Акопы
Акопы | |
трансьліт. Akopy | |
На месцы былога фальварку Акопы | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Лагойскі |
Сельсавет: | Янушкавіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1774 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°11′49″ пн. ш. 27°31′46″ у. д. / 54.19694° пн. ш. 27.52944° у. д.Каардынаты: 54°11′49″ пн. ш. 27°31′46″ у. д. / 54.19694° пн. ш. 27.52944° у. д. |
± Акопы |
Акопы — сядзіба маці і сёстраў Янкі Купалы, якую з 1911 году і да другой паловы 1920-х гадоў часта наведваў славуты беларускі паэт; былы хутар у Менскай губэрні (цяпер — у Лагойскім раёне Менскай вобласьці); месца найбольш плённага творчага натхненьня Янкі Купалы; назва філіі Літаратурнага музэю Янкі Купалы. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Менску недалёка ад вёскі Харужынцы.
Навакольле
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прыгажосьць і непаўторнасьць Акопаў абумоўлены іх знаходжаньнем на грэбені Беларуска-Літоўскай грады (водападзел басэйнаў Дняпра і Нёмана — Чорнага і Балтыйскага мораў). За 2—3 км на паўночны ўсход ад Акопаў месьціцца вёска Харужынцы. На захад ад Акопаў — лясістыя пагоркі і забалочаныя даліны, над якімі ўзвышаецца Лысая гара[1]. За гэтымі мясьцінамі здаўна замацавалася назва «Беларуская Швайцарыя»[2].
Акопы і Янка Купала
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хутар Акопы належаў пані Ардынцавай, а пасьля яе сьмерці па спадчыне перайшоў да яе пляменьніцы Марыі Жалігоўскай[3]. Менавіта ў М. Жалігоўскай маці Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч арандавала хутар Акопы з восені 1909 году. Пасьля кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе хутар перайшоў ва ўласнасьць маці і сёстраў паэта. Б. Луцэвіч жыла ў Акопах да 1926 году, пакуль не пераехала да сына ў Менск. Сёстры Янкі Купалы Ганна, Марыя і Леакадзія жылі ў Акопах да 1929 году[1].
Янка Купала ўпершыню прыехаў у Акопы ўлетку 1911 году. Гэты і наступны прыезды Купалы ў Акопы — улетку 1912 году — былі канікулярнымі: тады Купала навучаўся на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева ў Пецярбургу. Да другой паловы 1920-х гадоў жыцьцё і творчасьць Купалы былі цесна зьвязаныя з гэтым маляўнічым кутком Беларусі[1]. Менавіта хутар і навакольныя сядзібы Карпілаўка, Малыя Бясяды сталі для Купалы месцам літаратурных сустрэчаў, дыскусіяў, спасьціжэньня культурна-гістарычных традыцыяў краю[4].
Менавіта ў часе сваіх прыездаў у Акопы Янка Купала станавіўся блізкім суседам свайго добрага старэйшага сябра, вядомага беларускага празаіка Антона Лявіцкага (Ядвігіна Ш.), маёнтак[5] якога знаходзіўся за 1,5 км празь лясок ад Акопаў. Менавіта Ядвігін Ш. пераканаў Купалу пісаць на беларускай мове і яго безь перабольшваньня называюць хросным бацькам Янкі Купалы ў літаратуры[6].
Пасьля 1917 году ад’езды Янкі Купалы ў Акопы мэтафарычным чынам пазначалі зыходжаньне паэты ва ўнутраную эміграцыю[7].
Гэтаксама, як настаўніку Янку Здольніку, герою купалаўскіх «Тутэйшых», раз-пораз робіцца непамысна й душна ў апанаваным акупантамі месьце Менску, і ён зьяжджае ў вёску, так і Купалу нядобра паўсюль — і ён накіроўваецца ў свае Акопы. Там, аднак, ягонае маўчаньне й бязьдзейнасьць перапыняюцца, і ён піша свае лепшыя творы смутнага пасьлярэвалюцыйнага часу. | ||
—Пятро Васючэнка. Недапраўлены апазыцыянізм[7] |
Сядзіба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сядзіба ў Акопах знаходзілася на прыгорку. Чатырма вокнамі і ганкам выходзіла на захад, дзе палеткі ўпіраліся ў лес. На іх межах адзінцамі, непадалёку адзін ад аднаго, стаялі дубы. Падворак з усходу пераходзіў у адхон яра. Ручай у лагчыне яра быў перапынены гацьцю, што ўтварала сажалку-стаў. На яе беразе стаяла лазьня Луцэвічаў[1].
Над грэбляю зьвешваў крону векавечны дуб, схіляліся вербы, буяў вербалоз. Правей ад сажалкі — абапал ручая — рос алешнік. За ярам і цяпер можна ўбачыць вялізны валун (4 м у даўжыню, 3 м у шырыню і 1,5 м у вышыню, на якім, паводле легенды, Янка Купала любіў пісаць і адпачываць) і палеткі, часта перарэзаныя бярозава-саснова-яловымі пералескамі. Дом быў у прысадах. Вакол расьлі кусты язьміну, шыпшыны, брызгліны. Купалавы пакой быў кутні. Два акны яго выходзілі ў сад. Перад вокнамі цьвілі кветкі, расьлі кусты шыпшыны. З вокнаў было відаць дубы, елкі. Ясені, клёны, сосны недалёкага лесу, рабіны, ліпы, шматкаляровыя загоны палеткаў. Перад хатай стаяла студня з жураўлём. Паблізу разьмяшчалася клець, вяндлярня, крыху далей — гумно, пуня, хлявы, два сьвірны[1].
Значэньне Акопаў для творчасьці Купалы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акопы сталі для Янкі Купалы, як Навагрудак для А. Міцкевіча, Міхайлаўскае для А. Пушкіна, Тарханы для М. Лермантава, Ясная Паляна для Л. Талстога, невычэрпнай крыніцай натхненьня, шматлікіх тэмаў і настрояў, непасрэднай натурай паэтычных малюнкаў і іх шматфарбнага калярыту, шырокім полем пазнаньня народнага жыцьця і характару[1]. У Акопах у поўнай меры раскрыўся геній Купалы — лірыка, драматурга-філёзафа, перакладчыка, публіцыста-аналітыка. Каля 200—300 вершаваных радкоў у дзень пісаў паэт амаль без адзінай праўкі[4].
Больш за 70 Купалавых твораў маюць памету «Акопы». Шмат іншых твораў, пад якімі не пазначана месца напісаньня, нарадзіліся і высьпелі ў Акопах. Адсюль многія вобразы прыроды ў вершах і паэмах Купалы. У Акопах паэт напісаў самыя аб’ёмныя свае творы: усе чатыры п’есы (тры закончаныя і адна няскончаная) і вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Шматлікія жыхары акопаўскага навакольля сталі прататыпамі, што паслужылі штуршком для стварэньня шэрагу яркіх купалаўскіх вобразаў[1].
Філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Філія «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы была створаная з ініцыятывы тагачаснага дырэктара музэю Жанны Дапкюнас. Важкую падтрымку ідэі стварэньня купалаўскай філіі «Акопы» аказаў народны паэт Беларусі, ураджэнец Лагойшчыны Ніл Гілевіч[8].
Пасьля прыняцьця ў верасьні 1989 году рашэньня аб стварэньні філіі на месцы былога хутару Міхалішкі ў вёсцы Харужынцы быў узьведзены тыповы будынак, характэрны для канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Адкрыцьцё філіі для наведваньня адбылося 29 жніўня 1992 году і было прымеркавана да 110-годзьдзя з дня нараджэньня паэта[9]. Філія музэю складаецца зь дзьвюх частак: гістарычнай (літаратурна-мастацкай) і мэмарыяльнай. Агульная плошча тэрыторыі філіі складае 6,64 га[4].
Гістарычная (літаратурна-мастацкая) частка філіі музэю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычная частка філіі музэю знаходзіцца ў Харужынцах. Яе экспазыцыя адлюстроўвае пэрыяд найбольшага творчага ўздыму Янкі Купалы (1910—1926) і разьмешчана ў пяці залях: «На перакрыжаваньнях жыцьця», «Песьні беларускай валадар», «Раскіданае гняздо», «Тэатральная заля», «Янка Купала — наша будучыня»[10]. Плошча экспазыцыі — 156 м². Мастацкая канцэпцыя экспазыцыі музэю была распрацаваная мастаком Эдуардам Агуновічам, а над яе ажыцьцяўленьнем працавалі мастакі Алег Грачоў і Ўладзімер Пратасеня. У экспазыцыі прадстаўлена больш за 300 экспанатаў, сярод якіх дакумэнты, фатаздымкі, успаміны пра Я. Купалу, рукапісы і кнігі паэта, архіўныя матэрыялы пра купалаўскія мясьціны на Лагойшчыне і Меншчыне, работы беларускіх мастакоў Э. Агуновіча, В. Александровіча, М. Басалыгі, А. Волкава, А. Кашкурэвіча, М. Купавы, Г. Паплаўскага, У. Савіча, В. Шаранговіча[4].
«К табе, о Божа, |
Я. Купала «Хрыстос васкрос!..», 1911 |
Ля будынку філіі можна ўбачыць скульптурную кампазыцыю «Малады Купала» (1992 г., аўтары Андрэй Засьпіцкі і Генадзь Мурамцаў), зялёны амфітэатар для масавых мерапрыемстваў і крыніцу-сьвідравіну з артэзіянскай вадой. З трох бакоў філія абкружаная дрэвамі-кулісамі[4]. На алеі, якая вядзе да ўваходу ў музэй, акрамя помніка знаходзіцца вялізны валун з выбітым на ім Купалавым заклікам зь верша «Хрыстос васкрос!..».
