Год

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Год, рок[1][2][3][4][5][6][7] — адзінка вымярэньня часу паміж аднолькавымі палажэньнямі Зямлі на яе арбіце вакол Сонца. Аналягічна можна казаць пра марсіянскі год ці вэнэрыянскі — гэта адрэзак часу паміж дзьвюма палажэньнямі плянэты ў яе руху па арбіце вакол сваёй зоркі.

Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У літоўскіх (беларускіх) літаратурных помніках фіксуецца сталае ўжываньне слова «рок»[8] разам са словам «лета»[9] ў значэньні больш распаўсюджанага цяпер «году»[a].

У канцы XIX — пачатку XX стст. ужывалі ў сваіх творах слова «рок» і вытворныя ад яго такія клясыкі беларускае літаратуры, як Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч і інш.[b] У гэты ж час слова «рок» шырока выкарыстоўвалася і ў простай гаворцы. Этнограф Міхал Федароўскі ў працы «Люд Беларускі на Русі Літоўскай»[10] прыводзіў цэлы шэраг прыказак са словам «рок» у значэньні «году»[c], а таксама віншаваньні[d] і нават праклёны[e]. Апроч таго, слова «рок» трапіла ў народныя назвы хваробаў[f].

Некаторыя з памянёных вышэй фразэалягізмаў шырока ўжываюцца і дагэтуль: напрыклад, «мінуліся тыя рокі, калі паны браліся ў бокі» зафіксаваны ў «Малым руска-беларускім слоўніку прыказак, прымавак і фразем» (1991)[11].

Слова «рок» замест «году» выкарыстоўваецца ўва ўсіх Устаўных граматах БНР[12]. У Маскоўска-беларускім слоўніку, выдадзеным братамі Г. і М. Гарэцкімі ў Вільні (1920), «рок» даецца як варыятыўны пераклад да расейскага «года»[2].

У мовазнаўчай навуцы БССР слова «рок» і ўтвораныя ад яго прыметнікі «рочны», «ракавы» і назоўнік «рочніца» зафіксаваныя ў акадэмічным Беларуска-расейскім слоўніку С. Некрашэвіча і М. Байкова (1925) з адпаведнымі расейскімі эквівалентамі — «год», «годовой», «годичный» і «годовщина». Прысутнічае слова «рок» як варыятыўны беларускі пераклад для расейскага «года» і ў Практычным расейска-беларускім слоўніку М. Байкова і М. Гарэцкага (1-е выданьне — 1924[3], 2-е выданьне — 1926[5]), а таксама ў Расейска-беларускім слоўніку М. Байкова і С. Некрашэвіча (1928)[6]. Пасьля правапіснай рэформы 1933 году, з пачаткам палітыкі русіфікацыі слова «рок» не сустракаецца ў беларускіх савецкіх слоўніках, але працягвае ўжывацца ў беларускай эмігранцкай літаратуры[7].

Каляндарны год[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каляндарны год — гэта адрэзак паміж дзьвюма аднолькавымі датамі ў дадзеным календары. Мы ўжываем сонечны каляндар, у якім выдзяляецца 4 пары году.

Поры году: вясна — лета — восень — зіма.

1 год = 12 месяцаў = 52 тыдні = 365 дзён (высакосны год 366 дзён) = 8 760 (8 784) гадзін = 525 600 (527 040) хвілін = 31 526 000 (31 622 400) сэкундаў.

Час, за які Зямля праходзіць сваю арбіту вакол Сонца, складае 365 дзён 5 гадзін 43 хвіліны. У рымскім календары год пачынаўся ў веснавое раўнадзенства. У 155 годзе пачатак году быў перанесены на 1 студзеня. Гэтая дата захавалася і ў юліянскім і ў грыгарыянскім календары.

Фінансавы год[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фінансавы год (таксама фіскальны, бюджэтны) — пэрыяд, за які вылічваюцца эканамічныя паказчыкі прадпрыемства ў гадавой справаздачы. Фіскальны год звычайна не заўсёды прымацаваны да каляндарнага, але складаецца з 12 месяцаў.

У Беларусі фінансавы год пачынаецца 1 студзеня і заканчваецца 31 сьнежня, то бок, супадае з каляндарным[13].

Розная працягласьць году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Астранамічнае вызначэньне году можа быць заснавана на пэрыядзе паміж паўторамі розных астранамічных падзеяў, зьвязаных з арбітальным рухам Зямлі вакол Сонца. Так, трапічны год прывязаны да бачнага руху Сонца адносна экватара Зямлі і вызначае зьмену пор году; сыдэрычны год прывязаны да арбітальнага руху Зямлі вакол Сонца адносна «нерухомых зорак»; анамалістычны год зьвязан з рухам Зямлі адносна кропак яе арбіты (пэрыгелія і афэлія). У сувязі з тым, што парамэтры арбіты Зямлі і арыентацыя яе восі абарачэньня ў адносінах да экліптыкі марудна, з цягам часу, зьмяняюцца, гэты вызначэньні году крыху адрозьніваюцца. Сытуацыя ўскладняецца, калі вызначэньне году прывязана да сутачнага абарачэньня Зямлі адносна Сонца (сонечныя календары) ці да ўзаемнага стана Месяцу і Сонца адносна Зямлі (месяцова-сонечныя календары). Праз тое, што пэрыяд абарачэньня Зямлі вакол Сонца, сярэдні пэрыяд асявога абарачэньня Зямлі ў адносінах да Сонца і пэрыяд абарачэньня Месяцу вакол Зямлі не суадносяцца ў дакладнай прапорцыі, ва ўсіх існуючых календарах прыходзіцца ўвадзіць удакладненьні (высакосныя дні, дадатковыя месяцы і г. д.).

