Эклектыка (архітэктура)
Экле́ктыка — архітэктурны стыль, які быў папулярны ў XIX—пач. XX ст., у якім адна праца ўключае элемэнты з гістарычна папярэдніх стыляў. Выкарыстаньне рознастылявых формаў, як правіла, носіць некрытычны характар, што выяўляецца ў неадпаведнасьці аб’ёмна прасторавай кампазыцыі будынка й ягонага мастацкага вобразу функцыянальнаму прызначэньню, канструкцыйнай аснове[1].
У архітэктуры Беларусі эклектызм панаваў зь сярэдзіны XIX ст. Зьявіліся новыя тыпы будынкаў, канструкцыйныя прыёмы клясыцызму былі практычна вычарпаныя. Вырашэньні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў характарызаваліся дэкаратыўнасьцю, спалучэньнем рознастылявых (готыка, барока, мадэрн, нэабарока й інш.) формаў і элемэнтаў. Сярод помнікаў эклектызму: Касьцёл Сьвятой Барбары (Віцебск), Магілёўскі пазямельна-сялянскі банк. Эклектычнасьцю архітэктурных вырашэньняў вызначаюцца горадабудаўнічыя структуры канца XIX—пач. XX ст.: забудовы вуліцаў Леніна й Савецкай у Гомелі, Ажэшкі ў Горадні й інш. Архітэктура 1940—50-х арыентавалася на традыцыйныя прыёмы рэнэсансу й клясыцызму (забудова часткі праспэкту Незалежнасьці ў Менску. Эклектызм часткова закрануў катэджнае будаўніцтва 1980 — пач. 1990-х гадоў[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя. — 472 с. — ISBN 985-11-0295-4 С. 69
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эклектыка (архітэктура) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў