Слуцкі сыраробны камбінат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
«Слуцкі сыраробны камбінат»
Тып Адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная травень 1935
Разьмяшчэньне Слуцак (Менская вобласьць, Беларусь)
Ключавыя фігуры Анатоль Сьцяцко
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя ёгурт, казеін, кефір, малако, марозіва, масла, маянэз, ражанка, спрэд, сьмятана, сыр, сыроватка, тварог
Абарачэньне Red Arrow Down.svg4 426,675 млрд рублёў[1] (2015; $276,076 млн)[2]
Апэрацыйны прыбытак Green Arrow Up Darker.svg-258,437 млрд руб (-$16,118 млн)
Чысты прыбытак Green Arrow Up Darker.svg-258,437 млрд руб (-$16 118 млн)
Лік супрацоўнікаў 3551 (2016 г.)
Матчына кампанія «Менаблмясамалпрам»

«Слуцкі сыраробны камбінат» — найбольшае ў Беларусі малакаперапрацоўчае прадпрыемства, заснаванае ў траўні 1935 г. у Слуцку. На 2016 г. улучаў 9 малаказаводаў на поўдні Менскай вобласьці (Капыль, Клецак, Любань, Нясьвіж, Пухавічы, Салігорск, Слуцак, Старыя Дарогі, Узда), Слуцкі кансэрвавы завод і 2 сельскагаспадарчыя вытворчыя комплексы — «Знаменскі» (Знаменскі сельсавет, Слуцкі раён) і «Клецкі» (Зубкаўскі сельсавет, Клецкі раён). Больш за палову вырабаў пастаўляў за мяжу, пераважна ў Расею ў выглядзе цьвёрдых сыроў. Меў цалкам безадкідную малочную вытворчасьць і вырабляў таксама ёгурты, казеін, кефір, малако, марозіва, масла, маянэзы, ражанку, спрэды, сьмятану, сыроватку і тварог. На кансэрвавым заводзе выраблялі джэм, павідла, фруктовае пюрэ і кансэрваваную гародніну (гарох і масьліны). Зь 2013 г. выпускае тавары пад адзіным таварным знакам «Компімілк».

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1935 г. увялі ў дзеяньне Слуцкі масласырзавод, які пачалі будаваць у 1932 годзе. Малакаперапрацоўчая магутнасьць прадпрыемства склала 2000 тонаў за год пры 35 супрацоўніках. У 1941 г. гадавая магутнасьць дасягнула 2500 тонаў. 25 траўня 1943 г. савецкія падпольнікі спалілі завод у занятым нямецкім войскам Слуцку падчас Нямецка-савецкай вайны 1941—1945 гадоў. У верасьні 1944 г. завод аднавіў вытворчасьць пасьля пачатку адбудовы ў ліпені 1944 году. У 1948 г. выраб малака дасягнуў 8000 тонаў за год пры 70 супрацоўніках. У 1954 г. запусьцілі цэх марозіва. У 1956 г. — кефірны цэх. У 1961 г. завод займеў уласную кацельную ўстаноўку. У 1965 г. запусьцілі цэх малочнага цукра. У 1966 г. — кампрэсарную ўстаноўку і сьмятанатварожны цэх. 31 сьнежня 1981 г. будаўнічая ўправа № 55 Будтрэста № 3 (Салігорск) запусьціла вытворчасьць у новым корпусе Слуцкага сыраробнага камбіната, які будавала з красавіка 1978 году. Цягам 1980 г. устанавілі абсталяваньне для 3 цэхоў: замяняльнікаў цэльнага малака (ЗЦМ), сыраробнага і масларобнага. Ранейшы будынак Слуцкага масласырзавода ператварылі ў асобны вытворчы ўчастак камбіната, дзе за 1982 г. вырабілі 2156 тонаў масла і 604 тоны сыра. За 1982 г. цэх ЗЦМ вырабіў 1154 тоны сухога абястлушчанага малака. У лістападзе 1982 г. запусьцілі 2-ю чаргу камбіната, якая ўлучала сыраробны цэх магутнасьцю 10 тонаў за зьмену (8 гадзінаў) і масларобны — 8 тонаў масла за зьмену. За 1983 г. лік супрацоўнікаў камбіната вырас на 201 чалавека да 710 работнікаў, зь іх 92 былі службоўцамі.

26 чэрвеня 1995 г. Слуцкі сыраробны камбінат стаўся адкрытым акцыянэрным таварыствам. У 2006 г. на камбінаце запусьцілі аўтаматычную сыраробную лінію з выкарыстаньнем робата. Цягам 2007—2008 г. у склад ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» улучылі Ўзьдзенскі малочны завод, Старажароскі маслазавод, Пухавіцкі малочны завод і сельскагаспарадчы вытворчы комплекс (СВК) «Знаменскі». У 2010 г. правялі аўтаматызаваньне вытворчасьці тварагу. З 2011 г. камбінат займеў адзіны таварны знак «Слуцкі стандарт» і пачаў выпуск маянэза і ацылафідна-ёгуртных кісламалочных напояў з фруктовымі напаўняльнікамі. У 2011 г. «Слуцкі сыраробны камбінат» стаўся найбольшым у Беларусі малакаперапрацоўчым прадпрыемствам паводле аб’ёму і выпуску таварных вырабаў. На прадпрыемстве за год перапрацавалі больш за 280 тыс. тонаў малака. За 2011 г. каля 60% вырабаў паставілі за мяжу, пераважна ў Расею ў выглядзе цьвёрдых сыроў. Яшчэ за мяжу прадавалі сухое малако, казеін, сьмятану, тварог і ёгурты. Таксама пастаўкі ажыцьцяўляліся ў 20 іншых краінаў, найбольш у Малдову, Украіну, Азэрбайджан, Сынгапур, ЗША, Польшчу, Францыю і Маўрытанію. У 2011 г. выручка ад экспарта вырасла да $88 млн з $70,5 млн у 2010 годзе.