На тэрыторыі музэю з 1993 году раз у два-тры гады ў траўні традыцыйна праводзяцца зьлёты-сэмінары маладых паэтаў Меншчыны пад дэвізам «Нас слова Купалы да творчасці кліча»[11]. У чэрвені 2010 году ля музэю ўпершыню адбыўся фэстываль бардаўскай песьні «Купалаўскія вакацыі»[12].
«Песьню стварыці ясну, як неба |
Я. Купала «З кутка жаданьняў», 1912 |
Мэмарыяльная частка філіі музэю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэмарыяльная частка філіі «Акопы» — гэта адноўленыя межы былой сядзібы Акопы, рэшткі падмуркаў сядзібнага дома і гаспадарчых збудаваньняў, некалькі старых дрэваў, сымбалічны зруб на месцы былой студні. Рачулка, якая жывіла сажалку, пераўтварылася ў невялікі ручай. На валуне, на якім Купала любіў адпачываць, у 1982 годзе прымацаваны мэмарыяльны знак са словамі верша «З кутка жаданьняў»[13].
Купалаўскі заказьнік
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Купалаўскі заказьнік быў утвораны ў 2000 годзе ў адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Хутар Акопы стаў цэнтрам заказьніка. Заказьнік раскінуўся на тэрыторыі Лагойскага і Менскага раёнаў і мае плошчу 3834 гэктары[14].
Акопы ў выяўленчым мастацтве
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хараству Акопаў як чароўнай крыніцы Купалавага натхненьня і акопаўскаму пэрыяду яго жыцьця і творчасьці прысьвяцілі свае творы беларускія мастакі Э. Агуновіч, В. Александровіч, М. Басалыга, А. Волкаў, А. Кашкурэвіч, М. Купава, Г. Паплаўскі, У. Савіч, В. Шаранговіч, фатограф Ю. Акудовіч і інш.
Выбраныя творы, напісаныя Янкам Купалам у Акопах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1911 — каля 50 вершаў (сярод іх — «Песьня мая», «Жняя», «Гэй, наперад!», «Як у лесе зацьвіталі…», «Не прасьпі», «За свабоду сваю…», «Каб я князем быў…», «Зоркі», «Дзьве таполі», «Ты прыйдзі…», «Над ракою ў спакою»)
- 1912 — першы драматычны твор Купалы п’еса «Паўлінка»
- 1913 — вершы (сярод іх — «Не шукай…», «Будзь сьмелым!..», «Зь вячэрніх дум», «Тутэйшы», «Песьняй толькі…»), паэмы («Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава» (незакончаная)), сцэнічны жарт «Прымакі», драма «Раскіданае гняздо»
- 1919 — вершы «Лясное возера», «Над калыскай», «Восень», «Ваяк»
- 1921 — вершы «На сьмерць Сьцяпана Булата», «А зязюлька кукавала…», вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым»
- 1922 — камэдыя «Тутэйшыя»
- 1926 — вершы «Па Даўгінаўскім гасьцінцы», «За ўсё…», «І прыйдзе…», «Улетку», «У лесе», «Аб дзяўчыне», «Гутарка аб кепскім гаспадару», «Два сьветы», «Праз гультайства…», «Дзе стаяў двор панскі…» (апошні верш, які Купала напісаў у Акопах) і інш.
Для турыстаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навакольле Акопаў багатае на мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю Янкі Купалы: Карпілаўка, Селішча, Калдукоўка, Міхалішкі і Ляўшова, Радзькоўшчына, Прытыкі, Шкоды і Парабкі і інш. Цяпер гэтыя назвы зьяўляюцца толькі моўным абазначэньнем урочышчаў у штодзённых стасунках мясцовых жыхароў[6].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Будынак філіі «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
-
Фрагмэнт экспазыцыі гістарычнай часткі філіі «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
-
Фрагмэнт экспазыцыі гістарычнай часткі філіі «Акопы» Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
-
Валун на шляху да філіі Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Харужынцах
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Акопы». — Мн., БелСЭ, 1986. — С. 33—34.
- ^ Анатоль Кляшчук Каб патрапіць у Акопы, рыхтуйце лыжы! газэта «Звязда» Праверана 22 лістапада 2011 г.
- ^ Раманоўская Ядвіга. Акопы ― творчая калыска Купалы // Маладосць. ― Мн., 2010. ― № 7. ― С. 84.
- ^ а б в г д Філія «Акопы» Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал Праверана 23 лістапада 2011 г.
- ^ Месца знаходжаньня колішняй сядзібы Лявіцкіх на мапе Google google.com Праверана 24 лістапада 2011 г.
