Траецкае прадмесьце

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Dzivak (гутаркі | унёсак) у 15:51, 7 сакавіка 2011. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Гістарычны раён
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце
Краіна Беларусь
Горад Менск
Каардынаты 53°54′30.72″ пн. ш. 27°33′21.54″ у. д. / 53.9085333° пн. ш. 27.5559833° у. д. / 53.9085333; 27.5559833Каардынаты: 53°54′30.72″ пн. ш. 27°33′21.54″ у. д. / 53.9085333° пн. ш. 27.5559833° у. д. / 53.9085333; 27.5559833
Архітэктурны стыль Клясыцызм, эклектыка
Першае згадваньне XII ст.
Будаваньне XVIIXIX стст., XX ст.
Вядомыя насельнікі Максім Багдановіч, Янка Купала
Статус Ахоўная зона
Траецкае прадмесьце на мапе Беларусі
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце
Траецкае прадмесьце на Вікісховішчы

Трае́цкая гара́, Трае́цкае прадме́сьце — гістарычны раён Менску, разьмешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы места на левым беразе ракі Сьвіслач. Першапачаткова зьяўляўся гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам старадаўняга Менску.[1][2]

На захадзе ад Траецкай гары месьціцца Замчышча, на паўночным захадзе — Татарскія Агароды і Старосьцінская Слабада, на поўначы — Старажоўка, на ўсходзе — Залатая Горка, на поўдні — цэнтральныя раёны Высокі і Нізкі Рынак.[3][4]

Этымалёгія назвы

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму «Траецкая гара». Паводле першага зь іх (і найбольш імавернага) назва мясьціны зьвязаная з тытулам першага каталіцкага касьцёла Менску, заснаванага вялікім князем літоўскім і каралём польскім Ягайлам.[5] Згодна з другой вэрсіяй, тапонім узьнік ад абарончага рэдута Сьвятой Тройцы, які знаходзіўся каля Барысаўскай заставы.[6] Таксама існуе меркаваньне, што назва мясьціны пайшла ад царквы Сьвятой Тройцы.[7] або Сьвята-Траецкага жаночага манастыра.[8]