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Як прыклад, урывак з Баркулабаўскага летапісу: Року 1601. Великая война была у Вифлянтех с кролем шведским за Жикгимонта Третего. Того ж року запорозкие козаки у Швецыи были, да ничого не помогли, толко великую шкоду господарю вчинили, бо место славное, место богатое Витебск звоевали, мещан побили, панны поплюгавили, скарбы побрали. [1]
  2. ^ Напрыклад, у «Тралялёначцы» [2] (1892) Ф. Багушэвіча: Бартак Сасок купіў ад Прыбалдова маёнтак са ўсім дабыткам, з вазамі і карэтамі, а навет зь вялікім, як конь, сабакай; але павінен быў заплаціць даўгі і свае семсот рублей залічыць; а даўгоў тых было ці мала: у банку тысяч трыццаць, то толькі працэнтаў дзьве тысячы шторок трэба было заплаціць, а так людзям розным тысяч з дваццаць набралася.
  3. ^ У прыватнасьці: «Рок ні век». «Рок плаціць, рок траціць». «Што рок, то прарок». «Цяпер дзень — рок». «Пане Грыгоры, што рок, то хворы». «На рок два Юр’і, абодва дурні: адзін халодны, а другі галодны». «Як паехаў, так рок на кірмаш, то і сягоньня нямаш». «Век веку падасьць і па веку на рок астанецца». «Гадзіна (мне) рокам». «Да року нарабілі кроку». «Мінуліся тыя рокі, цо [паны] паролі бокі» (або «мінуліся тыя рокі, калі паны браліся ў бокі» — крыніца: Зьмітрок Бядуля. Летапісцы. — Вільня, 1914). «Пад рок збожжа родзіць».
  4. ^ А менавіта: «Дай табе Божа што рок прорак!» «Дай жа Божа сьвята сьвяткаваці, за рок дачакаці ў меншых грэхах, у большых пацехах!» («дай жа, божа, за рок дачакаці, гэтага паніча панам назваці!» — крыніца: Добры вечар, слічны панічок! // Паэзія беларускага земляробчага календара. / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А. С. Ліса. — Мн., 1992; або «той рок правадзіці, другога дачакаці у радасці, весялосці, каб багаты быў да нас не забыў!» — крыніца: Ото ж табе, пане гаспадару… // Паэзія беларускага земляробчага календара. / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А. С. Ліса. — Мн., 1992) «Каб Бог пазволіў гэта сьвята перасьвяткаваці і за рок [на лета] жывым і здаровым прыждаці!» «Віншую з Новым рокам, каб вылезла кішка бокам!»
  5. ^ Прыкладам «Каб ты, Бог даў міленькі, хварэў сем рок на адзін бок, сем рок на другі бок!».
  6. ^ Напрыклад: «Халера трыдцатага року», «Халера саракавога року» — крыніца: Ю. В. Мялешка, В. Л. Залуцкая. Хваробы ў паданнях беларусаў-сялян мінулых стагоддзяў // Белорусский медицинский журнал № 2(8)/2004

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Рок // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 11. — Менск, 2006. С. 178—179
  2. ^ а б Маскоўска-беларускі слоўнік (2-е выданьне) / Укладальнікі: Г. Гарэцкі, М. Гарэцкі. — Вільня, 1920. С. 31
  3. ^ а б Практычны расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, М. Гарэцкі. — Менск: Белтрэстдрук, 1924. С. 40
  4. ^ Рок // Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
  5. ^ а б Практычны расійска-беларускі слоўнік (2-е выданьне) / Укладальнікі: М. Байкоў, М. Гарэцкі. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926. С. 31
  6. ^ а б Расійска-беларускі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928. С. 82
  7. ^ а б Іван Ласкоў. Адкуль пайшла беларуская мова // З гісторыяй на «Вы». Публіцыстычныя артыкулы. 2 выпуск. — Менск: Мастацкая літаратура, 1994.
  8. ^ Рокъ // Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. — Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997
  9. ^ Лето // Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. — Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997
  10. ^ Michał Federowski. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. — Warszawa, 1935.
  11. ^ Не все коту масленица // Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск: Навука і тэхніка, 1991.
  12. ^ Акты Беларускай Народнай Рэспублікі // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі
  13. ^ 5.2 Финансовый год(недаступная спасылка) Бюджетный кодекс Республики Беларусь. Кодекс Республики Беларусь от 16.07.2008 г. № 412-З  (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Michał Federowski. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. Tom 4. Warszawa, 1935.
  • Беларуска-расійскі слоўнік / Укладальнікі: М. Байкоў, С. Некрашэвіч. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5
  • Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. Менск: Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00761-9
  • Старабеларускі лексікон: Падручны перакладны слоўнік. Менск: Беларускае выдавецтва Таварыства «Хата», 1997. ISBN 985-6007-39-9