Абаронца (футбол)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Абаро́нца (састарэлае найменьне — «бэк», ад анг. Back) — гулец, які спэцыялізуецца на выкананьні абарончых функцый. У футболе дзейнічае паміж брамнікам і паўабаронцамі, пераважна на сваёй палове поля і часьцей за ўсё паблізу ля сваёй штрафной плошчы. Яго асноўная мэта — не даваць нападнікам суперніка магчымасьці забіць гол, апрацаваць мяч, падысьці да брамы, стукнуць мячом па брамцы.

Абаронцы бываюць цэнтральнымі, вольнымі, крайнімі й апорнымі.

Цэнтральны абаронца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цэнтральныя абаронцы, як вынікае з назвы, гуляюць у цэнтры. Звычайна ў камандзе два цэнтральныя абаронцы, якія разьмяшчаюцца паміж штрафной плошчай і цэнтральным кругам. Асноўная мэта, акрамя недатыкальнасьці брамы, не падпусьціць нападнікаў, звычайна цэнтрфорвардаў, на ўдарную пазыцыю. Цэнтар поля — вельмі важная зона; акрамя намінальных цэнтральных нападнікаў сюды, да іх на дапамогу, могуць прыйсьці крайнія нападальнікі альбо паўабаронцы. Існуе дзьве абарончыя стратэгіі — занальная абарона, калі кожны з абаронцаў сочыць за вызначанай зонай поля, і пэрсанальная, калі кожны абаронца сочыць за нападнікам, якога яму паказаў трэнэр.

Звычайна цэнтральныя абаронцы — фізычна дужыя, высокія гульцы з выдатным уменьнем гуляць галавой і дзейнічаць у адборы мяча. У слабых клюбах на цэнтар абароны кладзецца толькі функцыя абароны. Аднак вельмі важна на гэтай пазыцыі мець граматнага гульца, здольнага бачыць поле, з уменьнем добрага пасу, які можа мамэнтальна перавесьці гульню ад абароны да нападу.

Раней гэтая пазыцыя звалася цэнтральны паўабаронца. У пачатку 20-га стагодзьдзі большасьць каманд гуляла па схеме 2-3-5, дзе цэнтральны паўабаронца дзейнічаў ледзь ззаду на сваёй палове да цэнтральнай адзнакі.

Часта цэнтральныя абаронцы ідуць у штрафную суперніка пры падачы кутніх, паколькі ўменьне гуляць галавой і высокі рост дазваляюць ім забіць гол.

Шматлікія гульцы на гэтай пазыцыі сталі даволі вядомымі, напрыклад Ліліян Цюрам, Фабіё Канавара й Алесандра Нэста.

Вольныя абаронцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвіпэр (ад анг. sweep up, падмятаць) — разнавіднасьць цэнтральнага абаронцы, асноўнай задачай якога зьяўляецца адбор і выбіваньне мяча, як толькі нападнік набліжаецца зь ім да брамы. У яго няма выразнага месца на поле, таму яго таксама завуць лібэра (італ. libero, вольны). Часьцей за ўсё вольныя абаронцы выконваюць чыста ахоўныя функцыі й гуляюць «на адбой». Такая тактыка выкарыстоўвалася ў італьянскай схеме 60-х гадоў катэначо.

Найболей вядомыя лібэра ў гісторыі футбола — Франц Бэкэнбаўэр і Франка Барэзі.

Апорныя абаронцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкарыстоўваюцца таксама назвы апошні абаронца або стопэр.

Апорныя абаронцы разьмяшчаюцца глыбока ў абароне, у сваёй штрафной плошчы. Асноўная задача — ахова гэтага прастакутніка. У некаторых тактычных схемах апорныя абаронцы гуляюць пэрсанальна.

У традыцыйнай схеме 2-3-5, два гульцы перад брамнікам на апошняй мяжы абароны і ёсьць апорныя абаронцы. Нягледзячы на тое, што гэтае фармаваньне ўжываецца вельмі рэдка і ў абароне ў асноўным выкарыстоўваюцца чатыры абаронцы, «апорнікі» яшчэ жывуць, дзейнічаючы разам з адцягненым паўабаронцам або з цэнтральным абаронцам, выконваючы ролю здвоенага цэнтра.

У Ангельшчыне апорныя абаронцы часта дзейнічалі вельмі груба, удараючы суперніка па нагах, прычым гэта не было забаронена ў Вялікабрытаніі да 50-х гадоў, калі футбол стаў больш міжнародным. Забарона на падобныя парушэньні дала штуршок да шырэйшага выкарыстаньня абаронцаў.

Сучасныя апорныя абаронцы часта зьдзяйсьняюць рэйды да штрафной суперніка, ссоўваючыся на бок поля. Яны павінны быць выносьлівымі, бо прыходзіцца шмат перамяшчацца і зьдзяйсьняць вялікі аб’ём працы.

Паола Мальдзіні — адзін з самых вядомых апорных абаронцаў.

Крайнія абаронцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крайнія абаронцы — сучасны варыянт апорных абаронцаў, выканаўцаў да таго ж атакоўных функцыяў. Звычайна выкарыстоўваюцца ў пабудовах 3-5-2, дзе зьяўляюцца часткай паўабароны, або 5-3-2, дзе крыху больш увагі надаецца ахоўным функцыям.

Па ісьце яны ўвабралі ў сябе якасьці апошніх абаронцаў і крайніх паўабаронцаў.

Гэта найболей значная пазыцыя ў сучасным футболе, дазваляюць выкарыстаць усё поле для нападу, расьцягваючы абарону суперніка. Часта выкарыстоўваюцца для прарыву па флангу з наступным навесам у штрафную. Найважнейшымі якасьцямі для гэтай пазыцыі зьяўляюцца хуткасьць і выносьлівасьць.

Рабэрта Карлас і Кафу — адны зь лепшых крайніх абаронцаў у гісторыі футболу.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]