Гісторыя

Храналёгія

  • XXI стст.: на гары, сярод лесу, заснаваны Сьвята-Ўшэсьценскі (Узьнясенскі[6]) манастыр з драўлянай Сьвята-Ўзьнясенскай царквой.[8]
  • XIIXІІI стст.: на левабярэжжы Сьвіслачы збудавалі царкву сьвятых Барыса і Глеба і заснавалі вуліцу Барыса-Глебскую.[1]
Траецкі кляштар базылянак на малюнку 1800 году
  • 1390: згодна з паданьнем, на Траецкай гары ўзьвялі драўляны касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Менская Фара).[5]
  • 1505: татарскае нашэсьце дашчэнту спаліла места, у тым ліку быў зьнішчаны і першы менскі каталіцкі храм.[5]
  • 1508: Траецкі касьцёл нанава адбудавалі з дрэва. Пры касьцёле дзейнічаў шпіталь, дзе брацтва, аднайменнае з тытулам сьвятыні, даглядала нямоглых.[5]
  • 1620: на месцы драўлянай Сьвята-Ўзьнясенскай царквы А. Масьлянка ўзьвёў мураваную.[6]
  • 1630: Марына Бяжэвіч заснавала ў прадмесьці Траецкі кляштар базылянак пры драўлянай царкве, вядомай з XV ст.[9]
Траецкі кляштар. Сучасны выгляд
  • 1709: пры касьцёле Сьвятой Тройцы біскуп Бжастоўскі заснаваў брацтва Шчасьлівай сьмерці.[10]
  • 1716 (1720): намаганьнямі менскага ксяндза Карла Пятра Панцяржынскага быў узьведзены новы драўляны касьцёл Сьвятой Тройцы. Храм стаяў на мураваным падмурку.[11]
Траецкі кляштар, фасад будынка
  • 1771: непадалёк ад Траецкага кляштару базылянак Кунегунда Рушчыц[12] заснавала кляштар каталіцкага манаскага ордэна марыявітак. Пры ім пачала працаваць школа, у якой выхаванак навучалі мовам, дамаводзтву і арытмэтыцы.[6]
  • 17991800: паводле праекту архітэктара Ф. Крамера былі ўзьведзеныя мураваныя пабудовы Траецкага базылянскага кляштару.
  • 14 жніўня 1809: пажар зьнішчыў значную частку забудовы прадмесьця, у тым ліку і драўляны Фарны касьцёл.[5]
  • 1811: паводле праекту архітэктара М. Чахоўскага збудавалі мураваны комлекс жаночага кляштару марыявітак, у якім разьмясьціўся шпіталь для сіротаў, старых і жабракоў. Дамінантай архітэктурнага ансамблю зьяўляўся вялізны касьцёл у стылі ампір, па бакох да якога далучаліся кляштарныя карпусы.[13]
  • 1814: архітэктар М. Чахоўскі распрацаваў праект новага мураванага касьцёла Сьвятой Тройцы, арыентаванага галоўным фасадам на вуліцу Траецкую, але на пабудову храма не хапіла сродкаў. Вядома, што на рагу Аляксандраўскай і Траецкай былі ўзьведзеныя аднапавярховы мураваны будынак плябаніі зь вялікім склепам і дзьве невялікія крамкі, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы: стайня, лядоўня, два сьвіраны, павець і хлеў.[11]
  • 1834: будынкі колішняга Траецкага кляштару базылянак паводле праекту архітэктара К. Хрышчановіча рэканструявалі пад шпіталь мескай лякарні.[9]
  • 1850: расейскія ўлады прыпынілі дзейнасьць кляштару марыявітак.[14]
  • 1854: комплекс касьцёла і кляштару марыявітак перабудавалі пад Менскую духоўную сэмінарыю.[13]
Сувораўская вучэльня
  • 1858: у будынку на Плябанскай вуліцы адкрылася першая ў месьце фотамайстэрня (сьвятлапісны кабінэт), якая належыла Жазэфіне Адамовіч.[15]
  • 1 кастрычніка 1867: адкрылася жаночая духоўная вучэльня, пабудаваная на месцы Ўшэсьценскага манастыра, а з рэштак старажытных муроў у 1870 року была адноўленая Сьвята-Ўзьнясенская царква, якую месьцічы назвалі «Белай царквою».[16]
  • 1870: у раёне Траецкай гары зьявілася першая ў Менску паштовая скрыня.[17]
  • 19 сьнежня 1891: у адным з будынкаў прадмесьця нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч.
Міністэрства абароны Беларусі
  • 1893: па Аляксандраўскай вуліцы праклалі конку — ад Сьвіслачы да бровара.[18]
  • 1909: мескі галава Стэфановіч, нягледзячы на пратэсты РПЦ Масквы, выдаў загад зьняць усе засаўкі на плаціне Плябанскіх млыноў, якая належыла Архірэйскаму дому, — і такім чынам уратаваў Менск ад паводкі. Аднак архіяпіскам Міхаіл за парушэньне правоў уласнасьці прыцягнуў увесь склад мескай управы да судовай адказнасьці, Стэфановіч страціў сваю пасаду.[19]
  • 1919: бальшавікі перайменавалі Траецкую плошчу ў плошчу Парыскай Камуны.
  • 1921: у будынках колішняй Духоўнай сэмінарыі разьмясьціліся Менскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 трасфармаваліся ў Аб’яднаную Беларускую школу — сярэднюю вайсковую навучальную ўстанову зь беларускай мовай навучаньня.[20]
  • 1925: з мэтай вырашэньня жыльлёвай праблемы ў раёне Траецкай плошчы пачалося ўзьвядзеньне тыповых 2 — 4-х кватэрных драўляных будынкаў.[21]
  • 1935: у сувязі з будаўніцтвам тэатру менскія ўлады зачынілі Траецкі рынак.
  • 1936: у прадмесьці па праекце Л. Дзянісава і В Вараксіна збудавалі ІІІ Дом Саветаў.[22]
  • 1938: скончылася будаўніцтва Тэатру опэры і балету.
  • 24 чэрвеня 1941: празь нямецкае бамбардаваньне места ў ІІІ Доме Саветаў пачаўся пажар, ад якога загінулі больш за 100 жанчынаў і дзяцей, што хаваліся ў скляпеньнях будынка.[23]
  • 1946: на месцы «Белай царквы» і жаночай духоўнай вучэльні збудавалі будынак Міністэрства абароны[24] (паводле іншых зьвестак — узьведзены на базе будынка колішняй духоўнай вучэльні[25]).
  • 19481950: на рагу вуліц Янкі Купалы і Куйбышава, на месцы разбуранай у вайну забудовы, менскія ўлады заклалі Піянэрскі парк.[26]
  • 1949: у будынку Тэатру опэры і балету адкрыўся Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.[27]
  • 1950: вакол Опэрнага тэатру быў разьбіты парк.
  • 1953: на базе будынка Духоўнай сэмінарыі збудавалі Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню (да старога будынка дабудавалі два паверхі).[28]
  • 1959: у Піянэрскім парку на скрыжаваньні вуліц Янкі Купалы і Куйбышава адбылося адкрыцьцё помніка юнаку-партызану Марату Казею (скульптар С. Селіханаў)
  • 1964: на вуліцы Янкі Купалы, каля колішняга Лаўскага моста, высадзілі каштанавую «Алею сяброўства народаў».
  • 1969: на паўднёвым усходзе ад колішняга Траецкага кляштару пабудаваны будынак ВДНГ БССР (архітэктар С. Баткоўскі), цяпер гэта — Нацыянальны выстаўны цэнтар «БелЭкспа».
  • 1976: на будынку №1 па вуліцы А. Пашкевіч зьмешчана мэмарыяльная дошка ў гонар пісьменьніцы.[29]
  • 9 сьнежня 1981: перад Опэрным тэатрам адбылося адкрыцьцё помніка клясыку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу (скульптар Сяргей Вакар).
  • 19821985: менскія ўлады правялі рэстаўрацыю заходняй часткі Траецкага прадмесьця (архітэктары Л. Левін, Ю. Градаў, С. Багласаў).
  • 6 лістапада 1987: адкрыўся Дзяржаўны музэй беларускай літаратуры.
  • 1988: на высьпе ў заходняй частцы прадмесьця паставілі валун з выявай абраза Маці Божай — як краевугольны камень будучага мэмарыялу «Выспа сьлёзаў».
  • 8 сьнежня 1991: адбылося ўрачыстае адкрыцьцё літаратурнага музэя Максіма Багдановіча.
  • 6 жніўня 1993: у адрэстаўраванай частцы прадмесьця адкрыты помнік беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу (скульптар І. Голубеў)
  • 1993: Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне купюру наміналам 5000 беларускіх рублёў з выявай Траецкага прадмесьця (дэнамінаваная ў 2001 да наміналу ў 5 беларускіх рублёў, выведзеная з абарачэньня 1 ліпеня 2005).
  • 3 жніўня 1996: на «Высьпе сьлёзаў» зьявіўся помнік «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі» (скульптар Ю. Паўлаў)
  • 16 лютага 2001: у прадмесьці адкрылася галерэя «Славутыя майстры».
  • 9 лістапада 2005: арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі кардынал Казімер Сьвёнтак блаславіў кнігарню «Духоўная кніга», якая ў гэты дзень адчынілася па адрасе: М. Багдановіча, 25.[30]
  • 8 траўня 2006: у Сувораўскай вайсковай вучэльні Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт асьвяціў дамавы храм у гонар сьвятога апостала ды эвангеліста Яна Багаслова.[31]
Банкнота 1993 году з выявай прадмесьця
  • 11 красавіка 2008: з пляцоўкі перад Опэрным тэатрам дэмантаваны помнік Максіму Багдановічу.[32] Замест помніка плянавалася ўсталяваць фантан. Прыблізна праз тры месяцы, напачатку ліпеня 2008 году помнік быў усталяваны наноў на рагу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыскай камуны.[33] Адносна былога месцазнаходжаньня помнік перасунулі на 150 мэтраў на паўночны захад, бліжэй да месца нараджэньня паэта, і павярнулі тварам да Сьвіслачы ў кірунку паміж домам на вуліцы М. Багдановіча, 27 і Сувораўскай вайсковай вучэльняй.
  • 6 траўня 2009: Камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліцаў і іншых частак Менску на сваім пасяджэньні прыняла рашэньне па наданьні безыменнаму сквэру ў межах вул. Куйбышава — А. Пашкевіч — М. Багдановіча — Янкі Купалы назвы «Траецкая гара».[34]

Гістарычны нарыс

Левабярэжжа Сьвіслачы здаўна мела вялікае гандлёвае значэньне, на ім злучаліся дарогі зь Вільні (для ХІІХІІІ стст. з Заслаўя), Лагойску і Полацку, Барысава і Смаленску, Друцку, Магілёва (для ХІІХІІІ, магчыма, зь Сьвіслачы — Рагачова).[35] Археалягічныя раскопкі, праведзеныя ў 1976 року Г. Штыхавым і В. Собалем, засьведчылі існаваньне культурнага жыцьця ў гэтай мясьціне ўжо з канца XII ст.[36]

Даволі шырокае ўжываньне панятку «Старое место» ў літоўскіх (беларускіх) пісьмовых помніках у дачыненьні да раёну Траецкай гары на мяжы XVIXVII стст. сьведчыць пра наяўнасьць тут агульнамескага цэнтру ў XIVXV стст.[1] Аднак пасьля набыцьця Менскам Магдэбурскага права ў 1499 року і пабудовы ратушы ў Высокім Месьце Траецкае прадмесьце пачынае паступова губляць свой цэнтральны статус.

