Рэалу» Альфрэда Дзі Стэфана ў 1970 годзе стаў галоўным трэнэрам «Валенсіі», і адразу ж гэта натхніла клюб на перамогу ў чэмпіянаце сэзону 1970—1971 гадоў. Дзякуючы гэтаму «Валенсія» атрымала права на ўдзел у Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў. «Валенсія» дасягнула трэцяга раўнду, але атрымала паразу ў абедзьвюх сустрэчах супраць вугорскага «Уйпэшту». У 1972 годзе клюб заняў другое месца ў Ля Лізе й кубку, прайграўшы толькі мадрыдзкім клюбам «Рэал» і «Атлетыка» адпаведна. Да самых вядомых гульцоў клюбу эпохі 1970-х гадоў звычайна далучаюць аўстрыйскага паўабаронцу Курта Яра, нідэрляндзкага нападніка Джоні Рэпа, нямецкага паўабаронцу Райнэра Бангофа й аргентынскага нападніка Марыё Кемпэса, які стаўнавіўся лепшым бамбардзірам Ля Лігі у сэзонах 1976—1977 і 1977—1978 гадоў. «Валенсія» атрымала чарговы кубак Гішпаніі ў 1979 годзе, апынуўшыся мацьней за «Рэал», а таксама стала пераможцам Кубка ўладальнікаў кубкаў у сэзоне 1979—1980 гадоў, перайграўшы ў фінале ангельскі «Арсэнал». Галоўным ініцыятарам посьпехаў валенсійцаў стаў Кемпэс.

У 1982 годзе клюб прызначыў Міляна Міляніча ў якасьці галоўнага трэнэра. Аднак, сэзон з новым трэнэрам апынуўся вельмі няўдалым, «Валенсія» знаходзілася на 17-м месцы за сем тураў да сканчэньня чэмпіянату, калі Кольда Агірэ замяніў Міляніча на пасадзе галоўнага трэнэра. У выніку «Валенсія» ледзь пазьбегнула вылету толькі дзякуючы спрыяльным вынікам іншых клюбаў, што забясьпечыла для клюбу выратаваньне. Але далей клюб сутыктуўся зь фінансавай нестабільнасьцю за часам прэзыдэнцтва Вісэнтэ Торма. Клюб, у рэшце рэшт, усё ж такі вылецеў у другі дывізіён паводле вынікаў сэзону 1985—1986 гадоў, а праблемы толькі павялічыліся. «Валенсія» была няздольна сплаціць запазычанасьць перад гульцамі і супрацоўнікамі клюбу, а ў камандзе назіраўся нізкі маральны дух. Паніжэньне ў клясе апынулася першым для «Валенсіі» за 55 гадоў, якія клюб правёў у Ля Лізе.

Пасьля вылету новым прэзыдэнтам клюбу стаў Артура Тусон, які дапамог клюбу разьлічыцца зь фінансамі. Дзі Стэфана вярнуўся на пасаду галоўнага трэнэра ў 1986 годзе і здолеў прасунуць «Валенсію» назад у Ля Лігу. Дзі Стэфана застаўся на сваёй пасадзе ў наступным сэзоне 1987—1988 гадоў, калі клюб заняў 14-ы радок, замацаваўшыся ў найвышэйшым дывізіёне. У 1989 годзе «Валенсія» здолела падпісаць кантракт з баўгарскім нападнікам Любамірам Пеневым, што давзоліла клюбу ўмацаваць свае пазыцыі ў лізе. На сэзон 1991—1992 гадоў клюб ачоліў Гуўс Гідынк, які здолеў прывесьці каманду да 4-га месца ў чэмпіянаце, а таксама дасягнуць чвэрцьфіналу кубка Гішпаніі. У 1992 годзе «Валенсія» афіцыйна стала спартовай кампаніяй з абмежаванай адказнасьцю й захавала Гідынка на пасадзе галоўнага трэнэра да 1993 году.

Бразыльскі трэнэр Карлас Албэрту Парэйра, адразу пасьля перамогі на чэмпіянаце сьвету 1994 году, ачоліў «Валенсію». Амаль адразу ж, былі складзены дамовы з брамнікам Андоні Субісарэтам і нападнікамі Алегам Саленка і Прэдрагам Міятавічам, але Парэйрай ня здолеў дасягнуць вынікаў, якіх ад яго чакалі. Яму на зьмену прыйшоў новы трэнэр Хасэ Мануэль Рыелё. Сярод гульцоў у камандзе зьявіліся Рамарыю, Кляўдыё Лёпэс, Арыель Артэга і Адрыян Іліе.

