Клецак
Клецак лац. Klecak | |||||
Віды Клецку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1127 | ||||
Магдэбурскае права: | 27 жніўня 1652 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Клецкі | ||||
Вышыня: | 181 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 11 483 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1793 | ||||
Паштовы індэкс: | 222640 | ||||
СААТА: | 6225501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°3′49″ пн. ш. 26°38′14″ у. д. / 53.06361° пн. ш. 26.63722° у. д.Каардынаты: 53°3′49″ пн. ш. 26°38′14″ у. д. / 53.06361° пн. ш. 26.63722° у. д. | ||||
± Клецак | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.) |
Кле́цак — места ў Беларусі, на рацэ Лані. Адміністрацыйны цэнтар Клецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 11 483 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 140 км на паўднёвы захад ад Менску; чыгуначная станцыя на лініі Асіпавічы — Баранавічы. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Нясьвіжам, Баранавічамі, Слуцкам.
Клецак — магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца княства і радзівілаўскай ардынацыі, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Фарны касьцёл (рэнэсанс, XVI ст.) і Вялікая Сынагога (барока, XVIII ст.), зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Клецак[2][3] утварыўся ад асновы клець, або старога дыялектнага слова «клеч» — 'бярозавы парасьнік'[4]. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Клѣчѣск[a], Клеческ.
У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Клецак[5], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма «Клецак» як нарматыўная пачала ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Клецк (рас. Клецк).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Гісторыя Клецку
Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле археалягічных зьвестак, неўмацаванае паселішча дрыгавічоў існавала тут яшчэ ў сярэдзіне ХІ ст. Аднак першы пісьмовы ўпамін пра Клецак датуецца 1127 годам у зьвязку з выправай кіеўскіх князёў на Полацкае княства, у якім брала ўдзел дружына Вячаслава Яраславіча «ис Клечьска». У гэты час горад быў сталіцай удзельнага княства[6].
У 1258 годзе войскі хана Бурундая захапілі і спустошылі Клецак у час іхнай выправы на Наваградзкую зямлю.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ХIV ст. Клецкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[7]. Пад 1398 годам упамінаецца князь клецкі Ямант Тулунтавіч. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Клецак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У 1401 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў места свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у 1404 годзе — князю Раману Фёдаравічу. У 1433 годзе пад Клецкам войскі Жыгімонта Кейстутавіча разьбілі прыхільнікаў Сьвідрыгайлы Альгердавіча. Каля 1492 году вялікі князь Казімер перадаў места і княства Івану Яраславічу, які пакінуў іх у спадчыну свайму сыну Фёдару.
У 1503 годзе Клецак спалілі крымскія татары. 5 жніўня 1506 году каля места адбылася бітва, у выніку якой войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Міхалам Глінскім разьбілі татараў. Вялікі князь Аляксандар выдаў Клецку прывілей на адзін кірмаш у год. У 1522—1556 гадох места знаходзілася ў валоданьня вялікай княгіні Боны Сфорца.
У 1550 годзе Андрэй Маствілоўскі фундаваў у Клецку Траецкі (Фарны) касьцёл[8]. На 1552 год у месьце было 137 двароў, дзеялі 4 царквы, манастыр і касьцёл. У 1553 годзе тут пачаў дзеяць адзін зь першых на Беларусі кальвінскіх збораў, дзе ў 1560—1563 гадох служыў прапаведнікам Сымон Будны. У 1559 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў месту прывілей на 2 штогадовыя кірмашы. У 1586 годзе ўтварылася Клецкая ардынацыя Радзівілаў. На 1626 год у месьце было 448 двароў, пад 1641 годам упамінаецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў.
27 жніўня 1652 году кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў Клецку Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі княская карона, пад якой паляўнічы рог»[9]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі зруйнавалі Клецак. Насельніцтва места скарацілася ўдвая[10]. У 1683 годзе маршалак вялікі Станіслаў Казімер Радзівіл заснаваў тут дамініканскі кляштар. У гэты час у месьце было 217 двароў, дзеялі драўляныя цэрквы Ўшэсьця і Ўваскрасеньня, працавалі 3 рамесныя цэхі.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе швэдзкі аддзел разьбіў пад Клецкам расейскае войска. Кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны паўторна надаў месту прывілей на 2 кірмашы штогод. На 1713 год тут было 152 двары.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Клецак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Случарэцкага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое стала вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 годзе ў Клецку збудавалі харальную сынагогу. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) — ґвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). 3 траўня 1917 году местачкоўцы ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня[11].
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Клецак занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Фарны касьцёл, 1724 г.
-
Касьцёл дамініканаў. Абмерны рысунак, 1843 г.
-
Мяшчанская пабудова, сярэдзіна XIX ст.
-
Сынагога, 1938 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Клецак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[12]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Клецак апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Нясьвіскім павеце. У 1924—1931 гадох у месьце працавала беларуская гімназія.
У 1939 годзе Клецак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 — да 4 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 6 кастрычніка 1941 году нацысты расстралялі каля 4 тысячаў жыдоў. У 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Фарны касьцёл, помнік архітэктуры рэнэсансу.