Файл:Minsk 1790.jpg
Мапа Менску, 1790

У XVIIXVIII стст. раён Траецкай гары меў пэрыфэрыйнае значэньне ў будаўнічай і сацыяльнай структуры места. Асновай плянавальнай структуры раёну быў працяг галоўнай вуліцы правабярэжжа Сьвіслачы — Нямігі (у XVI ст. «Немезской»), якая пачыналася ад пераправы праз раку і мела назву Вялікая Барысаўская (паводле Р.Баравога — Траецкая або вуліца Траецкай гары[37]). Яна ўзьнікла на старым Барысаўскім гасьцінцы (адцінак ад Сьвіслачы да 2-й клінічнай лякарні). Працягам Вялікай Барысаўскай была вуліца ТраецкаяXIX ст. перайменаваная ў Аляксандраўскую, цяпер Максіма Багдановіча).[38] Траса гэтых вуліц пачыналася на стрэлцы мыса і праходзіла амаль па цэнтральнай восі шырокага ўзгорка, аточанага з трох бакоў лукавінай Сьвіслачы. У гэтых умовах натуральным, выключна стыхійным плянавальным рашэньнем было расьсяленьне жыхароў як уздоўж гэтай дарогі-вуліцы, так і пэрпэндыкулярна да яе, на паўднёвым і паўночным схілах гары, па кірунку да берага ракі. Так паўстаў шэраг амаль раўналежных вулачак, якія адыходзяць ад галоўнай. На паўночным схіле гары такіх вулачак было ня менш за 8—9, на паўднёвым, дзе паміж цэнтральнай вуліцай і берагам ракі разьмяшчалася шырокая багністая абалона, трохі менш — 5. На плянаваньне паўднёвай часткі Траецкай гары, магчыма, паўплывала і тая акалічнасьць, што менавіта ў гэтым раёне вельмі рана паўстаў шэраг кляштараў і цэркваў, якія займалі значныя дзялянкі зямлі, што магло таксама перашкаджаць утварэньню мноству маленькіх вулачак. Па ўсёй відавочнасьці, «Віленскай» звалася самая ўсходняя з вышэйзгаданых васьмі або дзевяці вулачак на паўночным схіле гары, бо менавіта яна служыла пачаткам дарогі на Зацань — Сёмкаў Гарадок і далей на Вільню. Вуліца Магілёўская, верагодна, адпавядала сучаснай вуліцы Куйбышава — яе працяг зьвязваў Траецкую гару з Камароўкай (раён сучаснай вуліцы Янкі Купалы). Камароўка яшчэ ў першай палове XIX ст. уяўляла сабой вёску, якая знаходзілася за мяжой места. Ад яе пачыналіся Лагойскі і Барысаўскі гасьцінцы. Магілёўская дарога 1557 року пачыналася, мабыць, ад гэтай жа вуліцы непасрэдна за мяжой места, стромка згортваючыся ўздоўж берагоў Сьвіслачы ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі, далей выходзячы на Доўгі Брод і Сьляпянку, дзе ад гэтай дарогі адлучалася «дарога Друцкая». Зь іншых вуліц на Траецкай гары, у дакумэнтах XVI—XVIII стст. згадваюцца: Плябанская вуліца і «вуліца да Плябанскіх млыноў» (магчыма, гэта адна і тая жа вуліца) — у раёне сквэра вакол Опэрнага тэатру; вуліца Старосьцінская Слабада — пачатковы адцінак зьнішчанай у 1980-я рокі Стараслабадзкой вуліцы. Тамака жа, паміж Старосьцінскай Слабадой і Замкавым мостам, па паўночным схіле Траецкай гары, уздоўж берага Сьвіслачы праходзіла адна з самых старых вуліц гэтага раёна сучасная Старавіленская (па дакумэнтах XVII—XVIII стст. мела назву «вуліца каля ракі да Слабады»).[37]

Выгляд Высокага Места з Траецкай Гары, малюнак Я. Драздовіча

Прадмесьце было зьвязанае з раёнам замку мостам ды грэбляй, з 2-й паловы XVI ст. — двума мастамі.[6] У XV — XVII стст.: па пэрымэтры Менску (у тым ліку і ў Траецкім прадмесьці) былі пабудаваныя ўмацаваньні зь землянымі валамі і равамі.[6] З канца XVI ст. фіксуюцца першыя згадкі пра Траецкі рынак — найвялікшую гандлёвую пляцоўку Менску.[6]

Старажытнае плянаваньне прадмесьця захоўвалася бяз зьменаў да пачатку XIX ст., пакуль падчас вялікага пажару 1809 року не выгарэла практычна ўся тагачасная забудова Траецкай гары, асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частцы.[37] У наступныя рокі быў распрацаваны плян аднаўленьня забудовы Траецкага прадмесьця.[39][40] Да гэтага часу належыць прынцыпова новае праектнае рашэньне плянаваньня ўсёй левабярэжнай часткі Менску, якое захавалася, у агульных рысах, да нашых дзён. У яго аснову былі пакладзеныя 5 падоўжных вуліц, якія разыходзіліся вэерам ад стрэлкі мыса (г.зн. ад маста), і 5 папярочных вуліц, якія іх перасякалі. Гэтая сетка зь дзесяці вуліц утварала каля 20 прастакутных і трапэцападобных кварталаў, зь вялікай прастакутнай плошчай у цэнтры. З пажарам 1809 року і наступнымі местабудаўнічымі працамі зьвязанае першае, найвялікшае нівэляваньне мысавай часткі Траецкай гары. Да пачатку XIX ст. сам мыс быў значна вышэйшым, а ягоныя схілы, зьвернутыя да ракі Сьвіслачы — значна страмчэйшымі, чым у цяперашні час.[37]

Некаторыя з гэтых будынкаў маюць скляпеньні XVII ст.

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Траецкае прадмесьце разам зь Нізкім Рынкам, Ракаўскім прадмесьцем і Пятніцкім (Татарскім) канцом да менскага «Старога Места».[41] У канцы ХІХ ст. — пачатку ХХ стст. Траецкая гара ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Раён вылучаўся стракатым станавым складам насельніцтва (сяляне, працоўныя, гандляры, урадоўцы ніжэйшых рангаў, дробныя памешчыкі) і даволі кантраставым зьнешнім выглядам. Асноўная вуліцай прадмесьця зьяўлялася Аляксандраўская (цяпер Максіма Багдановіча), названая так у гонар расейскага імпэратара Аляксандра I. Паралельна ёй ішла вуліца Старавіленская (захавалася). Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы зь іх — Аляксандраўская набярэжная (цяпер вуліца Камунальная набярэжная). Тут знаходзіліся славутыя менскія лазьні, якія стаялі на самым беразе Сьвіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай ля Траецкага прадмесьця). Трэці — 1 Сэмінарскі завулак (Камунальны), а чацьверты — 2 Сэмінарскі, ці Мітрапалітанскі, завулак, які месьціўся за мужчынскай духоўнай сэмінарыяй (Сувораўская вучэльня). Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (Багдановіча) да Паліцэйскага моста (Купалы). Вуліца Георгіеўская (захавалася частка яе трасы — вуліца Чычэрына) ішла ад Сьвіслачы праз Траецкі рынак (плошча Парыскай камуны) на Камароўку. Вуліца Плябанская (Куйбышава) пралягала паралельна Георгіеўскай. Назва тлумачыцца знаходжаньнем каля яе трасы млына Траецкай залатагорскай плябаніі. У 1866 року перайменаваная ў Шырокую. Траса вуліцы Белацаркоўнай (не існуе; пралягала ад тэатру Опэры і Балету да плошчы Перамогі) супадала са старажытнымі шляхамі на Магілёў і Барысаў. Назва паходзіць ад «Белай царквы», як называлі месьцічы царкву каля жаночай духоўнай вучэльні (штаб Міністэрства абароны Беларусі).[42]