Ачоленыя Кляўдыё Раньеры, «Валенсія» пачала сэзон 1999—2000 гадоў перамогай у Супэркубку Гішпаніі, адолеўшы «Барсэлёну». «Валенсія» заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце, адстаўшы толькі на чатыры пункты ад «Дэпартыва», які стаў чэмпіёнам, і маючы з «Барсэлёнай» аднолькавую колькасьць пунктаў, але лепшыя вынікі ў асабістых сустрэчах з валенсійцамі. Тым ня менш, самым вялікім посьпехам клюбу таго сэзону стаў выхад каманды ў фінал Лігі чэмпіёнаў, дзе валенсійцы саступілі «Рэалу» зь лікам 3:0. Тая сустрэча праходзіла ў Парыжы 24 траўня 2000 году. Фінальны матч стаў разьвітальным для Кляўдыё Лёпэса, як падпісаў кантракт зь «Ляцыё». Акрамя таго, з клюбу сышлі Хавіер Фарынос і Жэрар Лёпэс, якія адправіліся ў «Інтэрнацыянале» й «Барсэлёну», адпаведна. Аднак, «Валенсія» лёгка здолела папоўніць склад,склаўшы дамовы з Джонам Кар’ю, Рубэнам Барахам, Рабэрта Аялам, Вісэнтэ Радрыгесам і Фабію Аўрэлію. Таксама ў студзені да клюбу далучыўся Паблё Аймар. Бараха, Аймар, Вісэнтэ і Аяла неўзабаве сталіся сапраўднымі лідэрамі «Валенсіі», якія забясьпечылі дамінаваньне клюбу ў Гішпаніі на пачатку 2000-х гадоў.

«Валенсія» выдатна пачала сэзон 2000—2001 гадоў у Ля Лізе, ачоліўшы табліцы ў хуткім часе пасьля старту. Аднак, пасьля калядаў, справы клюбу ва ўнутранным першынстве крыху незаладзіліся. Гэта было зьвязана з моцным выступам «Валенсіі» ў Лізе чэмпіёнаў. Каманда, ачоленая Эктарам Купэрам, здолела пераўзысьці «Арсэнал» у чвэрцьфінале і «Лідс Юнайтэд» у паўфінале й выйсьці ў фінал спаборніцтва, дзе валенсійцаў чакала «Баварыя». Такім чынам, «Валенсія» двойчы запар дабралася да фіналу эўрапейскага турніру. На гэты раз фінал праходзіў ў Міляне на стадыёне Сан-Сыра 23 траўня. Першы гол у сустрэчы быў забіты валенсійскім паўабаронцам Гаіска Мэнд’етам, які рэалізаваў пэнальці ў самым пачатку сустрэчы. Затым брамнік «Валенсіі» Сант’яга Каньісарэс выцягнуў стрэл Мэгмэта Шоля з пэнальці, аднак Штэфан Эфэнбэрг усё ж забіў гол у браму гішпанцаў таксама з пэнальці пасьля перапынку матча. Дадатковы час пераможца гэтак і ня высьвятліў, а лёс трафэю быў вызначаны ў сэрыі пэнальці, дзе мацьней апынуліся футбалісты «Баварыі». У чэмпіянаце «Валенсія» скончыла сэзон на 5-м месцы па-за зонай Лігі чэмпіёнаў. У апошнім матчы сэзону «Валенсіі» была патрэбна толькі нічыя на Камп Ноў у матчы супраць «Барсэлёны». Тым ня менш, на апошняй хвіліне «Барсэлёна» здолела выратаваць матч, перамогшы зь лікам 3:2, і заняць 4-е месца, апярэдзіўшы «Валенсію» толькі паводле вынікаў асабістых сустрэчаў.

Дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гішпанскія спаборніцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжнародныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Актуальны на 10 верасьня 2018 году
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
1 Сьцяг Гішпаніі Бр Хаўмэ Дамэнэк 1990
3 Сьцяг Партугаліі Аб Рубэн Вэзу 1994
5 Сьцяг Бразыліі Аб Габрыел Паўліста 1990
6 Сьцяг Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі ПА Жафрэ Кандагбія 1993
7 Сьцяг Партугаліі ПА Гансалу Гедыш 1996
8 Сьцяг Гішпаніі ПА Карляс Солер 1997
9 Сьцяг Францыі Нап Кевін Гамэйро 1987
10 Сьцяг Гішпаніі ПА Даніель Парэха (капітан) 1989
11 Сьцяг Расеі ПА Дзяніс Чэрышаў (ар. Вільярэал) 1990
12 Сьцяг Францыі Аб Муктар Дыякабі 1996
13 Сьцяг Бразыліі Бр Нэту 1989
Пазыцыя Імя Год нараджэньня
14 Сьцяг Гішпаніі Аб Хасэ Люіс Гая 1995
15 Сьцяг Гішпаніі Аб Тоні Лята 1997
17 Сьцяг Францыі ПА Франсыс Каклен 1991
18 Сьцяг Даніі ПА Даніель Вас 1989
19 Сьцяг Гішпаніі Нап Радрыгу 1991
20 Сьцяг Гішпаніі ПА Фэран Торэс 2000
21 Сьцяг Італіі Аб Крыстыяна Пічыні 1992
22 Сьцяг Гішпаніі Нап Санці Міна 1995
23 Сьцяг Бэльгіі Нап Мішы Батшуаі (ар. Чэлсі) 1993
24 Сьцяг Аргентыны Аб Эсэк’ель Гарай 1986
26 Сьцяг Сэрбіі ПА Ураш Рачыч 1998

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Валенсія (футбольны клюб)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў