Івянец
Івянец | |||||
трансьліт. Ivianiec | |||||
Сымбаль мястэчка — «Белы касьцёл» | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | XIV ст. | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Валожынскі | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 197 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 4214 чал. (2018)[2] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1772 | ||||
Паштовы індэкс: | 222370 | ||||
СААТА: | 6220554000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°53′24″ пн. ш. 26°44′29″ у. д. / 53.89° пн. ш. 26.74139° у. д.Каардынаты: 53°53′24″ пн. ш. 26°44′29″ у. д. / 53.89° пн. ш. 26.74139° у. д. | ||||
± Івянец | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Івяне́ц — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Волме. Уваходзіць у склад Валожынскага раёну Менскай вобласьці, адміністрацыйны цэнтар Івянецкага сельсавету. Насельніцтва на 2018 год — 4214 чалавек[2]. Знаходзіцца за 31 км ад Валожына, за 40 км ад чыгуначнай станцыі Койданава (лінія Менск — Баранавічы). Аўтамабільныя дарогі на Менск, Койданаў, Стоўпцы, Наваградак.
Івянец — даўняе мястэчка, колішняя сталіца графства на гістарычнай Меншчыне, якому ўпершыню ў краіне распрацавалі зямельную сымболіку[3]. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару францішканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла («Белым касьцёлам») у стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, разбудаваны з гатычнага збора ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Упершыню Івянец упамінаецца ў 2-й палове XIV ст., калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Вітаўта. Пад 1522 годам Івянец значыцца як мястэчка Менскага павету, уладаньне Салагубаў. У сярэдзіне XVI ст. тут зьявілася пратэстанцкая супольнасьць, дзейнічалі кальвінскі збор, школа і шпіталь. У 1606 годзе ў мястэчку збудавалі драўляны касьцёл. На 1640 год у Івянцы было 27 двароў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі ўчынілі тут значныя разбурэньні[4].
У пачатку XVIII ст. утварылася Івянецкае графства. У 1702 годзе стольнік менскі Тэадор Ваньковіч заснаваў у мястэчку касьцёл і кляштар францішканаў, у 1745 годзе падскарбі Ян Міхал Салагуб збудаваў мураваны касьцёл. У 1780 годзе ў Івянцы было 174 двары, існавалі Рынак і 7 вуліцаў[4].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. Царскія ўлады перавялі асабіста вольных местачкоўцаў у стан прыгонных сялянаў (толькі ў 1860 годзе яны дамагліся свабоды і вяртаньня мяшчанскага званьня)[5]. З 1810 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Плявакаў. На 1859 год у Івянцы было 189 двароў[6], на 1861 год — 189. Местачкоўцы актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864).
Па здушэньні паўстаньня ў 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Івянцы народную вучэльню, а 28 лістапада 1869 году гвалтоўна перарабілі касьцёлы Сьвятога Міхала і Найсьвяцейшай Тройцы ў цэрквы Маскоўскага патрыярхату. У 1880-я гады ў мястэчку было 288 дамоў[7], 2 школы, 35 крамаў, 17 ганчарных майстэрань, 2 заезныя двары, 2 царквы, 2 сынагогі, праводзіліся штотыднёвыя таргі і 2 кірмашы ў год. У Івянцы неаднаразова спыняліся беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і пісьменьнік Ядвігін Ш. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, колькасьць двароў павялічылася да 399, дзейнічалі 2 царквы і 2 капліцы, працавалі народная вучэльня, 2 малітоўныя школы, 2 багадзельні, прыёмны пакой, вадзяны млын, 15 майстэрняў з абпальваньня гаршкоў, 9 кузьняў, 64 крамы, 2 карчмы і гарэлачны склад, праводзіліся 2 кірмашы штогод і таргі ў нядзелі. У пачатку XX ст. працавалі лякарня і амбуляторыя, у якіх працавалі доктар, 3 фэльчары, некалькі санітарак. У Першую сусьветную вайну ў лютым 1918 году Івянец занялі нямецкія войскі.
Найноўшы час
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івянец абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 году Івянец занялі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе ў 1923 годзе стала цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час Івянец знаходзіўся за 16 км ад граніцы з БССР. Рэчка Волма, што цякла празь паселішча, брала свой пачатак па-за гэтай граніцай. Івянец месьціўся на пагорках у атачэньні лясоў і складаўся зь некалькіх вуліцаў, найбольшымі зь якім былі: вул. Пілсудзкага (гістарычная Койданаўская), на ёй месьціліся пошта, гродзкі суд і тры школьныя будынкі, вул. Т. Касьцюшкі (гістарычная Ракаўская) з адміністрацыяй гміны, будынкам агульнаадукацыйнай школы, шпіталем і касьцёлам Сьвятога Аляксея, вул. 3 Мая (гістарычная Віленская), на ёй знаходзіліся найбольш значныя жылыя будынкі, два гатэлі, паліцэйскі пастарунак, аптэка, касьцёл Сьвятога Міхала. У 1934 годзе распачалася электрыфікацыя паселішча. Прыватныя асобы заснавалі электрычную станцыю. Яна месьцілася над рэчкай, у будынках даўняга двару Салагубаў. Праца машыны электрычнай станцыі выкарыстоўвалася на мясцовай лесапільні. У 1936 годзе ў Івянцы збудавалі новую школу на вуліцы Закляштарнай, большасьць вуліцаў забрукавалі, а некаторыя асьвятлілі. На 1938 год у мястэчку было 574 будынкі (зь іх 10 мураваных), працавалі шматлікія цагельні, кінатэтар «Jutrzenka» (бел. Зорка) у Доме жаўнера, вайсковы аэрапорт пры кашарах.