Панарама прадмесьця, сапсаваная гмахам Палаца Рэспублікі

На 1930 — 1960-я рокі прыходзіцца зьнішчэньне пэўных элемэнтаў тапаграфіі раёну. Гэта — старажытныя каталіцкія могілкі XVIXVIII стст. на месцы сквэру перад Опэрным тэатрам; тэрыторыя Ўзьнясенскага манастыра (XIII? — XVI стст.) на месцы «Штаба Акругі» і інш. Частка вуліц, што захаваліся пасьля пераплянаваньня пачатку XIX ст. на ўскраінах Траецкага прадмесьця, была зьнішчаная ўжо пазьней — у 1980-я рокі. Напрыклад, старадаўняя вуліца, якая праходзіла ўздоўж Сьвіслачы і пачыналася каля сучаснага будынку Сувораўскай вучэльні, а скончвалася каля сучаснай гасьцініцы «Беларусь», і некаторыя іншыя.[37] У гэты ж час была праведзеная рэстаўрацыя заходняй часткі Траецкага прадмесьця. Гэта быў першы ў Беларусі праект комплекснай рэгенэрацыі гістарычнай забудовы.[43] Аднак рэстаўратарам не атрымалася пазьбегнуць пэўных адмоўных момантаў. Да прыкладу, была зьнішчаная частка забудовы XVII ст. уздоўж Камунальнай набярэжнай.[44]

Старыя адрасы

Паводле матэрыялаў рукапісных судовых актавых кніг менскага гродзкага суду за 16001640 рокі ў Траецкім прадмесьці жылі: лентвойт (а пазьней бурмістар) Андрэй Масьленка; райца і таксама пасьля бурмістар Даніэль Масьленка; пісар, слуга менскага мытнага дазорцы Аляксандра Каленскага Васіль Масьленка. На Траецкай гары тылам да Сьвіслачы стаялі два дамы князя Аляксандра Крошынскага, побач — хаты ягоных рамесьнікаў-месьцічаў. Непадалёк дзьве мяшчанкі, Сафія і Ганна, трымалі арэндаю дом у Станіслава Ляшчынскага. Наводдаль ад будынкаў Траецкай гары, месьціліся Ўвазьнясенскі манастыр ды касьцёл з плябаніяй ды ставам. Пры канцы ХVI ст. арандатарам манастыра быў продак Фёдара Дастаеўскага — Стэфан. Непадалёк ад царквы Ўзьнясеньня праходзіла Манастырская вуліца. Апроч таго, на Траецкай гары былі цэхі краўцоў і шабельнікаў.[45]

Канец ХІХ — пачатак ХХ стст.[46]

