Перайсьці да зьместу

Птушкі і гнёзды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Птушкі і гнёзды
Жанр: раман
Аўтар: Янка Брыль
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1942—1944, 1962—1964
Асобнае выданьне: 1964
Выдавецтва: Беларусь
Колькасьць старонак: 345
Электронная вэрсія

„Пту́шкі і гнёзды“раман Янкі Брыля, упершыню выдадзены ў 1964 року.

Янка Брыль пачаў працу над раманам адразу па вяртаньні зь нямецкага палону (1942—1944), аднак здолеў завяршыць толькі пасьля вялікага перапынку, у 1962—1964 роках. У апісаньні вайны пісьменьнік ідзе сьледам Кузьмы Чорнага („Вялікі дзень“, „Пошукі будучыні“, „Млечны шлях“) і прадвяшчае трагічныя творы Васіля Быкава. Аднак праз асабістую трагедыю галоўнага героя пісьменьнік уздымае глыбейшую праблему — пошукаў і захаваньня беларусамі свайго гнязда, сваёй Радзімы. Радзіма — сюжэтна-кампазыцыйны й ідэйны цэнтар раману.

Галоўны герой раману — Алесь Руневіч з заходнебеларускай вёскі Пасынкі, прататыпам якога зьяўляецца сам аўтар. Алесь, як і Янка Брыль, служыў у польскім войску, а пасьля нападу нацысцкай Нямеччыны трапіў у палон. Перажываючы пагарду да свайго нацыянальнага ня толькі з боку немцаў, але й здраднікаў, Алесь надта балюча гэта ўспрымае. У ягонай душы расьце перакананасьць, што і шматпакутнаму беларускаму народу „нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыцьцём“[1]. Як птушка да пакінутага гнязда, імкнецца герой да роднай Беларусі.

Моваю мастацкіх вобразаў аўтар паказвае, што няма благіх ці добрых народаў — але ў кожным народзе ёсьць людзі і нелюдзі. Нават у самых бесчалавечных абставінах людзі незалежна ад нацыянальнасьці застаюцца людзьмі, а нелюдзі ператвараюцца ў пачвараў[2]. Як адзначае беларускі літаратуразнаўца Дзьмітры Бугаёў, у рамане добра прасочана, як „звычайны фашызм, напачатку не такі ўжо для ўсіх страшны, набіраючы сілу, ператвараецца ў фашызм ваяўнічы, агрэсіўны і адкрыта бесчалавечны ня толькі ў дачыненьні да «ніжэйшых расаў», але і да ўсяго жывога, людзкага ва ўласным народзе“[3].

Сюжэт раману небагаты на зьнешняе дзеяньне; аўтара болей цікавіць унутраны стан героя, тыя зьмены, якія адбываюцца ў сьветацяме чалавека пад узьдзеяньнем рэчаіснасьці. Лірызм і паэтычнасьць у рамане арганічна спалучаюцца з тонкім псыхалягізмам (так званая „плыня сьвядомасьці“). Прачытаньне такога кшталту твораў патрабуе працы душы і роздуму[2].

З раману „Птушкі і гнёзды“ выйшла пазьнейшая проза Васіля Быкава, Вячаслава Адамчыка, Івана Пташнікава, Івана Чыгрынава, Генрыха Далідовіча й іншых пісьменьнікаў пра беларусаў, якія, падобна птушкам, „шукаюць гнёзды свае“[4].

Раман „Птушкі і гнёзды“ лічыцца адным з найлепшых антываенных твораў беларускай літаратуры XX стагодзьдзя[5].

Раман „Птушкі і гнёзды“ шмат разоў перавыдаваўся, а таксама ўваходзіць ва ўсе зборы твораў і выбраныя творы Янка Брыля, якія выходзілі ў 1960-я, 1980-я і 1990-я рокі. Перакладзены на латыскую, нямецкую, расейскую, украінскую, чэскую мовы[5].

  1. ^ Раман Я. Брыля „Птушкі і гнёзды“: праблематыка, жанрава-стылёвыя асаблівасьці. Наватарства пісьменьніка ў адлюстраваньні падзей вайны Студопедия Праверана 5 лютага 2021 г.
  2. ^ а б Увесь сьвет — адзін дом (па раману Янкі Брыля „Птушкі і гнёзды“) Кароткі зьмест Праверана 5 лютага 2021 г.
  3. ^ Птушкі і гнёзды, в сокращении. Краткое содержание На урок Праверана 5 лютага 2021 г.
  4. ^ Чалавек і Радзіма ў рамане Янкі Брыля „Птушкі і гнёзды“ Узнаем как Праверана 5 лютага 2021 г.
  5. ^ а б Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі (2 сакавіка 2020) Працягваецца выданьне Збору твораў Янкі Брыля. Дом прэсы. Праверана 5 лютага 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]