Янка Брыль
Янка Брыль лац. Janka Bryl | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Іван Антонавіч Брыль |
Псэўданімы | І. Асцюк, Ів. Асцюк, Сымон Бобрык, Пятрусь Дубец (з. К. Кірэенкам), Рыгор Іванавіч Лапцік, Я. Лупаты (з М. Лужаніным, П. Панчанкам, М. Танкам), Ілюк Прышчэпа (з В. Таўлаем), Я. Пчала, Іван Сведка |
Нарадзіўся | 22 ліпеня (4 жніўня) 1917 |
Памёр | 25 ліпеня 2006 (88 гадоў) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік |
Кірунак | сацыялістычны рэалізм |
Жанр | апавяданьне, аповесьць[d] і паэзія |
Мова | беларуская |
Дэбют | вершы ў часопісе «Шлях моладзі» (1938 г.) |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Я́нка Брыль (Іва́н Анто́навіч Брыль; 4 жніўня [ст. ст. 22 ліпеня] 1917, Адэса, Хэрсонская губэрня, Расейская імпэрыя — 25 ліпеня 2006, Менск, Беларусь) — беларускі пісьменьнік-празаік, перакладчык і публіцыст. Дзед Антона Францішка Брыля. Чалец СП СССР (ад 1981). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952). Ганаровы чалец Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (ад 1994).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Янка Брыль нарадзіўся ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка Антона Данілавіча Брыля. Маці, Настасься Іванаўна (дзявочае прозьвішча Чычук), працавала на гаспадарцы. У 1922 годзе разам з бацькамі вярнуўся на іх радзіму, у вёску Загора (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскае вобласьці, на той момант — Польшча). У 1931 Я. Брыль скончыў польскую сямігодку ў мястэчку Турэц і паступіў у Наваградзкую гімназію, але ня змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасьцяў. Меў старэйшчых братоў, зь якімі дапамагаў па гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. Чытаў шмат кніг, падабаліся Леў Талстой і Антон Чэхаў. Стварыў у роднай вёсцы драматычны гурток, для якога перакладаў польскія і расейскія п’есы, сам удзельнічаў у спэктаклях у якасьці актора і пастаноўчыка. Стаў сябрам паэтаў Алеся Мілюця і Міхася Васілька. У 1939 прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Пасьля пачатку II Сусьветнай вайны ўдзельнічаў у абарончых баях супраць нямецкай арміі на паўвостраве Вэстэрплятэ (пад Гдыняй). У верасьні 1939 году з-за капітуляцыі нямецкіх войскаў трапіў у нямецкі палон, увосень 1941 году з двума сябрамі ўцёк, вярнуўся на Беларусь і далучыўся да партызанаў. У 1942 Я. Брыль стаў сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэньня, а ў 1944 — разьведчыкам партызанскай брыгады «Камсамолец». Рэдагаваў газэту «Сьцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкаму партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыга́ла». Ад кастрычніка 1944 году ў Менску. Працаваў рэдактарам раённай газэты ў Міры, літаратурным супрацоўнікам газэты-пляката «Раздавім фашысцкую гадзіну», загадваў аддзелам рэдакцыі часопісу «Вожык».
У розныя гады Я. Брыль быў намесьнікам рэдактара часопісаў «Маладосьць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, быў сакратаром праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР, вёў актыўную работу па ўмацаваньні сувязяў беларускай літаратуры зь літаратурамі народаў СССР і краінаў сацыялістычнай садружнасьці. Шмат сілаў Я. Брыль аддаваў працы ў якасьці старшыні Беларускага таварыства «СССР — Канада». Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР у 1963—1967 і 1980—1985 гг.[2]
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пісаць Я. Брыль пачаў з чатырнаццаці год, дэбютаваў у друку ў 1938 годзе ў часопісе «Шлях моладзі». Пачалася творчая дзейнасьць пісьменьніка зь вершаў, якія асаблівага посьпеху аўтару не прынесьлі, і з апавяданьняў, у якіх талент пісьменьніка праявіўся вельмі ярка і шматгранна. У 1946 г. выйшла з друку першая кніга Я. Брыля пад назвай «Апавяданьні», куды ўвайшлі некалькі апавяданьняў і невялікая аповесьць «У сям’і», прысьвечаныя жыцьцю заходнебеларускай вёскі. Мастацкі летапіс улюблёнага пісьменьнікам Наднямоньня працягваюць яго другі зборнік «Нёманскія казакі» (1947), а таксама аповесьці «Сірочы хлеб», працу над якой ён пачаў яшчэ да вайны, «У Забалоцьці днее» (1950, Дзяржаўная прэмія СССР 1952) і «На Быстранцы» (1955). Ужо першыя творы вылучылі Я. Брыля як арыгінальнага майстра лірыка-псыхалягічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы. Шмат разоў перакладалася ў розных краінах сьвету лірычнае апавяданьне Я. Брыля «Галя» (1953), дзе на тле жыцьця заходнебеларускай вёскі раскрыты пачуцьцёвы сьвет галоўнай гераіні, яе глыбокая чалавечая драма.