  • Аляксандраўска-Набярэжная, 1. Мескі начлежны прытулак. Заснаваны ў 1892 року. Месьціўся на беразе Сьвіслачы ля Аляксандраўскага моста. Цяпер там пралягае набярэжная адрэстаўраванай часткі Траецкага прадмесьця.
  • Аляксандраўска-Набярэжная, 3. лазьні Г. З. Райнеса. Знаходзіліся на беразе Сьвіслачы, за начлежным прытулкам. Цяпер на іх месцы праходзіць набярэжная адрэстаўраванай часткі Траецкага прадмесьця.
  • Аляксандраўска-Набярэжная, 5. лазьні Каждана. Стаялі побач з лазьнямі Райнеса.
Дом Вігдорчыка
  • Аляксандраўска-Набярэжная, 6, дом Вігдорчыка. Тут наймаў кватэру Дамінік Луцэвіч (бацька Янкі Купалы), які паводле пашпарту зьяўляўся менскім месьцічам. Ён прыехаў у места ў 1890 року, працаваў рамізьнікам, тым часам Янка Купала вучыўся ў прыватнай падрыхтоўчай школе. Праз рок сям’я Луцэвічаў пакінула места.
  • Аляксандраўская, 4. Губэрнская земская лякарня. Заснаваная ў 1796 року. Да 1903 року падначальвалася Прыказу грамадзкай апекі. Тэрапэўтычнае аддзяленьне разьмяшчалася ў былым Сьвята-Траецкім жаночым вуніяцкім кляштары, узьведзеным у XVII ст. Яно было разьлічанае на 70 ложкаў. Псыхіятрычнае аддзяленьне займала асобны двухпавярховы корпус, мела 60 месцаў. У 1905 року створана хірургічнае аддзяленьне на 50 хворых, для якога была пабудаваная нанава двухпавярхоўка. Праз тры рокі да лякарні далучылі аддзяленьне для хранічна хворых (40 ложкаў), што знаходзілася ў дзяржаўным доме па 1-ай Даўгабродзкай вуліцы. Багадзельню ў 1910 року зь Менску перавялі ў Барысаў. Гэта дазволіла на 140 месцаў пашырыць псыхіятрычнае аддзяленьне. У 1904 року пры лякарні адкрылася бясплатная амбуляторыя. З 1906 року тройчы на тыдзень вёўся прыём асобаў з хваробамі зроку. У 1912 року амбуляторыя ператварылася ў афтальмалягічную лячэбніцу. У лякарні мелася дэзінфэкцыйная камэра, рэнтгэнаўскі кабінэт, было наладжанае чаргаваньне лекараў. У 1910 року ў ёй працавалі 8 лекараў, 1 акушэр і 10 сёстраў міласэрнасьці. Да 1903 року лекаваньне было платным. У 1897 року месяц знаходжаньня ў лякарні абыходзіўся хвораму ў 10 рублёў 50 капеек. Колішнія будынкі земскай лякарні зьберагліся, зараз у іх знаходзяцца карпусы 2-ой мескай клінічнай лякарні (М. Багдановіча, 2).
Дом Пінсуховіча
  • Аляксандраўская, 11. Фабрыка абутку М. Цытвера. Працавала з 1871 року як шавецкая майстэрня. Абутак шыўся з загатовак, што паступалі ад рамесьнікаў. У 1913 року ў вытворчасьці былі занятыя 40 працоўных, дзейнічаў рухавік, прадукцыі было выраблена на 55 тысяч рублёў. Колішняя фабрычная пабудова стаіць насупраць 2-ой мескай клінічнай лякарні (М. Багдановіча, 15).
  • Аляксандраўская, 21, дом Яхімовіча. У 1907 року ў ім жыў кіраўнік менскіх анархістаў-камуністаў Бянькоўскі. Тут жа разьмяшчалася і створаная ім лябараторыя выбуховых рэчываў. У канцы сакавіка анархісты зьдзейсьнілі безвыніковы тэрарыстычны акт супраць начальніка менскай вязьніцы Шкляровіча. Бянькоўскі быў арыштаваны і выдаў іншых чальцоў арганізацыі, за што быў забіты ў вязьніцы. Будынак стаяў прыкладна на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца будынак з гастраномам на рагу вуліц М. Багдановіча і Старажоўскай.
  • Аляксандраўская, 25, дом Гурэвіча. Кватэра Адама Багдановіча, бацькі Максіма Багдановіча, які нарадзіўся тут 27 лістапада 1891 року. Дом знаходзіўся насупраць сквэра каля опэрнага тэатру. На адным з будынкаў маецца адпаведная мэмарыяльная дошка, непадалёку разьмешчаны літаратурны музэй і помнік Максіму Багдановічу.
    • Кніжнае выдавецтва «Саха» і рэдакцыя аднайменнага сельскагаспадарчага штомесяцовіка. Часопіс выдаваўся на беларускай мове спачатку ў Вільні, а з лістапада 1913 року да студзеня 1915 року — у Менску. Каб рэдагаваць выданьне, зь Вільні ў Менск перабраўся А. Уласаў. У часопісе публікаваліся артыкулы па садоўніцтву, агародніцтву, пчалярству, аграноміі і жывёлагадоўлі. На выставах у Вільні (1913) і Менску (1914) «Саха» атрымала срэбныя мэдалі за посьпехі ў распаўсюджваньні сельскагаспадарчых ведаў. За кароткі час выдавецтва выпусьціла 5 навукова-папулярных кніжак па сельскагаспадарчай тэматыцы.
    • Выданьне навуковага й літаратурнага штомесяцовіка для беларускай моладзі «Лучынка». Рэдактаркай часопіса была Алаіза Пашкевіч, абавязкі сакратара рэдакцыі выконваў Ядвігін Ш. Часопіс выдаваўся са студзеня да кастрычніка 1914 року, убачылі сьвет шэсьць нумароў. У ім друкаваліся вядомыя беларускія пісьменьнікі, зьмяшчаліся навукова-папулярныя і краязнаўчыя матэрыялы.
Менская духоўная сэмінарыя
  • Аляксандраўская, 27, дом Ліфшыца. Паштова-тэлеграфнае аддзяленьне. Будынак месьціўся на рагу з 1-ым Сэмінарскім завулкам, які адгароджваў яго ад духоўнай сэмінарыі. Цяпер гэта раён перакрыжаваньня вуліц М. Багдановіча і Архітэктара Заборскага.
  • Аляксандраўская, 29. Духоўная сэмінарыя. Заснаваная ў 1793 року ў Слуцку. У 1840-я пераведзеная ў Менск. У 1912 року тут вучылася 235 сэмінарыстаў. У пачатку 1880-х рокаў тут існаваў нарадавольскі гурток. З 14 лютага па 28 красавіка 1905 року Сынод часова закрыў сэмінарыю ў сувязі з пратэстам-бунтам навучэнцаў супраць рэакцыйнай сыстэмы навучаньня, які прывёў да пажару ў будынку і быў задушаны войскамі. У выніку разьбіральніцтва 83 сэмінарысты былі выключаныя. У 1920-я1930-я тут разьмяшчаліся пяхотныя курсы, пасьля — сярэдняя вайсковая навучальная ўстанова. Школу ўзначальвалі Я. Ф. Фабрыцыўс, Я. С. Алёхін і інш. У 19501953 роках камяніцу перабудавалі. Цяпер тут сувораўская вучэльня (М. Багдановіча, 29).
  • Аляксандраўская, 29, будынак духоўнай сэмінарыі. Рэдакцыя «Минских губернских новостей» («Менскіх губэрнскіх навінаў»), газэты праваслаўнага духавенства. Выдавалася ў 18691920 роках Менскай эпархіяльнай радай. Выходзіла два разы на месяц, толькі ў 18711872 роках — штотыднёва. Мела афіцыйную і неафіцыйную часткі.
    • Рэдакцыя штомесяцовага часопіса «Православный братчик» («Праваслаўны братчык»), органа рэлігійнага таварыства. За 19101911 рокі выйшлі сем нумароў.
Абутковая фабрыка Цытвера
  • Рог Аляксандраўскай і Аляксандраўска-Набярэжнай, дом Ушакова. На кватэры правізара Паўлоўскага ў 1886 року адбыўся народніцкі сход Абмяркоўвалася пытаньне актывізацыі рэвалюцыйнай дзейнасьці. Было вырашана выдаваць часопіс «Социалистическое здание» («Сацыялістычны будынак»). Будынак зьбярогся, адрэстаўраваны, зараз там фірмовая крама «Шкло, парцалян» (Траецкае прадмесьце).
  • Першы Сэмінарскі (Прадсэмінарскі) завулак, дом Бэйліна. У 18751876 роках у сьлясарнай майстэрні гаспадара будынка вучыўся рамяству і вёў прапаганду сярод працоўных студэнт Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту Міхаіл Рабіновіч, пачынальнік народніцкага руху ў месьце. Будынак захаваўся (Камунальны завулак, 3)
  • Траецкая плошча. Траецкі базар. Адзін з самых значных і ажыўленых у месьце. Галоўнае месца займаў збыт сельскагаспадарчай прадукцыі. Тут прадавалі збожжа, бульбу, яблыкі, сена, бочкі, вупраж, драбіны, посуд і іншае. Базар займаў плошчу каля сёньняшняга Тэатру опэры і балету.[47]
  • Чырвоная. Жаночая духоўная вучэльня. У 1920-я рокі — мэдычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Будынак стаяў на рагу цяперашніх вуліц Камуністычнай і Чырвонай.

Міжваенны пэрыяд (19201940)[48]