На сакавік 2012 г. камбінат вырабляў 24 віды цьвёрдых сыроў, плаўленыя кілбасныя сыры (у тым ліку вэнджаныя), тварожныя сыры, масла, спрэды, маянэз, сухое абястлушчанае малако, сухую малочную сыроватку, каровіна малако, сьмятану, кефір, тварог, ёгурты і казэін. Таксама з 2012 г. камбінат стаўся другім у Беларусі прамысловым вытворцам казінага малака. «Слуцкі сыраробны камбінат» улучаў галаўное прадпрыемства ў Слуцку, малаказаводы ў Пухавічах, Старых Дарогах і Ўзьдзе, сельскагаспадарчы вытворчы комплекс «Знаменскі» за 18 км на захад ад Слуцку. Агулам прадпрыемства налічвала больш за 1300 супрацоўнікаў. На 2012 г. штодзённы выраб цьвёрдых сычужных сыроў на аўтаматызаванай лініі складаў 35 тонаў. Да канца 2012 г. у вытворчасьць сухой малочнай сыроваткі ўкаранілі нанафільтрацыю пры згушчэньні сыроваткі. Уся вытворчасьць камбіната была цалкам безадходнай, то бок усе складнікі перапрацоўкі малака ішлі на вытворчасьць іншых малочных вырабаў[3].

Пры канцы 2012 г. у склад ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» улучылі Салігорскі малочны завод, Любанскі масласырзавод, Клецкі малаказавод, Нясьвіскі малочны завод, СВК «Клецкі» ў вёсцы Сякерычы (Клецкі раён) і Капыльскі масласырзавод. Таксама 19 лістапада 2012 г. у склад камбінату ўвайшоў Слуцкі кансэрвавы завод, што дазволіла вырабляць таматны соўс, кансэрваваную гародніну, фруктовае пюрэ, джэм і павідла. У выніку агульны лік супрацоўнікаў перавысіў 3500 чалавек. З 2013 г. таварны знак зьмянілі на «Компімілк». У 2013 г. за мяжу паставілі 56% таварных вырабаў, у тым ліку каля 80% экспарту (больш за $100 млн) накіравалі ў Расею пераважна ў выглядзе сыроў. Камбінат атрымаў пасьведчаньне «Халяль»(en) (араб. дазволены) для гандлю на рынку Інданэзіі. У Кітай і Японію пераважна паставілі сухую малочную сыроватку і сухое малако. У краіны Эўрапейскага Зьвязу — амаль увесь харчовы казэін[4]. На 2013 г. штодзённая перапрацоўка складала 360 тонаў малака, зь якіх у якасьці першасных тавараў у асноўным выраблялі сыры, тварог і сьмятану. Пасьля іх вытворчасьці заставалася больш за 300 тонаў сыроваткі, якая большасьцю экспартавалася за мяжу на патрэбы кандытарскай прамысловасьці і для вырабу кармоў[5].

У 2015 г. сыраробны цэх камбіната меў магутнасьць у 50 тонаў сыру за дзень. На камбінаце пачалі вырабляць ражанку і глазураваныя сыркі. Захоўваньне ў камэры высьпяваньня сыру ў сярэднім складала 45 дзён. Выраб цьвёрдага сыру налічваў 6 ступеняў: згортваньне і апрацоўка згустку, унясеньне фэрмэнта, прэсаваньне сырнага зерня, 2—3-дзённае ўтрыманьне сырнай галоўкі ў саляным басэйне (расол), высьпяваньне[6].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год(рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 23 траўня 2016 г. Праверана 8 верасьня 2016 г.
  2. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 034,24 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  3. ^ Іван Бараноўскі. «Слуцкі стандарт»: натуральна, экалягічна, смачна // Зьвязда : газэта. — 29 сакавіка 2012. — № 60 (27175). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Слуцкі сыраробны камбінат павялічвае пастаўкі ў Расею на 30 працэнтаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 жніўня 2014 г. Архіўная копія ад 15 жніўня 2014 г. Праверана 27 верасьня 2016 г.
  5. ^ Юры Мазалеўскі. Нічога больш не выліваем // Газэта «Рэспубліка», 27 лютага 2013 г. Архіўная копія ад 27 лютага 2014 г. Праверана 27 верасьня 2016 г.
  6. ^ Надзея Сербіненка, тэлеканал «Беларусь 1». Слуцкі сыр «Пармэзан-Голд» прызнаны лепшым у краіне // Белтэлерадыёкампанія, 7 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 7 сьнежня 2015 г. Праверана 27 верасьня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]