Зьвяртаўся пісьменьнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Клясыкай беларускай літаратуры стала яго апавяданьне «Маці» (зборнік «Надпіс на зрубе», 1958) — гераіня не пабаялася даць прытулак зьнясіленым чырвонаармейцам. Тэма вайны знайшла адлюстраваньне і ў апавяданьнях Я. Брыля са зборніка «Працяг размовы», які ў 1963 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа. У пачатку 1960-х зьявіўся ў друку вядомы раман Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменьніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў «кнігай адной маладосьці». Стылёвыя пошукі Я. Брыля нарадзілі арыгінальнае спалучэньне эпічных і лірыка-псыхалягічных элемэнтаў, тую напружана-эмацыянальную плынь, якая была незвычайнай для традыцыйнай рэалістычнай прозы тых часоў. Унікальнай у сусьветнай літаратуры стала і створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калесьнікам дакумэнтальная аповесьць «Я з вогненнай вёскі…» (1975) — жудасныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм. Яркай адметнасьцю вылучаюцца такія выдатныя аповесьці Я. Брыля, як «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа 1982) — творы глыбінна-нацыянальныя, у якіх яскрава выяўляецца маральнае здароўе, высакароднасьць і прыродная мудрасьць беларусаў. Аповесьць «Ніжнія Байдуны» ад першай да апошняй старонкі ўспрымаецца як своеасаблівая паэтычная песьня пра блізкіх аўтару людзей, яго землякоў. Уласьцівы творчасьці Я. Брыля аўтабіяграфізм асабліва адчуваецца ў гэтым творы. Аповесьць «Золак, убачаны здалёк» — пра дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы. Крытыка адзначае, што ў беларускай літаратуры гэты твор практычна ня мае роўных.
Трывалае месца ў творчасьці Я. Брыля займаюць лірычныя мініятуры, якія ён пачаў друкаваць зь сярэдзіны 1960-х і якія склалі кнігі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Сёньня і памяць» (1985), «Пішу як жыву» (1994), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сьцежкі, дарогі, прастор» (2001), «Блакітны зьніч» (2004), «Парастак» (2006). Мініятуры Я. Брыля грунтуюцца на звычайных канкрэтных фактах, якія пісьменьнік ня проста ўзнаўляе, а перадае свае ўражаньні ад іх, сваё глыбокае, заўсёды непаўторна-асабістае, арыгінальнае іх разуменьне. Менавіта ў жанры лірычнай мініятуры адчуваў сябе пісьменьнік найбольш раскаваным. Мініятуры былі своеасаблівай кнігай яго жыцьця, лірычнай споведзьдзю прызнанага майстра пра сябе і сьвет, пра самых блізкіх людзей, пра сьветлыя і сумна трагічныя праявы быцьця.
Перакладаў з польскай на беларускую некаторыя творы Б. Пруса.
Прызнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Два ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцяга
- Ордэн Айчыннай вайны II ступені
- Ордэн Дружбы народаў
- Ордэн «Знак Пашаны»
- Савецкія і польскія мэдалі
- Народны пісьменьнік БССР (1981)
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Апавяданьні (1946)
- Граніца (раман, ч. I, часопіс «Полымя», 1949)
- Ліпка і клёнік (1949)
- Нёманскія казкі (апавяданьні і нарысы)
- Верасьнёвая рунь (1949)
- У Забалоцьці днее (1951)
- Зялёная школа (1951)
- Дзеля сапраўднай радасьці (1952)
- Сьветлае раньне (1954)
- На Быстрынцы (1955)
- Вачыма друга (нарысы, 1956)
- Пачатак сталасьці (1957)
- Сэрца камуніста (нарыс, 1958)
- Надпіс на зрубе (1958)
- Выбраныя апавяданьні (1959)
- Мой родны кут (1959)
- Збор твораў (у 2-х тамох, 1960)
- Працяг размовы (апавяданьні, замалёўкі, нарысы, 1962)
- Роздум і слова (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, 1963)
- Птушкі і гнёзды (раман, 1964)
- Жменя сонечных промняў (мініяцюры, 1965)
- Збор твораў (у 4-х тамох, 1967—1968)
- Адзін дзень (1968)
- Я з вогненнай вёскі…" (у суаўтарстве, 1975)
- Жыў-быў вожык (1976)
- Акраец хлеба (1977)
- Ты жывеш (1978)
- Трохі пра вечнае (артыкулы, творчыя партрэты, лірычны роздум, 1978)
- Золак, убачаны здалёк (1979)
- Збор твораў (у 5-і тамох, 1979—1981)
- Гуртавое (1980)
- Сьняжок і Волечка (1983)
- Сёньня і памяць (1985)
- Ад сяўбы да жніва (1987)
- На сьцежцы — дзеці (1988)
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 верасьня 2007 году імем Янкі Брыля названая вуліца ў менскім мікрараёне Міхалова[3]. У маі 2008 году на доме 78 па праспэкце Машэрава ў Менску адкрыта мэмарыяльная дошка ў гонар Я. Брыля (скульптар Валянцін Занковіч). 26 жніўня 2009 году імя Янкі Брыля нададзенае адной з вуліц Гдыні.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Брыль Янка // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 275—276.
- Брыль Янка // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 83.
- Брыль Иван Антонович (Янка Брыль) // Национальная академия наук Беларуси : персон. состав / [сост.: О. А. Гапоненко и др.]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 2003. С. 312.
- Янка Брыль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. Мінск, 1994. С. 65-67.
- Калеснік, У. А. Янка Брыль : нарыс жыцця і творчасці : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / Уладзімір Калеснік. — Мінск : Народная асвета, 1990. — 256 с : фат. — (Народныя пісьменнікі БССР).
- Нікіфарава, В. Б. Янка Брыль / Нікіфарава В. Б. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / [навук. рэд. У. В. Гніламёдаў, В. П. Жураўлёў]. Мінск, 2001. Т. 3. С. 479—520.
- Стральцова, В. М. Іван Антонавіч Брыль : (да 85-годдзя з дня нараджэння) / В. М. Стральцова // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2002. № 3. С. 123—124.
- Васілевіч, А. Развітанне / Алена Васілевіч. Непаўторны / Генрых Далідовіч. «Апошні паклон» / Алесь Наварыч. Залатыя кросны душы / Уладзімір Ягоўдзік // ЛіМ. 2006. 4 жн. (№ 31). С. 2-3.
- Бугаёў, Дз. Я. Служэнне Беларусі : (Я. Брыль) ; Спавядальнае слова майстра : (яшчэ пра Я. Брыля) / Дзмітрый Бугаёў // Спавядальнае слова : літ. крытыка, успаміны / Дзмітрый Бугаёў. Мінск, 2001. С. 28-57.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Брыль Янка // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі. Пэрсанальны склад. 1928-2003 = Национальная академия наук Беларуси. Персональный состав. 1928-2003 / Ред. коллегия: Н.А.Борисевич и др.; Сост. О.А.Гапоненко и др. — 3-е изд., доп. и перераб. — Мн.: БелЭн, 2003. — С. 312. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0293-0
- ^ У Менску зьявіліся вуліцы Брыля, Сапегі і Вайніловіча Архіўная копія ад 25 жніўня 2011 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Аўтар артыкула. Янка Брыль // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. С. №
- Творы на «Беларускай Палічцы»
- Нарадзіліся 4 жніўня
- Нарадзіліся ў 1917 годзе
- Нарадзіліся ў Адэсе
- Памерлі 25 ліпеня
- Памерлі ў 2006 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Каладзішчанскіх могілках
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна «Дружбы Народаў»
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Узнагароджаныя мэдалём Францішка Скарыны
- Ляўрэаты Сталінскай прэміі
- Ляўрэаты Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа
- Беларускія літаратары
- Народныя пісьменьнікі БССР
- Удзельнікі Верасьнёўскай кампаніі 1939 году
- Янка Брыль