Тэатар опэры і балету, 1943
  • Камунальная, 1. Аптэка № 5 дзяржаўнага прадпрыемства «Белмэдгандаль». Апроч лекаў, у аптэцы прадаваліся прадметы санітарнай гігіены, прадметы догляду за хворымі, гаспадарчыя прадметы, мінэральныя воды (нарзан, баржом, эсэнтукі), маскатэльныя тавары, касмэтычна-парфумэрныя прадметы (мыла, парфума, адэкалён, пудра, крэмы для твару і г. д.) і гумавыя прадметы (грэбні, расчоскі, цацкі, мячы).
  • Камунальная, 25. Крама «Санітарыі і гігены» № 5 дзяржаўнага прадпрыемства «Белмэдгандаль». У краме прадаваліся фатаграфічныя прадметы і матэрыялы.
  • Камунальная, 31. Габрэйская школа № 28.
  • Камунальная, 32. Беларуская школа № 13.
  • Парыскай Камуны, 1. Тэатар опэры і балету. Новазбудаваны тэатар адкрыўся прэм’ерай опэры Я. Цікоцкага «Міхась Падгорны» 10 траўня 1939 року.
Інтэр’ер тэатру, 1943
  • Рог пляца Парыскай Камуны і Чачэрынскай, 1. Аддзяленьне № 2 менскай паштова-тэлеграфнай канторы.
  • Рог Пралетарскай і Горкага. Трэці дом саветаў.
  • Шырокая, 28. Беларускі дзяржаўны навукова-дасьледчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя Ў. І. Леніна. Адкрыты ў 1927 року паводле загаду Савету народных камісараў. Інстытут сыстэматычна і ўсебакова вывучаў сельскую і лясную гаспадарку шляхам стацыянарных і экспэдыцыйных дасьледаваньняў ды распрацоўкі навуковых літаратурных матэрыялаў. Складаўся зь пяці асноўных аддзелаў: жывёлагадоўлі і прыкладной заалёгіі, расьлінаводзтва і прыкладной батанікі, лясной гаспадаркі, мэліярацыі і культуры балотаў, сельскагаспадарчай эканомікі і аграрнай палітыкі. Меў вялізную бібліятэку.
    • Цэнтральная расьлінаводная дасьледчая станцыя. Дасьледвала шляхі і спосабы павелічэньня ўраджайнасьці, займалася генэтычным, батанічным і біялягічным вывучэньнем асобных расьлінаў у глебава-кліматычных умовах БССР, каардынавала працу інстытуту сялян-дасьледнікаў, дапамагала цэнтральным і акруговым установам у распрацоўцы агракультурных мерапрыемстваў, праводзіла кансультацыі па розных пытаньнях расьлінагадоўлі. Складалася з трох аддзелаў: паляводзтва з паданьнем кармавых культур, генэтыкі з сэлекцыяй і насеньневодзтвам і ужыткоўнага. Праца аддзелаў праходзіла на дасьледчых палях станцыі: Пярэспа, Антоліна, Малая Сьляпянка.
    • Цэнтральная дасьледчая станцыя аховы расьлін. Вывучала шкодныя казуркі, грызуноў і хваробы расьлінаў. Распрацоўвала мерапрыемствы па змаганьні зь імі.
    • Цэнтральная балотная станцыя. Гэтая станцыя належыла навукова-дасьледчаму інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі. Яна мела на мэце ўсебаковае вывучэньне балот Беларусі і спосабаў іх скарыстаньня. Сваю працу станцыя праводзіла на Камароўскім балоце, 4 км на поўнач ад Менску.
    • Цэнтральная агра-хімічная лябараторыя. Вывучала сельскую і лясную гаспадарку шляхам палявых і вэгетацыйных досьледаў, хімічнага і фізычнага дасьледваньня глеб, вады і паветра. Мела агра-фізычнае абсталяваньне.
  • Шырокая, 28. Заалягічны музэй Беларускай акадэміі навук. Адчынены 7 лістапада 1927 року. Зьяўляўся значным асяродкам вывучэньня фаўны Беларусі і захоўваньня матэрыялаў, сабраных у часе навуковых экспэдыцыяў. Складаўся з двух аддзелаў: навуковага і выставовага.

Пасьляваенны пэрыяд (19441967)[49]

  • М. Горкага, 1. Мінаблкіраваньне Міністэрства аховы здароўя.[50]
  • М. Горкага, 2.
    • Другая клінічная лякарня. Праца лякарні была адноўленая 1 жніўня 1944 року. У 19601963 роках былі зруйнаваныя будынкі колішніх плябаніі і крамаў Фарнага касьцёла, на іх месцы на рагу вуліц М. Горкага і Янкі Купалы быў пабудаваны 5-павярховы гмах, у якім разьмясьціліся хірургічная, нэўралягічная клінікі, прыёмнае аддзяленьне, аптэка, лябараторыя, фізыё- і водалячэбніца, рэнтгенаўская служба.[51]
    • Аптэка 2-ой клінічнай лякарні.
    • Скурна-вэнэралягічны навукова-досьледны інстытут.
    • Паштовае аддзяленьне № 58.
  • М. Горкага, 3. Мэдычная вучэльня № 1. Да 1954 року называлася Мэдычнай школай.[52]
  • М. Горкага, 6.
    • Кавярня «Тэатральная». Па вечарах у ёй зьбіралася творчая інтэлігенцыя, тэлерадыёбамонд. У народзе кавярню называлі «Чорнымі скаламі».[53]
    • Дзіцячы садок № 21.
  • М. Горкага, 8. Крама Мінпрамгандлю № 74 «Культтавары».
  • М. Горкага, 23. Прадуктовая крама № 21 Райхарчгандлю Фрунзенскага раёну.
  • М. Горкага, 27. Стаматалягічная паліклініка № 1, дзіцячая.
  • М. Горкага, 29. Сувораўская вайсковая вучэльня. Будынак былога касьцёла і кляштару марыявітак быў рэканструяваны ў 19521953 роках, адначасова былі пабудаваныя новыя карпусы (архітэктар Г. Заборскі). Першы званок празьвінеў 1 верасьня 1953 року. 6 лістапада 1955 року вучэльні быў уручаны Баявы сьцяг (гэты дзень лічыцца Днём вучэльні). Першы выпуск навучэнцаў адбыўся ў 1956 року.
  • Камуністычная, 3.
    • Абутковая майстэрня.
    • Паштовае аддзяленьне № 29
    • Прадуктовая крама Райхарчгандлю № 23 Ленінскага раёну.
    • Крама Тэкстыльшвейабутакгандлю № 22 «Мужчынскія гарнітуры».
  • Камуністычная, 9. Інстытут праектаваньня сельскай гаспадаркі «Белгіпрасельбуд».
  • Камуністычная, 11. Міністэрства мэліярацыі і воднай гаспадаркі.
    • Прадпрыемства «Белсельгастэхніка». Было ўтворанае ў 1961 року. Мела рамонтна-абслуговую базу, якая складалася з трох зьвёнаў: рамонтна-абслуговай базы калгасаў і саўгасаў; рамонтна-абслуговых прадпрыемстваў раённага ўзроўня; спэцыялізаваных рамонтных прадпрыемстваў (заводаў, майстэрняў, цэхаў і дзялянак).
    • Інстытут па праектаваньні воднай гаспадаркі «Белгіправодгас». Заснаваны ў 1951 року. Асноўнай задачай інстытуту зьяўлялася распрацоўка мерапрыемстваў па асушваньні балотных масіваў Беларусі.[54]
  • Куйбышава, 17.
    • Дзіцячы садок № 79.
    • Школа № 21. Адкрытая ў 1944 року як сярэдняя школа № 13, у 1945 року атрымала дзейсны нумар.[55]
    • Завочная міжабаласная школа працоўнай моладзі.
  • пл. Парыскай камуны, 3. Беларускі дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету. Адразу пасьля вайны пачалася грунтоўная рэканструкцыя тэатру, якая працягвалася 3 рокі і была скончаная ў 1948 року. У 1947 року ў будынку тэатру была пастаўленая опэра Д. Лукаса «Кастусь Каліноўскі». Пад кіраўніцтвам Ларысы Александроўскай, якая выступала ў ролі рэжысэра, фармаваўся нацыянальны рэпэртуар. Былі пастаўленыя оперы «Дзяўчына з Палесься» (2-я рэдакцыя опэры «Алеся» Я. Цікоцкага, 1953), «Надзея Дурава» А. Багатырова, адноўлены «Міхась Падгорны» А. Туранкова. Для маленькіх менчукоў у 1955 року быў пастаўлены першы опэрны дзіцячы спэктакль «Марынка» Г. Пукста. У 1964 року тэатру было нададзенае званьне акадэмічнага.[56]
Цяперашні выгляд тэатру
    • Мастацкай прафэсійна-тэхнічная вучэльня Міністэрства вышэйшай, сярэдняй і спэцыяльнай адукацыі БССР. Навучальная ўстанова рыхтавала жывапісцаў, скульптараў-выканаўцаў, выкладчыкаў маляваньня і рысаваньня для сярэдніх школаў.
    • Харэаграфічная прафэсійна-тэхнічная вучэльня.
  • пл. Парыскай камуны, 9/2.
    • Дзіцячая меская бібліятэка імя М. Астроўскага. Была заснаваная ў 1947 року. Першапачаткова разьмяшчалася ў Ракаўскім прадмесьці, цяпер знаходзіцца на праспэкце Газэты «Праўда».
    • Дзіцячы садок № 76.
  • пл. Парыскай камуны, 23. Дом народнай творчасьці, рэспубліканскі.
  • Старавіленская, 3.
    • Пральня.
    • Прыёмны пункт пральні.
    • Цырульня арцелі «Чырвоная зорка».
    • Лазьня № 2.
  • Чычэрына, 1. Рамонт музычных інструмэнтаў.
  • Чычэрына, 2.
    • Прыёмны пункт пральні.
    • Рамонт вопраткі.