У 1939 годзе Івянец увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці (з 1962 году ў Валожынскім раёне). 12 кастрычніка 1940 году паселішча атрымала афіцыйны статут пасёлку гарадзкога тыпу. У гэты час тут было 523 двары. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 1998 годзе афіцыйна зацьвердзілі герб Івянца, створаны на аснове гербу «Праўдзіч» роду Салагубаў. 18—20 ліпеня 2008 году ў мястэчку прайшла 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі[8].
-
Панарама, да 1939 г.
-
Рынак. Фарны касьцёл, да 1918 г.
-
Фарны касьцёл з боку апсыды
-
Вуліца Віленская. «Белы касьцёл», каля 1900 г.
-
Вуліца Ракаўская. «Чырвоны касьцёл», 1930 г.
-
Рог Віленскай і Ракаўскай, 1918 г.
-
Вуліца Віленская, 24.09.1929 г.
-
Рог Рынку і вуліцы Надрэчнай, 1918 г.
Насельніцтва
Дэмаграфія
- XIX стагодзьдзе: 1815 год — 418 чал.[9]; 1861 год — 1799 чал.; 1897 год — 2445 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1923 год — 2226 чал.[4] у мястэчку Івянцы і 38 чал. у фальварку Івянцы[10]; 1931 год — 3084 чал., зь іх 1521 хрысьціянін і 563 юдэі; 1940 год — 3303 чал.; 1971 год — 3,7 тыс. чал.[4]; 1994 год — 5,2 тыс. чал.[4]; 1998 год — 5 тыс. чал.[11]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 4,8 тыс. чал.; 2008 год — 4,8 тыс. чал.[12]; 2009 год — 4320 чал.[13] (перапіс); 2016 год — 4178 чал.[14]; 2017 год — 4206 чал.[15]; 2018 год — 4214 чал.[2]
Адукацыя
У Івянцы працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова.
Мэдыцына
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі, кінатэатар.
Забудова
Плян
Плян Івянца гістарычна склаўся паводле традыцыйнай схемы: сетка вуліцаў бярэ свой пачатак ад Рынку, разьмешчанага ў цэнтры мястэчка. Ад гэтага пляцу разыходзяцца шэсьць вулічных кірункаў, зь якія тры пераходзяць у шляхі да іншых местаў і мястэчак: Ракаў (гістарычная вул. Ракаўская), Стоўпцы (гістарычная вул. Віленская) і Койданаў (гістарычная вул. Койданаўская).
Вуліцы і пляцы
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 Верасьня вуліца | Ракаўская вуліца | Тадэвуша Касьцюшкі вуліца |
1 Мая вуліца | Віленская вуліца | 3 мая вуліца |
Камсамольская вуліца | Койданаўская вуліца | Пілсудзкага вуліца |
Леніна вуліца | Зашкольная вуліца[16] | |
Прамысловая вуліца | Княская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Закляштарная вуліца[17] | |
Свабоды плошча | Рынак пляц |
З урбананімічнай спадчыны Івянца да нашага часу гістарычныя назвы захавалі Надрэчная, Падлесная і Школьная вуліцы.
Эканоміка
Пералік прадпрыемстваў Івянца |
---|
|
Івянец — адзін з ганчарных цэнтраў Беларусі[18]. У даўнія часы мясцовая прадукцыя вывозілася ня толькі ў навакольныя сёлы і мястэчкі, але і на рынкі Вільні і Менску. Ганчарнае рамяство існуе тут і ў наш час.
Турыстычная інфармацыя
Інфраструктура
У Івянцы знаходзіцца музэй традыцыйнай культуры (краязнаўчы музэй).
Славутасьці
- Капліца прыдарожная (пач. ХХ ст.)
- Касьцёл Сьвятога Аляксея (1905—1907)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла («Белы касьцёл») і кляштар францішканаў (1741—1749)
- Могілкі: каталіцкія, капліца (ХІХ ст.); юдэйскія
- Сынагога[прыбраць шаблён] (1912)
- Сядзіба (пач. ХIХ ст.)
Страчаная спадчына
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1745)
Галерэя
-
«Белы касьцёл», галоўны алтар
-
Касьцёл Сьвятога Аляксея («Чырвоны касьцёл»)
-
Краязнаўчы музэй
-
«Чырвоны касьцёл», інтэр’ер
-
Могілкавая капліца
-
Сынагога
Месты-сябры
Пералік местаў-сяброў Івянца |
---|
Асобы
- Лявон Більдзюкевіч (1895—1942) — беларускі пэдагог, матэматык, грамадзкі дзяяч
- Апалінар Пупка (1893—1984) — самабытны майстар-разьбяр
- Вацлаў Пупка (1879—1925) — грамадзкі і палітычны дзяяч
- Адам Пучкар-Хмялеўскі (1891—1938) — беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч
Крыніцы
- ^ https://kodeksy-by.com/norm_akt/source-Минский%20облсовет/type-Решение/54-19.09.2018.htm
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ На фэсце Св. Міхала ў Івенцы ўпершыню прэзентаваны герб Івянецкага графства. www.ivenec.eu. Праверана 5 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б в г д е Батвіннік М., Шаблюк В. Івянец // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 469.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 88.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
- ^ Jelski A. Iwieniec // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 324.
- ^ 1-я Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі ў Івянцы, Catholic.by
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 423.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 425.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 159.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 422.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Івянец, Radzima.org
- ^ Радкі з гісторыі раёна, «Працоўная слава»
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Kuźmiński J.J. Z Iwieńca i Stołpców do Białegostoku. — Białystok, 1993. ISBN 83-901635-0-0.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
Івянец — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|