Трагедыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Макбэт» Ў. Шэксьпіра

Траге́дыя (стар.-грэц. τρᾰγῳδία — «казьліная песьня») — заснаваная на глыбокіх супярэчнасьцях драма, якая разьвіваецца ў сутыкненьне моцных характараў, што вядзе да гібелі прынамсі яго станоўчых удзельнікаў, асуджаных разгортваньнем падзеяў на безвыходнасьць, пакуты і страты. Сьцьвярджальны патас найчасьцей увасабляецца ў вобразе асобы зь незвычайна высакароднымі памкненьнямі. У асноўным прысьвячаецца адзіноце, адказнасьці, пакараньню за злачынства, сэнсу жыцьця і высакароднаму ўчынку. Галоўныя дзейныя асобы — выключныя і высакародныя.

Зарадзілася ў Старажытнай Грэцыі з культу Дыяніса. Вылучэньню з рэлігійнага відовішча садзейнічаў рост значэньня карыфэя (начальніка) хору сатыраў, што прывяло да строгага чаргаваньня песьняў з выразным апавяданьнем пра пакуты і прыгоды героя. Росквіту дасягнула ў V стагодзьдзі да н. э. (Сафокл, Эсхіл і Эўрыпід). Мэтай у старажытнасьці было ачышчэньне праз пакуты і спагаду. Сынкрэтычнасьць прывяла да пазьнейшага заміраньня. На новым мастацка-выяўленчым узроўні ўзнавілася падчас Адраджэньня і барока. У сваіх творах Лёпэ дэ Вэга, Пэдра Кальдэрон, Крыстафэр Марла і Ўільям Шэксьпір стварылі шматгранныя вобразы дзейных асобаў. У межах патрабаваньняў клясыцызму (адзінства часу і месца дзеяньня) найзнакаміцейшыя творы напісалі П’ер Карнэль, Жан Расін і Фрыдрых Шылер. Ад часу стварэньня трагічных драмаў рамантыкаў (Джордж Байран, Міхаіл Лермантаў і Віктор Юго) складваюцца адрозныя ад першаснай трагедыі жанры праз рэалістычнае абагульненьне (мяшчанская і рамантычная трагедыі, гістарычная і народная драмы, мэлядрама). Пазьней пачашчаецца спалучэньне трагічнасьці з камічнасьцю (трагікамэдыя).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку XX стагодзьдзя на аснове трагічных супярэчнасьцяў зьявіліся п’есы Якуба Коласа «Антось Лата», Леапольда Родзевіча «Пакрыўджаныя», Уладзіслава Галубка «Бязродны» і Васіля Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі». За савецкім часам творы пераважна тычыліся гераічнай (Кандрат Крапіва «Людзі і д’яблы», Кастусь Губарэвіч «Першы ўрок», Уладзімер Хазанскі і Аляксандар Гутковіч «Юныя мсьціўцы», Алесь Махнач «Шпачок», Васіль Быкаў «Рашэньне», Алесь Петрашкевіч «Злавеснае рэха») і гістарычнай тэматыкі (Еўсьцігней Міровіч «Кастусь Каліноўскі», Уладзімер Караткевіч «Званы Віцебска» і Аляксей Дудараў «Купала»)[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сьцяпан Лаўшук. Трагедыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 496. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2