29 лістапада 1999 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Клецку[13]. 11 лістапада 2008 году з ініцыятывы мясцовага сьвятара Маскоўскага патрыярхату на помнік архітэктуры XVII ст., колішні касьцёл дамініканаў, паставілі пазалочаны купал-цыбуліну, што ёсьць грубым парушэньнем дзейнага заканадаўства[14]. Нягледзячы на звароты грамадзкасьці ў пракуратуру[15], неўзабаве такія ж купалы паставілі над бакавымі вежамі. 25 сьнежня 2008 году ў Клецку адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы.
-
Фарны касьцёл з боку апсыды
-
Касьцёл дамініканаў, 1929 г.
-
Рынак, 1932 г.
-
Кашары
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVI стагодзьдзе: 1552 год — 0,7 тыс. чал.[10]
- XVII стагодзьдзе: 1626 год — 2,0 тыс. чал.[10]; 1683 год — 1,1 тыс. чал.[10]
- XVIII стагодзьдзе: 1713 год — 0,6 тыс. чал.[10]
- XIX стагодзьдзе: 1897 год — 4,7 тыс. чал.
- XX стагодзьдзе: 1939 год — 7,9 тыс. чал.; 1959 год — 4,1 тыс. чал.[7]; 1970 год — 5,7 тыс. чал.; 1991 год — 11 тыс. чал.; 1997 год — 11 тыс. чал.; 1998 год — 10,8 тыс. чал.[16]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 10,4 тыс. чал.[17]; 2007 год — 10,1 тыс. чал.; 2008 год — 10,1 тыс. чал.; 2009 год — 10 761 чал.[18] (перапіс); 2015 год — 11 237 чал.[19]; 2016 год — 11 317 чал.[20]; 2017 год — 11 348 чал.[21]; 2018 год — 11 483 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Клецку працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы і селькагаспадарчы прафэсійны ліцэй.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Цаперская вуліца | |
Гагарына вуліца | Віленская вуліца Замкавая вуліца Слонімская вуліца |
Жыдоўская вуліца |
Кітчанкі вуліца | Слабадзкая вуліца | |
Леніна вуліца | Нясьвіская вуліца Заранская вуліца (перапіс 1874 г.[22]) |
|
Маякоўскага плошча | Рынак пляц | |
Мечнікава вуліца | Закасьцельная вуліца | |
Першамайская вуліца | Пінская вуліца Краснастаўская вуліца Радзівілімонтаўская вуліца |
Бабаеўская вуліца |
Талстога вуліца | Татарская вуліца[23] |
З усёй урбананімічнай спадчыны Клецку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Панкратаўская. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Сялянская вуліца, Радзівілімонтаўскі і Сіняўскі тракты[24].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай (малочная, масласыраробная, кансэрвавая, камбікормавая), дрэваапрацоўчай, лёгкай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Клецку |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзее Клецкі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Клецак».
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарадзішча (XI—XIII стагодзьдзі)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Фарны; XVI ст., захавалася частка заходняй сьцяны)
- Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў (1684, цяпер царква Ўваскрасеньня Хрыстова Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Кашары (1920—1930-я)
- Могілкі юдэйскія
- Мэмырыяльны крыж і камень на месцы бітвы пад Клецкам (1506)
- Сынагога (пачатак ХХ ст.)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1876—1879; мураўёўка)
- Шпіталь (1905—1908)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замак (XVI ст.)
- Капліца (ХІХ ст.)
- Мячэт (1881)
- Сынагога Вялікая (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Фарны касьцёл, узарваны бальшавікамі
-
Былы касьцёл дамініканаў да надбудовы купалоў-цыбулінаў на вежы
-
Былы касьцёл дамініканаў, інтэр’ер
-
Гарадзішча
-
Ешыбот
-
Шпіталь
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Валеры Задаля (1953—2007) — журналіст, грамадзка-палітычны дзяяч
- Уладзімер Кісель (1922—1999) — пэдагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 223.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 160.
- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 21.
- ^ Пазднякоў В. Клецк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 105.
- ^ а б Пазднякоў В. Клецк // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 194.
- ^ Jelski A. Kleck // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 123.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ а б в г д Пазднякоў В. Клецк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 106.
- ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 114—115.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Геральдика(недаступная спасылка), Клецкий районный исполнительный комитет
- ^ Печанко С. Клецкі бацюшка не паслухаў Мінкульту // Наша Ніва. 10 лістапада 2008 г.
- ^ Пракуратура падтрымала апазыцыянэра, Радыё Свабода, 22 студзеня 2009 г.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 332.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi
- ^ Блінец А. Ад Пінскай да Першамайскай. Гісторыя адной вуліцы. Да новых перамог. Праверана 3 верасьня 2012 г.
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 29.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Пазднякоў В. Клецк Х — ХVIII стст.: матэрыяльная і духоўная культура беларускага феадальнага горада. ― Менск: БелНДІДАС, 2008. — 287 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Клецак , Radzima.org
- «Край|BY»: тлустая кропка ў татарскіх наездах — Клецк!
- Інфармацыя на старонцы «Rzeczpospolita wirtualna — Kresy wschodnie» (пол.)
- Прагноз надвор’я ў м. Клецку
|