Сучаснасьць

Панарама Траецкага прадмесьця і Высокага Места
Панарама Траецкага прадмесьця і Высокага Места

14 ліпеня 2004 року ўказам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 330 «Аб разьвіцьці гістарычнага цэнтру г. Менска» былі зацьверджаныя межы тэрыторыі гістарычнага цэнтру, а таксама Канцэпцыя яго рэканструкцыі, разьвіцьця і функцыянальнага выкарыстаньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці і тэрыторыі. У ахоўную зону была ўлучаная заходняя частка Траецкага прадмесьця разам з тэрыторыяй 2-ой мескай лякарні. Галоўным элемэнтам ахоўнай зоны зьяўляецца квартал прастакутнай формы, разьмешчаны паміж вуліцамі М. Багдановіча, Архітэктара Заборскага, Старавіленскай і Камунальнай набярэжнай. Ён быў узьведзены паводле рэгулярнага пляну Менску 1817 року. Кожны будынак гэтага кварталу мае ўласную гістарычна-архітэктурную каштоўнасьць, а разам яны ўтвараюць суцэльны комплекс Старога места.[43]

У першым квартале 2006 року пачалася рэканструкцыя Тэатра опэры і балету, у выніку якой будынку павярнуць выгляд, закладзены ягоным архітэктарам І. Лянгбардам.

У адпаведнасьці з праектам разьвіцьця гістарычнага цэнтру менскага праектнага інстытуту «Менскпраект», у бліжэйшай будучыні плянуецца рэканструкцыя комплексу былога Траецкага кляштару базылянак пад цэнтар справавых кантактаў і справавога турызму. Гэты цэнтар будзе злучаны пешым памостам з адрэстаўраванай у 19821985 роках заходняй часткай прадмесьця.[57]

Помнікі архітэктуры[58]

Сынагога «Кітаеўская»
  • Комплекс будынкаў пачатку ХІХХХ стст. (некаторыя зь іх ўзьведзеныя на базе больш раньніх камяніцаў[44]), вул. М.Багдановіча, 3, 7, 7а, 9, 9а, 11, 13, 15, 17, 17а, 19, 21; Камунальная набярэжная, 4, 6, 8; вул. Старавіленская, 2, 4, 6, 8, 12, 14, 16; вул. Старажоўская, 3, 5.
    • Дом Вігдорчыка, Камунальная набярэжная, 6. Пабудаваны ў 18901891 гадох.[59]
    • Дом Пінсуховіча, вул. Старажоўская, 5.[59]
    • «Кітаеўская» сынагога (цяпер «Дом прыроды»), вул. М.Багдановіча, 9а. Пабудаваная ў 1874 годзе.
    • Фабрыка абутковая Цытвера, вул. М.Багдановіча, 15.[60]
  • Комплекс будынкаў былога Траецкага кляштару базылянак, мескай лякарні (цяпер 2-я меская клінічная лякарня), вул. М.Багдановіча, 2. Помнік архітэктуры клясыцызму.
    • кляштарны корпус. Пабудаваны ў 17991800 гадох.
    • дом інвалідаў. Пабудаваны ў 18401847 гадох.
    • багадзельня. Пабудаваная ў 18401847 гадох.
    • гаспадарчая пабудова. Пабудаваная ў 18401847 гадох.
III «Дом саветаў»

Музэі

Музэй Максіма Багдановіча
  • Гасьцёўня Ўладзіслава Галубка, філія Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі (Старавіленская, 14). Эспазыцыя музэю распавядае пра жыцьцё і творчасьць беларускага тэатральнага дзеяча Ўладыслава Галубка, зьмяшчае калецыю твораў выяўленчага мастацтва.[61]
  • Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры (М. Багдановіча, 15). Экспазыцыя музэю складаецца з унікальных калекцыяў рукапісаў, рэдкіх кніжак, фотаздымкаў, твораў мастацтва, асабістых (мэмарыяльных) рэчаў і дакумэнтаў беларускіх пісьменьнікаў.[62]
  • Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (М. Багдановіча, 7а). Экспазыцыя музэю разьмешчана ў пяці залях, кожная зь якіх прысьвечана пэўнаму пэрыяду з жыцьця клясыка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.[63]

Адрэстаўраваная заходняя частка прадмесьця зьяўляецца музэем на адкрытым паветры, у якім адноўлены стыль і ўзоры мескай каменнай будовы ХІХ ст. У старых будынках разьмяшчаюцца музэі, крамы і кавярні. У будынку Траецкай аптэкі (Старажоўская, 3) выстаўленыя некаторыя віды правізарскага аптэчнага посуду, старыя фармацэўтычныя кнігі.

Выставы

  • Галерэя «Славутыя майстры» (Камунальная набярэжная, 6). У галерэі выстаўленыя творы сучаснага беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
  • Дом прыроды (М. Багдановіча, 9а). Тут пастаянна праводзяцца выставы, прысьвечаныя сьвету прыроды.
  • Нацыянальны выстаўны цэнтар «БелЭкспа» (Янкі Купалы, 27). У цэнтры праходзяць міжнародныя і нацыянальныя выставы самай разнастайнай тэматыкі.

Вуліцы і плошчы[42][64]

Цяперашняя назва Першапачатковая назва Былыя назвы
Максіма Багдановіча вуліца Вялікая Барысаўская вуліца[65] Аляксандраўская вуліца (пачатак ХІХ ст. — 1919)
Камунальная вуліца (19191936)
Максіма Горкага вуліца (19361991)
Архітэктара Заборскага вуліца 1-ы Сэмінарскі завулак Камунальны завулак (19572004)
Камунальная набярэжная Аляксандраўская набярэжная
Камуністычная вуліца Міхайлаўская вуліца 2-я Міхайлаўская вуліца
Чапскага вуліца (19191920)[65]
Мопраўская вуліца (19221946)
Калініна вуліца (19461961)
Куйбышава вуліца Плябанскія Млыны вуліца Плябанская вуліца (пачатак ХІХ ст. — 1866)
Шырокая вуліца (18661935)
Парыскай Камуны плошча Траецкая Гара плошча Траецкі Рынак плошча (канец ХVI — пачатак ХІХ стст.)
Траецкая плошча (пачатак ХІХ ст. — 1919)
Алаізы Пашкевіч вуліца (з 1974)
Старавіленская вуліца Віленская набярэжная[66] Віленская вуліца
Старажоўская вуліца Старосьцінская Слабада вуліца (частка)
Радашкоўская вуліца (частка)
Траецкая вуліца (частка)
Стараслабадзкая вуліца (18661987)
Чычэрына вуліца Георгіеўская вуліца (да 1922)
Янкі Купалы вуліца Траецкая вуліца (частка)
Ягораўская вуліца (частка)
Паліцэйская вуліца (частка, 18661919)
Набярэжная вуліца (частка)
Пралетарская вуліца (частка)
Кастрычніцкая вуліца (19191948)
Івана Луцкевіча вуліца (частка, 19411944)
Не існуе (з 1950-х) Белацаркоўная вуліца Чырвонаштандартная вуліца (у савецкі час)
? Глебабарысаўская вуліца[37] ?
? Магілёўская вуліца[37] ?
? Манастырская вуліца ?

Крыніцы

  1. ^ а б в Боровой Р. В. Минские древности. «Cтарый город» средневекового Минска по письменным источникам. // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 15. 2000 г.
  2. ^ Баравы Р. В. Дзе быў стары горад // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 543
  3. ^ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленьнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197
  4. ^ «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551
  5. ^ а б в г д Аляксей Ярмоленка. Мінская Фара // часопіс «Наша вера», 2(44) / 2008
  6. ^ а б в г д е ё Троіцкая гара, Траецкая гара, Траецкае прадмесце // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 553
  7. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 223
  8. ^ а б Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 269
  9. ^ а б Дзянісаў У. М. На Траецкай гары // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 337
  10. ^ Касцёл Святой Тройцы // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 54
  11. ^ а б Дзянісаў У. М. Першы касцёл // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 310
  12. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 462
  13. ^ а б Праваслаўная духоўная семінарыя (былы манастыр марыявітак) // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 54
  14. ^ Кляштар марыявітак // Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188
  15. ^ Вуліца Куйбышава // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 59
  16. ^ Яцкевіч З. Л. Невядомая уніяцкая царква // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 339
  17. ^ Траецкая гара // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 53
  18. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 118
  19. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 114
  20. ^ Будынак сувораўскай ваеннай вучэльні // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 59
  21. ^ Куркоў І. М. Мінск незнаёмы. 1920—1940., Мн.: Ураджай, 2002. C. 11
  22. ^ III Дом Саветаў. Вуліца Максіма Багдановіча, 23 на Mensk.by
  23. ^ 3-і Дом Саветаў, вул. М. Горкага, 23 // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 57
  24. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 14 мая 2007 г. №578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». С. 50
  25. ^ а б Штаб Беларускай ваеннай акругі // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 59
  26. ^ Піянэрскі парк // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 59
  27. ^ Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 59
  28. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 14 мая 2007 г. №578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». С. 49
  29. ^ Вуліца Алаізы Пашкевіч // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 60
  30. ^ Кнігарня «Духоўная кніга» на Catholic.by
  31. ^ У минских суворовцев появился свой храм // «Ступени» №2(22)
  32. ^ Начался демонтаж памятника Максиму Богдановичу на Minsk1067
  33. ^ Памятник Богдановичу на новом месте на Vadim_i_z
  34. ^ У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 траўня 2009
  35. ^ Баравы Р. В. Гістарычная тапаграфія горада // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 541
  36. ^ Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 31
  37. ^ а б в г д е ё Боровой Р. В. Историческая топография древнего Минска. Обзор источников и современное состояние проблемы // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 12. Мінск, 1997.
  38. ^ Як будаваўся стары Мінск // Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 32
  39. ^ Лакотка А. І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. Мінск, Полымя, 1991. С. 31
  40. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 72
  41. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 459
  42. ^ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008
  43. ^ а б Траецкае прадмесце // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. ШыбекіМенск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8. С. 60
  44. ^ а б Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. ШыбекіМенск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8. С. 63
  45. ^ Вольга Бабкова. Стары Менск // Наша Ніва 2001/16
  46. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.
  47. ^ «Была такая вёска...» // Мікалай Улашчык. Выбранае / Уклад. А. Каўка, А. Улашчык. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. С. 85
  48. ^ Спадарожнік па Менску. Менгарсавет і газэта «Рабочий», 1930. // Куркоў І. М. Мінск незнаёмы. 1920—1940. — Мн.: Ураджай, 2002. С. 209—236
  49. ^ Минск. Краткий справочник. — Минск: Полымя, 1967
  50. ^ Старыя адрасы // Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 58
  51. ^ Вторая городская клиническая больница на Менск стары і новы
  52. ^ Минский государственный медицинский колледж
  53. ^ Вероника Черкасова. Любовь в концлагере: Лицо нынешней власти определили брежневские времена // Белорусская деловая газета № 38 01.10.01
  54. ^ История РУП «Белгипроводхоз» на [www.belgipro.prosite.by РУП «Белгипроводхоз»]
  55. ^ История СШ 21 на Средняя общеобразовательная школа № 21 г. Минска
  56. ^ Белорусская опера на БелТА
  57. ^ Дмитрий Бубновский. Исторический шанс исторического центра Минска // «Архитектура и строительство», люты 2005 (№2).
  58. ^ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 14 мая 2007 г. №578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». С. 49—52
  59. ^ а б в Минск на Globus.tut.by. С. 2
  60. ^ Минск на Globus.tut.by. С. 3
  61. ^ Музеи столицы и их филиалы
  62. ^ Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры на Літаратурныя музеі Беларусі
  63. ^ Літаратурны музей Максіма Багдановіча на Літаратурныя музеі Беларусі
  64. ^ Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы на Менск стары і новы
  65. ^ а б Сацукевіч І. Гісторыя і сучаснасць урбананімікі Гродна і Мінска (параўнаўчы аналіз) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007.
  66. ^ План губернского города Минска (1858) // Т. А. Карповіч. Культурнае жыццё Мiнска I паловы XIX стагоддзя. — Мiнск: «Рыфтур», 2007. С. 4—5

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Траецкае прадмесьцесховішча мультымэдыйных матэрыялаў