- ^ а б У пошуках купалаўскіх хутароў Газэта «Звязда» Праверана 24 лістапада 2011 г.
- ^ а б Пятро Васючэнка Недапраўлены апазыцыянізм Беларускі калегіюм Праверана 23 лістапада 2011 г.
- ^ Раманоўская Ядвіга. Акопы ― творчая калыска Купалы // Маладосць. ― Мн., 2010. ― № 7. ― С. 84―92.
- ^ Філія «Акопы» litmuseums.iatp.by Праверана 22 лістапада 2011 г.
- ^ Кавалевіч Дыяна. «Акопы» філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы / Буклет. — Мн., 1998.
- ^ «Слова Купалы да творчасьці кліча» Газэта «Культура» Праверана 23 лістапада 2011 г.
- ^ Свята ў Акопах Газэта «Туризм и отдых» Праверана 22 лістапада 2011 г.
- ^ Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Акопы». — Мн., БелСЭ, 1986. — С. 35.
- ^ Акопы iatp.by Праверана 18 лістапада 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Акопы» / Аўтар — А. Лойка, І. Саламевіч. — С. 33―35.
- «Акопы». Філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы / Тэкст — Кавалевіч Дыяна; фота — Захараў Валянцін. // Буклет. — Мн., 1998.
- Бурбоўская, Алена. Акопы ― творчая калыска Янкі Купалы // Полымя: Літ.-грамад. і грамад.-паліт. часоп. ― Мн., 2008. ― № 12. ― С. 193―197.
- Кажамяка, Уладзімір. У купалаўскіх Акопах: [аб філіяле літаратурнага музея Я. Купалы «Акопы» ў вёсцы Харужынцы Лагойскага раёна]. — Мн., 2006.
- Калясінскі, Валерый. Помнік Янку Купалу ў «Акопах» // Роднае слова: Навук. і метад. часоп. ― Мн., 2004. ― № 7. ― С. 82.
- Купалаўскія сцежкі Лагойшчыны / Склад. Н. Цвірка // Дзярж. літ. музей Янкі Купалы. — Мн., 1993. — 20 с.
- Лойка, Алег. Акопы або У прадчуванні рэвалюцыі. ― У яго кн.: Як агонь, як вада…: Раман-эсэ пра Янку Купалу. ― Мн., 1984.
- Раманоўская, Ядвіга. Акопы ― творчая калыска Купалы // Маладосць: Літ.-мастац. і грамад.-паліт. ілюстр. часоп. ― Мн., 2010. ― № 7. ― С. 84―92.
- Содаль, Уладзімір. Пуцявінамі сейбіта. ― Мн., 1982.
- Цвірка, Кастусь. Той курган векавечны…:Сцяжыны вандровак. ― Мн., 1985. ― С. 186―205.
- Чырскі, Мікалай. Гасцінцам Купалы // Выд. «Універсітэцкае» ― Мн., 2002. ― 36 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Акопы // iatp.by(недаступная спасылка)
- Філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы «Акопы» // Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал
- Янушкавічы і ваколіцы(недаступная спасылка)
- Акопы для Купалы, как Болдино для Пушкина / Аўтар Віктар Корбут // Газэта «Беларусь сегодня», 17 чэрвеня 2003 году(недаступная спасылка)
- Раскіданае гняздо Янкі Купалы / Аўтар Ганна Кандрацюк // Газэта «Ніва», 13 ліпеня 2003 году
- «Хай Беларусь, мая старонка, ўваскрэсне к вольнаму жыццю!» / Аўтар Віталь Гарбузаў // Газэта «Народная воля», 4 траўня 2007 году(недаступная спасылка)
- У год 125-годдзя з дня нараджэньня народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа Нацыянальнае агенцтва па турызму падрыхтавала шэраг тэматычных літаратурных экскурсій / Аўтар Віктар Міхайлаў // Газэта «Голас Радзімы», 8 чэрвеня 2007 году(недаступная спасылка)
- Таямніцы каменных валуноў / Аўтар Ірына Клімковіч // Часопіс «Полымя», № 10, 2007 год
- Падарожжы Свабоды:Янушкавічы і ваколіцы, Лагойскі раён / Аўтар Зьміцер Бартосік // Радыё «Свабода», эфір 13 сакавіка 2008 году
- Сьвята ў Акопах / Аўтар Яна Шыдлоўская // Газэта «Туризм и отдых», 24 чэрвеня 2010 году
- Каб патрапіць у Акопы, рыхтуйце лыжы! / Аўтар Анатоль Кляшчук // Газэта «Звязда», 2 лютага 2011 году
- У пошуках купалаўскіх хутароў / Аўтар Анатоль Кляшчук // Газэта «Звязда», 30 ліпеня 2011 году(недаступная спасылка)